Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Тарас! Дровы вашы залiшне сухiя. Не трэба такi агонь. Усё папалiць. Знайдзiце сырэйшыя дровы.
Тады Iра нечакана для сябе самой прапанавала:
- Тарас! Хадзем купацца.
Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянцiны Андрэеўны. Мацi што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Iра? Тая Iра, якая чырванела i абуралася, калi пры ёй пачыналi размову пра каханне, хлопцаў-жанiхоў, замужжа. Малодшы Славiк сваiмi бесцырымоннымi жартамi часта даводзiў яе да слёз. А яна, Валянцiна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:
"Боязна мне за Iрку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзiмая. Дваццаць год, а яна што дзiця. Баюся, не выйсцi ёй замуж. Шчэ гэтая блiзарукасць".
"Выйдзе", - адказваў аптымiст Шыковiч.
Жонка папракала:
"Не думаеш ты пра дзяцей".
"Калi мы абое пачнём гэтулькi думаць, як ты, замнога ўвагi iм будзе. Лепш навучы яе суп варыць".
Iра нават з iмi, жанчынамi, не надта ахвотна хадзiла купацца. Больш адна. А пры мужчынах нiколi не скiдала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнiкi.
I раптам яна запрашае хлопца iсцi купацца. Удваiх? Валянцiна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Iрай?
- Я ўжо купаўся, - адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.
У гэты момант Галiна Адамаўна папрасiла яго схадзiць па ваду. Ваду для пiцця i стравы бралi ў ляснiцтве.
- Давайце я прынясу, - адгукнулася Iра.
Схапiла вёдры i пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фiзiчнай працы. Мацi, здзiўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсiх другiх, глядзела ёй услед. I раптам зiхнула думка: Iра, яе Iра закахана ў Тараса. Гэта так вiдавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нiчога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула сапернiцу... I знiкла сарамлiвасць, замкнутасць усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянцiне Андрэеўне стала i радасна, i балюча, i боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносiцца да Iры? Яна, мацi, лiчыла б за шчасце, каб такi хлапчына, разумны, стрыманы, разважлiвы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Iрынiна каханне толькi сёння? Навошта з'явiлася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля iх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца цi лавiць рыбу.
Iра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкi на твар, выцерлася i далучылася да жанчын.
- Што мне рабiць, мама?
Што ёй рабiць? Ёй так захацелася рабiць, абы застацца тут. У Валянцiны Андрэеўны сцiснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сiлу, як няўмела выхоўвала сваiх дзяцей. Якую даць работу, каб Iра магла рабiць яе з такiм жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позiрк непрыгожая, а ў сапраўднасцi элегантная, менавiта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць i трымацца?
- Хадзем дроў напiлуем, - сказаў Iры Тарас.
- Дровы? - здзiвiлася яна, але тут жа згадзiлася.
Валянцiна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пiлаваць, бо нiколi ў жыццi не бралася за пiлу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, мацi, глядзець i параўноўваць, як працуе Iра i гэтая залатая чарадзейка. На мiг адступiлi некуды захапленне i любаванне дзяўчынай i з'явiлася раўнiвая непрыязь да яе. Агiднае пачуццё. Ёй, настаўнiцы, зрабiлася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павiнна быць шчырай i аб'ектыўнай.
А другая жанчына - Галiна Адамаўна - у гэты момант думала:
"Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзiў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калi ён прывёз яе, каб пазнаёмiць з Тарасам, то, значыцца, нiчога ў iх не было, яна добрая дзяўчына, i мне варта прылашчыць яе".
Паднялося над лесам сонца - i ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкi марскi прыбой. Знiкала ранiшняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялiзнае блакiтнае шкло. Не было душна, як некалькi апошнiх дзён. Аднак сонца палiла няшчадна. Доўга чакалi рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлi.
Снедалi пад дубамi.
Шыковiч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсцi лязо для брытвы, хоць добра помнiў, што прывозiў iх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу - i адразу падабрэў. Валянцiне Андрэеўне, разважлiвай, спакойнай, якая нiколi не раўнавала беспадстаўна, стала смешна i сумна. З iронiяй назiрала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай - за Тарасам i Iрай. Каб толькi залатая чараўнiца не падзейнiчала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.
А ў Галiны Адамаўны, калi яна ўбачыла, як загарэўся Шыковiч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая фiласофiя: мужчыны - што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. I яна ўжо амаль ненавiдзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.
Шумелi дубы. Церушылiся на стол, у талеркi i шклянкi тонкiя сухiя галiнкi, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы лiст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.
Ва ўсiх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа i па-дзiцячы прыгожа. Шыковiч любiў такую здаровую, "эстэтычную", як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы мацi, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад "Запiсак вучанiцы". I раз-пораз выбухала такiм залiвiстым смехам, што i ўсе дарослыя смяялiся, хоць i не ведалi, што там, у кнiзе.
- Ох, не магу! Памру, - дрыгала Наташа пад сталом нагамi. - Усё, як у нашым класе.
- Наташка, не крыўляйся.
- Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталi, дзядзька Кiрыла?
- Не.
- Вы нiчога не чытаеце. Самi пiшаце, а нiчога не чытаеце.
- Наташа!
- Правiльна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бi, - ухвалiла Валянцiна Андрэеўна.
- Валя! Ёсць i другiя правiлы для дзяцей.
- А я чытала - i нiчога там смешнага.
- Бо ты, Iрка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.
- Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Iдзi прэч, - узлавалася Галiна Адамаўна.
- Не трэба, Галя, - папрасiў Шыковiч. - Усе людзi павiнны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносiнах!
- Быў бы поўны хаос, тата.
- А я чытаю мала, - уздыхнула Маша.
- Чаму? - спытаў Шыковiч.
- Не ведаю. А вы - чаму?
- Я? - Ён засмяяўся. - Дзiця маё, я мала чытаю такiя кнiжкi, якiя чытае Наташа. Але колькi я чытаю другiх, часам такiх, над якiмi Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапiсаў! Я аслеп ад рукапiсаў. А цяпер яшчэ ад архiўных дакументаў. У мяне цяжкi жанр - дакументальны. Не толькi праца пiсьменнiка, але i гiсторыка, - ён уздыхнуў.
Валянцiна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкi лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланiць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкi.
Шыковiч, памогшы Тарасу вынесцi пад дубы амаль усе сталы, якiя былi на дачы, пайшоў дапiсваць артыкул. Тарас i Наташа панеслi рыбакам снеданне.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: