Уладзімір Някляеў - Лапаціна

Тут можно читать онлайн Уладзімір Някляеў - Лапаціна - бесплатно полную версию книги (целиком) без сокращений. Жанр: Прочая старинная литература, год 0101. Здесь Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте лучшей интернет библиотеки ЛибКинг или прочесть краткое содержание (суть), предисловие и аннотацию. Так же сможете купить и скачать торрент в электронном формате fb2, найти и слушать аудиокнигу на русском языке или узнать сколько частей в серии и всего страниц в публикации. Читателям доступно смотреть обложку, картинки, описание и отзывы (комментарии) о произведении.

Уладзімір Някляеў - Лапаціна краткое содержание

Лапаціна - описание и краткое содержание, автор Уладзімір Някляеў, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки LibKing.Ru

Лапаціна - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)

Лапаціна - читать книгу онлайн бесплатно, автор Уладзімір Някляеў
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать

Калі з весткай аб смерці Марты прыскакаў у Крэва ганец, і княгіня Агна зазбіралася ў Наваградак на пахаванне сястры, вярхоўны вяшчун Крыва-Крывэйта паклікаў князя Даўмонта на Перунову гару: «Сам не едзь, князь, і не пускай жонку». «Чаму?» «Бо сам паедзеш на смерць, а жонка твая - на гвалт. Так кажуць багі - і гэтак стаяць зоркі».

Сам Даўмонт не паехаў, не надта й хацелася яму бачыць Міндава, а жонку сваю наравістую на тое, каб не ехала, не ўгаварыў. «Не ведаю, - запярэчыла Агна, - што сказалі багі, але ведаю, што пра мяне людзі казаць будуць, калі з сястрой не развітаюся». І даў ёй князь дружыну ў трыццаць чалавек на чале з малодшым Цітавым сынам Юрам, і выправіў у Наваградак.

У Крэва вярнулася толькі палова дружыны, пабітая і пасечаная. Агна не вярнулася. Юр, які застаўся без правай рукі, распавёў такое, у што нават Ціт, добра зведаўшы Міндава і ў гульбах, і ў сечах, не адразу паверыў. На хаўтурах па Марце вялікі князь плакаў, жаліўся на лёс і на багоў, якія забралі ў яго жонку, а потым выцер слёзы і абвясціў, што перад самай смерцю Марта выказала апошнюю волю сваю: пабрацца князю з яе сяс­трой! І узяў Міндаў сабе ў жонкі Агну, жонку Даўмонта. Гвалтам узяў, як некалі Марту, забіўшы яе мужа Вішымунта. Дык Марта ўсё ж стала ўдавой, а тут - пры жывым мужы.

Ці звар’яцеў вялікі князь, ці гэтак яму самотна пад скон жыцця стала, што ўжо й не ведаў, як павесяліцца, гадаць пра тое мог хто заўгодна, але не Даўмонт. Яму выпадала адно: бараніць свой гонар. А значыць, адпомсціць за абразу. Знішчыць Міндава.

Аднаму нальшанскаму князю было гэта не па сіле, ён пачаў шукаць хаўруснікаў. І знайшоў літоўскага князя Трайната. Як Даўмонт марыў пра помсту, гэтак Трайнат, пляменнік Міндава, марыў пра вялікакняскі пасад. Змовіўшыся, яны сабралі дружыны нібыта для таго, каб дапамагчы Міндаву зваяваць Бранскае княства, але з паўдарогі павярнулі на Альконы. Там, у вусці Сулы, было селішча вялікага князя. Яны прыйшлі ўвечары, на ноч сталі ў лесе, а раніцай напалі...

У дружыне Даўмонта была ўся сям’я Ціта, апроч аднарукага Юра. Сам Ціт, Дан і Віт. Секлі так, што жывых не пакінулі. Міндава забіў сам Даўмонт, сыноў вялікага князя, Рэпіка і Руклю, Ціт з Вітам, а Дан засек Агну. Пакідалі іх, на кавалкі пасечаных, у раку - і рушылі на Навагра­дак. У стальцы вялікага князя Міндава ўжо ведалі пра ягоную пагібель, адчынілі перад Трайнатам і Даўмонтам гарадскую браму.

Помста нараджае толькі помсту, больш нічога яна не нараджае. Трайнат не доўга прабыў на вялікакняскім пасадзе, яго задушылі слугі Міндава. А Войшалак, старэйшы Міндаваў сын, сабраў войска і напаў на Крэва, змусіўшы Даўмонта збегчы ў Пскоў. Там нальшаскі князь ахрысціўся, ажаніўся, стаў князем Цімафеем і па скон жыцця помсціў Літве і Нальшы, насылаючы наезд за наездам, набег за набегам на зямлю бацькоў.

- Бацька, ты не забыўся, што ў Юра няма правай рукі? - спытаў Дан, збіраючыся ў лес. - І ён не ляўша. Дык глядзі, каб не выйшла так, як некалі з Драгавітам... Помніш?

Гэта ўсе ў Крэве помнілі. Малодшы сын Драгавіта быў кволы, слабы ў руках. Драгавіт лёг пад лапаціну і жывы застаўся. Толькі скалечаны. Не рухаўся два гады, пакуль памёр.

Такой долі нікому не пажадаеш. Але Юр хоць і з адной рукой - не кожны здужае яго дзвюма.

- Юр хоць і з адной рукой, але...

Дан, не даслухаўшы, зайшоў у стайню, вывеў жэмайцкага жарабца, якога таксама прыгнаў у абозе са Смаленску.

- Але пагаварыў бы ты, бацька, з вайдэлотам, каб ці Віт замяніў Юра, ці я... Вайдэлот хітры, што-небудзь прыдумае.

- Што ён прыдумае? Па звычаю малодшы сын лапаціць. А калі вай­дэлот парушае звычай, дык які ён вайдэлот?

- Ну, глядзі... Прыдумалі ж вы з ім, як Мілаву не ахвяраваць Ярылу.

Ён скочыў на каня, Ціт узяўся за аброць:

- Ты сам хочаш мяне забіць?

- Не! - бізуном агрэў Дан жарабца, той узвіўся свечкай, ледзь руку Ціту не вырваўшы, і Ціт падумаў услед сярэдняму сыну: “Яшчэ як хоча!..”

Калі Дан прывёў у хату Мілаву, калі Ціт убачыў, як яна, нібы чорную хмару над белым снегам, валасы з грудзей на плечы перакідвае, дык за­шумела ў ім кроў - і першае, што падумаў: «Некаму з нас, ці Дану, ці мне праз смалянку гэтую не жыць». І не адно таму, што Мілава была прыгожая. Дабранега, жонка Ціта, якая памерла, нарадзіўшы яму пяцёх сыноў, з якіх выжылі трое, таксама была гожай. Вельмі. Так што Ціт звык да жаночай прыгажосці. Але ў Дабранезе не было таго, што ён адразу адчуў у Мілаве. Таго, што, мусібыць, Міндаў адчуў у Агне, праз што і ўзяў яе гвалтам на хаўтурах па жонцы. Забраў у Даўмонта. І Ціт, як толькі ўбачыў Мілаву, адчуў яе. І зразумеў, што забярэ яе ў Дана.

І забраў. Але не так, як Міндаў забраў Агну. Не адкрыта, а ўпотай. Як толькі Дан у сваю буду лясную з’ехаў, Ціт узяў смалянку. Яна й не працівілася, бо адчула ў ім, мусібыць, тое, чаго не адчувала ў Дане. І наступным разам, калі Дан з’ехаў у буду, сама да Ціта прыйшла.

Так яны й жылі ўтраіх. Сын са сваёй жонкай і бацька з жонкай сына. Паганца Ціта гэта не мучыла, а Мілава, якая вырасла, выхавалася хрысціянкай, мучылася. І мучыла Ціта. «Гэта грэх. Гэта грэх. Так нельга, так нельга». Які грэх? Чаму нельга? Гэта прырода, жарсць. Куды яна вядзе, туды за ёй ідуць. Звяры, людзі. Апроч таго, яшчэ нядаўна ў нальшанскіх сем’ях і па дзве, і па тры жонкі было. Прадзед Ціта з трыма жыў. Карміў іх, дзяцей карміў - і жыў. Не мог бы карміць - не жыў бы.

Вось цяпер Ціт не толькі Мілаву, нікога карміць не можа - і сыходзіць ад усіх. Кладзецца пад лапаціну. Усё па звычаях продкаў, па спрадвечных законах жыцця, а не па прынесеных аднекуль пісаннях. Хто і дзе іх пісаў? Што ў іх?.. Мілава яму распавяла. Калі па іх жыць, дык чалавеку не павярнуцца. Самому нічога не вырашыць. Нават пра сябе. Вось ён сказаў Мілаве ўчора, што пойдзе пад лапаціну. Яна давай хрысціцца, маліцца. Зноў: «Нельга, нельга. Грэх, грэх. Страшны, смяротны». Чаму? Грэх у запеччы з мышамі жыць! Нават не так грэх, як сорам. А тут які сорам? Ніякі. Перад кім? Ні перад кім. А калі няма сораму, няма граху. А яна сваё: «Перад Богам грэх, які жыццё даў». Ну, калі нават даў, дык цяпер яно маё - і я сам з ім разбяруся. Як вырашу, гэтак і будзе.

Увогуле ўсё, што ў тых пісаннях - для слабых людзей. Не магу, маўляў, пад лапаціну легчы, Бог не дазваляе. Буду ў запеччы з мышамі сядзець. Нездарма Міндаў, моцны чалавек, выракся навязанай яму хрысціянскай веры і вярнуўся да веры паганскай. Веры продкаў.

“Ён здраднік, - казала Мілава. - І асудзіў сябе на мукі вечныя. Бог такога не даруе”.

Калі Ціт першы раз узяў яе, Мілава доўга распавядала яму пра сваё жыццё - і ён слухаў. Ляжаў на спіне, гладзіў яе па валасах, рассыпаных на ягоных грудзях, і слухаў, што яна распавядае. Ніколі раней такога не было, бо каго слухаць? Што можа сказаць жанчына? Таму звычайна ён утаймоўваў плоць, выплёхваў семя - і ўсё. Нацягваў апратку - і ці на працу, ці на вайну. А тут ляжаў і слухаў, здзіўляючыся самому сабе, яе аповеды пра дзяцінства, пра бацькоў, пра яе каханне, пра яе Бога...

Читать дальше
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать


Уладзімір Някляеў читать все книги автора по порядку

Уладзімір Някляеў - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки LibKing.




Лапаціна отзывы


Отзывы читателей о книге Лапаціна, автор: Уладзімір Някляеў. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв или расскажите друзьям

Напишите свой комментарий
x