Павел Гаспадыніч - Сляза ляза
- Название:Сляза ляза
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:Литагент Ридеро
- Год:неизвестен
- ISBN:9785448374463
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Павел Гаспадыніч - Сляза ляза краткое содержание
Сляза ляза - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Цяжарнасць
Птушка-ноч распрастала крылы,
Зоркі-пёркі пападалі ў сны…
Пожняй стомленай поўня застыла
У адбітках на нырках вады…
Задухмянай задухі шыпшына
Калыхае мацункі любві…
Конік чорны хрупоніць няспынна
І пяшчоцяцца веццем сады…
Птушка-ноч прамільгнула і сплыла:
Росны водар абняў паплавы…
Золкам волкім пад сэрцам круціла
Патаўсцелай, цяжарнай зямлі…
«калі лісце над крыжам пажоўкне…»
калі лісце над крыжам пажоўкне
гэта будзе, напэўна, субота.
дзень калі ад сусвету ты вольны
і як восень – безабаронны
калі лісце над крыжам змярцвее
то надыйдуць, хутчэй, снегавеі.
дні, дзе холад дарэшты наспее
ў непрабудных абдымках Марфея.
калі лісця над крыжам ня будзе,
груганы завітаюць, не людзі,
да сірочай магілкі што ў смузе
лісцем цісне на вочы, на грудзі…
Да вытокаў
на схоне лета душа
да вытокаў вяртаецца
павольным узмахам
крыла
матыля
які ад нараджэння жыве
для агня
не больш за імгненне
дзідай трызнення
што скрозь брамы
ўяўлення
пранізае часу прасторы
пакуль у павуцінне
нябыту не згіне
нібы на страчанай векам карціне
водар язьміну…
вочы вусеня бачаць
час сваёй смерці
час сталення, калі выраслі дзеці
ды жадання апошняга мэты
матыльком праляцець
скрозь планету,
за душой палымнянаю лета
на акрайцы асадцы паэта
недзе там, дзе вытокі радкоў
ператвараюцца
з вусеняў
у матылькоў.
«Апранулася восень у шалік лістоў…»
Апранулася восень у шалік лістоў,
у сукенку пажоўклага свету…
Капялюшык з халодна-гуллівых вятроў
Пасуе ёй, а мне так нясцерпна…
Нібы з лесу вярнуліся сны
пра герояў паўстання у Слуцку,
Быццам нас не знайшлі змагары,
Што жыццё аддалі у пакутах…
Апранулася восень у дождж,
Капялюшык крывёй набрынялы..
Побач з намі, вакол ды і ўздоўж
успамін пра Радзіму апалы…
Менчанка
Не Кракаў, не Варшава, не Залессе…
Гародня? Не… Не Беласток…
Вілейка мо? Ці Брэст? Палессе?
Ад Менску ўсё бярэ выток…
Не Вільні светач… Талін? Рыга?
Ці Прагі златай голас-звон?
Вясновай светлаю адлігай
На Менскі узыходзіш трон…
Адкуль? З чаго? Яны паўсталі,
Красой тваёй з’яднаны ў міг.
І Крэўным Знічам заблішчалі,
Як быццам Вечнасці уздых…
Ан не… І ўсё ж такі, канечне,
Радзімы светлае крыло
Варшаву, Кракаў і Залессе
Даруе мне сталічным сном.
Варажбіт
Сполахам роснага ранку
На тонях жыццёвага сну
Апусціцца чэрвенем з ганку
Цень, закаханы ў вясну.
Той цень, што насёння ссівелы,
Вядзьмак з прамінулых часоў,
Той цень, што пакінуў насенне
Пракляццю наступных гадоў.
Нібыта стары з барадою,
Бялюткаю цнотай святых,
Малітвай як быццам вадою
Змывае душы твой пухір.
Нябёсныя сёстры старога —
Агнёвыя зоркі ўначы, —
Бы Паркі ткуць лёс твой нанова
Ў старыцах сцішэлай душы.
Каб ранкам малочна-празрыстым
Згадаліся прашчураў дні
У чэрвеньскім ўбранні квяцістым
Слязой залатою вясны.
Перадсвітальнае
Знікае цемра спакваля,
Нібы ўздымаецца зямля
Пад спевы ў бэзе салаўя,
Ляціць да зорак нерухомых,
Празрыстых, чыстых, ёй знаёмых,
Якія свецяць матылям —
Табе і мне, сябрам, бацькам…
І вось трымаецца рука
За рог таго маладзіка,
Які люляў-спяваў нам сон,
Дзе залаты усмешны гном
Нас веў у панства аксіём:
Што ўсё-ўсё на свеце ёсць—
І добры эльф, і хцівы цмок.
А мы паверылі з табой,
Пацалаваныя вясной,
Што далягляд – наш вечны дзень…
Страчалі срэбраны прамень,
З Душы скідаючы камень
Цямнотаў ночы праз агмень
З дзяцінства светлых аксіём:
Ты – чараўніца, а я гном,
І пераможам мы той гром,
Што называюць людзі лёсам,
Бо лёс у нас – шаптанне сосен,
Бярозак светлых ціш увосень,
Блакіт глыбінны ўсіх нябёсаў,
Якія маем у Душы,
Што падарылі нам буслы,
Крылом сваім нас ахрысціўшы…
…«Бывай» аднойчы абраніўшы,
Парушыла ўвесь наш свет.
І цемра зноў паміж камет,
Нібы табой прайграны сэт,
Гумовым мячыкам нясецца,
Апошняй лічбай сэрца рвецца,
Душа сасмяглая смяецца,
Паразу болем не прыняўшы…
Аднойчы я цябе спаткаўшы,
Нібы як Зеўс, Еўропу скраўшы,
Ды падмануўся, бач ты, сам —
І ўсхваляваны Акіян
Ахутаў хваляй забыцця.
А цемра знікла спакваля,
Калі ўздымалася зямля
Пад спевы ў бэзе салаўя
І сон згарэлы матыля…
«З далоні выпадае…»
З далоні выпадае
Агеньчык —
Канае,
Усміхаецца…
Свет на тых падзяляецца
Хто
Шточас ці не
Нараджаецца
У кожным з такіх
Агеньчыкаў.
«Дарога мяне вывела да пячоры…»
Дарога мяне вывела да пячоры,
Ля якой сыкалі пачварныя гады:
Так карціла схавацца ад палячага сонца.
Але перш трэба пацалаваць змяю.
***
Агонь з нябёсаў, сэрца, прымі,
Дашчэнту ў пакутах і смазе згары.
Жыццё несупынна і ўслед за табой
Нехта ідзе, мой сябра, зірні!
Зімовы дождж
Зімовы дождж – па шыбах слёзы…
На крушнях волкі ночы цень.
Твой шлях адсіверны мімозы
Ўсцілаюць зоркамі надзей…
Надзей няўцямных, кволых, стылых,
Нібы зімовы снежня дождж…
На ўскрайку лога чэзне-гіне
Жытнёвай веры памяць-смоўж.
Вандроўнік часу – дух прыгодаў
І той па ночы спруцянеў.
Зімовы дождж – праклён народаў,
Якіх няма…
ужо…
цяпер…
Завея глея
Глей, як алей, між дажджоў і завей.
Раз'юшаным ветрам
Нібыта сурвэткай
Свет атуляе, святло ахінае
Радзіму рачулак сваю пакідае.
Снегам прыветным у месяцы кветным
Красуе чароўна
Лунаючы ў чоўне
Вясна-паланянка, гуллівая панка,
Аздоблена часам увечары і ўранку.
А там у прыполлі стракатае волі
Нерушам веры
Як сцягам галеры
Паветрам духмяным красуюць аеры,
Узгадаваны завеяй і глеем.
«Адхланнем неспатольнае вясны…»
Адхланнем неспатольнае вясны
Душа пялёсткам раскашуе,
На ўзлеску Белае Русі
Пан Бог ліцьвінам моц даруе.
І Страцім-Лебедзь паляціць
Пад перазвон Пагоні вольнай,
А сэрца полымем трымціць
нікім ніколі нескароным!
«У завеі тваіх валасоў…»
У завеі тваіх валасоў
Адыйду, забудуся, знікну…
І пад бой хмарных думак-часоў
Праплыву шэрым лебедзем дзікім.
У вачах твайго сэрца – туман,
У руках тваех пекных – жар-птушка.
Не шукай ў мяне слоў – то падман,
Ды жыццё без цябе – болю стужка.
Интервал:
Закладка: