Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля

Тут можно читать онлайн Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля - бесплатно полную версию книги (целиком) без сокращений. Жанр: Прочая старинная литература, год 0101. Здесь Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте лучшей интернет библиотеки ЛибКинг или прочесть краткое содержание (суть), предисловие и аннотацию. Так же сможете купить и скачать торрент в электронном формате fb2, найти и слушать аудиокнигу на русском языке или узнать сколько частей в серии и всего страниц в публикации. Читателям доступно смотреть обложку, картинки, описание и отзывы (комментарии) о произведении.

Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля краткое содержание

Паляванне на Апошняга Жураўля - описание и краткое содержание, автор Алесь Жук, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки LibKing.Ru

Паляванне на Апошняга Жураўля - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)

Паляванне на Апошняга Жураўля - читать книгу онлайн бесплатно, автор Алесь Жук
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать

На сене, побач з Ворлікам, і знайшлі даяркі былога брыгадзіра Сцяпана Дзямідчыка раніцай.

— Каб табе навек засляпіла на гэту гарэлку! Гэта ж трэба дапіцца — пераначаваць з канём у браварыне! Прыйдуць людзі пахмяліцца — як ты ім у вочы глядзець будзеш? — брыла дома Ганька Сцяпана.

Але новая прыгода зацьміла і Сцяпанаў подзвіг — Антось, усчухаўшыся раніцаю дома, на пахмелку выпіў шклянку разведзенага воцату.

Ратаваў яго калгасны ветфельчар, які прыехаў на кароўнік рабіць прывіўкі каровам. Зялёны пасля прамывак і выпалосквання, Антось з чырвоным, падпітым фельчарам прыйшлі на патрусіны, калі людзі пачыналі разыходзіцца...

Дзень быў гарачы, душны, варыла і парыла на навальніцу.

X

Сцяпану здавалася на першым часе, што ён бег, бег, і ад гэтага бегу аж у вушах шумела, потым раптоўна спыніўся і аглух ад цішыні і спакою. Ён не мог прывыкнуць, што не трэба зранку ўставаць і спяшаць.

Прахопліваўся са сну, падняты старым прывычным клопатам, і ўспамінаў, што нічога не трэба, што можна паляжаць яшчэ на ложку. Але не ляжалася. Трэба было ўставаць і нешта рабіць.

Работы ён знайшоў. Сцяпан агледзеўся, як запушчана яго дамоўка, усё роўна як няма ў хаце мужчыны — падгніў, пахіліўся плот, пераплёўся галлём, зарос сад, які даўно не прарэджваўся, аблупілася фарба на шалёўцы хаты.

Сцяпан узяўся за работу. Пачынаць прыйшлося з таго, што трэба было ператачыць сякеры, пілу, жалязкі ў гэбліках.

Цэлыя дні ён таптаўся пры рабоце, і рукі яго прапахлі свежымі сухімі галюжкамі. Работа давала супакаенне, упэўненасць у сабе. Яе хапала з ранку і да цямна.

Антось, які кожнага дня па некалькі гадзін выседжваў на лаўцы пад плотам, першыя дні зваў яго:

— Ідзі, Сцёпка, пасядзімо. Куды нам ужэ спяшацца.

Антось прыжмурыста ўсміхаўся, як кот пасля добрае спажывы.

Сцяпан сядзець не ішоў — недзе ў душы ён яшчэ не змірыўся, што так усё і будзе, недзе спадзяваўся, што адумаюцца, паправяць старшыню ў раёне, вернуць яго на работу. Але ішло лета, жалі камбайны, вазілі машыны збожжа, праляталі паўз вёску на машыне старшыня, аграном. Пра Сцяпана не ўспаміналі. Людскія гусі цяпер спакойна хадзілі латашыць яшчэ зялёны авёс на поле, і Сцяпану хацелася пайсці і выгнаць іх, але ён баяўся, што пачнуць смяяцца з яго.

Брыгадзірам і сапраўды далі дзяўчыну пасля тэхнікума, Галю. Пасялілася яны жыць на цэнтральнай сядзібе, у калгасным доміку. На работу прыязджала на матацыкле. Невысокага росту, таўсматая, крыху ў рабацінні, яна насіла штаны і мужчынскую рубашку. Сцяпана яна не чапала, не наказвала на работу, і ён не ўтрываў сам, падышоў, выбраў час, калі яна была адна на вуліцы, паздароўкаўся:

— Дзяньдобры, Галя.

— Здраствуйце, Сцяпан Сцяпанавіч.

Дзямідчыку здалося, што яна сумелася.

— Прывыкаеш патроху?

— Прывыкаю, хаця прывыкаць няма чаго. Я з такое ж вёскі.

— Яно і відно. А чаму ты мяне абмінаеш? Можа, і я б на некую работу выйшаў?

— Ну, дык вы ж толькі яшчэ... Не аддыхнулі. Дома ж у вас работа.

Яна зусім сумелася.

— Гэта табе дарма на мяне Прымачак нагаварыў. Як трэба што, то я і памагу, і падкажу табе. Я ж тут усё жыццё...

— Я ведаю. А што тут падказваць? Тут падказвай ці не падказвай, ужэ нічога назад не вернеш. Я адраблю свае два гады, а не, замуж выйду...

Яна не дагаварыла. Сцяпан зразумеў, што сказала яна яму праўду — прыехала, каб адрабіць, выйдзе замуж і пакіне гэты калгас альбо і саўсім пераедзе ў горад. А па тым, як яна баялася з ім гаварыць, Сцяпан дагадаўся, што Прымачак папярэдзіў яе.

— Як трэба будзе, я накажу вам на работу.

Галя заводзіла матацыкл, але Сцяпан ужо завярнуўся і пайшоў на свой двор, азірнуўся — ці ніхто не бачыў, як ён падыходзіў да брыгадзіркі. Ён радаваўся, што не гаварыў многа, а сказаць ён хацеў і пра тое, што пастухі пачалі позна выганяць на пашу кароў, што мужчыны абманваюць яе — за адзін воз накошанае зялёнае сумесі запісваюць два.

Сваім прызнаннем, што чакае, каб толькі адрабіць, брыгадзірка як адрэзала Сцяпана ад сябе, нават больш чым тым, што выконвала наказ Прымачака стараніцца яго і не цягнуць на работу ў брыгаду.

Сцяпан зацяўся. Яму здавалася, што ў вёсцы зласліва пасмейваюцца з яго — даслужыўся.

Ён ніколі нікому не прыслужваў. Ён рабіў. Баранаваў, касіў, араў з малых год, так, як вучыў яго бацька — па-гаспадарску. Рабіў разам з людзьмі, слухаючы і паважаючы іх. Усяго было з ім, давалі вымовы і за кукурузу, і за незаараную канюшыну, але ён ведаў, што мяняецца час, ды не праходзяць на зямлі праўда, чэснасць чалавека, не прападае бясследна тое, чаму навучыў яго бацька, што спасціг сам ён праз сваё жыццё. Каму раптам узбрыло ў голаў сказаць, што гэта не патрэбна, што гэта аджыве і пахаваць усё гэта можна з вёскаю, бо і яна памірае, і няма чаго на яе глядзець, няма чаго ёю даражыць? Дык, можа, і нічым ужо ў жыцці не трэба даражыць, тады набірайся, нажырайся, цешся толькі, як перад пустым канцом?

Як сталася, што стаў непатрэбен тут ён, Сцяпан? Чаму, калі адзін дурань камандуе на ўвесь калгас, усе маўчаць і слухаюць?

I тады як нехта пад’ялдыкваў самога яго: а ты, Дзямідчык, чаму гэтак хораша падняў лапкі? Прыкрыўся сваёю крыўдаю, палучаеш пенсію і нічога не робіш, нават пальцам не паварухнуў.

Але што цяпер мог Сцяпан — гусей з аўса і то не выжанеш, не паплаўнічы нават.

Не, так не павінна быць, Сцяпан гэта ведаў. Ён чакаў, шукаў, з чаго пачаць, каб дабіцца зноў, каб усё рабілася па праўдзе.

Дзіва, але за гэты вольны час ён яшчэ больш пахудзеў, яшчэ бялейшым стаў ад сівізны чуб.

Пасля таго як навёў парадак дома, Сцяпан пайшоў на возера — кожнага дня сядзеў там з вудамі. Падкормліваў, выбіраў прыманку і скора пачаў на зайздрасць іншым выцягваць ладных карпаў і лінёў.

Ён прывыкаў слухаць, як абзываецца з сонцам першая птушка, як уецца, блытаецца ў чубчыках лазовых кустоў ранішні туманок-прыпар над вадою, як гуляе, б’е вадзяное люстра рыба. Пасля многіх год ён пачаў прыглядацца да гэтага хараства, якое было кожны дзень навокал і якога ён не бачыў — бо ён тут жыў, бо тут была работа, і трэба было яе рабіць, а не глядзець укруга. Разам з вольным часам да яго вярталася тая прыгажосць, якая ўвайшла ў сэрца з малых гадоў, якою і жыве чалавек на зямлі.

Гледзячы, як плаваюць вечарам па возеры андатры, Сцяпану захацелася паглядзець, як жыве той бабёр, якога ён абараніў ад сабакі і які зрабіў тут паселішча. Сцяпан выбіраў месячныя ночы, адзяваўся ў плашч і фуфайку і ішоў у засаду.

Жонка трывожна паглядала на яго — ёй здавалася, што са Сцяпанам робіцца нешта ненармальнае, але сказаць пра гэта не адважвалася, толькі наказвала:

— Ты б хоць вуды ў рукі ўзяў. А то яшчэ скажуць, што, як той Андрэйка, здурнеў і на рэчку раніцаю бегаеш.

— Сама ты Андрэйка!

Читать дальше
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать


Алесь Жук читать все книги автора по порядку

Алесь Жук - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки LibKing.




Паляванне на Апошняга Жураўля отзывы


Отзывы читателей о книге Паляванне на Апошняга Жураўля, автор: Алесь Жук. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв или расскажите друзьям

Напишите свой комментарий
x