Антуан Сент-Экзюпери - Планета людзей (на белорусском языке)
- Название:Планета людзей (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Антуан Сент-Экзюпери - Планета людзей (на белорусском языке) краткое содержание
Планета людзей (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Iсцiна не ляжыць навiдавоку. Калi менавiта ў гэтай мясцовасцi, а не ў iншай апельсiнавыя дрэвы добра прыжываюцца, пышна растуць i буйна пладаносяць, то менавiта гэтая зямля i ёсць iсцiна для апельсiнавых дрэў. Калi менавiта гэтая вера, гэтая культура, гэтая шкала каштоўнасцей, гэтая форма дзейнасцi, а не што-небудзь iншае спрыяюць чалавеку выявiцца ва ўсёй паўнаце, вызваляюць у iм уладара, пра iснаванне якога ён i сам не падазраваў, то гэтая шкала каштоўнасцей, гэтая культура, гэтая форма дзейнасцi i ёсць iсцiна чалавека. А як жа логiка? А гэта ўжо яе клопат - зводзiць канцы з канцамi, каб растлумачыць жыццё.
У гэтай кнiзе я расказваў пра людзей, якiя нiбыта кiравалiся нейкiм неадольным прызваннем, якiя iшлi ў пустыню цi ў авiяцыю, як iншыя iдуць у манастыр; але я не ставiў сабе мэты прымусiць вас захапляцца найперш такiмi людзьмi. Бо перш за ўсё варта захаплення сама глеба, якая ўзгадавала iх.
Прызванне, безумоўна, мае немалое значэнне. Адны зашываюцца ў сваiх крамках. Другiя настойлiва тораць сваю дарогу ў аднойчы абраным кiрунку: i нават у iхнiм маленстве можна знайсцi зародкi памкненняў, якiя ў далейшым прадвызначаюць увесь лёс. Але калi судзiць пра гiсторыю пасля таго, як усё адбылося, няцяжка i памылiцца. На такiя ж памкненнi здольны ледзь не кожны чалавек. Усiм нам знаёмыя крамнiкi, якiя ў грозны час караблекрушэння цi пажару праявiлi сябе куды велiчней, чым можна было чакаць. I яны ведаюць цану той сваёй паўнаце: той пажар назаўсёды ўрэжацца ў iх памяць. Але з-за недахопу новых прыгод, з-за недахопу спрыяльнай глебы, з-за недахопу патрабавальнасцi да сябе яны зноў упадаюць у спячку, так i не паверыўшы ў сваю ўласную велiч. Бясспрэчна, прызванне дапамагае чалавеку выявiцца: але ж спачатку трэба выявiць само прызванне.
Ночы ў паветры, ночы ў пустынi... Гэта ж не кожнаму выпадае на долю. I ўсё ж, калi абставiны будзяць у чалавеку Чалавека, выяўляецца, што ўсiм людзям уласцiвы адны i тыя ж памкненнi. Я не адхiлюся ад тэмы, калi раскажу пра адну сваю ноч у Гiшпанii, якая пераканала мяне ў гэтым. Я надта многа расказваў пра асобных людзей, а мне хацелася б сказаць пра ўсiх.
Гэта было на фронце пад Мадрыдам, дзе мне давялося быць рэпарцёрам. Я тады вячэраў у блiндажы з адным маладым капiтанам.
2
Нашу бяседу перапынiў званок тэлефона. Завязалася доўгая размова: з каманднага пункта перадаюць загад пайсцi ў наступленне - у недарэчную, безнадзейную атаку, у якой трэба адбiць у рабочым прадмесцi некалькi дамоў, ператвораных ворагам у каменныя крэпасцi. Капiтан пацiскае плячыма i вяртаецца да стала. "Першы ж, хто высуне нос..." - i замаўкае, пасоўвае па чарцы каньяку прысутнаму тут сяржанту i мне.
- Мы з табой пойдзем першыя, - кажа ён сяржанту. - Пi i кладзiся спаць.
Сяржант лёг. Мы, чалавек дзесяць, застаёмся за сталом. У гэтым наглуха запакляваным памяшканнi, адкуль не прасочваецца нi промнiк, святло такое яркае, што я жмуруся. Хвiлiн пяць таму я выглянуў у амбразуру. Падняў анучу, якая маскавала шчылiну, i ўбачыў у змярцвелым ззяннi поўнi руiны дамоў, у якiх гняздзiлiся прывiды. Потым я зноў замаскiраваў шчылiну, i мне здалося, быццам гэтай анучай я сцёр месячны промень, як струменьчык масла. А перад вачыма ўсё яшчэ - зеленаватыя ад поўнi крэпасцi.
Гэтыя салдаты, што сядзяць тут са мною, напэўна не вернуцца, але яны цнатлiва маўчаць пра гэта. Такiя атакi - справа звычайная. Для iх чэрпаюць i чэрпаюць з людскiх рэзерваў. Чэрпаюць зерне з жытнiцы. Кiдаюць жменю за жменяй, засяваюць зямлю.
I мы п'ём каньяк. Справа ад мяне гуляюць у шахматы. Злева жартуюць. Дзе я? З'яўляецца нейкi салдат, ён моцна нападпiтку. Пагладжвае касматую бараду i глядзiць на ўсiх расчулена. Слiзгануў позiркам па бутэльцы каньяку, адводзiць вочы, i зноў паглядзеў, i ўмольна ўтароплiваецца ў капiтана. Капiтан цiха пасмейваецца. Той, абнадзеены, смяецца таксама. Лёгкi смех забiрае ўсiх гледачоў. Капiтан павольна адстаўляе бутэльку ўбок, у позiрку спрагненага роспач. I пачынаецца дзiцячая гульня, нейкая пантамiма, такая непраўдападобная ў густым тытунёвым дыме, у бяссонную ноч, калi цяжэе галава ад стомы i ўжо хутка iсцi ў атаку.
Мы ўсцешана бавiмся тут, у цяпле, у труме нашага карабля, а звонку ўсё часцей гахкаюць выбухi, быццам б'е штармавая хваля.
Хутка гэтыя людзi пойдуць змываць свой пот, хмель, бруд свайго чакання ў адкрытых водах баявой ночы. Я адчуваю iхнюю гатоўнасць да ачышчэння. А пакуль яны да апошняй хвiлiны разыгрываюць пантамiму п'янiцы з бутэлькай. Да апошняй хвiлiны зацягваюць партыю ў шахматы. Хай колькi можна працягваецца жыццё! Але будзiльнiк ужо заведзены i, як на трон, пастаўлены на палiцу. I ён зазвонiць. I тады гэтыя людзi ўстануць, расправяць плечы, зацягнуць рамянi. Капiтан выцягне рэвальвер. П'яны працверазее. I ўсе немiтуслiва рушаць па вузкiм калiдоры, якi паката вядзе ўверх, да блакiтнага ад месячнага святла прамавугольнiка. Скажуць што-кольвечы сама звычайнае: "Праклятая атака!.." альбо: "Ну i халадэча!"
I кануць у ноч.
Калi той час прабiў, я аказаўся сведкам абуджэння сяржанта. Ён спаў у вэрхале гэтага блiндажа на жалезным ложку. Я глядзеў на спячага. Мне так знаёмы быў гэты сон, зусiм не трывожны, а нават шчаслiвы. Прыгадаўся першы дзень пасля катастрофы ў Лiвiйскай пустынi, калi мы з Прэво, прыгавораныя, без кроплi вады, яшчэ не вельмi пакутавалi ад смагi i нам удалося - адным-адзiны раз! - праспаць цэлых дзве гадзiны. I тады, засынаючы, я цешыўся сваёй магутнасцю - цудоўнай уладай адрынуць наяўны свет. Маё цела яшчэ не турбавала мяне, i дастаткова было ўткнуцца тварам у скрыжаваныя рукi, каб забыць усё на свеце i заснуць салодкiм сном.
Гэтак спаў i сяржант, ён скруцiўся ў клубок - не разбярэш, дзе што; калi прыйшлi будзiць яго, запалiлi свечку i ўваткнулi яе ў рыльца бутэлькi, я спачатку толькi i разгледзеў у гэтай бясформнай цёмнай глыбе яго грубыя башмакi. Велiчэзныя башмакi з шыпамi i жалезнымi падкоўкамi, башмакi падзёншчыка цi докера.
Абутак гэтага чалавека прызначаўся для цяжкай працы, i ўсё астатняе на iм было яго рабочым рыштункам: падсумкi, рэвальверы, пояс, рамянi. На iм былi лейцы, хамут, уся збруя ламавога каня. У Марока я бачыў у падвалах жорны, якiя круцяць сляпыя конi. Вось i тут у трапятлiвым чырванаватым святле свечкi будзiлi сляпога каня круцiць свае жорны.
- Эй, сяржант!
Ён неахвотна варухнуўся, узняў сонны твар, прамармытаў нешта неразборлiвае. I павярнуўся да сцяны, не жадаючы прачынацца, забiраючыся ў глыбiнi сну, як у спакой мацярынскага ўлоння, як пад глыбокiя воды, i то сцiскаў рукi ў кулакi, то расцiскаў iх, быццам там, на дне, хапаўся за няведама якiя чорныя водарасцi. Яму трэба было памагчы выблытацца. Мы падселi да яго на ложак, адзiн з нас мякка падсунуў сваю руку яму пад шыю i з усмешкай падняў цяжкую галаву. Гэтак у густой цеплынi стайнi ласкава тацкаюцца адзiн у аднаго пысамi конi... "Эй, дружа!" Нiколi ў жыццi я не бачыў болей пяшчотнай ласкi. Сяржант зрабiў апошняе намаганне вярнуцца ў цiхамiрнасць сну, адпрэчыць наш свет з яго дынамiтам, смяротнай стомай i ледзяным моракам ночы... але позна. Нешта звонку настойлiва патрабавала ўвагi. Гэтак нядзельным ранкам школьны званок няўмольна будзiць пакаранага школьнiка. Ён паспеў забыцца пра парту, пра класную дошку i зададзены ў пакаранне ўрок. Яму снiлiся вясёлыя гульнi на двары; дарма. Званок звiнiць i звiнiць i бязлiтасна справаджае яго ў царства несправядлiвасцi дарослых. Гэтак i сяржант паступова асэнсоўваў сваё выматанае стомай цела, гэтае цела, пра якое ён хацеў забыць i якое вельмi хутка, услед за зябкасцю абуджэння, спазнае спярша шчымлiвы боль у суставах, потым цяжар збруi, а там - нязграбны бег атакi - i смерць. Не гэтак нават смерць, як лiпкую кроў, у якой упiраешся, слiзгаеш далоньмi ў намаганнi прыўзняцца, i задыханне, i страшэнны холад, - адчуваеш не гэтак самую смерць, як няўтульнасць апошняга свайго часу. Я глядзеў на сяржанта, i мне прыгадвалася маркота майго ўласнага абуджэння ў пустынi, як цяжка было зноў узвальваць на сябе ношу смагi, сонца, пяску, зноў узвальваць на сябе ношу жыцця - вяртацца ў гэты цяжкi сон, якi бачыш не па ўласнай волi.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: