Кузьма Черный - Прасторны дом (на белорусском языке)
- Название:Прасторны дом (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Кузьма Черный - Прасторны дом (на белорусском языке) краткое содержание
Прасторны дом (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Черный Кузьма
Прасторны дом (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Прасторны дом
На ўваходзiнах у новы дом, увосень, гадоў за сем да вайны, Банадысь Татарынчык добра падпiў i расказваў:
- От бо даўней людзi ўмелi выбiраць моцнае дрэва на будоўлю. Той старой хаце, што некалi стаяла на гэтым самым пляцы, было год семдзесят, калi я раскiдаў яе. I яшчэ не сказаць, каб вельмi ўжо трухлявая была. Мой нябожчык бацька быў малы, калi яе ставiлi. А я дык за свой век ужо другi дом стаўлю. А мне ж усяго пяцьдзесят шэсць гадоў.
Але Банадысю было абы пагаварыць, а ўсiм абы паслухаць. Усе, хто быў тады за сталом, многа пiлi, многа елi i надоўга пачалi гаворку пра будаўнiчую спрактыкаванасць старых людзей i пра мацунак сцен са смольнай хвоi. А Банадысёў сусед Уладзя Якубоўскi сказаў:
- Даўнейшым часам хвоя ў лесе смальнейшая расла.
Пасля гэтага ўсе засмяялiся i гаворка пачала хiлiцца на iншае. Гаварылi пра Банадысёвы справы i яго новы дом, якi ён паставiў зусiм не таму, што той ранейшы быў ужо стары. Банадысь слухаў людскую гаворку, i ў душы яго было многа радасцi. Справы яго былi вельмi добрыя. I новы дом яго быў вельмi добры. I ўсё жытло яго трымалася ў дабрынi.
Першымi часамi пасля рэвалюцыi ён раскiдаў старую цесную хату i на яе месцы паставiў дом. Той дом стаяў год трынаццаць. I стаў здавацца цесны. Нарэшце ён быў ужо мала чым выгаднейшы за тую старую хату. Тады Банадысь Татарынчык паставiў гэты дом, вялiкi i выгодны.
У Банадыся было шасцёра дзяцей. Усе яны выгадавалiся i пайшлi на добры лад. Самы старэйшы яго сын, Канстанцiн, скончыў у Менску ўнiверсiтэт i астаўся пры iм давучвацца i працаваць. Год за годам, i ён стаў вучоным. Яго iмя часта сустракалася ў газетах, калi дзе што пiсалася аб унiверсiтэце, аб Акадэмii навук, аб справах навукi. Ён быў жанаты i кожным летам прыязджаў да бацькi з жонкаю i дзвюма дзяўчаткамi. Прыязджала i сям'я другога сына, машынiста з чыгункi. У гэтага было чацвёра дзяцей. Трэцяя з дзяцей, Ганна, была замужам за кавалём, тут жа па суседству, праз дзве хаты. У гэтай было трое дзяцей. Чацвёртая, Наста, была настаўнiца i таксама прыязджала ўлетку з мужам, будаўнiком мастоў, i трыма дзецьмi. Пяты сын быў заатэхнiк. Гэты жыў дома з бацькам, i на яго клопаце была ўся жывёла ў калгасе. Самая ж маладзейшая з дзяцей, Клава, была вечная трывога Банадысю Татарынчыку. Заўсёды ён думаў пра яе як пра асобу вельмi легкадумную i без усялякай сталасцi. Калiсьцi яна кiнула, не давучыўшыся, педагагiчны тэхнiкум, прагнучы нейкай "артыстычнай славы на эстрадзе", як сама тлумачыла бацьку. Яна мала калi бывала дома. Яна часта пераязджала жыць з горада ў горад. Даходзiлi чуткi, што яна нiяк не можа выбраць сабе працы i не набыла сталай прафесii. Яна была вялiкая моднiца. Банадысь Татарынчык нiяк не мог уцямiць, чаму яна не пайшла замуж. Ён злаваў на яе i сумаваў па ёй, як па страчаным сваiм дзiцяцi. Яна нейк i гаварыць старалася з асаблiвым акцэнтам i iнтанацыяй i нарэшце стала ўяўляцца Банадысю як бы чужой.
Пасля ўваходзiн у новы дом адразу пачалося ў iм жыццё на поўную меру. Асаблiва гэта было ўлетку, калi ўсе сюды з'язджалiся. Тут было многа дзяцей i многа шчаслiвага жаночага клопату. Канстанцiн прыязджаў сюды i зiмою, пiсаць свае навуковыя працы. Дом вельмi хутка абжыўся, i пачало здавацца, што ён стаiць ужо вельмi даўно. Усё было б як не трэба лепш, каб не думкi аб Клаве, якая была нейкая нялюдская. Дайшлi былi чуткi, што яна вельмi часта зменьвае сваю працу i нiчога не можа дабраць сабе да густу, бо i густы яе часта зменьваюцца. Банадысь пачаў нарэшце спадзявацца, што ў яе можа нарадзiцца дзiця i яна прыедзе гадаваць яго дома. Але прыйшоў момант, што яна i без дзiцяцi явiлася дадому.
Гэта быў страшны час у жыццi Банадыся Татарынчыка. Яго вялiкi дом быў пусты, з усiх яго пакояў павявала пустэчай. Сам Банадысь з жонкай жыў у кухнi. Улетку не прыязджалi дзецi, унукi, i невядома было, дзе яны i што з iмi. Вядома было толькi, што сын, якi жыў дома, у армii. А дачку, кавалёву жонку, забiлi фашысты, калi забiралi жывёлу. Сам каваль, забраўшы з сабою дзяцей, пайшоў туляцца ў лясы. У доме панавала маўчанне. А тут жа заўсёды было так людна i весела. У гэтым доме Канстанцiн напiсаў быў за лета кнiгу. Тут радзiлася адно з дзяцей у дачкi-настаўнiцы. Банадыся палохала нязвыклая цiшыня пустых сцен. Ён усё чакаў, што якiм-небудзь патаемным парадкам пачнуць прыходзiць дзецi. I яшчэ ён чакаў, пакуль знiкнуць адсюль немцы. Тады ўжо напэўна ўсе пазбiраюцца ў свой прасторны дом. У такiм чаканнi памерла жонка, старая ўжо жанчына. Ён жыў адзiн, бесперапынна курыў i пiльнаваў дом. Ён зберагаў яго на лепшы час, калi ўсе, шчаслiвыя, збяруцца разам. I вось прыйшла Клава. Банадысь накурыў гэтулькi дыму ў сваёй кухнi, што яна спынiлася ў парозе як бы збянтэжаная. Нават i ў такiм сваiм стане ён усцешыўся хараством сваёй дачкi, якое было цяпер яшчэ большым, як заўсёды раней, i сапраўдным, чалавечным. У яе цяпер не былi падмалёваны губы, i гаварыла яна проста, так, як умела змалку. Яна была адзета прасцей, i не было ў яе крыклiвай самаўпэўненасцi.
Вялiкая радасць скалынула Банадысёву душу. Ён абняў Клаву i стаў распытваць. Вось што яна сказала:
- Я ледзьве жыла. Ужо доўга-доўга я жыла галодная i тулялася, каб немцы не пагналi мяне ў Германiю на работу. А раней да цябе прыйсцi я баялася: гэта ж такая дарога, сотнi кiламетраў. А было чутно, што i тут гоняць у Германiю.
Ён пачаў кармiць яе. Пакуль яна ела, ён не спускаў з яе, маўклiвай, вачэй i ўяўляў сабе, што гэта яна, як некалi, малая сядзiць за сталом i чакае яго ласкi i добрага бацькаўскага слова.
Але яна ўжо не была малая. Яна цiха жыла з бацькам i адпачывала душой i целам. Яна адаспалася i папрутчэла ўсiм сваiм рухам i голасам. Так прайшло, можа, з месяц, i ў вёсцы спынiлiся на пастой немцы. Вялiкi Банадысёў дом нагледзелi сабе афiцэры. Iх было, маладых i старэйшых, сем чалавек. А пры iх былi салдаты. Такiм парадкам дом заняло ўсяго дзевятнаццаць немцаў. Яны занялi ўсе пакоi, кухню, сенцы i халодны пакой пры сенцах. Яны пахвалiлi гаспадара за прасторны i выгодны дом. У адной толькi кухнi магло б жыць дзесяць чалавек.
Немцы занялi дом зранку. Вiдно было, што яны заўважылi i хараство гаспадаровай дачкi. Сумятня ў доме пачала сцiхаць. Салдаты ў кухнi пачалi рыхтаваць абед. Афiцэры ўладжвалiся ў пакоях i раскладалi свае рэчы. Банадысь, сам не свой, стаяў у адчыненых дзвярах з сянец на двор. Клава сядзела ў сенцах. Малады немец раз-поразу хадзiў з пакояў на двор i з двара ў пакоi. Праходзячы праз сенцы, ён кожны раз прагнымi вачыма акiдаў Клаву, i магнасць да яе прымушала яго заўсёды сцiшваць хаду каля яе. Банадысь не спускаў з яго вачэй. А ён усё выносiў на двор вытрасаць нейкiя чамаданы, паперы, адзежу. Нарэшце Клава заўважыла цi адчула на сабе ўвагу гэтага немца. Яна акiнула яго вачыма, i позiркi iх спаткалiся. Банадысь стаяў як прыкаваны да пакуты. I тут адбылася страшная рэч. Немец на адзiн момант спынiўся ля Клавы i ўсмiхнуўся ёй. Банадысь акамянеў, i яму цяжка стала дыхаць. Ён убачыў: Клава ўсмiхнулася немцу. Немец злавiў яе ўсмешку i рушыў у пакоi, каб праз паўхвiлiны зноў iсцi праз сенцы i зноў есцi вачыма Клаву.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: