Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке)
- Название:Салярыс (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Станислав Лем - Салярыс (на белорусском языке) краткое содержание
Салярыс (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Мiнула яшчэ двое сутак, эксперымент паўтарылi апошнi раз, рэнтгенаўскiя прамянi абшарылi ўжо значную частку Акiяна, на поўднi з'явiлiся выдатна бачныя з нашай вышынi, хоць i было больш за трыста кiламетраў, Арэнiды - ланцуг з шасцi скалiстых вяршыняў. Пiкi Арэнiд здавалiся заледзянелымi, але на самай справе iх пакрываў налёт арганiчнага паходжання - горны ланцуг некалi быў дном Акiяна.
Мы памянялi курс, скiраваўшы на паўднёвы ўсход, i праз нейкi час iшлi ўздоўж горнага бар'ера, якi злiваўся з хмарамi, тыповымi для чырвонага дня; пасля ўсё знiкла. Мiнула дзесяць дзён з часу першага эксперымента.
За ўвесь гэты час на Станцыi нiчога не адбылося. Аўтаматычная апаратура паўтарала эксперымент згодна з распрацаванай Сарторыусам праграмай, i я нават не ведаю, цi кантраляваў хто-небудзь дзеяннi аўтаматаў. I ўсё адно на Станцыi нешта адбывалася. Зрэшты, не памiж людзьмi. Я баяўся, што Сарторыус зноў запатрабуе пачаць працу над анiгiлятарам; акрамя таго, я чакаў, як адрэагуе Снаўт, калi даведаецца ад Сарторыуса, што я падмануў яго, перабольшыўшы небяспеку, якую магло выклiкаць знiшчэнне нейтрыннай матэрыi. Аднак нiчога не здарылася, i на першым часе я не мог даўмецца, у чым справа. Вядома, я разлiчваў на нейкую лавушку, лiчыў, што падрыхтоўка i сама праца трымаюцца ў тайне, i таму кожны дзень зазiраў у памяшканне без акон пад галоўнай лабараторыяй - там знаходзiўся анiгiлятар. Нi разу нiкога я там не заспеў; калi меркаваць па слою пылу, якi пакрываў ахоўны кажух i кабелi, да апаратуры нiхто не дакранаўся шмат тыдняў.
Снаўт, як i Сарторыус, таксама некуды знiк, i з iм нельга было звязацца яго вiдэафон не адказваў. Нехта, вiдаць, кiраваў рухам Станцыi, але хто канкрэтна - не ведаю, бо мяне гэта, як нi дзiўна, мала турбавала. Я быў зусiм абыякавы i да таго, што Акiян нiяк не рэагаваў на доследы; праз два-тры днi я не толькi перастаў чакаць альбо баяцца нейкай рэакцыi, а наогул забыўся i пра яе, i пра эксперымент. Я цэлымi днямi праседжваў у бiблiятэцы альбо ў кабiне разам з Хэры, якая хадзiла за мной, як цень. Я бачыў, што нашы справы дрэнь i што гэткi стан тупой апатыi не можа доўжыцца бясконца. Трэба было неяк пераадолець яго, нешта памяняць у нашых адносiнах, але я не мог прыняць нiякага рашэння i адганяў ад сябе нават думку пра перамены. Магу патлумачыць гэта толькi адным - мне здавалася, што ўсё на Станцыi, i асаблiва нашы ўзаемаадносiны з Хэры, знаходзiцца ў стане надзвычай няўстойлiвай раўнавагi i ад любога штуршка развалiцца. Чаму? Не ведаю. Дзiўна, што Хэры адчувала тое ж самае. Калi я думаю цяпер пра гэта, мне ўяўляецца, што няпэўнасць, няўстойлiвасць, прадчуванне магчымага землятрусу былi выклiканы пранiзваючай усю Станцыю прысутнасцю, якая нiчым iншым сябе не выяўляла. Хоць, магчыма, на прысутнасць што-нiшто звяртала ўвагу, а менавiта - сны. Нi раней, нi пасля нiколi ў мяне не было гэткiх прывiдаў, таму я вырашыў запiсваць iх. Дзякуючы запiсам я магу зараз паспрабаваць расказаць пра свае сны, але расказ мой будзе фрагментарным i пазбаўленым непаўторнай разнастайнасцi прывiдаў. Нейкiм незразумелым чынам у прасторы, дзе не было неба, зямлi, падлогi, столi, сцен, я, цi то скурчаны, цi то звязаны, апынаўся ў чужой мне субстанцыi, урастаў у нежывую, нерухомую, бясформенную глыбу, а можа, я i сам станавiўся глыбай, цела маё знiкла, вакол мяне снавалi ледзь прыкметныя ружовыя плямы, яны плавалi ў асяроддзi, якое па аптычных уласцiвасцях адрознiвалася ад паветра: толькi на вельмi блiзкай адлегласцi рэчы набывалi выразныя - нават занадта, ненатуральна выразныя - абрысы. Увогуле ў маiх снах наваколле было значна больш канкрэтным i матэрыяльным, чым на самай справе. Калi я прачынаўся, то адчуваў дзiўны стан: рэальнасцю, сапраўднай рэальнасцю быў сон, а тое, што я бачыў, калi расплюшчваў вочы, - толькi яе бледны адбiтак.
Такi быў пачатак, той клубочак, з якога размотвалася нiтка сноў. Вакол мяне нешта чакала свайго вырашэння, маёй унутранай згоды, а я адчуваў штосьцi ўнутры ў мяне адчувала - я не павiнен паддавацца незразумелай спакусе, бо чым большая спакуса, тым страшнейшы канец. Уласна, я гэтага не ведаў. Калi б я гэта ведаў, то баяўся б, а страху я не адчуваў. Я чакаў. З ружовага туману вакол мяне нараджаўся першы дотык, я, нерухомы, як калода, застыў у той масе, што была навокал i паралiзавала мяне, я не мог нi адсунуцца, нi паварушыцца, а тое нешта абмацвала маю турму сляпымi i адначасова зрокавымi дотыкамi i станавiлася рукой, якая стварала мяне; да гэтай хвiлi я быў сляпы, i вось я пачынаю бачыць - пад пальцамi, якiя абмацваюць мой твар, з нiчога нараджаюцца мае губы, шчокi, i разам з тым, як гэты падзелены на бясконца малыя долi дотык пашыраецца, у мяне з'яўляецца i твар, i дыханне, выклiканыя з небыцця гэтым актам стварэння - узаемным, бо i я, якога ствараюць, таксама ствараю - i ўзнiкае твар, якога я нiколi ў жыццi не бачыў, чужы i знаёмы, я спрабую зазiрнуць яму ў вочы, але не магу - усе прапорцыi парушаны, няма нiякiх напрамкаў, проста ў малiтоўным маўчаннi мы спазнаём адно аднаго i становiмся адно адным. I вось ужо я стаў самiм сабой, але ў ступенi бясконцасцi, а тая iншая iстота - жанчына? - знерухомела разам са мной. У нас адзiн пульс, мы адно цэлае, i вось у гэтую замаруджаную сцэну, па-за якой нiчога не iснуе i не можа iснаваць, закрадваецца нешта незвычайна жорсткае, немажлiвае, ненатуральнае. Той самы дотык, якi стварыў нас i залатым покрывам ахiнуў нашыя целы, ператвараецца ў мiрыяды злосных джалаў. Нашыя целы, голыя i белыя, расплываюцца, чарнеюць, аблепленыя мноствам чарвякоў, якiя выходзяць з нас, як паветра. I вось ужо я станаўлюся - мы становiмся - я станаўлюся блiскучым, сплеценым i расплеценым зноў, лiхаманкава вёрткiм клубком, якi не канчаецца i не скончыцца; у гэтай бясконцасцi я i сам бясконцы, бязгучна крычу, малю пра канец i раптам якраз у гэтае iмгненне разбягаюся адразу, ва ўсе бакi, i ўва мне расце спачуванне, у шмат разоў мацнейшае, чым на самай справе, сканцэнтраванае дзесьцi ў чорнай i чырвонай далячынях спачуванне, якое то цвёрдае, як скала, то блiскучае агнём iншага сонца i iншага свету.
Гэта - самы просты сон, iншыя я не здолею расказаць, бо страх, перажыты ў iх, нельга параўнаць нi з чым на свеце. У сне я нiчога не ведаў пра iснаванне Хэры, дзённыя ўражаннi i перажываннi наогул не адбiвалiся ў маiх снах.
Былi i iншыя сны, калi ў застылай, мёртвай цемры я адчуваў сябе аб'ектам скрупулёзных, няспешных даследаванняў, без усялякiх вядомых нам iнструментаў; гэта быў дотык, драбленне, растварэнне аж да абсалютнага знiкнення, а за ўсiм гэтым - за маўчаннем, за паступовым знiшчэннем - стаяў страх: ранкам толькi ад успамiнаў пра яго пачынала трымцець сэрца.
А днi доўжылiся - аднастайна, сонна, бясколерна, прыносiлi самотную агiду да ўсяго. Я баяўся толькi начэй, але не ведаў, як ад iх уратавацца. Хэры магла зусiм не спаць, я таксама iмкнуўся да гэтага. Я цалаваў i лашчыў яе, разумеў, што справа тут не ў ёй i не ўва мне; мне проста страшна заснуць. Хоць я нi слова не казаў Хэры пра свае кашмары, яна, вiдаць, пра нешта здагадвалася: у яе пакорлiвасцi я адчуваў маўклiвую крыўду i пачуццё знявагi, але нiчога зрабiць не мог. Я ўжо казаў, што за ўвесь час не бачыўся нi са Снаўтам, нi з Сарторыусам. Аднак Снаўт часам заяўляў пра сябе - зрэдку запiскай, а часцей выклiкам па вiдэафоне. Ён пытаўся, цi не заўважыў я якой-небудзь новай з'явы, нейкiх перамен, чаго-небудзь, што магло быць рэакцыяй на гэтулькi разоў паўтораны эксперымент. Я адказваў адмоўна i сам пытаўся пра тое ж самае. Снаўт на экране толькi круцiў галавой.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: