Ала Сямёнава - Бэзавы попел
- Название:Бэзавы попел
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Ала Сямёнава - Бэзавы попел краткое содержание
Бэзавы попел - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Ліставанне. Тэлефонныя званкі. Сустрэчы — часцей выпадковыя. „Есть в близости людей заветная черта...” У нашых адносінах гэта заўсёды была дыстанцыя. Тая дыстанцыя, што змяшчала i нязмушанасць сяброўскіх адносін, i літаратурна-мройнае дадумванне адно аднаго. І аберацыю часоў. Студэнцкіх. Нядаўніх. Сённяшніх. Было, магчыма, i тое, пра што ён напісаў у адным са сваіх вершаў, якія былі ў лістах: „Так размінаецца душа з другой душой — i плача вецер...” Магчыма — але яшчэ раз мушу тут пазначыць менавіта дыстанцыйны стыль нашых адносін: ён заўсёды накладвае свой адбітак. I — як сведчыў Пастарнак, „вобраз... чалавека... большы за чалавека”. Але пра гэта крыху пазней — з нагоды стральцоўскіх разваг пра „адрасатаў” i „герояў” вершаў. (Згадваю ўсё гэта не дзеля таго, каб давесці свету гісторыю нашых узаемаадносін, а дзеля таго, каб пазначыць вельмі важныя стасункі для разумення такой творчай асобы, як Міхась Стральцоў.)
Дарэчы, па універсітэце я Стральцова не памятаю. А ён недзе здалёк заўважыў, але не падышоў. „Можа, i добра, — гаварыў ён год праз дваццаць, — i напакутавалася б ты са мной”. Ну, але ж — дваццаць год накладваюць такі своеасаблівы адбітак на любое вызнанне: хочаш — жартуй, не хочаш — таксама жартуй. Была ў яго рэпліцы добрая доза іроніі, i не адну мяне, безумоўна, заўважала яго вострае юнацкае вока. Але ж — жанчыны так любяць салодкі падман. „Ах, обмануть меня нетрудно, я сам обманываться рад”. А я тады, у студэнцтве, i ад блізарукасці, i ад галавы, „поўнай сонцам”, i ад таго, што неба было для мяне колеру мары, а край свету недзе побач, на рагу знаёмых вуліц, ад звоннага тлуму сталіцы пасля наваградскай цішы — не пабачыла, не згледзела. Шмат чаго не пабачыла, не згледзела... A блакітны вецер стральцоўскай мары заспеў мяне, канечне ж, насуперак логіцы (наскрозь алагічны чалавек) у маёй любімай бібліятэцы, калі прачыталася:
„У радасці свая вясна, i калі стане вясновай душа — народзіцца радасць.
I неабавязкова ёй прыходзіць да чалавека вясной: ёсць яшчэ лета i зіма, ёсць восень, i ёсць яшчэ дзень i ноч, усход i заход сонца. Зімою трашчыць уночы на рэках лёд, i гул ідзе высока, аж да неба, a раніцай ляжаць снягі, ружовыя i чыстыя, Як радасць. A ў жытнёвае лета вісіць над зямлёю яблык, пераспелы i светлы, як даўняя журба; ён упадзе — надыдзе восень, а восенню хлапчукі пякуць на полі бульбу, i ўвосень прыходзяць да чалавека ўспаміны пра маленства. Але толькі высока ў небе клічуць радасць журавы, i калі яна запознілася да цябе, зімой ці летам, удзень ці ўночы, дык абавязкова прыйдзе з гэтаю песняю, i ты, можа, спазнаеш тады i трывогу, i шкадаванні, i журбу, але ўсё адно гэта будзе радасцю”.
Свет існаваў. Свет руйнаваўся. На вачах. Камінка ў мяне не было. Грубка роднага дома была за сто пяцьдзесят кіламетраў. Класічны, прыгожы спосаб знішчэння ўласных допісаў — спаліць! каб быў толькі попел — не існаваў. І я ціха шматкавала спісаныя замашыстым почыркам лісткі ў сметніцу бібліятэкі. „Уже написан Вертер...” (Пазней даведалася, што адчуванне тое было знаёмае i самому Стрельцову: „Бывае ўсё-такі зайздросна, Вось ты высільваўся, пацеў, А твой радок надзіва проста У вершы сябра заляцеў”.) Я суцешылася тым, што ў якую трансцэндэнтную гадзіну, калі шэра-бэзавы надвячорак ранняй вясны, строгая графіка дрэў, напаўрэальнае мройлівае паветра, трывога надзеі ў вясновага птаства — i ты сам-насам з усім гэтым, з пранізлівым усведамленнем прыроднай явы — там, недзе, на самым донцы свядомасці заўсёды жыла памяць: ёсць чалавек, для якога ўсё гэта таксама не толькі кругазварот прыроды, не толькі час, калі пачынаюць прыкідваць планы на адпачынак.
Сустрэліся мы першы раз... Хаця гэта была хутчэй „невстреча”. Адбылася яна таксама напрадвесні.
Два разумныя хлопцы, сябры Міхася Стральцова, напісалі два артыкулы, аркушы са тры кожны. Артыкулы добрыя. Але нешта ім стрэліла ў голаў зляпіць ix разам i пазначыць як кнігу. A Стральцоў падпісаў той рукапіс як тытульны рэдактар — ганаровы, так бы мовіць. Быў ён тады ў зеніце сваёй славы. Яшчэ малады — a ўжо вядомы. Толькі што выйшла яго кніжка ў Маскве („Что будет сниться”) ca знакамітай прадмовай Янкі Брыля: чытаў „амаль на адной хвалі прыёму” з Буніным.
Мае аўтары, мабыць, ужо распавялі яму пра нашу спрэчку — я лічыла, што два розных артыкулы розных аўтараў яшчэ не кніга — i Стральцоў уляцеў у рэдакцыю: шапка набакір, кажушок наросхрыст (кажушок на тую пару самы ўсхліп моды). Маналог свой ён распачаў ад парогa. Я то рабілася белай, як мой шыкоўны з кутасамі шалік (радасць аж захліствала мяне, калі суседка ў Наваградку прэзентавала гэты дарунак з Аўстраліі), то чырвонай, як мая святочная сукенка. (Канечне ж, я насунула на сябе ўсё лепшае, што ў мяне было, — баран! Божа, не дзеля таго, каб спадабацца ці зрабіць уражанне, — не, я толькі ліхаманкава імкнулася адпавядаць урачыстасці моманту: прыйдзе сам Міхась Стральцоў!) А момант быў сур'ёзны. Гняўлівы Стральцоў распякаў мяне як мог. Я моўчкі стаяла на сваім: максімалізм заклятай выдатніцы.
...Урэшце тыя хлопцы выдалі кожны сваю кнігу. А са Стрельцовым мы сустрэліся гадоў праз пяць у выдавецтве „Мастацкая літаратура”.
Быў тады, як пазней скажуць, самы застой. Цэлыя пласты гісторыі i літаратуры нібыта i не існавалі — маўчанне. Шмат каго i шмат чаго не друкавалі. Шмат чаго мы i не разлічвалі надрукаваць. Много чаго адстойвалі, „кідаючыся на амбразуру”. Але... Ці то таму, што пачатак кожнай справы надае ўсяму імпэт, ці то таму, што Мікола Гаўрылавіч Ткачоў, наш дырэктар, адміністрацыйны геній, стварыў атмасферу будзённага свята, аднак „в те дни „МЛ” была Элладой”, калі перастварыць вядомыя радкі. Не, садоў Акадэміі ў нас не было, усе рэдакцыі сядзелі ў двух пакоях. Ажно дзе-небудзь аполудні ў пакоі віхурна з'яўляўся Рыгор Барадулін — толькі што ці то з Ушачаў, ці то з Багамскіх астравоў. Увесь у рыфмах, яркі, шчодры, i незбыт добры, i незбыт з'едлівы адначасова. „Як захлынуўся ад радасці жаўранак...” Праходзіла праз пакоі Алена Васілевіч — сама жаноцкасць, у элеганцкім паліто i рамантычным капелюшы... У вэлюме сваіх апавяданняў, сваёй трылогіі... Узнікаў канцэнтравана-інтравертны Алесь Разанаў, нібыта толькі што скончыўшы дыялог ці то з Сакратам, ці то з Хайдэгерам... Шпарка крочыла з ахапкам кветак Вера Палтаран — i валашковым цветам цвілі яе вочы... Сыходзіў з нейкай урачыстай явы ў шалёна выразнай форме каўтаранга Васіль Хомчанка. Схіляла над рукапісам класічны профіль Галя Шаранговіч — ці то багіня, сышоўшая з нябёс, ці то патрыцыянка з выявы стараветнага майстра. У палоне вандроўнай рамантыкі 60-х шукала сапраўднасць свайго „я” яе іменнічка Галя Нужкова. Вялі інтэлектуальныя размовы малодшыя рэдактаркі... Уводзілі ў ашалом душы паэтаў красуні-машыністкі...
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: