Андрэ Моруа - Пакаранне золатам (на белорусском языке)
- Название:Пакаранне золатам (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Андрэ Моруа - Пакаранне золатам (на белорусском языке) краткое содержание
Пакаранне золатам (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Моруа Андрэ
Пакаранне золатам (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
ПАКАРАННЕ ЗОЛАТАМ
Я ўгледзеў, увайшоўшы ў ню-ёркскi рэстаран "Залатая змяя", дзе звычайна абедаў, за першым сталом невялiчкага дзядка, якi еў вялiзны крывавы бiфштэкс. Я звярнуў увагу на свежае мяса, вельмi рэдкае ў той час, i тонкi засмучаны твар старога. Напэўна, я яго калiсьцi ведаў, у Парыжы цi ў iншым месцы. Уладкаваўшыся, я паклiкаў гаспадара, бойкага i спрытнага перыгорца, якi здолеў з гэтага цеснага падвальчыка зрабiць прытулак для гурманаў:
- Скажыце мне, пан Рабер, клiент, што направа ад дзвярэй, француз, я не памылiўся?
- Каторы? Той, што адзiн сядзiць?.. Гэта пан Бурдак. Ён тут бывае кожны дзень.
- Бурдак? Прамысловец? Ну так, я цяпер пазнаю. Я нiколi не бачыў яго ў вас.
- Бо ён прыходзiць, як правiла, раней за ўсiх. Чалавек гэты не любiць кампанii.
Гаспадар нахiлiўся да мяне i цiха прамовiў:
- Дзiвакi яны, ведаеце, гэты пан i яго жонка... Нейкiя не такiя, як людзi. Ён заўсёды снедае адзiн. Ну, добра! Прыходзьце ўвечары а сёмай гадзiне i за абедам вы застанеце яго жонку, таксама адну. Можна падумаць, што яны пазбягаюць адно аднаго. Тым часам адносiны ў iх найлепшыя, жывуць яны разам у гатэлi "Дэльмонiка"... Для мяне гэта сям'я - загадка.
- Шэф, рахунак на пятнаццаты, - далажыў афiцыянт.
Пан Рабер адышоў ад мяне, але з галавы маёй усё яшчэ не выходзiла гэта дзiўная пара.
Бурдак... Ну, ясна, я яго сустракаў у Парыжы. Памiж першай i другой вайной яго часта можна было бачыць у драматурга Фабера, якi чамусьцi сябраваў з iм. Мабыць, таму, што ў абодвух была аднолькавая цяга - надзейна хаваць капiталы, i аднолькавы страх - вылецець з капiталамi ў трубу... Бурдак... Напэўна, яму ўжо каля васьмiдзесяцi год. Я прыпамiнаю, што ў 1923 годзе ён кiнуў справы, нажыўшы немалую колькасць мiльёнаў.
Тады яго турбавала знiжэнне курсу франка.
- Гэта чорт ведае што! - лямантаваў ён. - Я працаваў сорак год, каб апынуцца голым на вулiцы. Не толькi мая рэнта i мае аблiгацыi зараз нiчога не варты, нават мае лепшыя акцыi не падымаюцца. Нашы грошы цякуць як вада. Як мы будзем жыць на старасцi год?
- Рабiце, як я, - параiў яму Фабер. -Я перавёў усё, што маю, у фунты стэрлiнгаў... Самая цвёрдая валюта.
Калi мне давялося бачыць iх iзноў гады праз тры цi чатыры, абодва былi збянтэжаныя i разгубленыя. Бурдак паслухаўся Фабера; але тут праз некаторы час Пуанкарэ падняў франк, а фунты стэрлiнгаў пакацiлiся ўнiз. Цяпер Бурдаку не давала спакою думка, як ухаваць свае прыбыткi ад падаткаў, якiя няўхiльна раслi.
- Вы - дзiця, - навучаў яго Фабер. - Рабiце, як я... Адзiная i самая надзейная валюта - гэта золата... Каб вы ў 1918-м купiлi залатыя злiткi, нiхто б не бачыў вашых прыбыткаў, вы б не плацiлi падаткаў i сёння разбагацелi б яшчэ больш... Памяняйце на золата ўсё, што ў вас ёсць, i будзеце жыць, як у бога за пазухай.
Бурдак паслухаўся. Ён i яго жонка накупiлi золата, дасталi адмысловы куфар i цешылiся тым, што час ад часу, прачынiўшы дзверы ў запаветны куток, малiлiся на свайго iдала. Потым гадоў дзесяць яны мне не пападалiся на вочы. Нейк раз у 1937 годзе я iх сустрэў у гандляра карцiнамi ў прадмесцi Сэнт-Анарэ. Ён галантны i сумны, яна - рухавая i наiўная, маленькая акуратная бабулька, у чорным шаўковым плаццi з карункавым жабо.
- Вы - мастак, паважаны пане, - звярнуўся ён да мяне, - скажыце, калi ласка, цi можна спадзявацца, што падаражэюць iмпрэсiянiсты?.. Вы часам не чулi?.. Мне кажуць, што напэўна, але ж яны i так у цане, не дакупiшся... Трэба было запасацца iмi ў пачатку стагоддзя... Мабыць, самае iдэальнае - дазнацца, якая новая школа заменiць iх, каб набыць карцiны зараней, пакуль яны не ўвайшлi ў моду. Але, на жаль, нiхто не дае гарантый... Што за эпоха!.. Нават эксперты нiчога не ведаюць! Вы проста не паверыце! Я iх пытаю: "Што цяпер найбольш у хаду?" Яны вагаюцца, дарагi мой, блытаюцца. Адны кажуць - Утрыло, другiя - Пiкасо... Але ж гэта ўсiм вядома.
- Ну, а як ваша золата? - запытаў я.
- Яно пры мне... пры мне... Дабавiлася яшчэ некалькi злiткаў... Але ж урад мае намер рэквiзаваць золата, ачысцiць прыватныя сейфы... Гэта жахлiва!.. Вы мне скажаце: самае разумнае - пераправiць усё за мяжу. Правiльна, дарагi мой, правiльна... Але куды? Брытанскi ўрад такi ж цвердалобы, як i наш, Галандыя i Швайцарыя - прахадны двор у выпадку вайны... Застаюцца Злучаныя Штаты... Але ж там пры Рузвельце сам даляр... Ну, i туды трэба ехаць жыць, каб не рызыкаваць, што калi-небудзь нам перакрыюць дарогу да нашай маёмасцi.
Не памятаю, што я тады адказаў. Ва мне падымалася злосць на гэтых старых, што, як смала, чаплялiся за свой скарб у той час, як развальвалася цывiлiзацыя. Выходзячы з галерэi, я развiтаўся з iмi i назiраў, як яны асцярожна ступалi дробнымi крокамi, абое ў чорным, карэктныя i непрыемныя.
I вось iзноў я сустракаю iх на Лексiнгтон-авеню ў рэстаране "Залатая змяя". Што яны рабiлi ў час вайны? Якiм чынам трапiлi ў Ню-Ёрк? Мне цiкава было даведацца пра гэта I, калi Бурдак устаў, я падышоў да яго i назваў сябе.
- А як жа, як жа!.. Вельмi добра помню, - ажывiўся ён. - Якое шчасце пабачыць вас iзноў, дарагi мой пане! Спадзяюся, вы не адмовiцеся зрабiць нам гонар i прыйсцi да нас на шклянку чаю ў гатэль "Дэльмонiка". Мая жонка будзе так рада... Жыццё ў нас аднастайнае, ангельскай мовы мы не ведаем, нi я, нi яна...
- I вы пражываеце ў Амерыцы пастаянна?
- Iначай нельга. Я вам усё растлумачу. Прыходзьце заўтра а пятай гадзiне.
Я прыняў запрашэнне i з'явiўся ў вызначаны тэрмiн. Панi Бурдак была ў тым самым чорным шаўковым плаццi з карункавым жабо, што i ў 1937 годзе, i ў жамчужным калье. Яна мне здалася занадта змрочнай.
- Мне так нудна! - паскардзiлася яна. - У нас усяго два пакоi, нiякiх сяброў... Ах! Нiколi я не думала, што давядзецца канчаць свой век у выгнаннi.
- Мадам, хто ж вас прымусiў? - запытаў я. - Наколькi мне вядома, у вас не было асаблiвых прычын баяцца немцаў. Я разумею, што вам не хацелася жыць пры iх; аднак па сваёй волi адплываць у чужую краiну, выгнаннiкамi, не ведаючы мовы...
- О, немцы тут нi пры чым. Мы прыехалi сюды яшчэ да вайны, - журботна прамовiла яна.
Яе муж падняўся, прачынiў дзверы ў калiдор, каб праверыць, цi не падслухоўвае хто, замкнуў iх, потым, вярнуўшыся, сеў i цiха сказаў мне:
- Я вам усё растлумачу. Мы ведаем, што вы чалавек стрыманы, i ахвотна выслухалi б вашу параду. Ёсць у мяне амерыканскi адвакат. Але вы мяне лепш зразумееце... Дык вось... Не ведаю, цi помнiце вы, што, як прыйшоў да ўлады Народны фронт, мы палiчылi небяспечным трымаць нашы залатыя злiткi ў французскiм банку. Нам удалося знайсцi спосаб пераправiць iх, надзейна i ўпотай, у Злучаныя Штаты. I, натуральная рэч, мы вырашылi там замацавацца. I не для таго, каб не разлучацца з нашым золатам... а нейк само па сабе... У Ню-Ёрку аднак, у 1938 годзе, мы яго памянялi на даляры, бо не верылi (i мелi падставу), што Амерыка дапусцiць новую дэвальвацыю. Апроч таго, добра iнфармаваныя людзi нам сказалi, што Расея збiвае цану на золата, разгарнуўшы ў Сiбiры геалагiчныя пошукi... Але тут была праблема: у якой форме захоўваць нашы грошы? Рахунак у банку? У папяровых далярах? У акцыях? Калi б мы накупiлi амерыканскiх аблiгацый, нас бы прымусiлi плацiць падаходны падатак, а ён тут вельмi вялiкi. I мы ўсё пакiнулi ў папяровых далярах.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: