Лаўрэн Юрага - Меч Маладзіковага Промня
- Название:Меч Маладзіковага Промня
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Лаўрэн Юрага - Меч Маладзіковага Промня краткое содержание
Меч Маладзіковага Промня - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Забава яму спадабалася — цяперака ён нагадваў ката, што палюе на мыш. Ён прысеў на лапах і пачаў падбірацца да мяне, гатовы да кідка. Мне ўявілася, што будзе, калі такая гара абрынецца на мяне зверху, і па спіне прабеглі халодныя дрыжыкі. Дзвюма рукамі я шпурнуўу яго сякеру. Ён адскочыў — але недастаткова шпарка — i сякера ўвайшла яму ў левую лапу. Цяперака ён раз'юшыўся, што, зрэшты, мне і дапамагло. Забыўшыся на ўсё ад ярасці ды болю, ён памкнуў на мяне. Ланцуг грымеў па каменні, сам грыфон роў, шалёна ўзмахваючы сваімі кіпцюрастымі крыламі ды б'ючы хвастом па выкладзенай плітамі падлозе — відовішча ўражвала. Аднак мне дастаткова было толькі скочыць убок перад самым ягоным носам, каб аграмаднае цела бестыі, у паскораным уласным цяжарам руху, пранеслася міма. Я з усіх сіл секануў яго наўздагон мячом па правым боку — ды клінга толькі разляцелася, бы шкляная, ад сутыкнення з цвярдзейшай за сталь грыфонавай луской. Апрача корда, які ніякім чынам не пасаваў для бойкі з бестыяй, у мяне заставаўся толькі Маладзіковы Меч, i я, пакуль звер разварочваўся для новай атакі, выцягнуў яго з похвы за спінаю.
Грыфон, навучаны папярэднім промахам, цяперака ўжо асцярожна падбіраўся да мяне. Я трымаў Меч перад сабою І, робячы падманныя выпады, не даваў зверу напасці. Ён адхінаў назад галаву, баронячы пысу, ды марудна адмахваўся правай лапаю, але было відаць, што без маруджання кінецца на мяне, як толькі я стамлюся. Я пастанавіў яго апярэдзіць — не патраплю, дык, можа, прынамсі, напалохаю. Зрабіўшы падвойны крок, я торкнуў вастрыём мяча ў грыфонаву пысу, цэлячы ў вока. У апошні момант ён тузануў галавой, і лязо трапіла ў ніжнюю сківіцу. Што здарылася далей, цяжка апісаць, бо ўсё адбылося маланкава, і я сам не надта ўцяміў, у чым справа. Калі лязо даткнулася грыфонавае скуры, з таго месца раптам выбліснуў пошуг полымя — нібы ў пачвару ўдарыў пярун. Звер ірвануў галаву назад, вырваўшы завязлы ў сківіцы меч у мяне з рук, і зарыкаў-заенчыў так голасна, што ў мяне ажно загуло ў вушах. Меч жа, тым часам, распаліўся нібы ў кавальскім горне; звер скавытаў гэтак голасна, што мне здавалася, лопне галава. А меч ужо тапіўся-плавіўся, бы залаты кубак, кінуты ў агонь, расплываўся-крапаў распаленымі агністымі кроплямі на падлогу. I разам з тым, як ён плавіўся, змяншаўся ў памерах i грыфон. Я не адразу ўцяміў, што адбываецца — глядзеў i не верыў вачам: звер нібы выгараў з сярэдзіны: ягоная скура пачала курчыцца i ападаць, як быццам тое, што было пад ёй, пажыраў нябачны агонь, або яно папросту рашчынялася ў паветры.
Праз нейкую хвілю ўсё скончылася. Лускатая скура некалі агромністага і велічнага прыгажунагрыфона пакамечанай грудай ляжала на падлозе. Галава бестыі ўжо была толькі пакрытым закасцянелаю рагавіцаю чэрапам; з-пад яе віднеўся край калюжыны застылага металу — усё, што засталося ад Мяча Надзеі майго народу. Відовішча сумнае і незвычайна роспачнае! Я прысеў на падлогу ды маркотна дзівіўся на гэтую карціну, што аб'яднала парэшткі прыгожага звера і аскепкі маёй мары. Ваяру не выпадае кідацца ў роспач, але ўсё, дзеля чаго я жыў і змагаўся, раптам перастала існаваць, ператварылася ў азёрную смугу, ці, дакладней кажучы, у металічную калюжыну. Ззаду ціха падышла Ладзіслава і паклала мне руку на плячо:
— Не сумуй, вой...
— Лёгка сказаць!.. Гэты меч быў тым, дзеля чаго я прыйшоў у Гадор... Меч Маладзіковага Промня... Зоркі сказалі вешчбітам, што я здабуду яго і ўздыму супраць Чорнага Князя, каб вызваліць наш край... — сумна адказаў я. — Але цяперака ўсё страчана...
— Меч Маладзіковага Промня?! — няўцямліва перапытала дзяўчына. — Але ж у цябе яго не было!
— Было. Я ўсё ж такі здабыў яго... Памятаеш той меч, што я насіў за спінаю? Я забіў рыцараў, што былі па яго пасланыя, пераапрануўся ў рыштунак аднаго з іх і забраў чароўную зброю. Але цяперака, бачыш: меч, хоць i перамог грыфона, ды сам растапіўся...
— Але ж ты насіў за спінаю не Маладзіковы Промень, — перарвала мяне князёўна. — Гэта быў Рагнар — рытуальны меч Гатарда, пры дапамозе якога Князь, у прадвызначаны час, звяртаецца да надпрыродных сіл, просячы дараваць яму перамогу над ворагам. Так што, калі табе быў патрэбны не ён, няма сэнсу журбоціцца. Лепей цешся, што ты ўратаваў сваё жыццё, а разам з тым і знішчыў магічную моц ворагаў! Цяперака яны ўжо не змогуць звярнуцца да кудзебстваў, што давалі ім раней заўсёдную перамогу. Бо, калі б сутыкнуліся чары Маладзіковага Промня з кудзебствамі Чорнага Мяча, яшчэ невядома, каторыя б адолелі!..
Адразу, бывае, цяжка даць веры, калі ўяўная параза раптам станецца перамогаю. Аднак сумнявацца не прыходзілася, i пасля тых слоў мая душа пачала напаўняцца радасцю. Я не збіраўся болей марнаваць час на бессэнсоўныя згрызоты — трэба было ізноў брацца за справу! Я борздзенька падхапіўся на ногі, уклаў у похвы дзяржальна разбітага рыцарскага мяча — на ўсялякі выпадак — і сказаў:
— Што ж, князёўна, найперш пакажы мне, дзе месціцца той патаемны выхад з замка, што ты распавядала раней.
XIV
Пакуль дзяўчына вяла мяне праз усю пячору да грота ў дальняй сцяне, я прыняўся яе распытваць пра тое, што цікавіла мяне цяпер найболей:
— Значыць, ты ўсё ведаеш пра Маладзіковы Прамень? Дык, можа, ты знаеш i дзе яго шукаць?
— Канечне! — упэўнена адказала князёўна. — У скарбніцы — я яго там не раз бачыла.
— I што — даруй мне маю недаверлівасць! — ты адразу распазнала Меч з легендаў?
— Так! Бо я калісьці не аднойчы трымала ў руках гэтую зброю. Мой бацька — князь Ваіслаў; ён быў братам захавальніка мяча князя Велеміра, — а я не адзін месяц прабавіла ў замку дзядзькі. Там мяне і паланіў Гатард, калі я апошні раз гасцявала... — дадала яна пасумнелым голасам. — Але, у кожным разе, ты можаш быць пэўны, што ведаю Меч i ягоную гісторыю не горай за якога-небудзь кудзебніка, хоць для іншых людзей гэтыя рэчы і заставаліся таямніцай. Не ведаю, праўда, ці не здагадваецца i Гатард пра чароўныя ўласцівасці Промня — бо надта ж асцярожна з ім абыходзіўся. Але, у кожным разе, Чорны Князь захоўвае яго менавіта сярод здабытых скарбаў, а не ў Зале Чараў. Зрэшты, Гатард i не стаў бы яго ўжываць, пакуль мог карыстацца магічнай моцай свайго раней выпрабаванага мяча Рагнара, але цяперака ўсё можа змяніцца. Чараўнікам спатрэбілася б колькі дзясяткаў год, каб выкаваць новую зброю такой жа кудзебнае сілы, а Гатард напэўна не захоча перапыняць сваю пераможную заваёву на гэтак доўгі час.
— Калі ж гэты меч быў зроблены такім моцным чараваннем, дык чаму ж ён тады растапіўся, ледзь даткнуўшыся грыфона?
— Бо сустрэліся дзве магіі тае самае натуры, скіраваныя адна супраць другой. Я ж табе распавядала, што гадорскі грыфон не быў прыродным. Ён не вылупіўся з яйка, адкладзенага жывымі грыфонамі, а быў штучна выведзены пры дапамозе магіі. I быў абаронены сілаю гэтай магіі. Калі яна ўвайшла ў супрацьдзеянне з магіяй мяча, гэтыя дзве кудзебныя стыхіі знішчылі адна адну.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: