Адам Глобус - Віленскія казкі
- Название:Віленскія казкі
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Адам Глобус - Віленскія казкі краткое содержание
Віленскія казкі - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Рамонт Сяргей зрабіў сам. Плот паставіў. Дзірку ў сцяне заклаў цэглай і атынкаваў. Акно зашкліў. Шпалеры паклеіў. Плот і дом давялося яшчэ і перафарбоўваць. За час рамонту Сяргей і Жана пасябравалі, зблізіліся і злюбіліся. Шафёр нават зрабіў вядзьмарцы прапанову выйсці за яго замуж, але паставіў адну ўмову: Жана павінна была цалкам змяніць сваё харчаванне. Яна мусіла кінуць есці чорную зямлю, яшчарак, пацукоў, сабак, катоў, балотныя кветкі, жаб, трытонаў, груганоў і мышэй. Вядзьмарка паабяцала Сяргею, што кіне есці вядзьмарскія прысмакі і будзе харчавацца проста, як усе звычайныя віленчукі. Яна стрымала слова і пражыла пад адным дахам з Пеюном доўгае і шчаслівае жыццё.
Белы сад
Экскурсавод Яўген Ломаць вадзіў пілігрымаў па Вільні. Зарабляў ён добра. Жыў са смакам. Расказваў вандроўнікам пра мінулае, сучаснае і будучае Вільні. Тут было так, а зрабілася гэтак. Там было, а цяпер стала. На гэтым месцы будзе... Падчас адной экскурсіі Ломаць востра адчуў незваротнасць жыцця. На гэтым месцы праз сотню гадоў будзе стаяць Вільня, а яго, Яўгена Ломаця, у ёй не будзе. Загараваў мужчына. Так загараваў, што кінуў працу і пайшоў у свет шукаць вечнае жыццё.
Зайшоў у лес, заблукаў і ўжо падумаў, што не выйдзе з яго. Але выбраўся, бо дапамог яму Лесавік: пашкадаваў шукальніка вечнасці і вывеў на дарогу. Ішоў Ломаць па дарозе, збочыў на сцежку, па сцежцы зайшоў у балота і зноў падумаў, што згіне ў багне. Не згінуў, бо Балотнік дапамог: выцягнуў з твані і правёў на сухі край балота. За тым балотам узвышаўся груд, на якім рос белы сад, а пасярод яго стаяў дом, у якім жыла жанчына - беззаганная Арына. Яўген спытаў у яе: “Ці ведаеш ты хоць нешта пра бясконцае жыццё?” - “Ведаю... У маім белым садзе і ў маім доме заўсёды раніца і заўсёды вясна. Жыццё тут, на гары, бясконцае...” Узрадаваўся Яўген і застаўся жыць з Арынай. Застаўся ў садзе, дзе заўсёды вясна, застаўся ў доме, дзе заўсёды раніца.
Трыццаць тры гады Яўген пратрываў у бясконцым жыцці і засумаваў. Ён сумаваў па лету, па зіме і восені. Сумаваў па зорах у начным небе. Ён так знудзіўся, што папрасіў у Арыны дазволу, каб вярнуцца ў Вільню. Жанчына спякла хлеб, адрэзала лусту, загарнула яе ў палатно і сказала: “Калі стане табе кепска ў абноўленай Вільні, ты з’еш лусту майго хлеба - і вернешся ў той стары горад, з якога выходзіў”.
Яўген Ломаць вярнуўся ў Вільню праз трыццаць тры гады і не пазнаў свой горад. Усё ў ім зрабілася інакшым і чужым, нават людзі ў горадзе гаварылі на розных малазразумелых мовах. Яўген разгарнуў палатно, дастаў лусту, з’еў хлеб і вярнуўся ў тую Вільню, з якой выходзіў шукаць сабе вечнае жыццё. Вяртацца на працу экскурсавода ён не захацеў. Яўген Ломаць уладкаваўся ў часопіс, дзе пісаў штотыднёвыя прадказанні ў форме гараскопаў. Яны карысталіся вялікім попытам, бо шмат што з іх сапраўды збывалася.
Ружовыя пялёсткі
Андрэй Дыла разам з жонкай прыйшоў на аўтавакзал. Яны збіраліся ехаць з гарачай жнівеньскай Вільні на адпачынак да прахалоднага мора ў Палангу. Жонка папрасіла Андрэя пачакаць каля чамаданаў, а сама пабегла па бутэльку вады. Больш ніколі свайго Андрэя Дылу яна і не бачыла. Чамаданы засталіся, а муж знік назаўжды.
Пакуль жонка купляла мінералку, да Андрэя падышла вядзьмарка і паказала яму ружовыя пялёсткі. Дылу так яны зачаравалі, што мужчына кінуў чамаданы, жонку, забыўся на адпачынак каля мора і пайшоў за вядзьмаркай у Зарэчча. Сведкі бачылі, як Андрэй ішоў па зарэчанскай вуліцы разам з жанчынай. Больш яго ніхто не сустракаў, адно расказвалі, што вядзьмарка зачаравала Дылу, калі паказала яму на аўтавакзале свае ружовыя пялёсткі.
Рудая котка
Юрась Ткач жыў з маці. Яна па тры разы на дзень прасіла сына, каб той знайшоў сабе жонку. Юрась шукаў, але яна не знаходзілася, ажно пакуль ў парку каля вежы Гедыміна не пабачыў рудую котку. Ткачу яна так спадабалася, што ён вырашыў злавіць жывёлу і забраць дамоў. Юрась асцярожна пайшоў за рудой прыгажуняй. Тая спусцілася з гары, прайшла ў бок рэчкі і схавалася ў маленькім дамку. Праз акно Ткач убачыў, як рудая котка ператварылася ў рудавалосую жанчыну.
Тры месяцы, тры тыдні і яшчэ тры дні Юрась Ткач заляцаўся да рудавалосай прыгажуні і ўгаворваў выйсці за яго замуж. Нарэшце дзяўчына дала згоду. Маці Ткача нядоўга радавалася за сына, бо аднойчы пабачыла, як яе нявестка перакінулася ў рудую котку. Старая Ткачыха вырашыла неадкладна ратаваць сына. Яна забіла котку, пасекла яе труп рыдлёўкай на кавалкі і закапала на кветніку.
Юрась шукаў жонку тры месяцы, тры тыдні і тры дні, а потым убачыў каля дома на сваім кветніку незвычайную рудую кветку і пазнаў у ёй страчаную жанчыну. Ткач ажно заплакаў ад шчасця, што нарэшце знайшлася яго прыгажуня. Хай кветка, хай зусім не такая, як была, але ж яна ёсць, яна знайшлася, і яна тут! Сляза з мужавага вока выцякла і ўпала на рудую кветку, а тая ўзяла дый ператварылася ў рудавалосую жанчыну. Маладыя вырашылі кінуць старую Ткачыху ў Вільні, а самі назаўжды з’ехалі жыць на бераг Нёмана ў Друскенікі.
Белая вада
Праграміст Валодзя Воўк жыў адзін. З-за самоты ён пачаў карміць птушак. Купляў крупы ды семкі, сыпаў іх на брук і радаваўся разам з галубамі. Сярод птушак знайшоўся голуб, які завёў праграміста да чараўніка. У яго Валодзя і навучыўся шматлікім фокусам і цудам. На развітанне чараўнік падараваў праграмісту маленечкую бутэльку белай вады.
Ідучы па вясновай Вільні з бутэлечкай у кішэні, Валодзя Воўк сустрэў старую жанчыну, якая была падобна да ягонай маці-нябожчыцы. Воўк спыніў старую і прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Тая адмовілася, спаслаўшыся на ўзрост, але пагадзілася працаваць у Валодзі ў якасці кухаркі і прыбіральшчыцы. Воўк, пачуўшы пра згоду, абліў старую белай вадой - і жанчына памаладзела ўтрая... Праграміст і яго маладая жонка яшчэ доўга-доўга кармілі птушак на віленскім бруку.
Месяц і залацістая зорка
Воля Дол ішла на кірмаш, калі пачула голас прыдарожнага валуна: “Ты дастанешся небу..” Вяртаючыся, дзяўчына зноў пачула той самы голас і тыя ж словы пра неба. Дома яна расказала бацькам пра здарэнне. Маці і бацька моцна перапалохаліся. Яны так спужаліся, што вырашылі ўцячы з Вільні і схаваць дачку ў якім іншым месцы.
Пакінуўшы горад, уцекачы паехалі праз лес. Калі пачало цямнець, сям’я Долаў убачыла замак, абнесены высознай цаглянай сцяной. Воля зайшла ў адчыненую браму, каб папытаць у каго-небудзь дазволу заехаць у замак і пераначаваць. Тут вароты ўзялі ды зачыніліся. Колькі бацькі ні грукалі ў жалезную браму, ніхто ім не адчыніў. Воля чула грукат і крыкі бацькоў, але, як ні спрабавала, не змагла адчыніць браму.
Дзяўчына пайшла па замку шукаць дапамогі. У бязлюдных пакоях Вольга знайшла маладога нябожчыка. Побач з ім на каменнай падлозе ляжаў кавалак папіруса з надпісам: “Выцягні меч з сэрца забітага! Хай ён вернецца ў свет святла! Хай дапаможа табе знайсці сваю дарогу!” Воля выцягнула меч з сэрца прыгожага нябожчыка. Малады ваяр устаў і зрабіўся ясным месяцам, а Воля Дол зрабілася залацістай зоркай. З таго часу па-над начной Вільняй паўсталі светлатвары месяц і ягоная залацістая зорка. Бацькі Волі пабачылі на небе залацістую зорку, пазналі ў ёй сваю дачку і суцешыліся.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: