Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке)
- Название:Залаты век Беларусi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке) краткое содержание
Залаты век Беларусi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Эвангельскiя цэрквы ў гарадах Вялiкага Княства, нават задоўга да свайго юрыдычнага афармленьня, вылучалiся немалой мiсыянэрскай актыўнасьцю. Прымаючы веру Хрыстовую, купцы i рамесьнiкi сур'ёзна прымалi словы Госпада: "Iдзiце i зрабiце вучнямi ўсе народы". Гарады паўночна-усходняй Беларусi мелi даўнiя гандлёвыя сувязi з Ноўгарадам Вялiкiм, Цьвер'ю i Масквою, i разам з купецкiмi абозамi на ўсход iшлi iдэi Рэфармацыi. Як вынiк гэтага ў сярэдзiне XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай дзяржаве пачало распаўсюджвацца эвангельскае вучэньне. Адзiн зь лiдараў гэтага руху, Мацьвей Башкiн казаў, што яго настаўнiкамi былi "лiтвянiн аптекарь Матфей i другой лiтвянiн Андрей Хотеев". Калi маскоўскiя духоўныя i дзяржаўныя ўлады жорсткiмi рэпрэсiямi стлумiлi рэфармацыйны рух у Маскоўскiм царстве, частка вернiкаў уцяклi "ў Лiтву", або "ў Немцы", дзе "свабодна гучала Слова Божае".
У гэты час Вялiкае Княства Лiтоўскае перажывала ўздым ня толькi ў духоўным жыцьцi, але таксама ў эканомiцы i культуры. I менавiта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвiна, якое вялiкую ўвагу надавала характару чалавека i рэалiзацыi кожным свайго прызначэньня, асаблiва падкрэсьлiвала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваiх абавязкаў, пры гэтым нiколi не задавальняючыся дасягнутым. Такi бiблiйны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнiкненьня рынкавай гаспадаркi. Падобныя працэсы адбывалiся i ў Беларусi.
Асаблiва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, лiтаральна зьмянiўшая аблiчча Беларусi на працягу XVI стагодзьдзя. Iдэя рэформы, якая б дазволiла кожнаму селянiну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялiкага князя Жыгiмонта Старога. Актыўна падтрымлiваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнiк Лiсманiнi, адзiн з прапаведнiкаў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве, якi лiчыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалiзуецца тады, калi ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежавалiся толькi ейнымi ўладаньнямi ў Гарадзенскiм i Кобрынскiм староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мiкалай Радзiвiл Чорны, якi лiчыў Лiсманiнi адным са сваiх настаўнiкаў, зацiкавiўся пераўтварэньнямi на землях Боны Сфорцы i ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якiя разьвiвалi iнiцыятыву i актыўнсьць сялянства i рабiлi сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камiсiя па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь вiленскiм ваяводам. Разам зь iм працавалi пiсар Вялiкага Княства Астафей Валовiч i адзiн зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскi. Камiсiя падрыхтавала так званую "Уставу на валокi", абвешчаную Жыгiмонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгiя гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялiкiм Княстве. Сутнасьцю гэтай рэформы было мераньне зямлi i яе клясыфiкацыя паводле вартасьцi, апрацаванасьцi i ўраджайнасьцi. Абмераныя землi падзялялiся на стандартныя часткi - валокi (21,37 гектара). Зямля ў карыстаньнi сялянаў пераразьмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такiм чынам лiквiдуючы церазпалосiцу i спрашчаючы падаткаабкладаньне сялянскай гаспадаркi. Такая арганiзацыя землекарыстаньня дазваляла асвойваць новыя землi i павялiчыць таварнасьць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялiкiм памерам участка i магчымасьцi выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова стваралiся фальваркi - вялiкiя панскiя гаспадаркi, якiя павiнны былi апрацоўвацца цяглымi сялянамi (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалi вялiкаму князю, але пасьля яе падхапiла шляхта, праводзячы памеру ў сваiх маёнтках.
Валочная памера зьмянiла нават зьнешнi выгляд вёсак па ўсёй Беларусi. Яны сталi больш буйнымi, з характэрнай забудовай у адну вулiцу. I гэты iх выгляд прынцыпова не зьмянiўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынiкам рэформы сталася павелiчэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, i таму мусiла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была лiквiдаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлiвалi ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокi i выконвалi грашовыя i iншыя павiннасьцi паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былi праведзеныя ў Расейскай iмпэрыi толькi на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-мiнiстрам Пятром Сталыпiным, якi меў маёнтак каля Гораднi i на ўласныя вочы бачыў вынiкi рэалiзацыi "Уставы на валокi". Сама валока аказалася настолькi трывалай гаспадарчай адзiнкай, што нават у XX стагодзьдзi беларускiя сяляне, набываючы зямлю, вымяралi яе валокамi.
Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялiчыць ураджаi збожжа, так што жыта i ячмень пачалi вывозiць на продаж за мяжу. Лiквiдацыя сялянскай абшчыны дазволiла разьвiваць разнастайную вытворчасьць, асаблiва зьвязаную зь перапрацоўкай драўнiны, бо частка сялянаў замест працы на зямлi пачала займацца рамяством. Зьявiлiся цэлыя паселiшчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту мясцовага рынку i эканамiчнаму разьвiцьцю краiны. Адной з прыкметаў гэтага стала стварэньне ў Вялiкiм Княстве аднароднай грашовай сыстэмы. На пачатку XVI стагодзьдзя на Полаччыне ў абарачэньнi былi галоўным чынам рыскiя шылiнгi, у Панямоньнi - праскiя грошы, а на Палесьсi - залатаардынскiя дзiрхемы. Але ў сярэдзiне XVI стагодзьдя асноўнай манэтай ва ўсiм Княстве становiцца лiтоўскi паўгрош вiленскай вытворчасьцi.
Яшчэ адной характэрнай рысай XVI стагодзьдзя стаў хуткi рост у Беларусi гарадоў i мястэчак. Калi на пачатку стагодзьдзя iх было толькi 48, то ўжо ў 1567 годзе iх налiчвалася больш за 280. Гэтая ўрбанiзацыя Вялiкага Княства непасрэдна зьвязаная зь iмкненьнем магнатаў закладаць гарады i мястэчкi ў сваiх уладаньнях. Радзiвiлы, Кiшкi, Пацы, Сапегi запрашалi разнастайных рамесьнiкаў, перш за ўсё веручых, i надавалi новым паселiшчам магдэбурскае права (права самакiраваньня). Дзеячы Рэфармацыi ставiлi сабе за мэту клапацiцца пра пашырэньне кола людзей, якiя займаюцца нейкiм рамяством. Сымон Будны ў сваiм "Катэхiзiсе" зьвяртаў увагу бацькоў, што "повiнны родiтелi научатi сынов своiх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелi". Ён ставiў майстра ў адзiн шэраг з настаўнiкам, пастарам i ўладамi.
Сярэдзiна XVI стагодзьдзя - гэта таксама iмклiвы культурны ўздым Вялiкага Княства. Тут варта ўзгадаць хаця б тыя некалькi сотняў школаў, адкрытых пры эвангельскiх цэрквах на працягу няпоўных дзесяцi гадоў, якiя далi магчымасьць тысячам маладых людзей атрымаць прынамсi пачатковую адукацыю. Або сотнi кнiгаў, якiя выходзiлi вялiкiмi накладамi i пашыралi веды сярод жыхароў краiны. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькi рэлiгiйная лiтаратура, але таксама кнiгi па гiсторыi, геаграфii, матэматыцы, фiлязофii, паэтычныя i празаiчныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў. Князь Мiкалай Радзiвiл Чорны стаў распачынальнiкам мэцэнацтва ў Вялiкiм Княстве. Пры яго двары стваралi музыку Кiпрыян Базылiк i Вацлаў з Шаматулаў, пiсалi вершы Мiкалай Рэй i Андрэй Трыцесскi. Нямецкiя мастакi, якiя працавалi дзякуючы падтрымцы вiленскага ваяводы, увялi ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапiс. Мiкалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзiвiлаўскiх мастацкiх збораў, першай мастацкай калекцыi ў Беларусi.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: