Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке)
- Название:Падзенне (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Альбер Камю - Падзенне (на белорусском языке) краткое содержание
Падзенне (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Вось так. А пра тое, з чаго складаецца гэта прыемная прафесiя, я раскажу заўтра. Паслязаўтра вы ад'язджаеце? Што ж, трэба спяшацца. Прыходзьце да мяне, добра? Пазвонiце тры разы. А куды вы едзеце? Назад, у Парыж? Парыж... Прыгожы горад, i такi далёкi. Але я не забыў. Я часта прыгадваю парыжскае сутонне, прыкладна такой вось самай парой. Спускаецца вечар, сухi i хрусткi, стрэхi захiнаюцца сiняй смугой, горад глуха бурчыць, i здаецца, што Сена паскарае свой бег. Я любiў у гэты час бадзяцца па вулiцах. Цяпер там ходзяць другiя, я ведаю! Яны робяць выгляд, нiбыта спяшаюцца, хто да стомленай жонкi, хто ў сваю непрытульную хату... Ах, мiлы дружа, цi ж вы ўяўляеце, што такое самотнiк на вулiцах вялiкага горада?..
Мне вельмi няёмка, што я вымушаны прымаць вас у ложку. Але не хвалюйцеся, нiчога сур'ёзнага, так - крыху трасе. Галоўнае - ёсць ядлаўцоўка, бо яна лепей за ўсякiя лекi. А да прыступаў я прывык. Малярыя, ведаеце. Я падхапiў яе яшчэ тады, як быў папам. Праўда-праўда! Калi я i жартую, дык толькi напалову. Я знаю, што вы падумалi: "Хто яго разбярэ, дзе ў яго праўда, а дзе выдумка". Што ж, вы маеце рацыю. Я i сам часам... А ведаеце, адзiн мой знаёмы падзяляў усiх людзей на тры катэгорыi: тых, хто гатовы нiчога не таiць, абы толькi не хлусiць; тых, хто часам гатовы схлусiць, каб што-небудзь стаiць; i, нарэшце, тых, хто любiць i хлусiць, i мець сакрэты адначасова. Мяркуйце самi, пад якую катэгорыю я падыходжу лепш.
Зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. Бо хлусня так цi iначай заўсёды прыводзiць да праўды. Хiба ўсе мае гiсторыi, праўдзiвыя яны цi хлуслiвыя, не вядуць да аднаго? Хiба не маюць усе яны аднолькавага сэнсу? Дык якая рознiца, праўдзiвыя яны цi хлуслiвыя, калi i ў тым, i ў другiм выпадку яны аднолькава сведчаць пра тое, кiм я быў i кiм зрабiўся цяпер. Часам хлуса зразумець лягчэй, чым таго, хто гаворыць праўду. Праўда, як i святло, асляпляе. А хлусня - наадварот, хлусня - гэта прыемны прыцемак, якi выразна адцяняе кожную рэч. Зрэшты, можаце ўспрымаць гэта, як вам хочацца, але ў канцэнтрацыйным лагеры мяне сапраўды выбралi папам.
Ды вы сядайце, калi ласка. Ах, вы хочаце агледзець пакой. Ды тут няма на што глядзець - пуста, хоць, праўда, i чыста. Як на карцiнах Вэрмеера, толькi без мэблi i без рондаляў. I без кнiг - я ўжо даўно нiчога не чытаю. А раней хата ў мяне проста ламалася ад кнiг, хоць я iх чытаў толькi напалову. Агiдная звычка, ведаеце, - такая самая, як i звычка з'ядаць гусiную пячонку, а ўсё астатняе выкiдаць. Зрэшты, цяпер я люблю толькi споведзi, а аўтары споведзяў больш за ўсё не любяць якраз спавядацца. Яны толькi i дбаюць пра тое, каб, крый божа, не прагаварыцца. А калi пераходзяць да так званых прызнанняў, тут трэба быць асаблiва пiльным: зараз падсунуць нарумянены труп. Можаце мне паверыць, бо я ў такiх штучках сабаку з'еў. I менавiта таму - нiчога цяпер не чытаю. Нiякiх кнiг! I нiякiх лiшнiх рэчаў наогул - толькi сама неабходнае. Усё павiнна быць чыста i гладка, як у труне. Дарэчы, ложкi ў Галандыi такiя мулкiя, а прасцiрадлы на iх такiя беззаганна чыстыя, што, калi памiраеш, дамавiна i саван ужо не патрэбны.
Як бачу, вам рупiць хутчэй пачуць гiсторыю пра маё ўзвядзенне на папскi прастол? Але, далiбог, гiсторыя вельмi банальная. Не ведаю толькi, цi хопiць сiлы яе расказаць. Зрэшты, гарачка, здаецца, спадае. Гэта было вельмi даўно. Лёс закiнуў мяне тады ў Афрыку, дзе, дзякуючы намаганням пана Ромеля, гарэла вайна. Можаце не хвалявацца, я не меў да яе нiякага дачынення. З мяне досыць было Эўропы. Праўда, у свой час я быў мабiлiзаваны, але нюхнуць пораху мне так i не давялося. I ў пэўным сэнсе, я нават шкадую пра гэта. Хто ведае, можа быць, жыццё ў мяне тады склалася б iначай? Але на фронце я французскай армii не спатрэбiўся. Яна запрасiла мяне адно прыняць удзел у адступленнi. I такiм чынам я зноў убачыў Парыж, а разам з iм i немцаў. Мяне вельмi спакушала думка ўступiць у Супрацiўленне. Пра яго пачыналi гаварыць якраз у той момант, калi я заўважыў у сабе патрыёта. Вы ўсмiхаецеся? Дарэмна. Я зрабiў гэтае адкрыццё на станцыi метро ў Шатле. Нейкi сабака заблудзiў там у лабiрынце падземных пераходаў. Вялiкi такi, ведаеце, сабака, з жорсткай поўсцю i адным падраным вухам. Ён шнарыў паўсюль сваiмi цiкаўнымi вачыма, падскокваў да мiнакоў, нюхаў iм лыткi. А я, трэба прызнацца, люблю сабак, люблю даўняй i вернай любоўю. Я люблю iх за тое, што яны заўсёды ўмеюць дараваць. Вось i тады я паклiкаў гэтага бедалагу. Спачатку ён завагаўся, але потым, вiдаць, адчуў да мяне давер i вясёла пабег наперадзе, лiслiва вiляючы хвастом. У гэтую хвiлiну мяне абагнаў малады нямецкi салдат. Параўняўшыся з сабакам, ён палашчыў яго па галаве, i той адразу, без нiякага вагання i з такой самай сiмпатыяй пабег за чужынцам. Хутка яны знiклi ў натоўпе. Пасля таго, што здарылася, мяне апанавала такая нянавiсць да гэтага нямецкага салдата, што сумнявацца ў яе патрыятычнасцi я болей не мог. Няхай бы сабака пабег за нейкiм цывiльным французам, дык я на гэта, можа, i не звярнуў бы ўвагi. Але ж ён пабег за немцам, i калi я ўяўляў, што гэты сiмпатычны гарэза зробiцца любiмцам якогась нямецкага палка, мяне ажно трэсла ад гневу. Так што, самi бачыце, маё выпрабаванне на патрыятычнасць дало сама пераканаўчыя вынiкi.
I тады я вырашыў перабрацца ў Паўднёвую зону i знайсцi там больш падрабязныя звесткi пра Супрацiўленне. Аднак, калi мне гэта ўдалося i калi я ўсё прачуў, у мяне закралася нерашучасць. Задума стварыць падобнае мерапрыемства здавалася мне неразумнай. Гэта наогул была нейкая рамантычная мара. I галоўнае, жыццё ў падполлi не стасавалася з маiм тэмпераментам i маёю цягай да вольных вяршынь. Мне чамусьцi ўяўлялася, што мне загадаюць дзень i ноч сядзець у склепе i ўвесь час вязаць нейкую мудрагелiстую сетку, пакуль туды не прыйдуць злыднi, якiя распусцяць маё вязанне, перацягнуць мяне ў iншы склеп i будуць там катаваць да самай смерцi. Я захапляўся мужнасцю тых, хто мог пайсцi на такi падзямельны гераiзм, але наследаваць iх прыкладу быў няздольны.
Такiм чынам я неўзабаве апынуўся ў Паўночнай Афрыцы, адкуль меў цьмяную надзею дабрацца да Лондана. Але ў Афрыцы сiтуацыя была вельмi заблытаная, усе супрацiўныя партыi, як мне здавалася, аднолькава мелi рацыю, i я не далучыўся нi да адной з iх, а таму i сваю былую надзею мусiў таксама пакiнуць. Па-вашаму, я, вiдаць, прапускаю тут пэўныя дробязi, у якiх ёсць глыбокi сэнс? Ну што ж, дапусцiм, што, разумеючы вашу дасцiпнасць, я раблю гэта наўмысна каб вы маглi заўважыць iх яшчэ лепш. Як бы то нi было, але нарэшце я апынуўся ў Тунiсе, дзе адна з маiх мiлых сябровак уладкавала мяне на працу. Гэта была вельмi разумная асоба, якая ў той час займалася нечым у кiно. Я прыехаў за ёй у тунiскую сталiцу, але пра сапраўдную яе прафесiю даведаўся толькi тады, калi ў Алжыры высадзiлiся першыя войскi саюзнiкаў. Якраз у той дзень яе i арыштавалi, а разам з ёй - i мяне, хоць я, далiбог, гэтага зусiм не хацеў. Што з ёй сталася потым, не ведаю, а мне не зрабiлi нiякага лiха, i пасля таго, як мiнулi першыя страхi, я зразумеў, што мой арышт быў хутчэй за ўсё мерай перасцярогi. Я быў перавезены ў лагер пад Трыпалi, дзе вязнi пакутавалi больш ад знямогi i смагi, як ад грубага абыходжання. Не буду ўсяго гэтага апiсваць. Бо, каб уявiць сабе падобныя ўстановы, нам, дзецям сярэдзiны дваццатага стагоддзя, зусiм не патрэбны падрабязныя апiсаннi. Сто пяцьдзесят год назад людзi з замiраннем душы думалi пра лясы i азёры. А цяпер - цяпер нам уласцiва, як бы мовiць, камерная лiрыка. Словам, я давяраю вашаму ўяўленню. Дадам хiба некалькi мазкоў: спёка, сонца над самай галавой, мухi, пясок i нiякай вады.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: