Ежи Анжиевски - Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
- Название:Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Ежи Анжиевски - Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) краткое содержание
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Ойча вялебны, калi памяць мяне не падводзiць, дон Мануэль нiчога такога не казаў.
- Ты ў гэтым упэўнены? Цi ж ты не напамiнаў, што як пан дэ Ахеда, так i яго начальнiк падтрымлiвае сяброўскiя адносiны з людзьмi жыдоўскага паходжання?
- Так, ойча.
- Ну i?..
Дон Радрыга маўчаў.
- Як доўга трывала ваша гутарка?
- Прыблiзна з гадзiну, падрэ.
- I ты мог бы прысягнуць, што за ўвесь гэты час не ўспамiналi пра здарэнне ў Сарагосе? Не можаш прысягнуць у гэтым? А можа, дапускаеш, што гаворка iшла пра жудаснае злачынства? Прыгадай, можа, з прычыны аж надта зразумелай пан дэ Ахеда не гаварыў адкрыта, можа, выказваўся ў сэнсе пераносным i тым не меней так, што гэта сведчыла б за тое, што ён ухваляе святатацкi ўчынак?
- Ойча вялебны, можа, мяне памяць падводзiць, але сапраўды не ўзгадаю...
Падрэ Тарквемада пранiклiва паглядзеў на яго.
- Дон Радрыга, памятай, што, калi заходзiць аб абароне веры, сапраўднаму хрысцiянiну нельга спыняцца на паўдарозе. Цi мог бы ты з рукою на крыжы i перад аблiччам Бога засведчыць, што пан Мануэль дэ Ахеда не гадуе ў сэрцы падступнай i заганнай прыхiльнасцi да забойцаў айца д'Арбуэза?
- Не, ойча, - прашаптаў дон Радрыга. - Не мог бы засведчыць гэтага.
- А мог бы прысягнуць, яшчэ раз у цябе пытаюся, што з гэтай заганнай прыхiльнасцю пан дэ Ахеда яўна не здрадзiў?
- Не, ойча. Памяць, асаблiва ў такiх, як гэта, акалiчнасцях, сапраўды можа падвесцi.
Тарквемада зноў усклаў далонь на плячо.
- Слушна, - сказаў. - Iдзi ж, мой сыне, i пагутары са сваёй памяццю. Хай яна таксама будзе чыстая, як i тваё сумленне.
Калi ён увайшоў у царкву i замкнуў дзверы, усё ж выразна чуў крокi дона Радрыга, якiя аддалялiся. Потым яны зацiхлi ў глыбiнi дзядзiнца, i ён адчуў сябе самотным; здавалася, ён разарваў апошнiя повязi, якiя яго злучалi са светам.
Холад у царкве быў яшчэ больш калючы, чым у кляштарнай келлi, а цемра, скаваная прасторай i цiшынёй, здавалася затопленай у глыбiнях нябачных муроў. У глыбiнi царквы перад алтаром i блiжэй, у бакавых каплiцах тлелi жаўтлявыя агеньчыкi лампадак, аднак iх нiцы бляск не толькi не разганяў змрок, але, здавалася, яшчэ больш згушчаў яго. Калi Тарквемада ўзняў галаву, ён праз хвiлiну разгледзеў абрысы высокiх лукаў скляпення, i тады, - нiбы гэтыя аддаленыя формы неслi сведчанне жыцця, - пачала знебывацца страчанасць i самота. Ён шукаў i хацеў сабе гэтага: велiчы каменнай прасторы, змроку i маўчання, якiя безгалоса, - раптам, як бы паддаючыся сiле вышэйшага права, пачалi выконваць сваё апошняе паклiканне, нясмела, пасля ўсё больш iмпэтна загучалi нiбы вайсковыя сурмы заклiкам да бадзёрасцi i змагання.
Ён пайшоў у блiжэйшую бакавую каплiчку, але спынiўся на паўдарозе, захоплены нейкiм гучаннем, якое, здавалася, запаўняла ўсю велiч цемры i парывала яе ўгору. Вось яно, божае царства, якое ў пазачассi прымае ў сябе людзей, дакладна згодных ва ўчынках i жаданнях!
Вось ён, дасканалы парадак, мэта нязменных думак i незастрашанага дзеяння! Якi, аднак, ён далёкi яшчэ, як цяжка дасягнуць яго! Колькi перашкод, раней чым здабыць яго, трэба пераадолець, як многа бунтоўных замахаў зламаць i стаптаць.
Ён выцягнуў далонi, нiбы хацеў дакрануццца да тых нябачных рысаў будучага, i тады запанавала раптам цiшыня. У ёй, мёртвай, як цень камення, гучала водгулле цяжкiх салдацкiх крокаў: уздоўж кляштарных муроў, вiдаць, праходзiла начная варта.
- Госпадзе, - сказаў Тарквемада, - не дай, каб аслабла i згасла ў нас нянавiсць да ворагаў тваiх.
Ён сказаў гэта шэптам, але голас яго мог пачуць мнiшак, якi кленчыў каля ўвахода ў каплiцу, бо той, да таго часу нерухомы i, як здавалася, цалкам адданы малiтве, раптам падхапiўся. Ён быў нiзкi i дробны, рабiў уражанне вельмi маладога.
Доўгую хвiлiну падрэ Тарквемада i той глядзелi адзiн на аднаго моўчкi. Нарэшце вялебны айцец падышоў блiжэй. Брат дамiнiканец быў сапраўды малады, не болей за дваццаць.
- Мiр з табою, сыне мой, - сказаў Тарквемада. - Я перашкодзiў табе ў малiтве? Ты ж малiўся?
Малады стаяў, схiлiўшы галаву.
- Хацеў малiцца, - сказаў цiхiм стомленым голасам.
- Правiльна робiш, таму што ноч асаблiва спрыяе сабранасцi. Парою ў такi час, як цяпер, менавiта малiтва, а не сон, робiцца сапраўдным адпачынкам. Усе думкi можна аддаць богу.
Той узняў галаву, твар у яго быў бледны i спакутаваны, толькi цёмныя, незвычайна вялiкiя вочы палалi неспакойным агнём.
- Ойча вялебны, я сапраўды вельмi малады, але ўжо даўно не маю спакою, пра якi кажаш. Я не мог заснуць, гнялi мяне цяжкiя думкi. Я хацеў знайсцi ратунак ад iх у малiтвах. Але не знайшоў ратунку.
- Кепска, можа, шукаў.
- Не ведаю, ойча. Часам мне здаецца, што не малiтвы мне патрэбны, а выказацца ўголас пра ўсё тое, што мяне мучыць. Ойча вялебны, ты на столькi гадоў старэйшы за мяне, многае, напэўна, бачыў i перажыў, скажы, цi маўчанне можа забiць душу чалавека?
Падрэ Тарквемада з хвiлiну памаўчаў.
- Не разумею цябе, сыне мой. Толькi ўпартае трыванне ў смяротным грэху можа забiць чалавечую душу.
- А маўчанне цi ж не бывае смяротным грэхам? Ойча, агартае мяне часам страх, што калi не выкажу таго, што каламуцiць спакой майго сумлення i адганяе сон, тады ўсё, што я змоўчаў, памрэ ўва мне, як уздых, якi не можа ўжо ўхапiць паветра, як слова, якога не здолее вымавiць амярцвелы язык. Ойча мой, я баюся, што магу стаць каменем.
Тарквемада працягнуў далонь.
- Падай мне, сыне, руку.
Рука была халодная i сухая.
- Ты думаеш, ойча, што ў мяне гарачка? Не, ойча, гарачкi няма, я здаровы.
- Бачу, сапраўды няма гарачкi. Але ж гаворыш ты, браце...
- Завуць мяне братам Дыега.
- Але ж гаворыш ты, браце Дыега, так, як звычайна людзi ў вялiкай гарачцы або пад вялiкiм грэхам, якi точыць iх сумленне.
Брат Дыега ўздрыгнуў.
- О не, ойча! Цяжкiя грахi не на маiм сумленнi. Не мяне трэба вiнавацiць за прымус, не на мне людскiя крыўды, слёзы i пакуты. Нiхто яшчэ мяне не праклiнае i не ненавiдзiць. Не маю на сумленнi нiякага злачынства, нiякай няпраўды.
Некалькi хвiлiн панавала маўчанне. Падрэ Тарквемада падцягнуў пад шыю сутану.
- Браце Дыега, ты выказваешся даволi няясна, аднак мне здаецца, што тваiмi вуснамi гаворыць вялiкая пыха.
Той заварушыўся.
- О не, ойча, гэта не пыха! Ты ж мяне не ведаеш. Не ведаеш маiх думак.
- Ты так мяркуеш?
- Не ведаю, ойча. Можа, i знаеш iх, можа, i ведаеш, што ўва мне дзеецца. Я хацеў малiцца, але не ведаў, што тут я не адзiн. Бачу цябе першы раз, не ведаю, хто ты, але калi стаю перад табою i, апроч нас двух, няма нiкога, мне здаецца, што ведаю цябе даўно, з першай хвiлiны, як я пачаў мыслiць. Чаму ты так дзiвiшся на мяне, ойча? Ты сам сказаў, што ў мяне няма гарачкi, што я прытомны. Цi ведаеш ойча, за што я хацеў малiцца? Можа, i здагадваешся, але дазволь мне сказаць пра гэта, бо ты зразумееш: у цябе твар чалавека, якi ўсё разумее, а можа, таксама адчувае, што ведаў мяне даўно, з самага пачатку. Ойча мой, ойча, я хацеў прасiць у Бога, каб ён дараваў тым усiм, якiя, маючы ў сваiх руках уладу, дрэнна карыстаюцца ёю i не на дабро людское яе прыкладаюць, а на страшныя крыўдны i пакуты. Хацеў сказаць: Божа вялiкi i лiтасцiвы, якi на небе, май лiтасць да гвалтаўнiкоў справядлiвасцi, даруй свядомым iлгунам, здрадным скаржнiкам i фальшывым суддзям, будзь мiласэрны да тых, якiя ў сляпым забыццi нiшчаць спакой людскi i сеюць страх, аблуду i нянавiсць, злiтуйся з забойцаў... Так хацеў малiцца. Але не змог, ойча, не здолеў, не жадаў! Словы ў горле стылi. Калi цяпер iх вымаўляю, дык яны - абвiнавачанне i праклён, а калi яны павiнны былi быць малiтвай, кожнае з iх здавалася мне цяжэйшым за камень. Ойча, гэта была б благая малiтва!
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: