Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
- Название:Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) краткое содержание
Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Магчыма, ты i не памыляешся...
- Што сталася з людзьмi, гэткiмi, як Эндэрс? Цi памятаеш ты яго - рыжы такi быў?.. Мiлы хлапчыска, зусiм не гвалтаўнiк - а што рабiлi такiя людзi, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?
- Мажлiва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькi мiлы хлопец, але... ён нiводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця - чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабiла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовiў некалькi казаняў, якiх я не магу забыць; калi б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калi iх вымаўляў ён, зусiм iншая рэч.
- А што ён робiць цяпер?
- Яго запiхнулi ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункi няма, i там ён прамаўляе казанi над галовамi сялян i дзяцей-школьнiкаў; у iх няма нянавiсцi да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцiвага дурня - хiба ж ён не паўтарае iм увесь час, што ўсе людзi - браты? Яны ўсё ведаюць лепей i, напэўна, пытаюцца самi ў сябе: "Цi не камунiст ён?" Нiчога iншага iм у галаву i не прыходзiць; колькасць звыклых схемаў паменшала; нiхто б не дадумаўся лiчыць твайго бацьку камунiстам; нават Нэтлiнгер не быў такi дурны - а сёння б iнакш твайго бацьку i не назвалi. Эндэрс пасвiў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калi-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка i зусiм яе скрэсляць... нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, i калi мы вячэрнiм аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везцi з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы... мы наведаем яго, каб папрактавацца ў мiласэрнасцi; вязняў трэба наведваць... а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?
- Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусiў знiкнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў пасля таго як убачыў сястру Фэрдзi.
- Ты бачыў яе?
- Бачыў. У яе лiманадным кiёску на канцавым прыпынку адзiнаццатага трамвая. А ты што, нiколi там не бываў?
- Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусiм чужой.
- Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калi я сёння там пабываў; не хадзi туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды нiхто не застаўся жывы?
- Нiхто, - адказаў Роберт. - I Алоiса таксама няма; яны патанулi разам з "Ганнай-Катарынай"; Трышлеры ўжо доўгi час не жылi ў порце; калi быў пабудаваны мост, яны мусiлi пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалi потым, была для iх зусiм не тое... iм патрэбныя былi вада i караблi; Алоiс хацеў на "Ганне-Катарыне" адправiць iх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбiлi; Алоiс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваiх бацькоў з-пад палубы, але было запозна - вада рынула зверху, i выбрацца яны ўжо не здолелi; шмат часу прайшло, пакуль я натрапiў на iх след.
- А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?
- У "Якары"; я штодня хадзiў туды i пытаўся ва ўсiх шкiпераў, пакуль не сустрэў аднаго, якi ведаў пра лёс "Ганны-Катарыны".
Шрэла зашмаргнуў фiранку, падышоў да стала i расцiснуў недакурак на попельнiцы. Роберт зрабiў тое самае.
- Мяркую, - сказаў ён, - што мы павiнны зараз падняцца да маiх бацькоў... Хiба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасцi...
- Ды што ты, - адказаў Шрэла, - я пайду з табою, але цi не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робiць Швойгель?
- Табе i праўда гэта цiкава?
- Праўда, а чаму ты пытаешся, цiкава мне гэта цi не?
- Цi ў сваiх гатэльных нумарах i пакоях у пансiянатах ты думаў пра Эндэрса i Швойгеля?
- Ага. I яшчэ пра Грэве i Гольтэна: толькi яны не бралi ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў - Дрышка таксама не ўдзельнiчаў... што з iмi? Цi жывыя яны?
- Гольтэн не жывы, загiнуў, - адказаў Роберт, - а вось Швойгель жыве; ён цяпер пiсьменнiк, i, калi ўвечары тэлефануе альбо звонiць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным i бесталковым; мне з iм проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, i сябе, вiдаць, залiчвае, туды, дзе "мяшчанства няма", а што з таго? Гэта проста мяне не цiкавiць; неяк i пра цябе ён пытаўся.
- Ах, а што сталася з Грэве?
- Ён належыць да партыi, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. А Дрышка выпускае "аўтамабiльныя львы Дрышкi", папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабiў безлiч грошай. Ты не ведаеш, што такое "аўтамабiльны леў"? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнiк машыны, якi лiчыць сябе нечага вартым, трымае на заднiх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва - а ў гэтай краiне ты не знойдзеш нiкога, хто б не лiчыў сябе нечага вартым... Тут умеюць добра ўбiваць гэта ў галаву; яны прынеслi з сабой з вайны сёе-тое, успамiн пра боль i ахвяры, але сёння яны лiчаць сябе нечага вартымi; цi бачыў ты людзей там, унiзе ў вестыбюлi! Яны iшлi на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазiцыi, на вячэру Таварыства "Сас'етас" i на вячэру правай апазiцыi... але табе трэба быць сапраўдным генiем, калi ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру iдзе.
- Сапраўды, - сказаў Шрэла, - я трохi сядзеў унiзе, чакаючы цябе; там якраз збiралiся першыя ўдзельнiкi, i я пачуў нешта наконт "апазiцыi"; першыя прыйшлi бяскрыўдныя прадстаўнiкi, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якiх кажуць: "яны не такiя ўжо дрэнныя"; размова ў iх iшла пра маркi машын i лецiшчы; яны казалi адзiн аднаму, што французская Рыўера пачынае рабiцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякiм прагнозам, сярод iнтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымi паездкi, арганiзаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабiзм альбо дыялектыка? Ты павiнен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскi сноб сказаў бы: "За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю", а тыя, што тут, прадалi б сваiх бабуляў i за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабiзму; потым яны гаварылi пра школы: адны былi за гуманiтарны ўхiл, другiя былi супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да iх, бо вельмi хацеў чаго-небудзь даведацца пра iх сапраўдныя турботы; зноў i зноў паўтаралi яны шэптам iмя зоркi, якую чакалi вечарам гэтага дня. Крэц цi гэта прозвiшча табе што-небудзь кажа?
- Крэц, - адказаў Роберт, - гэта, так бы мовiць, зорка апазiцыi.
- Слова "апазiцыя" я чуў шмат разоў, але з iхнiх размоваў так i не змог дапяць, супраць каго i чаго яна.
- Калi яны чакалi Крэца, то, мусiць, яны з левай апазiцыi.
- Цi правiльна я пачуў: гэты Крэц - у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?
- Сапраўды, - адказаў Роберт, - яны шмат чаго спадзяюцца па iм.
- Я яго бачыў, - сказаў Шрэла, - ён прыйшоў апошнi; ну, калi ён - гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць... Мне здаецца, што калi б я i здолеў каго-небудзь на свеце забiць, дык менавiта яго. Цi ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны i адукаваны, цытуе Герадота ў арыгiнале, i гэта ў вушах тае масы, якая нiколi не пазбавiцца ад свайго бзiка на глебе адукаванасцi, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б нiколi нi на хвiлiну не пакiнуў сваю дачку цi сына сам-насам з гэтым Крэцам; бо ад снабiзму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынiшчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькi мiнорнай музыкi, iнакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыi...
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: