Лаўрэн Юрага - Меч Маладзіковага Промня
- Название:Меч Маладзіковага Промня
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Лаўрэн Юрага - Меч Маладзіковага Промня краткое содержание
Меч Маладзіковага Промня - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
На канцы калідора нас ніхто не чакаў. Ды ў гэтым i не было патрэбы — ход заканчваўся глухой гранітнай сцяной. Мы апынуліся ўтупіку. Вычасаная з граніту сцяна была выслігавана да неверагоднае гладкасці і адбівала нашыя абліччы ў бляску насценных паходняў, як люстра.
— Мы прапалі, — сумна азвалася князёўна. — Гэта Зала Чараў. Нам не прайсці праз сцяну без адмысловага сыгнета, які здымае закляцце ўваходу. А такіх сыгнетаў толькі два — у князя Гатарда ды...
— ...ды ў мяне, — закончыў я за яе, здымаючы сталёвую рукаўку.
3 хвілю яна прыглядалася да сыгнета на маім пальцы, пасля ейныя вочы заблішчэлі радасцю:
— Так, гэта ён. Але адкуль...
— Потым! — перапыніў я яе. — Куды што націскаць?
— Проста даткніся сыгнетам да граніту...
Я так і зрабіў. Сцяна набыла празрыстасць i захвалявалася, быццам паверхня возера; за ёю смутна праступілі абрысы прадметаў. Дзяўчына зрабіла крок проста ў гэтую дзіўную каменную ваду:
— ...а цяпер ідзі.
Я таксама ступіў, i мая нага — о, дзіва! — зусім не стрэла супраціву. Праз момант я ўжо стаяў па той бок. Абярнуўшыся, зірнуў на калідор: ззаду пакуль нікога.
— А цяпер закрый уваход, каб ваявода нас не ўбачыў. Зноў дакраніся да сцяны сыгнетам...
Я паслухаўся — i празрыстая паверхня перастала хвалявацца ды дрыжаць... хаця i не страціла сваёй празрыстасці. Якраз у гэты момант з-за рогу калідора паявіўся ваявода са сваімі рыцарамі.Я кінуўся ўбок за заслону, каб не даць сябе заўважыць, але князёўна, што стаяла акурат перад сцяной, разрагаталася:
— Не бойся, вой! Гэта толькі мы іх бачым i чуем. А яны нас — не! Не забывай — гэта Зала Чараў!
Збянтэжаны, я вярнуўся на ранейшае месца. А дзяўчына працягвала:
— Давай паназіраем!
Пагоня падышла амаль усутыч і спынілася. Нас раздзяляла, як здавалася, тонкая i нетрывалая перагародка; не верылася, што мы з Ладзіславай схаваныя для ворагаў. Тым не менш гэта было менавіта так. Адзін з рыцараў стукнуў па сцяне кляйнотам мяча і гукнуў да ваяводы:
— Уваход закрыты — ён бы тут не прайшоў!
— Сам бачу! — злосна буркануў ваявода і, абярнуўшыся, кінуў. — Хадземце далей!
Я перавёў дых: яны сапраўды пайшлі, так нас i не заўважыўшы. Абарочваючыся да Ладзіславы, я быў пачаў гаварыць:
— Ну, усё — можна выбірацца... — ды так і спыніўся на сярэдзіне сказа — дзяўчына стаяла ўся збялелая, а за ёй, трымаючы востры штылет пры ейным горле, стаяў чалавеку пурпуровых шатах.
— Я так не думаю, — сказаў ён, кпліва адказваючы на мае словы. — Бо зараз мы паклічам ваяводу назад. А іначай князёўна памрэ.
— Падумай, што робіш! — гукнуў я. — Калі Чорны Князь даведаецца, што ты забіў ягоную нявесту, ён загадае разадраць цябе коньмі!
Той адно пахітаў галавой:
— Не, ён ужо ведае, што ягоная нявеста здрадзіла яму, уцёкшы з чужынцам-прыхаднем, і ў кожным разе загадае скараць яе разам з табой. Няўжо ж ты думаеш, што княжацкія магі забыліся на сваё ўменне?! Дык глядзі! Вось, што здарыцца, калі ваявода неўзабаве вернецца ў пасадавую залу ды стане перад Князем! — Маг, трымаючы левую руку са штылетам пры горле князёўны, асцярожна зняў правую з шыі дзяўчыны і выцягнуў з навязі на сваім пасе дзіўнае кароткае жазло. Указаўшы гэтым жазлом на процілеглую сцяну, ён прамармытаў нейкі заклён — і на сцяне з'явілася выява. Я ўбачыў галоўную залу, Гатарда на пасадзе і схіленага перад ім ваяводу. Чорны Князь ажно кіпеў ад злосці, і, калі пачаў гаварыць, ягоныя словы загучалі ў мяне ўвушшу. Ён загадваў ваяводу адшукаць нас з князёўнай, грозячы ў процілеглым выпадку аддаць яго самога на катаванні, якія ўжо задумаў для мяне і дзяўчыны. Лёгкі мах жазлом — і выява знікла, а маг працягваў: — Цяпер ты, спадзяюся, разумееш, што ён наадварот азалоціць мяне, калі я дастаўлю вас яму жывымі ці мёртвымі.
Ён, відаць, ужо бачыў сваю ўзнагароду i, мо, сябе самога на месцы Даронта, бо зрок яго крыху затуманіўся, а па твары папаўзла задаволеная ўсмешка. Гэта яго і згубіла, — размарыўшыся, чалавек траціць пільнасць. Адным скокам я дапяў да яго і, заціснуўшы адной рукой ягоную левую руку са штылетам, другой выбіў з правай чароўнае жазло — каб не даць стварыць якое абарончае кудзебства. Князёўна ж, якая толькі і чакала зручнага моманту, упілася зубамі ў кулак, што трымаў зброю. Чараўнік узвыў ад болю, выпусціў зброю, i штылет са звонам пакаціўся па чорных каменных плітах; жазло з выбухам святла ўдарыла ў бліскучую сцяну, пакідаючы на ёй чорна-выпаленую матавую пляму. Я ўдарыў мага сваёй галавой у шаломе проста ў твар, і ён адразу ж страціў прытомнасць ды асеў уніз. Выставіўшы сыгнет перад сабой, я пацягнуў за руку дзяўчыну, i мы скочылі скрозь ізноў міргатлівую паверхню-сцяну.
Прыбегшы на тое месца, дзе сустрэча з ваяводам прымусіла нас збочыць са шляху, мы на хвілю сталі і прыслухаліся. Водгукі жалезнай хады даляталі злева — з калідора, якім мы прайшлі раней. Наперадзе — у напрамку да скарбніцы — пярэйсце, падобна, быў вольны. Асцярожна мы рушылі ўтой бок.
Неўзабаве падышлі да апошняй развілкі. Ладзіслава ўпэўнена скіравалася да галоўнага ходу ды, прайшоўшы да сходаў, спынілася на месцы.
— Глядзі, — звярнулася яна да мяне. — За тым рогам пасля сходаў калідор пашыраецца і вядзе проста, без паваротаў, да пячоры грыфона. Але будзь асцярожны — ужо адтуль ён ужо можа цябе ўвохшыць: у грыфонаў вельмі добрае чуццё на пахі. I яшчэ: ён прыкуты да скалы тоўстым жалезным ланцугом, але гэты ланцуг вельмі даўгі i дазваляе яму перасоўвацца па ўсёй пячоры. Ды, таксама, не глядзі, што грыфон здаецца важкім і нерухавым — насамрэч ён вельмі жвавы i спрытны.
Я спусціўся па сходах, дайшоў да рогу, прыгнуўся, а там стаіўся і пачаў асцярожна красціся — як на паляванні. Што праўда, па калідорах гулялі скразнякі, і я не надта спадзяваўся, што ён мяне не зможа ўчуць. Неўзабаве — па меры таго, як я набліжаўся да канца калідора, — мне ўсё лепей было відаць грыфона. Калі ж я дапяў да ўваходу ў пячору, дык мог ужо бачыць яго ва ўсю аграмадную велічыню. Ён заўважна нерваваўся: відаць, здалёк увохшаў чужацкі пах. Аднак мяне ён яшчэ не бачыў — пэўна, узгадаваны ў цёмнай пячоры, меў зрок не надта добры. Тым болей, што цяпер калідор быў зырка асветлены паходнямі і іхняе полымя павінна было рэзаць яму вочы.
Але ён быў прыгожы. Дакладна такі, як пра яго распавядала Ладзіслава: з ільвінымі лапамі, цмачынымі галавой ды хвастом, i з не надта вялікімі крыламі, троху падобнымі да кажановых. Усё ж дзяўчына не апісала мне тае непаўторнае грацыі, з якой ён рухаў сваё вялікае, але ладна сфармаванае i магутнае лускатае цела; не апісала тае мяккасці крокаў ягоных цяглістых лап, ганарлівае пасадкі рагатае галавы на даўгой, але моцнай і ладнай, шыі. Стала шкада, што, магчыма, прыйдзецца забіць такога прыгажуна. Уздыхнуўшы, я выйшаў з лёху ды спакойна пакіраваў да яго. Я хацеў звярнуцца да прыёмаў утаймавання дзікіх коней, разважыўшы, што грыфон таксама, у пэўным сэнсе, дзікая жывёліна. Ды мой намер не спрацаваў: звер насцярожыўся, уцягнуў ноздрамі паветра i, не пачуўшы знаёмага паху, дыхнуў-шугануў проста ў мяне агнём. Я апярэдзіў яго на драбок: пабачыўшы, што ён набірае шмат паветра, я хутка кульнуўся наперад. У поўным узбраенні кулёк выйшаў няздарна, i я добра-такі выцяўся нізам спіны, але ўсё ж уратаваўся ад лётнага полымя. I тут жа ледзь не быў змецены моцным ударам хваста — дзякаваць багам, грыфон не пацэліў.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: