Николай Чергинец - За секунду да выстралу
- Название:За секунду да выстралу
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Николай Чергинец - За секунду да выстралу краткое содержание
За секунду да выстралу - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
— Цяжка нам казаць табе, Пятровіч, але відаць, што толькі мы можам праўду табе ўсю паведаць. То слухай: калі немцы прыйшлі, мы думалі, што бяда міне нашу вёску. Але не, неяк улетку шмат панаехала іх да нас. Мы са старой сэрцам пачулі няладнае і праз гарод у лес падаліся, а калі ўвечары вярнуліся, то вачам сваім не паверылі: у вёсцы — ніводнай хаты, адны коміны ад печаў. Усё згарэла, згарэлі і людзі.
— Дзе?
— Што дзе? — перапытаў Юшэвіч.
— Дзе людзі згарэлі, у сваіх хатах?
— Хто дзе. Хто ў сваёй хаце, а хто хацеў бегчы, сагналі ў пуню, што на далёкім краі вёскі стаяла, і там спалілі.
— А як вам удалося выратавацца?
— Я ж казаў, што мы як убачылі гэтых ірадаў, дык адразу ж — у лес.
— Ну, а што з маёй сям’ёй стала, ведаеце? — голас Мачалава ўздрыгнуў, і ён у думках папракнуў сябе ў хвіліннай слабасці. — Калі вы іх у апошні раз бачылі?
— І яны, бедненькія, загінулі. Як і ўсе.
— Дык калі ж вы маіх апошні раз бачылі?
— За некалькі дзён да гэтага, — паспешна загаварыла гаспадыня. — Таня да мяне ў двор прыйшла і папрасіла солі пазычыць. Я дала ёй солі і кавалак сала для дзетак у дадатак.
У пакоі наступіла панурая цішыня. Кожны думаў пра сваё. Мачалаву вельмі хацелася, вось цяпер, седзячы на гэтай канапе і гледзячы ў вочы гэтых ужо пражыўшых жыццё людзей, сказаць усю праўду. Але маёр стрымаў сябе і задаў новае пытанне:
— Ну, а як Якаў? Жывы?
Стары хрыплым голасам адказаў:
— Згінуў ён у лясах. Як сышоў у партызаны, так і знік.
— А вы звярталіся куды-небудзь?
— Звяртацца то звярталіся, але вось карысці ніякай. Вунь колькі людзей у вайну загінула. Мы ўжо са старой вырашылі не мучыць сябе. Што зробіш, не толькі нам вайна гора прынесла. Узяць хоць бы цябе, Пятровіч: дзеці твае, жонка таксама загінулі. А колькі людзей такіх? Не, сына мы ўсё адно не вернем, а нам будзе спакайней, калі мы менш успамінаць і пытаць пра Яшаньку будзем.
— Ну што ж, воля ваша, — Пётр Пятровіч падняўся са свайго месца, — калі так, то хай будзе па-вашаму. А вось мне спакою не дае гэта гісторыя.
Мачалаў развітаўся са сваімі былымі аднавяскоўцамі і пайшоў да машыны.
Вадзіцель паспеў ужо развярнуць грузавік і, як толькі маёр сеў у кабіну, адразу ж уключыў хуткасць.
«Ведалі б вы, — думаў пра Юшэвічаў Мачалаў, — што хутка людзі даведаюцца хто такі ваш сын на самай справе. Вось як атрымліваецца ў жыцці, што народзяцца і жывуць людзі на адной зямлі, у адной вёсцы, суседзямі лічацца, а нярэдка і сябрамі, а калі гора грымне, адны з іх людзьмі застаюцца, іншыя — у звяроў ператвараюцца».
Пётр Пятровіч так задумаўся, што нават не пачуў голасу шафёра. Той пытаўся:
— Куды ехаць, таварыш маёр?
— Давай заскочым на пару хвілін у аддзяленне, а затым — дахаты. А то жонка прыпіша самавольную адлучку.
— Што-што, а гэта яны ўмеюць, — аўтарытэтна падтрымаў яго вадзіцель, — жонцы галоўнае, каб муж увесь час на вачах быў.
У аддзяленні маёр адразу ж зайшоў у кабінет Новікава. Той размаўляў з немаладым мужчынам, апранутым у чырвонаармейскі бушлат без пагонаў. Убачыўшы начальніка, Новікаў устаў і прадставіў свайго суразмоўцу:
— Вадзіцель аўтазавода Юрый Пятровіч Заварзінаў.
Мачалаў паціснуў Заварзінаву руку і прапанаваў:
— Хадзем, Юрый Пятровіч, да мяне ў кабінет, там і пагутарым.
Гутарка доўжылася амаль гадзіну. Заварзінаў пайшоў, а Пётр Пятровіч выклікаў Новікава.
— Заўтра ў восем раніцы збяры ўсю опергрупу ў мяне ў кабінеце. Правядзі інструктаж — і ў бой.
Затым ён развітаўся і выйшаў да машыны. Палутарка зноў паехала па слізкай дарозе.
Мачалаў не стаў пад’язджаць блізка да свайго дома і выйшаў з машыны за цэлы квартал ад яго. Хацелася сабрацца з думкамі. Пётр Пятровіч яшчэ не вырашыў, расказваць жонцы пра Юшэвічаў ці не. Ён шкадаваў нервы Таццяны. У апошні час яна ўсё часцей, стараючыся, каб не бачыў муж, піла валяр’янку, глытала таблеткі. Перажытыя ўзрушэнні адбіліся на яе сэрцы. Мачалаў ішоў, не спяшаючыся, па вуліцы. Горкія ўспаміны пра вайну зноў завалодалі ім. Успомнілася і Вольга Ільінічна Васілеўская. Іх зблізіла гора, а шчасце Мачалава, які сустрэў сваю сям’ю, разлучыла іх.
Калі Мачалаў увайшоў у двор, ён так і не вырашыў, казаць жонцы пра Юшэвічаў ці не.
А дома быў перапалох. Усе ўжо даўно чакалі бацьку. Таццяна Андрэеўна тэлефанавала ў шпіталь, і ёй сказалі, што мужа выпісалі яшчэ ў першай палове дня і ён з’ехаў на грузавіку. Жанчына патэлефанавала дзяжурнаму па аддзяленні. Той пацвердзіў, што Мачалаў сапраўды быў у аддзяленні, а затым кудысьці з’ехаў. Убачыўшы Пятра, яна дазволіла дзецям прывітацца з ім, затым дапамагла яму зняць паліто і, хаваючы ўсмешку, сказала:
— А ну, пойдзем са мной, растлумач мне, куды знік, чаму дамоў толькі праз паўдня пасля выпіскі са шпіталя з’явіўся? — І павяла ў суседні пакой, зачыніла за сабой дзверы і нечакана абхапіла рукамі за шыю. — Любы, я так знудзілася па табе! Я так чакала.
Пётр, цалуючы яе, усхвалявана думаў: «Родная, толькі ты можаш вось так кахаць мяне ўсё жыццё! Дарыць гэтулькі дабра, пяшчоты і ласкі!» Ён абняў яе і ціха сказаў:
— Танюша, я таксама вельмі знудзіўся па табе і дзецях. — Ён павярнуўся да дзвярэй і паклікаў: — Ну, што вы там шэпчацеся? Уваходзьце.
Юля і Ваня падышлі і абнялі бацьку. Так і стаялі яны ўчатырох, абняўшыся, і радасць перапаўняла іх сэрцы.
Затым была смачная вячэра, вясёлая гутарка. Так і не сказаў нічога ў той вечар Мачалаў жонцы пра Юшэвічаў.
А назаўтра пачалася аперацыя па затрыманні злачынцаў. Роўна ў восем у невялікім кабінеце Мачалава сабралася ўся аператыўная група. Пётр Пятровіч гаварыў роўным, спакойным голасам:
— Нам з вамі сёння трэба скончыць аперацыю па затрыманні небяспечнай злачыннай групы. — Ён падрабязна расказаў пра задуму злачынцаў, затым паставіў задачу перад кожным супрацоўнікам. Нарада працягвалася роўна гадзіну. У дзевяць ноль-ноль оперработнікі выйшлі з кабінета начальніка. Пачынаўся завяршальны этап аперацыі.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў цывільным загадзя займалі адведзеныя ім пазіцыі.
Мачалаў пакуль заставаўся ў сваім кабінеце. Ён яшчэ і яшчэ раз прадумваў кожную дэталь, кожную дробязь, бо на ім, начальніку міліцыі, які ўзяў на сябе ролю кіраўніка аперацыі, ляжала вялікая адказнасць — захаваць жыццё людзей, на якіх збіраліся напасці злачынцы. Справа ўскладнялася тым, што Каруноў ведаў вадзіцеля аўтобуса, а гэта значыць, што падмяніць яго супрацоўнікам крымінальнага вышуку было немагчыма.
Маёр, глыбока задумаўшыся, сядзеў за сталом. Як быццам пакуль усё ішло добра. Ён рэзка падняўся, падышоў да сейфа, дастаў кабуру з ТТ, прычапіў яе на рэмень штаноў і накіраваўся да паліто, якое вісела ля ўвахода. Але тут нечакана адчынілася дзверы, і ў кабінет нясмела ўвайшла жанчына, а за ёй — мужчына. Абоім было гадоў па трыццаць. Яны прывіталіся, мужчына зняў шапку і спытаў:
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: