Ала Сямёнава - Бэзавы попел
- Название:Бэзавы попел
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Ала Сямёнава - Бэзавы попел краткое содержание
Бэзавы попел - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Увогуле магу сабе ўявіць адчай ягоны — там, у Мазыры: „втолкнули в зону — и будь здоров”. Што ж тады ўсё зробленае ім? Усё напісанае? Ён, аўтар „Загадкі Багдановіча”, „Смалення вепрука”, чалавек, што стварыў „Адзін лапаць, адзін чунь”, — ва ўладзе „прапоров”. Чаго ж вартае тады ўсё, што зроблена? Яшчэ раз мушу падкрэсліць — я не бяру на сябе смеласць вінаваціць тых, хто спрыяў яго знаходжанню „ў зоне”, не ведаю, ці было нейкае іншае выйсце ці не. Але магу ўявіць увесь жах яго цвярозага ўяўлення, калі ён апынуўся — без суда i следства, без крымінальных прычын — за агароджай зачыненай установы. Ён, тонкі філосаф, паэт, чалавек трапяткой натуры... „Ён быў падобны да спітага Бога”, — пісаў пра Поля Верлена Жуль Рэнар. На каго падобны быў Міхась Стральцоў? На Бога за кратамі, Бога грэшнага i бязвіннага? Вінаватага i невінаватага?
Тым часам той грэшны бог лічыў дні. Да звароту.
„Можа здарыцца так, што пісьсо гэта сам даганю ў Менску. Але — пішу „с той горькой радостью” i т.д. Бацюхны-светы! Больш за год прайшло, адмалацілася, адгрукалася — i года, папраўдзе, не так шкада, як таго, што час упушчаны не для пісаніны нават (Бог з ёй!), а для вырашэння спраў жыццёвых i неадкладных. Вось выйду, а сам у цянётах большых i шчыльнейшых, чым быў раней. Вось што раз'юшвае!
О багі!
Пазваню табе з дарогі, калі надарыцца, пакуль жа — i сумна, i няпэўна ў мяне на душы, i адчуванне, што воля як быццам i не радуе, што быццам нечага i шкада — няволі? Кветкі мае тут завялі ўсе (незнарок як у Рубцова выйшла: „Алые цветы мои в садике завяли все”) — наогул. Сіратлівасць i пустэча. У каго яшчэ... „Мокнет, осыпается весь мой бедный сад, листья пожелтевшие по ветру летят”? Але гэта так, дзеля мінору, можа, прафілактычнага — журба. Будзем лічыць, што журба — пачуццё здаровае.
Каб у цябе хоць усё добра было! Матухна. Малю некага i малюся! Мысленна не на вежах Гедымінавых нават, не на ірвах наваградскіх, а на кручы маёй надсожаўскай — на паляпшэнне лёсаў чалавечых, а не на злом галавы! Быць таму! I — аман!
А так — клопату таго, што Z.-ны будуць хадзіць у майстрах нароўні з якімі італійскімі ці фряжскими. У нас усе майстры — i К., i У., i Р., i К., i М. Ну ix! Я радуюся, што ў мяне хоць зайздрасці чорнай няма. Я — аматар ад пісьменства прыгожага. І даволі.
Бывай мо да сустрэчы.
Міхась.
11.10.82”.
Зайздрасці ў яго сапраўды не было. Але грэблівасць нават нейкая да ваяўнічага графаманства натуральна прысутнічала заўсёды. Увогуле ён, як Рэмі дэ Гурмон, лічыў: „Няхай сабе жывуць; мяжу мы адзначылі, ёсць два тыпы пісьменнікаў: тыя, хто ўмее пісаць, i тыя, хто не ўмее пісаць, — таксама, як ёсць спевакі безгалосыя i з голасам”. Так, ён згадзіўся б з дэ Гурмонам: „...узнікла літаратура без стылю, падобная на вялікі шлях, дзе няма ні травы, ні ценю, ці прахалодных крыніц”. A сапраўды — колькі ў нас тых бальшакоў — голых, шэрых, нудотных. Гладкіх, як блін, ці ў выбоінах. Але ж жывога, прыгожага, на што кінулася б вока, мала. Аднак — кніга за кнігай, публікацыя за публікацыяй. I пакуль што ані так званая перабудова нічога ў нас на Беларусі не змяніла, ані рынак не зменіць. (Ды кірмаш той — наўрад ці спрыяе сапраўднай літаратуры. Ледзь не ў кожнай краме — ці Агата Крысці, ці які бестселерчык з малапрыстойнымі малюнкамі.)
Былі кастрычнік-лістапад 1982 года. Рабіліся афіцыйныя захады наконт вызвалення, лісты былі кароткія, пахаплівыя, што тэлеграмы.
„Дзень добры, Ала!
Я дарэмна абнадзейваў цябе, думаючы, што траплю ў Менск 12га. Гэтага не здарылася, бо не сабраўся высокі суд. Не хачу зноў лунаць во облацех, але спадзяюся на 19-20. Калі так, адказаць мне ўсё роўна не паспееш. Таму развітваюся да сустрэчы.
Пішу таму, што не хачу, каб ты нервавалася дарэмна: можа, не праз мяне наогул, а праз маю нягжэчнасць, нядбайнасць аб прыстойнасці — хаця б у тым, што датычыць перапіскі.
На сконе свайго тутэйшага жыцця я чамусьці стаў спакойны, як трансфарматарная будка. Ох, не к дабру гэта, мусіць. — Паглядзім.
Пакуль бывай. Як сустрэнемся?
Міхась.
14.Х.82”.
„Дарагая Ала!
Увёў, увёў я сябе i цябе ў зман дачасна i міжволі! Заела мой лёс, як патрон у казённіку — ні стрэліць, ні назад падаць. Адно добра — бібліятэку я перадаў i ўздыхнуў з найвялікшай палёгкай. Камісіі прайшоў. Чакаю суда. A суддзі то хварэюць, ці з чужымі бабамі, паводле Чэхава, недзе ў фінскай лазні начуюць. Можа, i не так. Кажуць, усё ж хварэюць. А я хварэю на нудоту, на халодную злосць, на боязь асенне-зімовай слаты i прымаразкаў — i душа асенняя, падшэрхлая i ачарсцвелая. Пахукай мо на яе, га?
Можа, у аўторак, 26-га, можа, не.
Як i абяцаў, пазваню ці з дарогі, ці адразу, прыехаўшы.
Так хочацца цябе пабачыць.
Бывай. З табою мае малітвы.
Міхась.
22.Х.82.
P.S. Два дні, як пацяплела. Цёпла i пахмурна. Падгнілай лістотай хораша пахне, раніцай зямля пацее — апошняя задуха перад зімой. Сініцы ганяюцца па дрэвах адна за адной i неяк па-сарочы чачэкаюць.
М.С.”
„Дарагая Ала!
Я, можа, i сапраўды дабіваю недзе апошнія свае дні тут (не падумай, што я крыўляю якого-небудзь Хаіма ці Шмёлку). Як хочаш: наогул: дабіваю, дабываю, але каб сапраўды так.
Пісьмы твае я атрымаў усё ж, неўзабаве пасля пісьма Вераніцы. А вось ці атрымала ты мае? Я там табе агаворваў ролю нейкай бадай што патранэсы, настаўніцы моладзі i г.д., але вось ты пішаш, што размова ваша тэлефонная была паспешлівай, няўцямнай, ці што. Усё ж Вераніка мне напісала, што голас у А.І. прыемны i малады — ты гэта адзнач. Гаворыць усё ж, заўважай, жанчына. Нешта ды значыць.
Напісала мне яшчэ ледзь не трактат наконт пасрэдніцтва, няўмяшання i г.д. Як табе гэта падабаецца? Мне бадай што спадабалася. Гэта добра, калі малыя прынсіпы свае заяўляюць.
Калі ўсё ж табе пазвоніць яшчэ (а я хацеў бы), прынаравіся неяк не на хапок пагаварыць: яна летам была ў тваёй любімай (чаму?) Рызе — паахайце адна перад адной з выпадку тамтэйшых дзівосаў розных. Вы, жанчыны, гэта ўмееце.
Навін у мяне ніякіх. Бібліятэку, лічы, перабралі, — на тым справа i стаіць. Трэба акты, спісанне i г.д., а мае рэвізоры каторы дзень не паказваюцца. Сягодня субота, заутра нядзеля, а што ў панядзелак, невядома.
Думаў я трапіць да вас пасля 7-га (Кастр.), ды, мусіць, не. Каб хоць у сярэдзіне месяца. I то б нічога.
Як сустрэнемся? Ты мне столькі, яшчэ больш. чым Ніка (Вераніка) „маралаў” начытала (за ўвесь час), можа, не „маралаў”, а блакаду нейкую павяла, пэўна — можа, столькі напамахвала перада мной i амаль незаўважна, як харошая дрэсіроўшчыца, смирительным стыком, што старыя рэфлексы мае затармазіліся, новыя — не выпрацаваліся — i я стаю перад фактам разбурэння асобы як яна ёсць. Вось што ты нарабіла!
Узваж, узваж усё гэта, даражэнькая, i перамянні гняўлівасць i жорсткасць на літасць.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: