Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Название:Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке) краткое содержание
Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Ну, та, давай паехалi. I вось што - ты i мы з Элам сядзем у кабiну. Ма няхай наверх забiраецца. Не, ты, ма, лепш садзiся памiж намi. Эл! - Том засунуў руку пад сядзенне i выцягнуў адтуль цяжкi гаечны ключ. - Эл, ты сядай ззаду. На, бяры. На ўсякi выпадак. Калi хто палезе - пачастуй яго не шкадуючы.
Том даў яму развадны ключ, Эл пералез цераз борт i сеў, падкурчыўшы пад сябе ногi i не выпускаючы ключа з рук. Том дастаў з-пад сядзення завадную ручку i паклаў побач з тармазной педаляй.
- Ну цяпер усё, - сказаў ён. - Садзiся, ма, пасярэдзiне.
Бацька сказаў:
- А я з пустымi рукамi.
- Калi што якое, возьмеш завадную ручку, - сказаў Том. - Дасць бог, не спатрэбiцца. - Ён нацiснуў на стартэр, махавiк ляснуў, зрабiў абарот, матор затарахцеў i замёр, потым зноў запрацаваў. Том уключыў фары i выехаў з лагера на першай скорасцi. Слабае святло фар нясмела абмацвала дарогу. Грузавiк выбраўся на шашу i павярнуў на поўдзень. Том сказаў:
- У жыццi чалавека бывае так, што ён раптам азлабляецца...
Мацi перапынiла яго:
- Том... ты ж мне сам казаў... ты абяцаў, што не дасi волi злосцi. Ты ж абяцаў.
- Я не забыўся, ма. Стараюся. Але гэтыя шэрыфавы памагатыя... Бачыў хто-небудзь каго з iх, каб ён быў не таўстазады? Вiхляюць тоўстымi азадкамi, смаляць з пiсталетаў куды папала. Каб яны ўсё рабiлi па закону, ма, што ж, мы б не супрацiўлялiся. Але ж тое, што яны ўчыняюць, незаконна. Яны стараюцца наш дух зламаць. Хочуць прымусiць нас поўзаць перад iмi, скурчыўшыся, як пабiтая сучка. Раздушыць нас хочуць. Далiбог, ма, да таго дайшло, што ёсць адзiн толькi спосаб застацца прыстойным чалавекам - добра ўляпiць катораму з гэтых фараонаў. Яны дамагаюцца таго, каб мы забылiся на сваю чалавечую годнасць.
Мацi сказала:
- Ты абяцаў, Том. З нашым Красунчыкам Флойдам такое ўжо было. Я ведала яго мацi. Яго ледзь не пакалечылi.
- Я стараюся стрымацца, ма, бог сведка. Ты ж не хацела б, каб я поўзаў перад iмi брухам па зямлi, як пабiтая сучка, га?
- Я малю бога за цябе. Старанiся iх, Том. Сям'я наша i так распадаецца. Абыходзь iх бокам, так трэба.
- Пастараюся, ма. Толькi цяжка мне будзе стрымацца, калi прычэпiцца якi-небудзь таўстазады. Каб усё па закону, справа iншая. А палiць лагер такога закону няма.
Машына iшла па шашы, падрыгваючы кузавам. Наперадзе ланцужок чырвоных лiхтароў перагарадзiў дарогу.
"Пэўна, аб'езд", - падумаў Том. Ён збавiў хуткасць i спынiўся, i ў тое ж iмгненне машыну абкружыў натоўп людзей. Яны былi ўзброены хто кiркамi, хто драбавiкамi. На iх былi каскi, на некаторых - фуражкi Амерыканскага легiёна. Адзiн зазiрнуў у кабiну, дыхнуўшы на Тома спiртным перагарам.
- Куды накiравалiся? - Чырвоны твар падсунуўся амаль да самага твару Тома.
Том замёр. Далонь яго слiзганула пад ногi i намацала завадную ручку. Мацi моцна сцiснула яму локаць. Том сказаў:
- А вось... - i раптам у голасе яго пачулiся ўгодлiвыя ноткi: - Мы не тутэйшыя. Нам сказалi, што можна на працу ўладкавацца ў акрузе - як яе... Туларэ.
- Дык ты ж, чарцяка, не ў той бок едзеш. Гораду нашаму ўсякiя Окi не патрэбны.
Рукi i плечы ў Тома быццам скамянелi, па целе прабеглi дрыжыкi. Мацi ўчапiлася ў яго локаць. Нос машыны абступiлi ўзброеныя людзi. Некаторыя з iх, строячы з сябе ваенных, былi ў фрэнчах з афiцэрскай партупеяй.
Том жаласна запытаўся:
- А ў якi ж бок нам ехаць, мiстэр?
- Разварочвайся кругом i трымай на поўнач. А сюды не паказвайся да збору бавоўны.
Тома ўсяго скаланула.
- Ёсць, сэр, - сказаў ён, даў заднi ход, развярнуўся i паехаў назад. Мацi адпусцiла яго локаць i лёгенька паляпала па руцэ. А Том ледзь стрымлiваў слёзы.
- Не бяры да сэрца, - сказала мацi. - Не бяры да сэрца.
Том высмаркаўся праз акенца i выцер вочы рукавом.
- Сволачы...
- Ты зрабiў усё правiльна, - ласкава сказала мацi. - Усё правiльна зрабiў.
Том збочыў на палявую дарогу, праехаў ярдаў сто i выключыў матор i фары. Потым выйшаў з машыны з завадной ручкай.
- Куды ты? - занепакоiлася мацi.
- Пайду пагляджу. Мы на поўнач усё роўна не паедзем.
Чырвоныя лiхтары пасунулiся па шашы. Том бачыў, як яны мiнулi паварот на палявую дарогу i рушылi далей. Неўзабаве з таго боку, дзе быў Гувервiль, пачулiся крыкi i лямант i ў неба шуганула яркае польмя. Яно падымалася ўсё вышэй i вышэй, i да слыху Тома данёсся сухi трэск. Ён вярнуўся да грузавiка, сеў за руль, развярнуў машыну i без агнёў праехаў па палявой дарозе назад да шашы. Там скiраваў на поўдзень i запалiў фары. Мацi нясмела запыталася:
- Куды мы едзем, Том?
- На поўдзень. Мы не дазволiм рознай поскудзi камандаваць намi. Не дазволiм. Паспрабую аб'ехаць горад ускраiнай.
- Ну, а далей куды? - Бацька загаварыў першы раз пасля выезду з лагера. Вось што я хачу ведаць.
- Пашукаем гэты ўрадавы лагер, - адказаў Том. - Кажуць, там шэрыфавым памагатым вароты зачыненыя. Ма... мне трэба ад iх далей трымацца. Баюся, яшчэ заб'ю каго з iх.
- Супакойся, Том, - мякка прамовiла мацi. - Супакойся, Томi. Адзiн раз ты ўжо добранька зрабiў. Не дай бог, яшчэ раз так зробiш.
- Але ж так можна перастаць паважаць сябе.
- Астынь. Набярыся цярпення. Мы ж, Том... народ будзе жыць, калi ад гэтых людзей i следу не застанецца. Мы народ, Том, ён жыве. Нас не знiшчыш. Мы народ - мы жывём i жывём.
- Нас увесь час б'юць.
- Яно так, - цiха засмяялася мацi. - Можа, таму мы такiя крэпкiя. Багацеi пажывуць трохi i памiраюць, i дзецi ў iх нiкудышныя, нежывучыя. А нас, Том, усё прыбывае i прыбывае. Не бядуй. Надыдзе i iншая часiна.
- Адкуль табе гэта вядома?
- Сама не ведаю адкуль.
Яны ўехалi ў горад. Том павярнуў на бакавую вулiцу, каб аб'ехаць цэнтр. Пры святле вулiчных лiхтароў ён зiрнуў на мацi. Твар у яе быў спакойны, вочы глядзелi неяк па-новаму - быццам вечныя, непаддатныя часу вочы статуi. Том працягнуў правую руку i дакрануўся ёю да матчынага пляча. Ён не мог iначай. I адразу зноў узяўся за руль.
- Нiколi раней я не чуў, каб ты столькi гаварыла, - сказаў ён.
- Раней не было такой патрэбы, - адказала мацi.
Том праехаў некалькi завулкаў i, калi горад застаўся ззаду, павярнуў машыну ў процiлеглы бок. На скрыжаваннi стаяў слуп з лiчбай "99". Па гэтай шашы Том павёў грузавiк на поўдзень.
- А ўсё ж на поўнач яны нас не завярнулi, - сказаў ён. - Куды нам трэба, туды i едзем, няхай нават i давялося падкурчыць дзеля гэтага хвост.
Цьмянае святло фар абмацвала чорную шашу перад машынай.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Людзi, што знялiся з месца ў пошуках прыстойнага жыцця, сталi цяпер вандроўнiкамi. Перад сем'ямi, якiя раней мелi невялiкiя ўчасткi зямлi, жылi i памiралi на сваiх сарака акрах, кармiлiся цi галадалi, беручы з гэтых акраў усё, што яны давалi, - перад гэтымi сем'ямi цяпер рассцiлаўся ўвесь Захад. I яны шнарылi ўсюды, шукаючы працы; патокi людзей хлынулi на шашэйныя дарогi, уздоўж прыдарожных канаў бясконцай чарадой цягнулiся людзi. Следам iшлi iншыя. Няспынная людская плынь захлiснула вялiкiя бетонныя дарогi. Раней на Сярэднiм Захадзе i на Паўднёвым Захадзе жыў просты люд - земляробы, i яны зусiм не перамянiлiся з прыходам iндустрыi, яны абраблялi зямлю без машын i не ведалi, якой грознай сiлай рабiлася машына ў руках прыватнiка. Яны жылi, не знаёмыя з парадоксамi iндустрыi. Яны не страцiлi здольнасцi востра адчуваць недарэчнасцi iндустрыяльнага веку.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: