Кацярына Мядзведзева - Жыў-быў ты...
- Название:Жыў-быў ты...
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Кацярына Мядзведзева - Жыў-быў ты... краткое содержание
Жыў-быў ты... - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Вівера хлябтала малако з міскі, на вусах віселі белыя пацеркі, доўгі хвост нерухома ляжаў на падлозе. Ты ленавата глядзеў на агонь у камінку і думаў, што зусім не дрэнна — мець дах над галавой. Цёпла, утульна, мірна... У цішыні спявалі цвыркуны, цені ад агню хваляваліся на сценах, ад сухіх паленаў пахла мёдам і смалой. Уюнок блукаў з лямпай па пакоі, разглядаў вязаныя дарожкі на падлозе і посуд у арэхавай горцы. Потым не вытрымаў і прыадчыніў разьбяны куфэрак, які стаяў каля акна. У няроўным святле бліснула золата.
— І праўда, дзіўная. Звычайна людзі хаваюць каштоўнасці, а яна выстаўляе напаказ...
— Можа, золата — не галоўнае ў яе жыцці? — задуменна адказаў Уюнок, перасыпаючы манеты з далоні ў далонь. — Халодныя, — ён зачыніў куфэрак, падсеў да агню сагрэць рукі і хутка задрамаў. Усё радзей узляталі і апускаліся вейкі, сонная ўсмешка паступова сыходзіла з твару, і толькі куткі вуснаў заставаліся прыўзнятымі. Нават у сне хлопчык чамусьці цешыўся. Ты дагэтуль не прызвычаіўся да яго сонечнай ціхамірнасці, бо сам ніколі не ўсміхаўся: гэта адкрывае чалавека і робіць безабаронным. Давяраць без аглядкі — недазвольная раскоша. А Уюнок, здаецца, думаў інакш, ператварыўшы ўсмешку ў чароўную зброю, далёка да якой твайму нажу...
Вы не дачакаліся вяртання гаспадыні і пад ціхі шолах дажджу за акном прыняліся рыхтавацца да сну.
— Яна прамокне, — прагаварыў Уюнок у забыцці.
Ты прыкрыў хлопчыка коўдрай, пагладзіў па мяккіх валасах і вярнуўся да агню. А можа, закінуць заплечнік у пыльны кут і не ўспамінаць пра дарогі, аддаўшыся няхітраму хараству мернай аселасці? Нібы падтрымліваючы твае думкі, вівера забралася да цябе на рукі і згарнулася клубком, сыта заваркатала. Пухнатая тушка ледзь змяшчалася на каленах, цёплая, паслабленая — як умеюць паслабляцца коткі. Нечаканы акт даверу. Што за змены ён абяцае? Але думаць і аналізаваць не хацелася, вочы зліпаліся, цела патрабавала адпачынку. Вівера дазволіла перанесці сябе на пасцель, і хутка хата пагрузілася ў бязмесячную шэрую дрымоту.
Раніца падкралася на мяккіх лапках і асцярожна кранула за нос водарам свежага хлеба. Прачнуўшыся, ты доўга не мог зразумець, дзе знаходзішся. Глядзеў на беленую столь, сцены з бярвення, знаёмы разьбяны куфэрак і прыпёртую да стала альховую мяцёлку. На куфэрку сядзела вівера і аблізвалася, потым пацягнулася і выскачыла ў адкрытае акно. А дзе Уюнок? Так, трэба ўстаць, пацягнуцца, прыслухацца. У суседнім пакоі гутарылі і смяяліся. Тужлівая рэўнасць уторкнула ў сэрца першую калючку. Раней Уюнок не шукаў жаночай кампаніі. Што змянілася за ноч?
Ты надаў твару абыякавы выраз і пхнуў дзверы, апынуўшыся, мяркуючы па ўсім, у майстэрні. Па лаўках ляжалі стосы палатна, бліскучыя рознакаляровыя адрэзы шоўку, цяжкія рулоны аксаміту. У кошыках яркімі плямамі мясціліся скруткі фарбаванай поўсці, зіхацелі залатыя і срэбныя клубкі. Злучаныя косамі, стракацелі вышывальныя ніткі, ігольніца тапырылася тоўстымі шаршаткамі ды тонкімі цыравальнымі іголкамі. У расчыненай берасцяной скрыначцы ўперамешку туліліся напарсткі, шыльцы, скуматкі, карункі і шыдэлкі.
За сталом каля акна сядзела Альбіна — круглатварая, стройная дзяўчына, перацягнутая ў таліі квяцістым поясам паўзверх светлай бэжавай сукенкі. Бледная скура, гладкія валасы, сабраныя сетачкай, на грудзях даўгаваты скураны футаральчык. Вусны сціснуты, вейкі апушчаны. Круглыя маленькія пяльцы, прышрубаваныя да стала, адпачывалі з няскончаным пярэпляткам, а майстрыха працавала над матэрыяй, складзенай у прастакутную драўляную рамку. Побач прыладзіўся Уюнок і распавядаў байкі, на якія дзяўчына часам адклікалася кароткім смяшком.
— Альбіна вышывае мне кашулю! — выгукнуў хлопчык у адказ на тваё «добрай раніцы».
Ты па звычцы паціснуў плячамі, але ветлівасць прымусіла паглядзець на тканіну. Так, павоі, белыя, ружаватыя, пераплеценыя зялёнай завітушкай сцябла. Тут майстрыха падняла галаву і паглядзела на цябе ва ўпор. Сэрца ёкнула, падскочыла і спынілася... Барвовая нітка нацягнулася, уразаючыся ў жывое, прычыняючы боль. Вось яна, разлучніца. Лёгкім вязьмом рухаў, бязважкімі рыскамі поглядаў, мімалётнымі віньеткамі ўсмешак — шывок за шыўком — прывяжа да сябе Уюнка, прышые яго лёс да свайго, прымусіць забыцца на мінулае. Маленькія нажніцы з вострымі канцамі хутка перарэжуць трывалую сувязь вашага сяброўства. Дыхаць стала немагчыма, у горле перасохла. Ты замёр, як дурань, утаропіўшыся на Альбіну, дзяўчына збянтэжылася і зноў схавалася за мільготкай чорнай іголкай.
— Яна і табе кашулю вышые, — радасна паведаміў Уюнок. — Ахоўны ўзор, чароўны.
Ты кіўнуў і паспяшаўся на вуліцу. Удыхнуў пах начнога дажджу, плюхнуў у твар ледзяной вадой з мыйніка, сцепануўся ад свежасці. Сэрца апамяталася і зноў загрукала, спрабуючы вярнуцца ў ранейшы рытм. Чакаючы, пакуль пачуцці ўлягуцца, ты прыняўся разглядаць двор. Абвіты бальзамінай палісад. Недагледжаны гарод, дзе раскінула плямістае лісце растаропша, жоўтымі язычкамі пялёсткаў цвяліўся асот, паблісквала бірузовымі расінкамі лебяда. Студня. Дрывотнік. На кастры сядзела вівера і прынюхвалася, насцярожыўшы вушы. Котцы тут падабалася. І Уюнку... Яны абодва не прочкі пасяліцца ў гэтай хаце. А ты збіраўся цяпер паснедаць і сысці. Але вярнуўся ў пакой — і натыкнуўся на ўмольны погляд хлопчыка.
— Давай затрымаемся, калі ласка, — папрасіў ён. Хацеў дадаць штосьці, але збянтэжыўся. І зноў нуда і боль прашапталі: бачыш, які ён ужо сталы, прывабны, жаданы? Бачыш, як ласкава глядзіць на яго Альбіна? ЗУюнком яна размаўляла і жартавала, з табой — спалохана маўчала, баялася твайго нерухомага, без эмоцый, твару. Так, што зрабіць, ты ўмееш толькі палохаць, а не выклікаць каханне. Раней ганарыўся, а зараз засмуткаваў.
Вы засталіся ў майстрыхі. Абмінуў тыдзень, потым другі, марудлівыя гарадскія будні зацягвалі, становячыся звыклымі і прыемнымі. Круціўся флюгер, квітнела бальзаміна, палявала на мышэй вівера. І ўсё ж ты разумеў: аднойчы сыдзеш адгэтуль— калі пакліча дарога. А пакуль не нажыляўся ды імкнуўся плаціць за гасціннасць. Змайстраваў Альбіне рассоўныя ясянёвыя пяльцы, навучыў мацаваць калкі і запяльваць тканіну. Тачыў нажніцы, касцяным дзіраколам рыхтаваў палатно для белай гладзі, вымочваў ніткі ў гарачай вадзе, правяраючы якасць афарбоўкі. Ручная праца прыносіла спакойнае задавальненне, у памяці ўсплывалі нечаканыя веды.Аднойчы гандляр прынёс Альбіне іголкі. Дзяўчына няўпэўнена разглядала тавар, і ты не вытрываў. Якасная іголка — пругкая. Каб праверыць, трэба проста пераламаць адну. Тыя, што ломяцца, як шкло, ці хіляцца, як дрот, — не падыходзяць. А вось калі супрацівяцца пальцам і пералом выходзіць гладкім, — варта браць. Гладкім павінна быць і вушка, інакш кончык ніткі рассучыцца і прарэжацца. І ўжо вядома, нельга аддаваць перавагу скрыўленай іголцы, — шыўкі атрымаюцца няслушнымі, і ўсе намаганні пойдуць у глум.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: