Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Название:Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке) краткое содержание
Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Пасрэднiкi гнулi сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робiць бавоўна, - губiць, высмоктвае з яе ўсе сокi.
Арандатары згодна кiвалi галовамi: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калi б увесь севазварот... зямля зноў налiлася б сокамi.
Гэта праўда, але цяпер ужо позна. I агенты тлумачылi механiку дзеянняў i ход думак пачвары, што схапiла iх самiх такой мёртвай хваткай.
Чалавек можа сядзець на зямлi, нават калi яму хапае толькi на пракорм i на выплату падаткаў. Такое ж зусiм магчыма.
Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай i не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку цi кампанii трэба зусiм не тое - яны ж не паветрам дыхаюць i ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капiталу. Калi iм гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамi памерлi б без паветра i без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нiчога не зробiш.
Людзi, што сядзелi на кукiшках каля лiмузiнаў, узнiмалi вочы, намагалiся зразумець. А цi нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзiн бог ведае, якая ўродзiцца бавоўна праз год. А войны? Хiба ўгадаеш цяпер, якiя цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, цi не так? А абмундзiраванне? Будуць войны, i цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнiмалi ўгору вочы.
На гэта разлiчваць нельга. Банк - пачвара, яна бесперапынку павiнна паглынаць падаткi. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павiнна быць спыну. Калi пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.
Выпеставаныя пальцы пачыналi пастукваць па нiзе аконнай аправы ў кабiне; заскарузлыя пальцы мацней сцiскалi пруткi, што нястомна чыркалi па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацiн уздыхалi, пераступалi з нагi на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалi варушыцца. Сабакi падыходзiлi да машын, абнюхвалi iх i адно за адным палiвалi ўсе чатыры колы. Куры ляжалi на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухi пыл дабраўся да самай скуры i пачысцiў яе. А ў хлеўчуку над бруднымi рэшткамi пойла просьбiтна рохкалi свiннi.
Людзi, што сядзелi на кукiшках, зноў апускалi вочы. Што ж вы ад нас хочаце? Хiба можна памяншаць нашу долю ўраджаю, мы i так галадаем. Дзецi нiколi дасыта не ядуць. Адзежы няма - адны лахманы. Калi б у суседзяў было лепш, мы ад сораму на малiтоўныя сходы хадзiць перасталi б.
I нарэшце агенты гаспадароў раскрывалi ўсю паднаготную. Арэнда сябе не апраўдала. Адзiн чалавек на трактары можа замянiць дванаццаць - чатырнаццаць фермерскiх сем'яў. Плацi яму жалаванне i забiрай сабе ўвесь ураджай. Мы вымушаны так рабiць. Мы iдзём на гэта неахвотна. Бо пачвара занядужала. З ёю здарылася нешта нядобрае.
Вы ж бавоўнай зямлю загубiце.
Мы ведаем. Нам трэба паспець зняць некалькi ўраджаяў, перш чым загiне зямля. Потым мы пусцiм яе ў продаж. Шмат сем'яў ва ўсходнiх штатах захочуць купiць тут участак.
Арандатары спалохана падымалi вочы да кабiн. А з намi што будзе? Як мы пракормiмся?
Вам давядзецца пакiнуць свае ўчасткi. Плугi пройдуцца проста па вашых дварах.
I тады арандатары ў гневе падымалiся з кукiшак i станавiлiся ва ўвесь рост. Мой дзед першы прыйшоў на гэтую зямлю, ён ваяваў з iндзейцамi i прагнаў iх адсюль. А бацька тут нарадзiўся i таксама ваяваў - з пустазеллем i змеямi. Потым абрынуўся няўрод, i бацька ўзяў у пазыку крыху грошай. I наша тут таксама радзiма. Вунь, бачыце, у дзвярах нашы дзецi? I яны нарадзiлiся тут, у гэтым доме. Бацька быў вымушаны ўзяць пазыку. I тады зямля перайшла да банка, але мы засталiся на ёй, i нам крыху перападала з таго, што мы вырошчвалi.
Нам гэта добра вядома. Вельмi добра вядома. Мы тут нi пры чым, усё гэта банк. А банк не чалавек. I гаспадар, у якога пяцьдзесят тысяч акраў, таксама не чалавек. Ён - пачвара.
Яно так, казалi арандатары, але ж зямля гэта наша. Мы абмерылi яе, мы ўзаралi цалiну. Мы нарадзiлiся на ёй, на ёй гiбелi, на ёй памiралi. Няхай зямля высiлiлася - усё роўна яна наша. Яна наша таму, што мы на ёй нарадзiлiся, яе ўраблялi, на ёй памiралi. Вось што дае права ўладаць ёю, а не паперка з нейкiмi там лiчбамi.
Нам вельмi шкада, але мы што? Гэта ўсё яна - пачвара. У банку няма нiчога чалавечага.
Яно так, але ж банк складаецца з людзей.
Не, вы памыляецеся, вы груба памыляецеся. Банк i людзi - розныя рэчы. Бывае, што людзям, кожнаму з iх, ненавiсна тое, што робiць банк, i, аднак, банк робiць сваю справу. Паверце, банк - гэта нешта большае, чым людзi. Банк пачвара. Ствараюць яго людзi, але ўправiцца з iм не могуць.
Арандатары абуралiся: дзед тут ваяваў з iндзейцамi, бацька знiшчаў змеяў, змагаючыся за гэту зямлю. Можа, трэба знiшчыць банкi - яны страшнейшыя за iндзейцаў i змеяў. Можа, давядзецца ваяваць за сваю зямлю, як ваявалi нашы дзед i бацька.
I тут пачыналi ўжо абурацца агенты гаспадароў. Прыйдзецца вам ехаць адсюль.
Дык жа зямля гэтая наша, усклiкалi арандатары. Мы...
Не, не ваша. Яна належыць банку-пачвары. Вам прыйдзецца ехаць.
Мы выйдзем са стрэльбамi, як дзед наш выходзiў насустрач iндзейцам. Што тады?
Што ж - спачатку прыйдзе шэрыф, потым - войска. Калi ўчэпiцеся за свае ўчасткi - вы грабежнiкi, а за стрэльбы возьмецеся - вы забойцы, i так i гэтак вы - злачынцы. Банк - пачвара, не чалавек, але можа прымусiць чалавека рабiць, што захоча.
А калi нам iсцi, дык куды? I як мы пойдзем адсюль? У нас грошай няма.
Вельмi шкада, гаварылi агенты. Банка - уладальнiка пяцiдзесяцi тысяч акраў - гэта не датычыць. Вы седзiце на зямлi, якая вам не належыць. Дзе-небудзь у iншых штатах вы, можа, увосень ноймецеся на збор бавоўны. Магчыма, атрымаеце дапамогу. А чаму б вам не падацца ў Калiфорнiю? Там заўсёды ёсць праца i нiколi халадоў не бывае. Там варта толькi руку працягнуць - i рвi апельсiны. У Калiфорнii заўсёды што-небудзь збiраюць - толькi працуй. Чаму б вам не перасялiцца туды? I агенты запускалi маторы i ад'язджалi.
Арандатары зноў апускалiся на кукiшкi i вадзiлi пруткамi па пыле, прыкiдвалi, разважалi. Асмаленыя спёкай цёмныя твары, вылiнялыя ад няшчаднага сонца вочы. Жанчыны асцярожна спускалiся з ганка i шлi да мужоў, за iмi баязлiва кралiся дзецi, гатовыя ў любы момант пусцiцца наўцёкi. Старэйшыя сыны садзiлiся на кукiшкi побач з бацькамi - гэта дае табе адчуванне, што ты ўжо мужчына. Крыху счакаўшы, жанчыны пыталiся: чаго ён прыязджаў?
Мужчыны на iмгненне адрывалi позiрк ад зямлi, i ў вачах у iх таiўся боль. Давядзецца ехаць адсюль. Трактар, упраўляючы - тут будзе ўсё, як на фабрыцы.
Куды ж мы паедзем? - пыталiся жанчыны.
Хто ж ведае? Хто ведае?
Жанчыны таропка i моўчкi вярталiся ў хацiны, гонячы перад сабой чародку дзяцей. Яны ведалi: калi мужчыну бярэ такая крыўда, такая роспач, ён можа сарваць злосць на дарагiх яму людзях. Яны пакiдалi мужчын адных - няхай думаюць, няхай мяркуюць, дапамагаючы сабе чырканнем па пыле.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: