Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Што ў вас, хлопчыкi? Можа, чаго не хапае?
- Не. Дзякуем, Валянцiна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачалiся. Якая каманда сёння выйграе.
"Здзекуецца, гад", - ажно перасмыкнула Славiка. Ён налiў сабе таго ж паганага вiна i дэманстратыўна, на злосць усiм, выплеснуў у рот.
Маша, якая чула ўсю iх размову, цiха сказала:
- Ты задзiрысты певень.
- А ты рыжая курыца.
Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славiка ўжо залез чорцiк: хлопцу хацелася ўсiх крыўдзiць i каб да яго таксама чаплялiся. Тое, што Маша не пакрыўдзiлася за "рыжую курыцу", трохi абяззброiла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.
- Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальнiка змены, iнжынера - нам, рабочым!.. Яго iнстытут не выхаваў, - даводзiў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з iх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) - Васiль Лапацiн. Ён прыехаў з жонкай. Славiк заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамлiва, а мужу падкладвала смачнейшыя i большыя кавалкi i ўвесь час непрыкметна падлiвала вiна. Ён выпiваў цiшком, як ваду. Славiка гэта развесялiла.
"Вунь вашы праведнiкi як дзейнiчаюць", - хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Iванам.
- Талстоўская фiласофiя ў цябе. Часам трэба i па мордзе даць.
"Пра мяне, гады. Паспрабуй даць".
- Я Волгу пераплываў...
- Дзе? Каля вытоку?
Самыя малодшыя, сярод iх i Вiктар, жартуюць на другiм канцы стала, у iх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.
"Нецiкава. Я вырас з гэтых штаноў".
- Наташка, наелася? Бяжы гуляй.
- Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хiба не ведаеш?
- Гасцiнная натура!
- Аднойчы на iмянiны яна запрасiла два класы - свой i паралельны. Помнiш, Антон?
- У нас Славiк быў такi.
"Быў... Быццам мяне пахавалi".
- Хлопчыкi, ешце. Усё, што на стале, павiнна быць з'едзена. Кiрыла, прапануй тост.
- Праўда, ён цiкавы, Косця? Як цыган. Глядзi, якiя вочы. Як вуглi. А зубы якiя!
"Наiўна, але правiльна, сястра. Хвалi другiх, каб адвесцi ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй".
Славiку рабiлася нудна, i ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся блiжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагi. Яна строга глянула на яго i адсунулася да Iры.
Яраш з цiкавасцю прыглядаўся да моладзi. Пасля размовы з Машай, калi ён адчуў раптам разрыў памiж такiмi, як яна, i сабой, яго зацiкавiла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санiтаркi... Але сябры Тараса асаблiва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.
Пакiнуўшы Майзiса i яго жонку, якая стаiла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамi па выкашаным лузе мяч, спаборнiчаў у плаваннi, загараў. Услухоўваўся ў iх размовы. Але на адпачынку словы i думкi былi лёгкiя, як той мяч, што ганялi. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганiзаваць такую размову. Пастукаў вiдэльцам па пляшцы, просячы цiшынi. Моладзь адразу ўгаманiлася, бадай, хутчэй, чым перад тостамi Шыковiча.
- Хвiлiначку, сябры. Сумнавата робiцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго iмкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кiрылам Васiльевiчам хiтрага намеру - выпытаць пра вашы мары. Мы тут з iм часта спрачалiся наконт iдэалаў маладога пакалення. Толькi ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.
- А Кiрыла Васiльевiч?
- Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калi ем...
- То глух i нем. Адно мурлыкаю, як кот.
Засмяялiся, заварушылiся, трохi ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хiба мала iх, мар? А якая галоўная?
Славiк хмыкнуў. I здзейснiў намер, якi з'явiўся хвiлiн колькi назад: апусцiў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:
- Славiк, схопiш аплявуху.
Iра здагадалася, што ён зрабiў, i вочы яе пад шкламi акуляраў сталi жоўтымi ад гневу.
- Славiк! Паскуда! Я маме скажу.
- Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.
Бацькi ўжо звярнулi ўвагу на iх злоснае перашэптванне. Валянцiна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасiла:
- Прынясi, сыне, пiва з пограба.
- Чакай, паслухаю людзей будучага.
- Дык хто пачне, хлопцы? - запрашаў Яраш.
- Косця! - падказала жонка Лапацiна.
Той самы Косця, якiм захаплялася Iра, маленькi, рухавы, смяшлiвы i самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнiк. Чорныя вочы яго загарэлiся, як вугалькi. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.
- Сядайце, Косця. Што вы! - адразу запярэчыла Валянцiна Андрэеўна. - Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьмiч, пачнi.
- Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калi мне было столькi ж гадоў. Параўнаем...
- Я скажу, - адгукнуўся Косця. - Я думаю пра ўсё... Пра дзяўчат...
- Вось гэта шчыра! - засмяяўся Славiк.
Але яго смеху не падтрымалi, можа, таму, што Косця тут жа запэўнiў горача, з дзiцячай непасрэднасцю:
- Я хораша думаю пра дзяўчат... Жанчына дае жыццё i красiць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмiчныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьцi не хочацца ляцець туды.
- Баiшся? - зноў гукнуў Славiк i быў рады, што ў гэты раз выклiкаў смех.
- Не, не баюся. Але я люблю зямлю... дрэвы i кветкi. Для мяне найвялiкшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунiзме ўсе людзi павiнны жыць сярод дрэў i кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя...
- Правiльна! Я таксама за тое, каб усе сталi дачнiкамi.
- Слава! Вылецiш з-за стала, як корак з бутэлькi, - не стрымаўся ўрэшце Шыковiч-старэйшы.
- Маўчу, як фаршыраваная рыба. - Славiк зацiснуў рот далоняй.
- Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлiвых, дурных, несумленных...
- У Косцi хрысцiянская мараль, - перапынiў сябра Iван Ходас. - Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калi ласка, Косця, жывi, расцi кветачкi, гадуй дзетачак... А для мяне - радасць у змаганнi. I я думаю, што камунiзм - гэта найвышэйшая форма барацьбы.
- Супраць каго?
- За што?
- Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў... Я не кажу ўжо пра ворагаў знешнiх, iмперыялiстаў розных...
- А калi iх не стане? Знiшчым?
- Ага!
- Я не заглядаю так далёка! I ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. I сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны i, магчыма, бываю несправядлiвы. Малы быў - маму крыўдзiў. Дык што ты, i мяне знiшчыш? - горача насядаў Ходас на Косцю.
- Завёўся ўжо! - папракнула яго Вера, жонка Лапацiна.
Iван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кiўнуў галавой. Шыковiч сказаў:
- Я згодзен, Iван. Камунiзм пабудуюць не святыя, а мы з вамi, кожны са сваiм характарам, даволi часта вельмi супярэчлiвым i складаным. Але бясспрэчна i тое, што мы павiнны стаць лепшымi, чым ёсць. Пазбавiцца перажыткаў... Як гэта зрабiць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаваннi камунiстычнай культуры пачуццяў?
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: