Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке)
- Название:Залаты век Беларусi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Станислав Акиньчиц - Залаты век Беларусi (на белорусском языке) краткое содержание
Залаты век Беларусi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Залаты Век адыйшоў у гiсторыю...
У сярэдзiне XVII стагодзьдзя выбухнулi бомбы, закладзеныя недальнабачнай палiтыкай Жыгiмонта Вазы. Украiну ахапiла казацкае паўстаньне на чале з Багданам Хмяльнiцкiм, Польскае Каралеўства заатакавалi швэды, а Масква кiнула свае войскi на Вялiкае Княства. Рэч Паспалiтая, ня маючы грошаў у дзяржаўным скарбе, магла спадзявацца толькi на мужнасьць i пасьвячонасьць сваiх грамадзянаў, але панаваньне Жыгiмонта Вазы, а пасьля яго сына, Уладзiслава, зрабiлi тое, што гэтага акурат i не хапала. Падзеi вайны 1654-1667 гадоў былi катастрафiчнымi для Вялiкага Княства. Амаль уся краiна была акупаваная маскоўскiм войскам, Вiльня была захоплена i спалена. Брандэнбургскi пасол Лазар Кiтэльман, якi ў той час прыехаў да цара Аляксея ў Вiльню, убачыў жахлiвае вiдовiшча: "Усе гарады i вёскi былi спаленыя; кучамi ляжалi трупы пабiтага мiрнага лiцьвiнскага насельнiцтва, таксама жанчын i дзяцей, непахаваныя i загнiлыя". Маскоўская агрэсiя каштавала Беларусi стратай больш чым паловы жыхароў. Кожны другi беларус загiнуў у гэтай вайне, названай Патопам, на месцы гарадоў засталiся толькi попел i чорнае вугольле. Толькi на пачатку XIX стагодзьдзя колькасьць жыхароў Беларусi дасягнула ўзроўню першай паловы XVII стагодзьдзя. Вайна зьнiшчыла практычна ўсё мяшчанства. Зьнiк цэлы пласт рамесьнiкаў, прадпрыймальнiкаў, гандляроў. Калi ў Магiлёве ў 1645 годзе было каля 2 тысячаў рамесьнiкаў, дык у 1745 годзе iх было толькi 45. Дэмаграфiчная катастрофа i эканамiчны заняпад краiны суправаджалiся культурным крызысам ў грамадзтве. Магнаты i шляхта выракалiся свайго грунту запусьцелага краю, адкiнутага на стагодзьдзi назад. Усё цяжэй было гаварыць пра нейкую самастойнасьць Вялiкага Княства ў складзе Рэчы Паспалiтай. Усё часьцей, гаворачы пра сваё паходжаньне, беларуская арыстакратыя ўжывала словы "Gente Lithuanae, natione Polonae" (лiцьвiн родам, польскай нацыi). Урэшце пастанова сойму 1696 году надала польскай мове статус дзяржаўнай у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.
Пачынаючы з Паўночнае вайны Расея адкрыта пачала ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалiтай. Гаспадарчы заняпад, грамадзянскi разлад i сваволя шляхты ператварылi некалi магутную дзяржаву ў "карчму заездную" для сваiх суседзяў. У 1796 годзе "тры каранаваныя разбойнiкi": Расея, Аўстрыя i Прусiя падзялiлi памiж сабою Рэч Паспалiтую Двух Народаў. Вялiкае Княства Лiтоўскае перастала iснаваць як дзяржава i было ўключана ў склад Расейскай iмпэрыi. Нацыянальная апатыя, якая ахапiла нашае грамадзтва ў XVIII-XIX стагодзьдзях прывяла да таго, што яно згубiла сваё iмя, а разам зь iм i гiсторыю. З другой паловы XIX стагодзьдзя жыхароў колiшняга Вялiкага Княства Лiтоўскага сталi называць беларусамi, а назву "Лiтва" пачалi адносiць да балцкай Жамойцi. Блытанiна, якая ўзьнiкла ў сувязi з гэтым, да сёньняшняга дня перашкаджае беларусам адказаць на пытаньне "хто мы?" i знайсьцi сваё месца ў гiсторыi.
Дарожныя знакi гiсторыi
XVI стагодзьдзе, стагодзьдзе Рэфармыцыi перамянiла гiсторыю i сталася крынiцаю прагрэсу i блаславенства ў жыцьцi многiх народаў. Увесь сьвет глядзiць на гэты пэрыяд як на час, калi былi закладзеныя падвалiны сучаснай эканомiкi, палiтыкi, навукi i культуры. Для нашай краiны гэта таксама выключнае стагодзьдзе. Большасьць найважнейшых для Беларусi падзеяў i зьяваў сабраныя менавiта ў гэты час. У пэўным сэнсе мы - нацыя XVI стагодзьдзя.
Прыняўшы iдэi Рэфармацыi, зьвярнуўшыся да Бiблii i асабiстых адносiнаў з Богам, беларускае грамадзтва перажыло вялiзарны ўздым у самых розных сфэрах свайго жыцьця. Пачалi шырока распаўсюджвацца школьнiцтва i кнiгадрукаваньне, юрыдычныя i палiтычныя набыткi нашых продкаў нават сёньня выклiкаюць захапленьне. Параўноўваючы разьвiцьцё розных краiнаў Эўропы XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Беларусь - Вялiкае Княства Лiтоўскае iшла ў тым самым накiрунку, што i Англiя: такое самае абмежаваньне ўлады манарха, такое самае разьвiцьцё мясцовага самакiраваньня, такое самае прыняцьцё Рэфармацыi вышэйшымi слаямi грамадзтва, такая самая эканамiчная актыўнасьць магнатаў i шляхты (у Англii - лордаў i сквайраў). На ўсходзе Эўропы паўставала краiна, па сваiм культурным, эканамiчным i палiтычным патэнцыяле здольная ўплываць на ўвесь кантынэнт. Чаго вартае хаця б змаганьне за рэлiгiйныя правы гугенотаў у Францыi.
Аднак на пачатку XVII стагодзьдзя гэтыя працэсы раптоўна загамавалiся. Здрада Рэфармацыi палiтычнай элiтай Вялiкага Княства Лiтоўскага стала прычынаю лявiны праклёнаў, якiя абрынулiся на наш народ i наступствы якiх мы адчуваем да сёньняшняга дня. Беларусы як нацыя згубiлi вельмi важны кансалiдуючы, умацоўваючы чыньнiк - iдэю, якая абапiраецца на Божае Слова, Бiблiю, якая вынiкае з разуменьня сябе не як выпадковасьцi ў гэтым сьвеце, а як часткi спрадвечнага Божага пляну.
Войны Вялiкага Княства з Маскоўскай дзяржавай у сярэдзiне XVII стагодзьдзя практычна пазбавiлi нашу краiну гарадзкога насельнiцтва, найбольш прыхiльнага Рэфармацыi, i зьдзесяткавалi шляхту, якая заставалася яшчэ вернай iдэям Лютара i Кальвiна. На два стагодзьдзi эвангельскае хрысьцiянства ў Беларусi ператварылася ў маргiнальную зьяву, якая практычна не ўплывала на гiсторыю краiны. Здавалася, з Рэфармацыяй скончана назаўсёды. Але ў канцы XIX - пачатку XX стагодзьдзяў у Беларусi пачалi iмклiва разьвiвацца баптысты i пяцiдзесятнiкi, iдэйныя нашчадкi беларускай Рэфармацыi Залатога Веку. Як i iх папярэднiкi з XVI стагодзьдзя, яны мелi вялiкi ўдзел у духоўным i маральным адраджэньнi нацыi. Не маглi яны пакiнуць без увагi i той факт, што беларускi народ, пачынаючы з XVI стагодзьдзя, быў пазбаўлены Слова Божага на роднай мове. У 1927 годзе баптысцкi пастар Лукаш Дзёкуць-Малей выдаў першы пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову. На працягу ўсяго XX стагодзьдзя большасьць спробаў выданьня беларускiх перакладаў Бiблii так цi iнакш былi зьвязаныя зь дзейнасьцю эвангельскiх хрысьцiянаў.
Камунiстычная дыктатура, панаваўшая ў Беларусi 70 гадоў, зрабiла ўсё магчымае, каб вынiшчыць у нашым народзе памяць пра беларускую Рэфармацыю XVI стагодзьдзя, зрабiць беларусаў нацыяй без гiсторыi, людзьмi, якiя ня могуць нiчога скарыстаць з досьведу папярэднiх пакаленьняў. Але падман i бяспамяцтва ня будуць вечна ўладарыць на нашай беларускай зямлi. Залаты Век Беларусi, XVI стагодзьдзе паказваюць нам, дзе той добры шлях, па якому варта iсьцi, каб Беларусь заняла свой пачэсны пасад мiж народамi.
Бiблiяграфiя:
1. Арлоў У., Сагановiч Г. Дзесяць вякоў беларускай гiсторыi. Вiльня, 2000.
2. Ермаловiч М. Беларуская дзяржава Вялiкае Княства Лiтоўскае. Мiнск, 2000.
3. З гiсторыяй на "вы". Укл. Арлоў У. Мiнск, 1994.
4. Iгнатоўскi У. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск, 1991.
5. Канфесii на Беларусi. Пад рэд. Навiцкага У. Мiнск, 1998.
6. Ластоўскi В. Кароткая гiсторыя Беларусi. Мiнск, 1992.
7. Лоўзi Дж. Гiстарычныя ўводзiны ў фiласофiю навукi. Мiнск, 1998.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: