Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Твар яе непрыгожа перасмыкаўся.
- Вы, Антон Кузьмiч, не ведаеце, што здарылася?! - сказала яна з сарказмам i жахлiвай адчужанасцю.
- Галка. Усё гэта лухта!
- Ах, лухта! - адкiнула яна тканiну ўбок, выхапiла аднекуль з-пад яе ашчадную кнiжку, падняла, патрасаючы. - I гэта лухта? Шчодра, доктар Яраш, аплачваеш палюбоўнiцу! Але не думай, што мне шкада тваiх грошай. На! - яна шыбнула кнiжку яму пад ногi.
Пры ўсёй яе рэўнасцi жонка рэдка кантралявала яго расходы. Ён часта пазычаў буйныя сумы калегам, некаторыя з iх не вярталi гадамi. Галiна, даволi абыякавая да грошай, забывалася пра такiя пазыкi, а калi часам i патрабавала справаздачы, то заўсёды ў добрым настроi, абмяркоўваючы чарговую буйную пакупку. А цяпер праверыла ўсё. Ён, Яраш, нават не падумаў, што Гаецкая разведае i выкарыстае ўсё. Яго кiнула ў пот ад прадчування цяжкасцей на шляху да прымiрэння. Колькi прыйдзецца патрацiць энергii... Ён кiнуў палiто на ложак, зрабiў крок да жонкi. Яна ведала яго прыём: абняць, схапiць на рукi, цалаваць... I яна, слабая жанчына, сцiхала, даравала яму... Але цяпер не!
- Я табе ўсё растлумачу, Галка. Выслухай толькi.
- Не падыходзь! - Яна ўзброiлася нажнiцамi, але тут жа шыбнула iх на столiк. - Не трэба мне нiякiх тлумачэнняў! Усё! Усё! Усё! Цяпер я не буду нi крычаць, нi плакаць... Мы чужыя. Ты абсталяваў сабе новую кватэру - iдзi туды. Не пойдзеш ты - я нiводнага дня, нiводнай хвiлiны не буду тут. Усё! - Яна вымаўляла гэтыя "ўсё", быццам ставiла кропкi.
Яраш зразумеў, што гэта больш, чым нервовая ўспышка, гэта цвярозы намер, i не ведаў, з якога боку падступiцца, каб разбурыць такое яе рашэнне. Ён спынiўся, паглядзеў на яе ласкава, з жалем, дакорлiва пакiваў галавой: дурнiца, дурнiца! Яна не вытрымала яго позiрку, закрыла твар рукамi, перасмыкнулася ўся. Зацiскаючы рыданнi, сказала праз далонi глуха, чужым далёкiм голасам:
- Божа мой! Шаснаццаць год жыла з гэтым чалавекам! Аддала яму ўсё. А ён... Яму мала было гэтай тоўстай шлюхi, "залатой сястры", усiх баб, якiх ён меў... Яму трэба яшчэ зблытацца з пацыенткай. Якi жах! Якая ганьба! - Яна адкрыла твар i вельмi нядобра ўхмыльнулася. - Але што я хацела ад таго, хто мог забiць, зарэзаць з большай лёгкасцю, чым я вырываю зуб.
Гэта было ўжо занадта. Нават з яго нервамi i разважлiвасцю вытрымаць такое нялёгка. I ён грымнуў на ўсю кватэру:
- Вы хаця падумалi б, якая яна жанчына! Лекары задрыпаныя! - i вылаяўся груба, злосна, як не лаяўся яшчэ пры жонцы нiколi.
Ён не ведаў, што дома Наташа. Яна сядзела ў кабiнеце, дзе заўсёды рыхтавала ўрокi, калi бацькi не было дома. Яна бачыла, у якiм стане вярнулася дадому мацi. Калi з'явiўся бацька i адразу накiраваўся ў спальню, дзяўчынка насцярожылася. Не, яна не стала падслухоўваць iх размову. З малых год бацька вучыў яе, што гэта нядобра. Але калi ён закрычаў, Наташа не вытрымала.
Яна з'явiлася ў дзвярах спальнi ў чорным фартушку, з банцiкам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары.
- Добры дзень, тата. Мы не бачылiся сёння, - падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку.
- Твой тата падлюга! - не вытрымала Галiна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкi камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе.
Наташа адступiла ад бацькi, агледзела яго, потым - мацi. I зноў да бацькi. Абняла за шыю, закрычала:
- Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты... ты... неразумная... ты - раўнiвая. Ты атручваеш яму жыццё.
- Наташа! Наташка! Хiба можна! Сцiхнi! - Антон Кузьмiч сварыўся на яе, але прыцiскаў да сябе. Гладзiў худзенькiя плечы i адчуваў, што сам захлынаецца слязамi.
Дачка вырвалася, выбегла з пакоя.
Галiна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ.
Валянцiна Андрэеўна атрымала ананiмнае пiсьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якiя сябравалi памiж сабой, паведамiла па-рознаму: адной - яўна, другой - ананiмна.
Нельга сказаць, што Валянцiна Андрэеўна нiколi не раўнавала Кiрылу. Усё было ў жыццi. На тое яно i жыццё. Але яна нiколi не трацiла розуму i здольнасцi разважаць, аналiзаваць. Быў у яе вопыт i добрая жаночая мудрасць. Калi нiводзiн лекар не задумаўся, колькi патрэбна часу, каб пасля такой аперацыi чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта i першаму, чаму не паверыла, - сувязi Яраша з Зосяй. Кiрыла i Маша?.. Прыпiсалi б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянцiны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзнiклi б нейкiя падазрэннi: не бывае дыму без агню. Але Маша... Яна бачыла дзяўчыну адзiн раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам i Славiкам. I раптам - Кiрыла. Не, не, не! Яна з агiдай, з нянавiсцю да ананiмшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбiла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць i чысцiню, iнтуiтыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура нiколi не зробiць подласцi. Валянцiна Андрэеўна любiла людзей i верыла iм.
Увечары яна паказала пiсьмо Кiрылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважлiва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галiна Адамаўна! Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iншае: здзiўленне i абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку.
- Чорт ведае што такое! Падумай толькi, якая душа павiнна быць у чалавека, каб з усiх гэтых фактараў зрабiць такiя высновы. Вырвалi мы ёй кватэру, куплялi мэблю, прывезлi яе з бальнiцы, былi яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ... Але, прыязджалi яны з Антонам па грыбы... Ну i што? Гэта - яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любiць гэту бабу.
- Увогуле ты, Кiрыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зiркаеш як кот на сала.
- Валя!
- Але не бойся. Гэтаму пiсьму i я не веру. Не таму, што ў табе вельмi ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру iм - Зосi, якую знаю па тваiх расказах, i Машы...
Кiрыла з палёгкай уздыхнуў.
- Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такiх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмi разумныя дзецi?
- Што табе трэба ад тваiх дзяцей? - адразу спахмурнела i ўзлавалася Валянцiна Андрэеўна. - Розум прыходзiць з гадамi. У цябе яго i цяпер не надта, калi ты пра яго такой высокай думкi.
Пра ўсё яна магла гаварыць разважлiва i спакойна. Але няхай нiхто не чапае яе дзяцей, нават iх родны бацька.
Кiрыла зразумеў, што зрабiў не той паварот i не так, як трэба, злiслiвiў перад жонкай.
- Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваiх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былi лепшыя за нас.
Валянцiна Андрэеўна чамусьцi цяжка ўздыхнула.
- Ёсць, Кiрыла, норма чалавечых якасцей? Хiба дрэнны чалавек Галiна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робiцца, калi такое агiдненькае пiсьмо прыслалi i ёй.
- Няўжо можна паверыць гэтаму?
- Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзiць да iх.
На iх званок адчынiла Наташа. У дзяўчынкi быў такi выгляд, быццам яна толькi што вярнулася з пахавання кагосьцi блiзкага.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: