Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
26
Галiна Адамаўна глянула на ручны гадзiннiк i ўзрадавалася - да канца рабочага дня заставалiся хвiлiны. Яна сапраўды не любiла сваёй работы. Ёй больш падабалiся хатнiя абавязкi - гатаваць смачныя абеды, кроiць i шыць, яна была добрая гаспадыня, ласкавая мацi i жонка. Думкi яе ляцелi дадому: што згатаваць сёння, каб страва аднолькава падабалася i Антону, i Вiцю, i Наташы, густы якiх даволi розныя.
- Дзве гадзiны нiчога не ешце, - сказала яна пацыенту, якi паласкаў рот содавым растворам.
У яе самой нiколi не балелi зубы, можа, таму яна ставiлася да сваiх пацыентаў з iронiяй, не верыла iх стогнам i пакутам; яна двойчы раджала i нi разу не войкнула, а тут другi так енчыць, што брыдка слухаць. I да крывавых пляўкоў яна не магла прывыкнуць за ўсе пятнаццаць год сваёй работы. Жыла ў чысцiнi, i ёй быў агiдны ўсялякi гной i бруд, фiзiчны i маральны, нават праяўленне звычайнай неакуратнасцi. Сястра глянула за дзверы, таксама не без радасцi паведамiла, што нiкога больш няма, i пачала працiраць iнструмент. Галiна Адамаўна падышла да ўмывальнiка, закасала рукавы халата, узброiлася шчоткай... У гэты момант шырока расчынiлiся дзверы i ўвайшла яна - Тамара Аляксандраўна.
Сэрца ў Галiны адразу быццам адарвалася i ўпала ў нейкую гулкую пустэчу, ад чаго зрабiлася балюча ў жываце.
З крана лiлася вада.
Страшэнна непрыемныя струменьчыкi холаду папаўзлi па спiне, як толькi яна падумала, што гэтая пышная, прыгожая жанчына з нахабнымi вачамi, якiя яна многа год ненавiдзела, прынесла ёй гора. У Галiны Адамаўны жыло цвёрдае перакананне, што з добрым намерам Гаецкая нiколi не з'явiцца.
Тамара Аляксандраўна, прывiтаўшыся, адразу па-гаспадарску забралася ў зубалячэбнае крэсла, уселася, як царыца на троне, такая ж ззяючая, як панiкелiраваныя дэталi апаратуры.
Галiна Адамаўна ўпусцiла ў ракавiну шчотку, непаслухмянай рукой закруцiла кран. Падумала:
"Калi ў яе зубы, чорт з ёй, неабавязкова для такой мыць рукi".
Нiколi яшчэ i нi пра каго яна так не думала. Спытала холадна-афiцыйна, як у зусiм незнаёмай, i троху недарэчна:
- У вас - зубы?
- У мяне - зубы, - з падкрэсленай iронiяй, блiснуўшы залатымi каронкамi, адказала Гаецкая.
Ногi налiлiся холадам, яны сталi непаслухмяныя, але Галiна Адамаўна прымусiла сябе наблiзiцца i ўзяць iнструмент.
- Сястрычка, iдзi пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць лекару, мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна.
Сястра глянула на Галiну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: "Не трэба! Не выходзь!" Але замест гэтага яна чамусьцi, як вiнаватая, збянтэжана апусцiла вочы, i далiкатная сястра ўмiг знiкла.
- Галя, дарагая мая, - адразу пачала Гаецкая, шчыра, ласкава, чым яшчэ больш насцярожыла Галiну Адамаўну, - я ведаю, ты ненавiдзела мяне. Але ты памылялася...
"Чаму яна кажа мне "ты"? Мы нiколi не былi з ёй у сяброўскiх адносiнах".
- ...Ты глыбока памыляешся. Нiколi я не пасягала на тваё шчасце. Нiколi не жадала табе кепскага. Твае i мае зайздроснiкi плявузгалi табе, хацелi сутыкнуць нас iлбамi. Павер мне, Галечка, я твой лепшы друг. Таму i прыйшла. Таму вырашыла сказаць. Не люблю пляткарыць... Але калi закранаецца наш жаночы гонар...
Галiна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сцiснула яе. Чамусьцi з'явiлася жаданне ўдарыць Тамару Аляксандраўну. Вельмi блiзка былi яе вочы, яе твар.
"Трэба адысцi. Трэба адысцi", - загадала яна сабе, аднак баялася скрануцца з месца.
- ...Каб хто другi сказаў, не паверыла б. А то ж на свае вочы бачыла. На дачы вашай. I зразумела: частыя госцi яны там. Рыжая сястра. I яна... пацыентка яго... Можа, нiчога i няма памiж iмi. Але што падумаюць людзi? Гэта ж, ведаеш, хто? Дачка таго Савiча. Здраднiка.
Тамара Аляксандраўна спадзявалася, што жонка Яраша, пачуўшы такое пра мужа, якому (Гаецкая гэта ведала) яна не верыла, кiнецца ў iстэрыку, закрычыць, наробiць шуму i яна, Тамара Аляксандраўна, пацешыць сваю душу такiм вiдовiшчам: гэта будзе помста i за тое, што Галiна некалi перахапiла Антона, i за яе шматгадовую нянавiсць.
Але Галiна Адамаўна маўчала. Як скамянелая. Нiводная рыска не тузанулася на яе застылым твары.
- Не верыш - спытай у людзей. Ды хiба ты не ведаеш, што ён жыў у iх, у Савiчаў, яшчэ ў акупацыю? А ты спытай у яго, як ён са сваiм неразлучным Шыковiчам дамагаўся ёй кватэру. Якую яны мэблю купiлi за свае грошы. Абсталявалi кватэрку - дай-дай. Усё як мае быць, на французскi манер. Не верыш?
Уся трагедыя заключалася ў тым, што Галiна Адамаўна верыла. Верыла ўсяму, кожнаму слову. Ад гэтага ў яе муцiлася ў галаве. Быў момант, калi калыхнулася i адплыло крэсла i яна ўбачыла ажно тры Тамары, якiя зларадна скалiлiся. Яна ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госцi быў увесь час спачувальны цi абуральна-сур'ёзны.
Нейкiм сёмым цi дзесятым пачуццём Галiна Адамаўна здагадалася, чаму прыйшла гэтая жанчына, i нiводным рухам не выдала свайго гора, болю, пакуты. Выдала толькi старую нянавiсць. Раптам працадзiла праз зубы:
- Iдзi прэч!
Гаецкая ўстрапянулася:
- Дурная...
- Прэч!
Галiна Адамаўна з грукатам кiнула на паднос лапатку i ўзяла востры пiнцэт.
З неўласцiвай яе паўнаце рухавасцю Тамара Аляксандраўна шмыгнула з крэсла, ледзь не павалiла бормашыну. Толькi ў дзвярах зларадна крыкнула:
- Што? Дажыла?!
* * *
Антон Кузьмiч адчынiў дзверы ўласнай кватэры i па беспарадку ў калiдоры, па пахах цi, правiльней кажучы, па тым, што не было iх, кухонных пахаў, здагадаўся, што нешта здарылася. Не нешта, а ён пэўна ведаў што. Ён добра ведаў, што Гаецкая не змоўчыць. За гэтыя днi пасля iх сустрэчы ў лесе колькi разоў хацеў сам расказаць Галiне, каб папярэдзiць, i не здолеў - не хапiла мужнасцi. Не хапiла, бо ведаў: не паверыць, не зразумее цi зразумее зусiм iнакш, па-свойму, яшчэ горш, чым Гаецкая. Было брыдка i сорамна ад сваёй нерашучасцi, боязi. Але ён думаў пра дзяцей i ўпотай спадзяваўся: а можа, абыдзецца. Можа, Тамара зробiць нейкi другi ход? Мiж iншым, гэтая цiкаўнасць што ж усё-такi яна зробiць? - была адной з прычын яго маўчання. Ён нават не расказаў Шыковiчу. Урэшце ён мог бы заклiкаць на дапамогу сябра i разважлiвую, спакойную Валянцiну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкi Галiнай хваравiтай рэўнасцi. Але ўсё гэта выйшла б так, што ён нiбы апраўдваецца. Завошта? Ды, нарэшце, цi варта надаваць гэтаму такое значэнне? Ён мае права падняцца вышэй усёй гэтай бытавой лухты, што атручвае жыццё i перашкаджае галоўнаму - працы!
У палiто i капелюшы ён пайшоў у спальню. Галiна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Выгляд яе спалохаў яго. Такой яна не была нiколi. I нiколi так не паводзiла сябе. Каб у яго паляцела машына цi трумо, гэта ўразiла б менш.
Яна не шыла, але, вiдаць, спрабавала шыць: зацiснутая iголкай тканiна звiсла на падлогу.
Антон спынiўся пасярод пакоя. Жонка не ўзняла вачэй.
- Што здарылася, Галя?
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: