Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке)
- Название:Ферма (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке) краткое содержание
Ферма (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
На доўгiм выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькi ўзгорак найвышэйшая мясцiна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясцiў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, якi б прыводзiў у рух генератар i забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволiла б асвятлiць i ацяплiць узiмку стайнi, пусцiць у ход цыркулярную пiлу, сячкарню, буракарэзку i электрычную даiльную машыну. Жывёлы нiколi не чулi пра нешта падобнае (бо ферма была старая i мела толькi сама прымiтыўныя механiзмы) i здзiўлена слухалi, як Сняжок маляваў ва ўяўленнi дзiвосныя карцiны, як машыны будуць працаваць за iх, а самi яны тым часам будуць пасвiцца ўдосталь на полi або ўдасканальваць розум чытаннем i размовамi.
Праз некалькi тыдняў Сняжковы праекты ветрака былi цалкам гатовыя. Механiчныя падрабязнасцi паходзiлi галоўным чынам з трох кнiг, што належалi мiстэру Джоўнзу, - "Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы", "Кожны сам сабе муляр" i "Электрычнасць для пачаткоўцаў". Сняжок выбраў сабе за кабiнет павець, якая некалi выкарыстоўвалася як iнкубатар i дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзiны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем i зацiснуўшы кавалак крэйды памiж косткамi капыта, ён хуценька вадзiў iм сюды-туды, крэслячы лiнiю за лiнiяй i павiскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварылiся ў складаную блытанiну шкiваў i шасцерняў, якая займала больш за палову падлогi i, хоць здавалася астатнiм жывёлам цалкам незразумелай, рабiла на iх вялiкае ўражанне. Усе яны прыходзiлi паглядзець на Сняжковы малюнкi, прынамсi, раз на дзень. Прыходзiлi нават куры i качкi, усяляк стараючыся не наступiць на крэйдавыя рыскi. Толькi Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбнiцы ў чарцяжах i нават раз цi два панюхаў iх, пасля пастаяў хвiлiнку, пазiраючы на iх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруiў на чарцяжы i выйшаў, не сказаўшы нi слова.
Памiж насельнiкамi фермы зазначыўся глыбокi падзел у пытаннi аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго - справа няпростая. Трэба будзе нанесцi камення i змураваць сцены, тады зрабiць крылы, а пасля гэтага спатрэбiцца генератар i правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабiць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькi працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькi тры днi на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэслiваў, што вялiкай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасцi харчоў i што калi яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзялiлiся на дзве фракцыi: адна пад лозунгам "За Сняжка i трохдзённы тыдзень", а другая - "За Напалеона i поўнае карыта". Бэнджамiн быў адзiны, хто не далучыўся да нiводнай фракцыi. Ён не верыў нi ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, нi ў тое, што вятрак заашчадзiць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль - гэта значыць кепскае.
Побач са спрэчкамi вакол ветрака гарачым было i пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэннi i былi разбiтыя ў Бiтве пры Хляве, яны маглi зрабiць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму i аднавiць панаванне мiстэра Джоўнза. Яны тым болей мелi на гэта падставы, што навiна пра iх паражэнне разышлася па наваколлi i жывёлы на суседнiх фермах зрабiлiся натурлiвыя, як нiколi раней. Як звычайна, Сняжок i Напалеон не пагаджалiся мiж сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусiлi зрабiць, дык гэта здабыць пальную зброю i практыкавацца ў яе ўжываннi. Паводле Сняжка, яны мусiлi высылаць штораз болей галубоў, каб раздзьмуць паўстанне сярод жывёлаў на iншых фермах. Адзiн сцвярджаў, што калi яны не навучацца баранiцца, дык непазбежна будуць заваяваныя, другi сцвярджаў, што калi паўстаннi адбудуцца паўсюль, iм не будзе патрэбы баранiцца. Жывёлы слухалi спачатку Напалеона, пасля Сняжка i не маглi зразумець, хто з iх мае рацыю; i сапраўды, яны заўсёды пагаджалiся з тым, хто якраз у гэты момант прамаўляў.
Нарэшце настаў дзень, калi Сняжковы чарцяжы былi гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносiлася на галасаванне. Калi жывёлы сабралiся ў вялiкiм гумне, Сняжок устаў i, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмi спакойна сказаў, што вятрак гэта бязглуздзiца i што ён нiкому не раiць галасаваць за яго, i тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкiх трыццаць секунд i, здавалася, не зважаў, цi зрабiлi яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногi i, прыкрыкнуўшы на авечак, якiя зноў пачалi бляяць, выступiў з палымяным заклiкам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былi амаль пароўну падзелены ў сваiх прыхiльнасцях, але праз хвiлiну Сняжок захапiў iх сваiм красамоўствам. Красамоўнымi фразамi ён распiсаў карцiну жыцця на Ферме Жывёлаў, якiм яно магло б быць, калi б цяжар непасiльнай працы быў зняты з iх спiн. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарнi i электрадаiлкi. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесцi ў рух малатарнi, плугi, бароны, касiлкi, жнейкi, снопавязалкi i, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай i гарачай вадою i электрычным ацяпленнем. Калi ён скончыў прамову, нiхто ўжо не сумняваўся ў тым, у якi бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў i, неяк дзiўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранiзлiва завiшчаў, так, як нiхто яшчэ нiколi не чуў.
У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, i дзевяць вялiзных сабакаў з абабiтымi бляхай ашыйнiкамi ўварвалiся ў гумно. Яны кiнулiся проста на Сняжка, якi адно што паспеў адскочыць убок i ўхiлiцца ад iх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, i сабакi беглi за iм. Знямеўшы ад страху i здзiўлення, усе жывёлы выйшлi паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгi выган у бок гасцiнца. Ён бег, як толькi можа бегчы свiння, але сабакi былi ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслiзнуўся, i здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапiўся i пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакi зноў амаль яго дагналi. Адзiн з iх ужо блiзка не схапiў зубамi Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту i, пад самым носам у сабакi, шуснуў праз дзiрку ў жываплоце, i больш яго нiхто ўжо не бачыў.
Маўклiвыя i напалоханыя, жывёлы забралiся назад у гумно. Праз хвiлiну вярнулiся сабакi. Спачатку нiхто не мог даўмецца, адкуль узялiся гэтыя стварэннi, але хутка знайшлася разгадка: гэта былi тыя самыя шчаняты, якiх Напалеон забраў ад матак i гадаваў асобна. Хоць яшчэ i маладыя, гэта былi ўжо вялiзныя сабакi, якiя злавесным выглядам нагадвалi ваўкоў. Яны трымалiся каля Напалеона. Было заўважана, што яны вiлялi хвастамi яму гэтаксама, як некалi iншыя сабакi вiлялi мiстэру Джоўнзу.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: