К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
- Название:Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке) краткое содержание
Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Акцыя зьбiраньня пайшла наперад яшчэ хутчэй, калi ў Парыжы пачала выходзiць газэта "Беларускiя Навiны". Гэта быў першы праменьчык надыходзячага прадвесьня. Для змораных духова беларусаў, што насiлi мундзiры хаўрусьнiцкiх жаўнераў, яна была ня толькi газэтай, але апорай i сымбалем. Быў навязаны ў Парыжы кантакт зь сябрамi Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi, перадусiм-жа з самiм старшынёй Рады БНР - iнжынерам Мiколам Абрамчыкам. Гэткiм чынам выгнанцы з паняволенай Бацькаўшчыны палажылi на чужыне зруб пад першую пасьляваенную нацыянальную грамадзкую арганiзацыю.
4 сакавiка 1946 года ў горадзе Модэна, на поўнач ад Балоньi, 5-я дывiзiя арганiзавала кiрмаш "Казюка". Беларусы ўмела выкарысталi нагоду, правёўшы там канфэрэнцыю беларускiх асяродзьдзяў трэцяй i пятай дывiзiй. Устаноўлена была тактыка дзеяньня й падзелены ролi. Кiраўнiцтва абодвума асяродкамi ў армii было даручана прафэсару Гуку. Ад гэтага часу асаблiвая ўвага зьвернутая была на праваслаўныя багаслужбы па адзьдзелах армii, дзе найлягчэй было выявiць беларусаў. Хапала адно прыслухацца да гутаркi цi польскага акцэнту, каб пад вайсковай вопраткай адшукаць беларускае сэрца. Выяўленьне беларусаў шпарка йшло наперад.
Транспарт "Беларускiх Навiнаў" з Парыжа дастаўляўся ў Рым, адтуль беларусы-вайскоўцы развозiлi iх па адзьдзелах. Намагалiся абмiнаць "двойку" й вайсковую пошту. Карысталiся цывiльнымi адрасамi прыязных iтальянцаў. Якая-ж велiзарная была радасьць атрымаць сьвежую беларускую газэту, асаблiва для тых, хто, прайшоўшы празь Сiбiр i бальшавiцкае пекла, ня мелi нагоды чытаць па-беларуску ад 1939-га году.
Мацавалася, расло й буйнела, такiм чынам, на чужыне першае арганiзаванае беларускае цела. Адно не ставала яму афармленьня, якое прыйшло крыху пазьней зь пераездам у Вялiкую Брытанiю.
ПАДАРОЖЖА СЫМОНА СПАРЫША
I
Зьвяз "кар'ераў" чацьвёртае роты семнаццатага батальёну разьмясьцiўся ў багатага фармара. Часьць войска начавала ў вялiкiм i пустым, прыбудаваным да хаты, трысьцене. Iншая памяшчалася ў палатках. Дзякуючы празорлiвасьцi колькiх жаўнераў, што яшчэ пад час акцый на фронце панацягалi таго-сяго з розных хатаў ды вазiлi ў "кар'ерах", пасьцеляў i iншага гаспадарскага дабытку было ўволю. У гэтым жаўнеры зьвязу былi больш шчасьлiвыя, чымся тыя, што ня мелi свайго транспарту. Усё, што не спатрэбiлася самiм, прадавалi.
Лячылi ваенныя раны. "Лячэньне ранаў" ужываем тут у пераносным значэньнi. Як прыгадвалася раней, у зьвязе на фронце было адно чацьвёра забiтых. Ня было цяжка параненых, якiя патрабавалi-б мэдыцынскай i шпiтальнай апекi. Лячэньнем ранаў быў адпачынак. Трэба было перадыхнуць ад вялiкай буры, якую кожнаму давялося перажыць, падзялiцца ўражаньнямi, падмацавацца фiзiчна. Найбольш часу й трацiлася на тое мацаваньне. Хiба што й слова "мацаваньне" ня зусiм трапнае, бо хiба-ж людзi мацуюцца алькаголем? А яго-ж якраз найбольш i спажывалася цяпер, дый ня простага "б'янка" цi звычайнага фармарскага "россо", а розных лiкёраў, што куплялiся ў Балёнii. У горад езьдзiлi часта, амаль штодня, бо за транспартам ня было затрымкi. Адны ехалi пагуляць, iншыя тое-сёе прадаць на чорным рынку ды купiць напiткаў.
I грошай было ўволю. Пасьля франтавой акцыi прыйшоў загад, каб усе падавалi свае матэрыяльныя страты з часу баёў. Пад "матэрыяльнымi стратамi" разумелася насамперш вопратка й абутак ды ўсякi вайсковы рыштунак. Гэтак кожны стараўся падаць як найбольшую лiсту стратаў, якiх у сапраўднасьцi зусiм ня было. Наадварот, дзе як дзе, а ў зьвязе "кар'ераў" быў прыбытак. Багаж ваенных здабычаў, перавожаных зь месца на месца з прычыны немагчымасьцi адразу iх збыць, уключаў такiя рэчы, як дарагiя хатнiя дываны, сталовае серабро, розную бiжутэрыю. Цяпер-жа адкрывалася магчымасьць прыдбаньня зусiм новых i поўных камплектаў вайсковае вопраткi й абутку. Кожны падаваў максiмальны лiк "страчаных" на фронце рэчаў. Камандзеры ня толькi глядзелi на гэта праз пальцы, але й самi тое-ж рабiлi. Выдаткi-ж пакрывалiся зь кiшэняў ангельскiх, а ня польскiх падаткоўцаў. Дык i чаму-ж не скарыстаць?
- Хiба-ж не за iх ваявалi? Яны-ж i так нас у Ялце Сталiну прадалi, здраднiкi! - Гэтак апраўдвалiся тыя, што наогул лiчылi патрэбным знаходзiць нейкае апраўданьне. Большасьць-жа бяз лiшнiх цырымонiяў i разважаньняў проста карыстала з нагоды. Гэткiм чынам таўсьцелi кiшэнi iтальянскiх спэкулянтаў у Балёнii й iншых гарадох, дзесяткi тысячаў жыхароў Апэнiнскага паўабтоку насiла "батледрэсы" й цяжкi вайсковы абутак, а жаўнеры мелi грошы на алькаголь i жанчын. Да таго-ж i надта прыгожая (сказаў бы нехта - боская) пагода спрыяла таму "мацаваньню". Як-жа было ня жыць!
Старэйшыя ваякi, што прайшлi праз ваенны агонь ад падноска ўверх па халявiне iтальянскага боту, звычайна, пахмялiўшыся, прыгадвалi самыя розныя ваенныя прыгоды.
- Помнiш, як нам горача давялося пад Порто Рэканацi? - пачынаў адзiн, сербануўшы добры глыток алькаголю.
- А пад Осiмо... - не заставаўся ззаду, каб выказацца гэроем, другi.
- Нiдзе такога вы ня бачылi, як мне ўляпiлi пад Прэдапiё, калi я з "кар'ерам" папаў у самую гушчу швабскiх пазыцыяў...
- А цi-ж вы забылiся пра Губiё?
Гэткiм ладам пачыналася няскончаная тэма. Малявалiся самыя пiкантныя дробязi баёў, якiя маглi быць, i гэройства, якога ня было; нiколi нiхто ня прыгадваў аб страху, якi апаноўвае амаль кожнага жаўнера пад час вялiкiх выпрабаваньняў. Прыпiсвалiся сабе бязьмежная адвага, хiтрасьць i вынаходлiвасьць. Расла слава ў меру пусьценьня алькагольных пляшак i множылiся тузiнамi гэроi.
Звычайна пасьля рэляцыяў аб ваенным гэройстве пераходзiлi да адвечна старой i вечна новай тэмы аб жанчынах. Тут ужо больш выхвалялi ня гэройства, а вытрываласьць. Выхвалялiся й параўноўвалi тыпы й прыгаство розных сустраканых ня толькi ў Iталii, але i ў Афрыцы й Азii жанчын. Ня ведаючы, хто гаворыць, слухач збоку мог-бы ўявiць памылкова, што чуе гутарку нейкiх арабскiх шэйхаў цi пашоў - валадароў вялiкiх гарэмаў. Аб якiх-жа тонкасьцях артыстызму каханьня толькi не распавядалася!
Характэрнае палякам перабольшваньне й перабiраньне ва ўсiм меркi тут мела самыя цьвёрдыя правы грамадзянства. Тое, што магло-б быць недаравальным у iншых, скажам, мiрных абставiнах, тут прымалася за нармальнае й штодзённае. Як-нiяк гэтыя-ж людзi, як прывыклi гаварыць у Беларусi, "не з аднае печы хлеб елi".
Пасьля шматразовага паўтараньня тых самых гiсторыяў аб гэройстве ды аб здабычах на фронце амораў па нейкiм часе лгуны самi станавiлiся першымi ахвярамi собскае маны. Былi ўжо няздольнымi адрознiць праўду ад хлусьнi, фактаў ад фантазii.
II
Сымон Спарыш трымаўся ад "гэрояў" збоку. Ня тое каб ня мог зь iмi зжыцца. Проста ня лiчыў патрэбным. Мяркаваў, што ў роце быў часовым госьцем, што будучыня прынясе нейкiя магчымасьцi iншых выбараў - цi то прадаўжэньне цывiльнае навукi, цi проста вайсковага шкаленьня. Людзi былi для яго чужымi як нацыянальнасьцю, так i рознымi зацiкаўленьнямi.Тыя-ж, убачыўшы, што хлапец быў маўклiвы, звычайна павольны й задумлiвы, вырашылi, што навiчок быў проста нейкiм дзiваком, i глядзелi на яго як на непрыналежнага да цясьнейшай кампанii. Iншыя, што менш ведалi Сымона - бо не маглi-ж яго пазнаць за кароткi час сумеснага жыцьця, - думалi, што юнак быў слабаадукаваны дый наогул маларазьвiты. Прыблiзна такога пагляду трымаўся й камандзер зьвязу. Быў гэта малажавы афiцэр, наскрозь франтавiк. З жаўнерамi жыў па-сяброўску й адносiўся да iх больш як да калегаў, чымся як да падуладных. Магчыма, ад гэтых "гэрояў" i пераняў ён пагляд адносна Сымона.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: