Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке)
- Название:Падзенне (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) краткое содержание
Падзенне (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Ах, мiлая наша планета! Нам усё на табе цяпер ясна. Мы ўсе знаем адзiн аднаго i ведаем, на што кожны з нас здольны. Ну, напрыклад, каб трошкi перамянiць тэму, возьмем хоць бы мяне. Я заўсёды хацеў, каб мне слугавалi з усмешкай. I калi ў маёй пакаёўкi быў засмучаны выгляд, гэта атручвала мне цэлы дзень. Вядома, яна мела поўнае права быць невясёлай. Але, на маю думку, ёй самой жа было б лепей, каб яна рабiла свой абавязак з усмешкай, а не ў слязах. Зрэшты, мне б гэта было яшчэ лепей. Але, нават нягледзячы на гэтую дробязь, мае разважаннi былi не такiя ўжо неразумныя. Кiруючыся менавiта гэтымi разважаннямi, я нiколi не хадзiў у кiтайскiя рэстараны. Чаму? Таму што, калi азiяты пры белых маўчаць, у iх заўсёды пагардлiвы выгляд. I натуральна, яны захоўваюць яго, калi абслугоўваюць вас за столiкам! Дзе ўжо тут адчуваць асалоду ад з'едзенага кураняцi цi, што яшчэ цяжэй, гледзячы на iх, захоўваць упэўненасць у сваёй праўдзе?
Няхай гэта застанецца памiж намi, шаноўны пане, але ведайце: рабства, асаблiва з усмешкай на вуснах, - непазбежна. Але адкрыта мы, безумоўна, не павiнны яго прызнаваць. Цi не лягчэй таму, хто не можа абысцiся без рабоў, назваць iх вольнымi людзьмi? Па-першае, дзеля прынцыпу, а па-другое, каб не зусiм ужо iх расчароўваць у жыццi. Трэба ж даць iм хоць такую падтрымку, праўда? Затое яны заўжды будуць нам усмiхацца, а мы захаваем сваё чыстае сумленне. Iначай цяжка нам давядзецца: пачнецца самакапанне, вечныя пакуты так мы яшчэ, чаго добрага, сцiплыя станем, чым чорт не жартуе! Таму - нiякiх шыльд! I гэтая, памiж iншым, сапраўды - проста абуральная. Дарэчы, уявiце сабе, што б здарылася, каб кожны, хто садзiўся за стол, аб'яўляў сваю сапраўдную прафесiю, га? Ды тут у каго хочаце ў галаве б закруцiлася! Уявiце сабе гэткiя вiзiтныя карткi: "Дзюпон, фiлосаф i баязлiвец", цi "хрысцiянiн i хцiвец", цi "юрлiвец i гуманiст" - тут выбар даволi шырокi. Але гэта было б сапраўднае пекла! А ў пекле, па-мойму, так i павiнна ўсё быць: вулiцы з шыльдамi, i нiякага права на апраўданне. Усё пракласiфiкавана раз i назаўжды.
Вось вы, дарагi суайчыннiк, падумайце, якая была б шыльдачка ў вас? Маўчыце? Ну добра, адкажаце крыху пазней. А я сваю шыльдачку ведаю: двухаблiчны, чароўны Янус, i наверсе - дэвiз: "Не давярай!" А на вiзiтнай картцы: "Жан-Батыст Кляманс, камедыянт". Дарэчы, неўзабаве пасля таго вечара, пра якi я вам расказаў, я адкрыў сабе адну рэч. Развiтваючыся са сляпым, якому я дапамог перайсцi дарогу, я зняў капялюш. Вядома, сляпому гэты жэст прызначацца не мог, бо ён бы ўсё роўна яго не ўбачыў. Але каму ж тады? Публiцы! Выканаў ролю - i раскланяўся. Няблага, праўда? I яшчэ быў выпадак, таксама ў гэты час: аднаму аўтамабiлiсту, якi горача падзякаваў мне за дапамогу, я адказаў, што на маiм месцы кожны зрабiў бы iначай. Я, вядома, хацеў сказаць: нiхто не зрабiў бы iначай. Але гэтая агаворка яшчэ доўга мне кроiла сэрца. Бо ў сцiпласцi мне сапраўды не было роўных.
Аднак, калi сказаць шчыра, дарагi суайчыннiк, я заўсёды лопаўся ад самахвальства. "Я, я, я", - вось лейтматыў майго чароўнага жыцця, якi чуўся ва ўсiм, што б я нi казаў. Я не мог прамовiць i слова, каб не пахвалiцца. Але рабiў гэта з нечуванаю сцiпласцю, сакрэтам якой валодаў дасканала. Сапраўды, усё жыццё я адчуваў сябе ўсемагутным i вольным. Я лiчыў сябе вызваленым ад абавязкаў да iншых па той простай прычыне, што, на маю думку, я быў вышэйшы за iх. Мне заўсёды ўяўлялася, што я разумнейшы, я ўжо гэта казаў, але, апроч таго, я меркаваў, што я i болей чуллiвы, болей спрытны, што я высакакласны стралок, непараўнальны вадзiцель, найлепшы каханак. Нават у тых абласцях, дзе мне было лёгка выявiць сваю слабасць, напрыклад - у тэнiсе, дзе я быў не больш чым пасрэдны партнёр, я не мог перашкодзiць сваёй думцы, што, каб у мяне стала часу патрэнiравацца, я пераўзышоў бы найлепшых гульцоў. Я прызнаваў у сабе толькi свае перавагi, i гэтым тлумачылiся мае лагоднасць i дабрадушнасць. Калi ж я i займаўся справамi iншых, дык толькi з чыстай паблажлiвасцi, абсалютна дабравольна, што яшчэ больш павялiчвала мае заслугi, i я падымаўся на новую прыступку ў любвi да самога сябе.
Разам з гэтымi я адкрыў сабе некаторыя iншыя iсцiны. I ўсё гэта адбылося пасля таго вечара, пра якi я вам гаварыў. Не адразу, не, i не ўсе яны былi мне аднолькава ясныя. Спачатку мне трэба было знайсцi сваю памяць. I толькi тады ўжо, патроху, я пачаў бачыць выразней, я паступова адкрываў сабе тое, што раней ужо знаў. Дагэтуль мне дапамагала мая дзiўная здольнасць усё забываць. Я, сапраўды, забываў усё, i перш за ўсё - свае ж рашэннi. Увогуле, нiчога для мяне не мела значэння. Вайна, самагубства, жабрацтва, любоў - усяму гэтаму я, вядома, надаваў пэўнае значэнне, калi таго вымагалi абставiны, але рабiў гэта вельмi далiкатна i, як бы мовiць, павярхоўна. Часам я прыкiдваўся, нiбыта мяне зацiкавiла справа, якая зусiм не датычылася майго будзённага жыцця. Але ў глыбiнi душы я заставаўся да яе абыякавы. Выключэнне складалi хiба тыя выпадкi, калi закраналася мая свабода. Ну як бы вам сказаць? Усё слiзгала па мне. Так, слiзгала, не пакiдаючы нiякiх слядоў.
Але будзем справядлiвыя: здаралася, i мая няпамятлiвасць была вельмi пахвальнаю. Вы заўважалi, напэўна, што ёсць людзi, якiя свята вераць таму запавету, паводле якога трэба дараваць усякую крыўду, i яны сапраўды яе даруюць, але нiколi не забываюцца пра яе. Я ж быў не настолькi высокай натуры, каб дараваць, але нарэшце забываў нават сама чорныя абразы. I майго абражальнiка, якi лiчыў, што я люта яго ненавiджу, лiтаральна збiвалi з панталыку маё нечаканае прывiтанне i шчырая ўсмешка. Тады, у залежнасцi ад свайго характару, ён або захапляўся маёю шырокай душою, або пагарджаў маёй баязлiвасцю, не падазраючы, што прычына намнога прасцейшая: я не памятаў нават, як яго зваць. Такiм чынам, тая самая прыродная загана, якая рабiла мяне абыякавым i няўважлiвым да людзей, адначасова забяспечвала мне высакароднасць.
Вось так я i жыў дзень пры днi, не ведаючы нiякай iншай рэальнасцi, апроч свайго "Я". Дзень пры днi - жанчыны, дзень пры днi - велiкадушныя ўчынкi i юр, дзень пры днi - усё кулём, але кожны дзень - толькi я, надзейны вартаўнiк у сябе ж на пасту. Я слiзгаў па паверхнi жыцця, жыў на словах, калi так можна сказаць, i нiколi не апускаўся да рэальнасцi. Тыя кнiгi, што я гартаў, я амаль не чытаў, тых сяброў, з якiмi сыходзiўся, амаль не ведаў, гарадоў, у якiх пабываў, амаль не бачыў, жанчын, з якiмi я спаў, амаль не меў! Усё, што я рабiў, - я рабiў ад нуды цi дзеля забавы. Побач праходзiлi людзi, яны хацелi за мяне ўхапiцца, але iм не было за што, i гэта было няшчасце. Няшчасце для iх. Бо я - забываў. Я нiколi не помнiў нiчога, апроч самога сябе.
Але патроху памяць вярнулася да мяне. Цi не - я сам да яе вярнуўся, i я знайшоў у ёй успамiны, якiя мяне чакалi. Але раней чым расказаць вам пра гэта, дазвольце, я паведамлю яшчэ некалькi прыкладаў з таго, што я адкрыў падчас сваiх пошукаў. Я ўпэўнены, вам яны прыдадуцца.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: