Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
На другой хвiлiне Нянавiсць перайшла ў шаленства. Людзi падскоквалi з месцаў i дзiка крычалi, каб заглушыць дурманлiвае бэканне, што гучала з экрана. Маленькая жанчына побач пачырванела i хапала ротам паветра, як выкiнутая на бераг рыбiна. Нават цяжкi твар О'Браэна змянiў колер. Ён сядзеў проста, нiбы кiй праглынуўшы, i яго важкае агруддзе надзiмалася i дрыжала, быццам ён змагаўся з навальнай хваляй. Чарнявая дзяўчына, што сядзела за Ўiнстанам, крычала: "Свiння! Свiння! Свiння!" Раптам яна схапiла цяжкi Слоўнiк навамоўя i шпурнула яго ў экран. Ён трапiў Гольдштэйну ў нос i адскочыў. Голас няўмольна гучаў далей. У момант прасвятлення Ўiнстан заўважыў, што ён крычыць разам з усiмi i раз'юшана малоцiць па бiльцы крэсла. Самае жахлiвае ва ўсiм гэтым было не тое, што трэба было саўдзельнiчаць, а, наадварот, тое, што не саўдзельнiчаць было немагчыма. Праз паўхвiлiны ўжо не трэба было прыкiдвацца. Жахлiвае ачмурэнне ад страху i прагi помсты, жаданне забiваць, катаваць, трушчыць молатам галовы працяло, нiбы электрычны ток, усiх гледачоў, ператварыўшы iх мiмаволi ў раз'юшаных вар'ятаў. Але шаленства, якое ахапiла гледачоў, было пачуццём абстрактным, няпэўным, яго можна было перавесцi з аднаго аб'екта на другi, як прамень пражэктара. Так, на нейкi момант Ўiнстан адчуў, што яго нянавiсць накiравана зусiм не на Гольдштэйна, а на Вялiкага Брата, Партыю i Палiцыю Думак. Гэткiмi хвiлiнамi ён iмкнуўся сэрцам да самотнага ерэтыка, аддаванага здзеку i глуму на экране, адзiнага ахоўнiка праўды i здаровага розуму ў свеце хлуснi. Аднак праз хвiлiну Ўiнстан усёй душою быў ужо з людзьмi, што сядзелi навокал, i ўсё, што казалася пра Гольдштэйна, здавалася яму слушным. I тады патаемная агiда да Вялiкага Брата саступала месца гарачай любовi. Вялiкi Брат, непераможны i бясстрашны абаронца Радзiмы, узвышаўся неадольнай скалою перад азiяцкiмi ордамi. Гольдштэйн, нягледзячы на адлучанасць, на бяссiльнасць i на сумненне наконт факта яго iснавання, быў падобны да злавеснага чараўнiка, што здольны ўладай свайго голасу разбурыць асновы цывiлiзацыi.
Часамi можна было напружаннем волi скiраваць сваю нянавiсць на той або iншы аб'ект. З намаганнем, роўным таму, з якiм у жахлiвым сне адрываеш галаву ад падушкi, Ўiнстану раптам удалося перанесцi нянавiсць з твару, што быў на экране, на чорнавалосую дзяўчыну, якая сядзела ў яго за спiнай. Перад яго вачыма паўсталi жывыя i яскравыя вобразы. Ён збiвае яе наўмор гумовым кiем. Ён прывязвае яе голую да слупа i дзiравiць яе стрэламi, як святога Себастыяна. Ён гвалцiць яе i ў момант аблягчэння пераразае ёй горла. I ён зразумеў лепш, чым некалi раней, чаму менавiта ён яе ненавiдзеў. Ён ненавiдзеў яе, бо яна была маладая, прыгожая i бясполая, бо хацеў з ёй пераспаць, але не мог i не змог бы нiколi, бо вакол яе тонкай гнуткай талii, якую так i хацелася абняць, быў абвязаны агiдны чырвоны пас - ваяўнiчы сiмвал цнатлiвасцi.
Нянавiсць дасягнула найвышэйшай ступенi. Голас Гольдштэйна змянiўся сапраўдным авечым бэкатам, i на нейкi момант сам Гольдштэйн ператварыўся ў авечку. Пасля авечка незаўважна змянiлася на постаць эўразiйскага салдата, дужага i страшнага, з аўтаматам у руках, ён ступiў наперад i, здалося, выйшаў з экрана, так, што колькi чалавек у першым радзе адкiнулася назад. Але ў наступнае iмгненне зала азвалася глыбокiм уздыхам палёгкi, бо варожы твар на экране растаў, а замест яго з'явiлася чорнавалосае i чарнавусае аблiчча Вялiкага Брата, поўнае сiлы i загадкавага спакою i такое вялiкае, што заняло амаль увесь экран. Нiхто не чуў, што казаў Вялiкi Брат. Гэта былi нейкiя простыя словы для ўзняцця духу, якiя звычайна кажа камандзiр пад час цяжкага бою. Iх нельга было разабраць, але ўжо тое, што яны прамаўлялiся, супакойвала i вяртала веру ў свае сiлы. Тады твар Вялiкага Брата знiк, i замест яго на экране з'явiлiся напiсаныя вялiкiмi лiтарамi тры партыйныя лозунгi:
ВАЙНА ЁСЦЬ МIР
СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СIЛА
Але здавалася, што твар Вялiкага Брата яшчэ заставаўся некалькi секунд на экране, быццам выява адбiлася ўваччу так моцна, што знiкла не адразу. Маленькая жанчына з пясочнымi валасамi кiнулася да тэлегляда. Дрыготкiмi вуснамi яна прашаптала нешта накшталт "О Збавiцель!" i выцягнула рукi да экрана. Пасля яна закрыла твар рукамi. Было падобна, што яна малiлася.
I тады ўсе прысутныя зацягнулi глыбокi, павольны i рытмiчны спеў: "Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.." - яшчэ i яшчэ, вельмi павольна, з доўгай паўзай памiж "Вэ" i "Бэ". Гэта быў цяжкi i гучны шэпт, невымоўна дзiкi, за iм чуўся шоргат босых ног i пошчак тамтамаў. Спеў цягнуўся, можа, паўхвiлiны. Гэтая мелодыя чулася часта, калi вырывалiся на волю неўтрыманыя пачуццi. У нейкiм родзе гэта было нечым накшталт гiмна мудрасцi i велiчы Вялiкага Брата, але яшчэ хутчэй гэта быў акт самагiпнозу, самазгоднае затлумленне свядомасцi начэпным рытмам. У Ўiнстана ад спеву пахаладзела ў жываце. Пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi ён не мог паўстрымацца ад удзелу ў агульным шаленстве, але гэты нялюдскi спеў "Вэ-Бэ!.. Вэ-Бэ!.." заўсёды поўнiў яго дзiкiм страхам. Вядома ж, ён спяваў разам з усiмi. Iнакш было немагчыма. Прыхоўваць пачуццi, апаноўваць свае рухi, паводзiць сябе так, як iншыя, - усё гэта рабiлася iнстынктыўна. Але на працягу нейкай пары iмгненняў яго вочы маглi яго выдаць. Якраз у гэты момант адбылося штосьцi вельмi важнае - калi яно ўвогуле адбылося.
Яго позiрк на момант сустрэўся з позiркам О'Браэна. О'Браэн устаў. Ён прыўзняў акуляры i характэрным рухам падправiў iх на носе. Але на нейкае iмгненне iх вочы сустрэлiся, i ў гэты адцiнак часу Ўiнстан адчуў - амаль з абсалютнаю пэўнасцю, - што О'Браэн думаў гэтаксама, як i ён. Адбылася перадача думак. Быццам iх душы расчынiлiся i думкi пераляцелi ад аднаго да другога праз вочы. "Я з вамi, - здавалася, казаў О'Браэн. - Я дакладна ведаю вашыя адчуваннi. Я ведаю вашу пагарду, вашу нянавiсць, вашу агiду. Але не бойцеся, я з вамi!" Прамень разумення раптам згас, i твар О'Браэна зноў зрабiўся гэткi ж непранiкальны, як i ўсе iншыя.
Больш нiчога не было, i Ўiнстан пачаў ужо сумнявацца, цi было што ўвогуле. Такiя выпадкi нiколi не мелi нiякiх вынiкаў. Адзiным вынiкам была жывая вера, надзея, што ў Партыi, апроч яго, ёсць яшчэ ворагi. Можа, i праўда, што недзе iснуе шырокi канспiратыўны рух! Можа, i праўда, што iснуе Братэрства! Нягледзячы на шматлiкiя арышты, прызнаннi i пакараннi, было немагчыма ведаць напэўна, што Братэрства не з'яўляецца ўсяго толькi мiфам. Часам ён верыў у гэта, часам - не. Не было нiякiх доказаў, толькi слабыя проблiскi, якiя маглi значыць усё або нiчога: падслуханыя ўрыўкi размоў, неразборлiвыя крамзолi на сценах у прыбiральнях або нават лёгкi рух рукой пры сустрэчы двух незнаёмых людзей, якi мог быць паролем. Усё гэта былi толькi здагадкi. Магчыма, ён усё сам сабе навыдумляў. Ён вярнуўся ў свой кабiнет, не зiрнуў болей на О'Браэна. Думка працягнуць iх iмгненны кантакт ледзь закранула ягоны мозг. Гэта было б занадта небяспечна, нават калi б ён ведаў, як гэта зрабiць. За адну-дзве секунды яны абмянялiся двухсэнсоўным позiркам, i на гэтым усё скончылася. Але ў той невымоўнай адзiноце, у якой усе мусiлi жыць, нават такая падзея надоўга западала ў памяць.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: