Грэм Грин - Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
- Название:Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Грэм Грин - Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) краткое содержание
Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.
- Не, вы мне заўсёды патрэбны.
- Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Цi наогул не пытайцеся болей нiколi.
- Не, не крыкет, не крыкет, - сказаў Ёзеф Грунлiх, выцiраючы вусы. - Мы ў Германii вучымся бегаць.
Незвычайнасць такой заявы выклiкала ў мiстэра Оўпi ўсмешку.
- А самi вы калi-небудзь бегалi?
- У маладосцi я быў выдатны бягун. Нiхто не бегаў лепей за мяне. Нiхто не мог мяне злавiць.
- "Д'ябал".
- Не трэба лаяцца, Джым.
- Гэта зусiм не лаянка. Гэта такая марка пiва. У iм меней газаў. А тое, што ты раней пiла, называецца "Дункель".
- Мне вельмi прыемна, што вам спадабалася.
- Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомнiць яе iмя, але яна проста цудоўная.
- Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохi пасля абеду.
- А вы не будзеце займацца глупствам, мiстэр Сейвары?
- Я абавязкова ў вас спытаюся.
- Не кiдайцеся пустымi абяцанкамi. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь iншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцiнопалi?
- Толькi справамi. Складанымi. Калi наступны раз будзеце есцi "пярэстага сабаку", успомнiце пра мяне. Разынкi. Я - разынка, - дадаў ён з пацешнай гордасцю.
- Значыцца, я буду называць вас "пярэстым сабакам". Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нiбы мянушка.
- Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьмiце адну. Смачная, праўда?
- Сакавiтая.
- Гэта нашай фiрмы - "Майет, Майет i Пейдж". А цяпер вазьмiце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?
- Паглядзi вунь туды, у першы клас, Эймi. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампанiяй. Надта ўжо задзiрае нос угору.
- Тая, што з жыдам? Усё зразумела.
- Вядома, я стаўлюся з вялiкай павагай да рымска-каталiцкай царквы, гаварыў мiстэр Оўпi. - Я не фанатык. Як прыклад добрай арганiзацыi...
- Вось што?
- Я нiчога не магу зразумець.
- Сакавiтая.
- Не, не, гэта зусiм не сакавiтая.
- Я нешта не тое сказала?
- Гэта разынка фiрмы Стэйна. Танная разынка нiзкай якасцi. З вiнаграднiку, якi расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хiба вы не адчуваеце рознiцы?
- Сапраўды, яна зусiм сухая. Але ж тая была сакавiтая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталiся.
- Не можа такога быць. Я асабiста выбiраў узорныя экземпляры. Дзiўна. Надта дзiўна.
Раптам у рэстаране запанавала поўная цiшыня - у такiх выпадках кажуць звычайна: анёл праляцеў. Але ў гэтай раптоўнай цiшынi было чутна, як пазвоньваюць шклянкi на столiках, глуха пагрукваюць па жалезных рэйках колы, злёгку дрыжаць вагонныя вокны, за якiмi ў цемры, нiбыта галоўкi запалак, мiгацяць iскры. Доктар Цынер не паспеў да апошняй змены, ён увайшоў у вагон-рэстаран якраз у той момант, калi там панавала цiшыня, каленi ў яго былi злёгку сагнутыя, як у марака, якi сiлiцца цвёрда ўстаяць на нагах пад час шторму. Паперадзе iшоў афiцыянт, але доктар не ўсведамляў, што той вядзе яго да свабоднага столiка. У яго галаве гарэлi словы, якiя ператварылiся ў фразу: "Вы кажаце, што я здрадзiў радзiме, але я не пазнаю сваёй радзiмы. Прыступкi, што вядуць у цемрадзi ўнiз, гной каля глухой сцяны, змарнелыя твары. Гэта ж не толькi славяне так пакутуюць, гэта - гаротнiкi ўсяго свету", - думаў ён. Словы яго былi звернуты да ваеннага трыбуналу, якi засядаў пад арламi i перакрыжаванымi шпагамi. "Гэта вы перажылi свой час з вашымi кулямётамi, з вашымi ўдушлiвымi, слёзацечнымi газамi i з вашай балбатнёй пра айчыну". Рухаючыся па праходзе ад столiка да столiка, ён машынальна папраўляў туга завязаны гальштук, кратаў старамодную заколку. "Я належу да нашага часу". Але ў яго ўзнёслыя мары на iмгненне ўварвалiся ўспамiны пра доўгiя рады зласлiвых твараў падлеткаў, пра кпiны за спiнай, пра мянушкi, пра карыкатуры, пра запiскi ў падручнiках па граматыцы, якiя перадавалiся пад партамi, пра шэпты, якiя чулiся паўсюль - парушальнiка нельга было знайсцi i пакараць.
Ён сеў за столiк i няўцямным поглядам утаропiўся ў меню.
"Так, я б не адмовiўся апынуцца на месцы гэтага жыда, - думаў мiстэр Пiтэрс, пакуль анёл цiшынi лунаў наўкол. - Яму дасталася неблагая спаднiчка. Неблагая! Але i не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, - разважаў ён сам сабе, азiраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкi, нагадваючы яе бурклiвы страўнiк. - А гэта самае галоўнае".
Дзiўна. Ён выбiраў узоры асаблiва старанна. Можна дапусцiць, вядома, што нават разынкi Стэйна могуць быць не ўсе нiзкай якасцi, але ў гэтым шмат што выклiкае падазронасць. Дапусцiм, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак iх фiрмы - гэта на нейкi час павысiць якасць яго тавару, i дзякуючы палепшанай якасцi Экман пераканае фiрму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фiрму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвiлiны, гартаючы расклад руху цягнiкоў, глядзiць на гадзiннiк, прыкiдвае, цi праехаў ужо Майет палавiну дарогi. "Заўтра дам тэлеграму i даручу ўсю справу Джойсу, - думаў Майет. - Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскiя кнiгi". Ён уявiў сабе, якая пачнецца мiтусня, туды-сюды, нiбыта ў мурашнiку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна цi ад Стэйна да Экмана, таксi, выклiканае ў адным месцы i адпушчанае ў другiм, абед, на гэты раз без вiна, а потым крутая лесвiца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкi Джойс правярае бухгалтарскiя кнiгi. I ўвесь гэты час мiсiс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе i вязаць дзiцячыя кофтачкi англiканскай мiсii, а вялiзная пашарпаная Бiблiя - першая хлусня Экмана пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.
К.С.Сейвары нацiснуў на кнопку, якая падымала пры дапамозе спружыны штору, i святло месяца ўпала на яго твар, праслiзнула па рыбным нажы i пасерабрыла сталёвыя чыгуначныя рэйкi цiхага паўстанка. Снег ужо перастаў, сумёты ляжалi ўздоўж адхона i памiж шпаламi, паблiскваючы ў цемры. З некалькiх ярдаў, нiбыта ртуць, зiхацеў Дунай. Мiстэр Сейвары бачыў, як высокiя дрэвы ляцяць назад, тэлеграфныя слупы праносяцца мiма i ловяць святло месяца сваiмi жалезнымi рукамi. Пакуль у вагоне панавала цiшыня, ён пакiнуў убаку думкi пра Джанет Пардаў i пачаў разважаць пра тое, якiмi словамi ён апiсаў бы гэтую ноч. Усё залежыць ад адбору i расстаноўкi слоў. "Мне не трэба апiсваць усё, што бачу, трэба выказаць сваё ўспрыманне, падабраўшы нейкiя характэрныя, яркiя дэталi. Няма патрэбы апiсваць ценi на снезе - iх абрысы i фарбы неакрэсленыя, але я магу выхапiць пунсовы агонь святлафора, якi ззяе на фоне белага покрыва зямлi, полымя ачага ў зале чакання на вясковай станцыi, пацерынкi агнёў на баржы, якая цяжка паўзе супраць цячэння".
Ёзеф Грунлiх пагладжваў нагу ў тым месцы, дзе яе намуляў рэвальвер, i разважаў: "Колькi гадзiн засталося ехаць да гранiцы? Цi паведамяць пагранiчнiкам пра забойства? Але мне нiчога не пагражае. Мой пашпарт надзейны. Нiхто не бачыў, як я ўкраў сумачку. Нiякiх доказаў супраць мяне ў кватэры Кольбера. Можа, трэба было выкiнуць рэвальвер? - падумаў ён, але тут жа пераканаў сябе: - Ён мог бы навесцi на мой след. Цяпер высвятляюць нават па драпiнах на канале ствала любое забойства. З кожным годам злачынства робiцца ўсё больш небяспечнай справай: ходзяць чуткi пра нейкi новы фокус з адпячаткамi пальцаў, нейкiм чынам умудраюцца атрымаць iх, нават калi рука была ў пальчатцы. Але ж мяне яшчэ пакуль што не злавiлi, нягледзячы на ўсю iх навуку".
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: