Ганна Соўсь - Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасці
- Название:Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасці
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Ганна Соўсь - Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасці краткое содержание
Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасці - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Соўсь: Ці адпомсьцілі ўлады за ўдзел у выбарах вам ці вашай сям’і?
Ганчарык: Лукашэнка казаў: «Чаго Ганчарык лезе ў палітыку? Калі ў яго ўсё добра дома, у сям’і, то навошта?» Няўжо ў палітыку ідуць тыя, у каго дрэнна ў сям’і? Сказаць, што была помста, я не магу. Але што адбілася на маёй сям’і, гэта факт. Калі прыходзілася шукаць працу, прозьвішча Ганчарык адмоўна ўзьдзейнічала. Не пасадзілі і добра. Былі дробныя пакасьці. Праз два месяцы пасьля выбараў мяне выклікалі ў пракуратуру, у 2002 годзе ізноў выклікалі ў пракуратуру, у 2003 годзе — у Сьледчы камітэт. Усё было зьвязана з выбарамі 2001 году. І апошняя кропка была ў 2004 годзе. Калі я спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у народныя дэпутаты ў Палату Прадстаўнікоў, мне было адмоўлена. Прычына — пяць прозьвішчаў з тысячы прызналі несапраўднымі. Мы сустрэліся з гэтымі людзьмі, яны ізноў пацьвердзілі, што гэта іх подпісы. Вярхоўны суд прыняў «Саламонава рашэньне»: два подпісы — сапраўдныя, тры — не. І адмовілі ў рэгістрацыі. Я тады меў гутарку са старшынёй участковай камісіі. Ён, па-свойму сумленны чалавек, сказаў: «Уладзімер Іванавіч, вы ж разумееце».
Соўсь: Перад інтэрвію я зазірнула на сайт Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і нідзе не знайшла інфармацыі пра вас, кіраўніка гэтай структуры цягам амаль 15 гадоў. Расповед пра найноўшую гісторыю беларускіх прафсаюзаў там пачынаецца са зьезду 2002 году, які, цытую «зьняў напружаньне ў працоўных калектывах Беларусі, паклаў канец крызісным зьявам у прафсаюзным руху», на якім абралі страшынём Леаніда Козіка. Ці былі ў вас нейкія кантакты з прафсаюзным кіраўніцтвам за ўсе гэтыя гады? Напрыклад, запрасілі на ўрачысты сход як былога старшыню, павіншавалі з юбілеем, запыталіся парады...
Ганчарык: Што вы, не. З сябрамі, якія засталіся, кантакты падтрымліваем, але каб запрашалі, што вы... Прыйшоў новы кіраўнік, і гісторыя прафсаюзаў Беларусі пачалася зь яго.
Соўсь: Мая знаёмая працуе на высокай пасадзе ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, яна ўдзельнічала ў пасяджэньнях у Жэнэве, дзе шмат крытыкавалі Беларусь за ўціск незалежных прафсаюзаў і парушэньні правоў працоўных. На мае крытычныя заўвагі, што ў Беларусі няма сапраўдных прафсаюзаў, яна мне адказала: «А іх нідзе няма». Ці вы згодныя?
Ганчарык: Не. У розных краінах прафсаюзы выконваюць роўныя функцыі. У такіх краінах, як у нас, прафсаюзы падуладныя. Але асноўная задача прафсаюзаў — гэта абарона правоў працоўных. І ў Эўразьвязе прафсаюзы гэтым займаюцца нядрэнна. Справа ў тым, што калі мы стваралі прававую аснову прафсаюзаў, калі закладалі асновы сацыяльнага партнэрства, мы ўсё ж разумелі, што галоўная мэта і задача дзяржавы — павышэньне прадукцыйнасьці працы, а задача прафсаюзаў — павышэньне аплаты працы. Тут могуць быць і кампрамісы, і супрацьстаяньне, яны могуць дахадзіць да масавых дзеяньняў, могуць за сталом вырашацца, але гэтага ў нас няма. Чым заўгодна займаюцца прафсаюзы. Я паважаю культуру, але гэта не іх асноўная функцыя.
Соўсь: Што вы лічыце сваім найвялікшым дасягненьнем на пасадзе кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі?
Ганчарык: Была нядрэнная прававая база. Яна дагэтуль ёсьць. Прафсаюзы станавіліся самастойнымі. Можна крытыкаваць, але ўлада была вымушаная з намі лічыцца, у тым ліку і прэзыдэнт. Я не адкрываў нагой дзьверы ў ягоны кабінэт, але тое, што ён прыслухоўваўся — гэта факт. Ён мне аднойчы сказаў: «Вы бадайцеся з урадам, а я, як мудры, буду наверсе». Але так не атрымалася. Як толькі мы браліся за ўрад, адваротны працэс пачынаўся.
Соўсь: Ці запатрабаваны ваш досьвед? Чым займаецца цяпер Уладзімер Ганчарык?
Ганчарык: Больш хатнімі справамі. Падтрымліваю сувязі з незалежнымі прафсаюзамі, з Ярашуком, Бухвоставым, з Фэдэрацыяй прафсаюзаў Расеі. За гэты час напісаў дзьве кнігі, адну пра прафсаюзы, другую — пра выбары ў Беларусі. Я параўнаў выбары 2001-га і 2006-га і прыйшоў да высновы, што нашай апазыцыі не хапае яднаньня. І яшчэ... Ня трэба адмаўляцца ад тых людзей, якія ўдзельнічалі ў выбарах, якіх вы самі вылучалі. Са мной было зразумела — не прыйшоўся ні да ўлады, ні да апазыцыі. А потым былі людзі, якія маглі быць на чале апазыцыі. Той жа Мілінкевіч, той жа Казулін. Гэта ж больш падрыхтаваныя людзі, чым хуткасьпелкі, якія выскоквалі. Не атрымалася. Гэта таксама вялікая памылка. Так нельга.
Соўсь: Хто ваш асабісты герой незалежнасьці Беларусі?
Ганчарык: Мой прынцып — не ствары сабе куміра. Я паважаю сумленных людзей, якія робяць сваю справу на карысьць Беларусі, у тым ліку і ў апазыцыі. Гэта самае галоўнае. А кожны выбірае па сабе жанчыну, рэлігію, дарогу і каму служыць — д’яблу ці прароку. Я на баку тых, хто служыць прароку.
Валянцін Голубеў пра незалежнасьць, Лукашэнку на віленскіх барыкадах і запіс зьбіцьця дэпутатаў у 1995-м
У цыклі «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — гісторык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Валянцін Голубеў. Адзін з аўтараў дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, прынятай у 1990 годзе, Валянцін Голубеў быў жорстка зьбіты падчас галадоўкі дэпутатаў ВС 12-га скліканьня супраць рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі ў 1995 годзе.
Ганна Соўсь: У гэтай студыі перад вамі быў Сяргей Антончык, таксама дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Пасьля запісу я пачула вашу прыватную гутарку пра пэнсіі дэпутатаў, якія галасавалі за незалежнасьць. Сяргей Антончык спачатку меў пэнсію 1 мільён 200 тысяч рублёў (да дэнамінацыі), потым яму яе падвышалі некалькі разоў, і цяпер ён мае 220 рублёў пэнсію...
Валянцін Голубеў: А я маю 280 рублёў. Гэта працоўная пэнсія. Чамусьці яна зьменшылася ў параўнаньні зь іншымі маімі калегамі. Але хапае.
Соўсь: Валянцін Фёдаравіч, адкажыце як гісторык, а ці магло б быць іначай — ці мог бы СССР існаваць і сёньня?
Голубеў: Мог. Пра гісторыю нельга разважаць, магло быць так ці інакш. Але я думаю, што Савецкі Саюз мог існаваць толькі як цалкам паліцэйская дзяржава. Калі б былі ўжытыя вайсковыя, рэпрэсіўныя мэтады застрашваньня, магчыма, СССР праіснаваў бы 10, 15, можа, і 20 гадоў. Але гэта была б сапраўды паліцэйская дзяржава. Пайшлі працэсы нацыянальнага будаўніцтва балтыйскіх дзяржаў, першая іх падтрымала Грузія, потым, як ні дзіўна, Малдова, і толькі потым Украіна, Расея і Беларусь, і гэтыя працэсы сталі ўжо незваротнымі. Калі б улады СССР ужылі большыя рэпрэсіі, ці маглі б яны яшчэ ўтрымацца? Магчыма, маглі б. Мы бачым цяпер, што памкненьні да свабоды і дэмакратыі ў шмат якіх постсавецкіх краінах душацца з дапамогай сілы, прычым якраз у тых былых савецкіх рэспубліках, дзе больш засталося савецкасьці. І мы можам бачыць, што такім чынам Савецкі Саюз яшчэ пэўным чынам і жыве, але з дапамогай сілы.
Соўсь: Як вы мяркуеце, а чаму ў Беларусі проста не была абвешчаная незалежнасьць, як гэта адбывалася ў многіх іншых постсавецкіх рэспубліках? Чаму ў нас такая складаная формула — наданьне сілы закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце? Чаму ў нас не праводзілі рэфэрэндуму аб незалежнасьці, як, напрыклад, ва Ўкраіне?
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: