Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке)
- Название:Тры таварышы (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке) краткое содержание
Тры таварышы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Пабойся бога, Пат...
- Я такая шчаслiвая, - сказала яна.
Я стаяў побач i глядзеў на яе. Было сказана адзiнае слова, але гэта было слова, якое для мяне так нiколi не гучала. Я ведаў жанчын, але звычайна гэта былi беглыя сустрэчы, прыгоды, часам - вясёлая гадзiна цi самотны вечар, уцёкi ад самога сябе, ад адчаю, ад пустэчы. Я i не жадаў нiчога iншага, бо я быў навучаны, што нi на што iншае нельга разлiчваць, як толькi на самога сябе i сама болей - на таварыша. Цяпер я раптам убачыў, што i я магу нешта значыць для чалавека, проста сваiм iснаваннем, i што ён шчаслiвы ад таго, што я побач з iм. Калi так проста вымавiць, то гучыць зусiм звычайна, але калi задумацца робiцца бясконца жудасна. Гэта нешта такое, што можа канчаткова разбiць чалавека i змянiць яго. Гэта - каханне, i ўсё ж - нешта iншае. Нешта, дзеля чаго можна жыць. Дзеля кахання мужчына не можа жыць. Дзеля чалавека - можа.
Я хацеў нешта сказаць, але не змог. Цяжка знайсцi словы, калi сапраўды ёсць патрэба штосьцi сказаць. I нават знайшоўшы адпаведныя словы, саромеешся вымавiць iх. Усе гэтыя словы - з мiнулых стагоддзяў. Наш час яшчэ не мае слоў для сваiх пачуццяў. Ён можа быць толькi нахабным, усё астатняе - несапраўднае.
- Пат, - сказаў я, - мой добры адважны сябра...
У гэты момант увайшоў Жафэ. Ён адразу ж зразумеў сiтуацыю.
- Казачны вынiк, - прабурчэў ён. - Я так i думаў...
Я хацеў яму нешта запярэчыць, але ён проста выштурхнуў мяне.
XVII
Гэта было праз два тыднi. Пат паправiлася настолькi, што мы маглi паехаць адтуль. Мы ўпакавалi рэчы i чакалi Готфрыда Ленца. Ён павiнен быў забраць машыну. Мы з Пат вырашылi ехаць на цягнiку.
Быў цёплы хмурны дзень. Воблакi, нiбы вата, стаялi нерухома ў небе, гарачае паветра дрыготка пералiвалася над дзюнамi, алавянае мора разлеглася ў светла-iскрыстай смузе.
Готфрыд з'явiўся пасля полудня. Я ўжо здалёку заўважыў яго бялявую галаву, якая замiльгала над агароджамi. Толькi калi ён звярнуў на дарогу да вiлы фраў Мюлер, я ўгледзеў, што ён быў не адзiн... побач з iм крочыла нешта падобнае на аўтагоншчыка ў мiнiяцюры: вялiзная кепка ў клетку, казырком назад, вялiзныя засцерагальныя акуляры, белы камбiнезон i два вялiзныя вухi, чырвоныя, як бурак.
- Божа, гэта ж Юп! - здзiўлена сказаў я.
- Уласнай персонай, пан Локамп, - з усмешкай пацвердзiў Юп.
- А касцюм! Што здарылася?
- Ты ж бачыш, - з задавальненнем заўважыў Ленц, пацiскаючы мне руку. - Ён рыхтуецца стаць аўтагоншчыкам. Ужо восем дзён я займаюся з iм. Ён мяне ўпрасiў узяць сёння з сабой. Удалая магчымасць зрабiць першую самастойную дальнюю паездку.
- Усё будзе ў парадку, пан Локамп! - радасна пацвердзiў Юп.
- I яшчэ як! - Готфрыд усмiхаўся. - У жыццi не бачыў такога апантанага гоншчыка. У першы ж дзень вучэбнай паездкi ён спрабаваў на нашым старым добрым таксi перагнаць "мерседэс". Закляты малы чорт!
Юп ад шчасця аж упацеў i, нiбы молячыся, глядзеў на Ленца.
- Здалося, што я ўтру нос фарсуну, пан Ленц! Хацеў абысцi на павароце, як пан Кёстэр.
Я не стрымаўся, каб не засмяяцца.
- Ты нядрэнна пачынаеш, Юп.
Готфрыд з бацькоўскiм гонарам пазiраў на свайго вучня.
- А цяпер хапай чамаданы i вязi iх на вакзал.
- Адзiн? - Юп як не ўзарваўся ад хвалявання. - Можна праехаць да вакзала зусiм аднаму, пан Ленц?
Готфрыд кiўнуў, даючы згоду, i Юп рынуўся ў дом.
Мы здалi чамаданы. Потым забралi Пат i паехалi на вакзал. Мы прыехалi на чвэрць гадзiнкi раней, перон быў пусты.
Стаяла толькi некалькi малочных бiтонаў.
- Едзьце, - сказаў я, - а то позна даберацеся дадому.
Юп, якi сядзеў за рулём, з крыўдай глянуў на мяне.
- Такiя словы табе не падабаюцца, праўда, Юп? - спытаў яго Ленц.
Юп выпрастаўся.
- Пан Локамп, - сказаў ён з папрокам, - я ўсё разлiчыў. У восем гадзiн мы спакойна будзем у майстэрнi.
- Правiльна! - Ленц паляпаў яго па плячы. - Пайдзi з iм у заклад, Юп. На бутэльку сельтэрскай.
- На сельтэрскую - не, - адказаў Юп. - Але пачкам цыгарэт я рызыкну.
Ён з выклiкам глянуў на мяне.
- Ты ведаеш, што дарога ў даволi дрэнным стане? - спытаў я.
- Усё разлiчана, пан Локамп!
- Ты пра павароты падумаў?
- Павароты для мяне - нуль. У мяне няма нерваў!
- Добра, Юп, - сказаў я сур'ёзна. - Тады iду на заклад. Але пан Ленц машыну не вядзе.
Юп прыклаў руку да сэрца.
- Чэснае слова!
- Добра, добра. Але скажы, што ты так сутаргава зацiскаеш у руцэ?
- Секундамер. Буду засякаць час. Хочацца пабачыць, на што здольная таратайка.
Ленц усмiхнуўся.
- Так, дзеткi, Юп узброiўся выдатна. Думаю, што бравы дзед "сiтраэн" задрыжыць перад iм усiмi поршнямi.
Юп не звярнуў увагi на iронiю.
- Тады паехалi, пан Ленц! Заклад ёсць заклад.
- Вядома, мой маленькi кампрэсар! Да пабачэння, Пат! Да сустрэчы, Робi! Готфрыд уладкаваўся на сядзеннi. - Ну, Юп, пакажы даме, як стартуе кавалер i будучы чэмпiён свету!
Юп апусцiў акуляры на вочы, кiўнуў нам, як роўня, i на першай хуткасцi паскакаў па бруку ў бок шашы.
Пат i я нейкi час яшчэ пасядзелi на лаўцы каля вакзала. Гарачае белае сонца прыпякала драўляную агароджу платформы. Пахла смалой i соллю. Пат адкiнула галаву i заплюшчыла вочы. Яна сядзела цiха, падставiўшы твыр сонцу.
- Замарылася? - спытаў я.
Яна пахiтала галавой.
- Не, Робi.
- Iдзе цягнiк, - сказаў я.
Пыхкаючы, падкацiў паравоз - чорны, маленькi, амаль нябачны ў мiгатлiвай засмужанай прасторы. Мы селi ў вагон. Пасажыраў было мала. Цягнiк, цяжка сапучы, зрушыў з месца. Дым паравоза вялiкiмi чорнымi клубамi павiс у паветры. Паволi праплывалi пейзажы, вёска з рудымi саламянымi дахамi, лугi з каровамi i коньмi, лес, а потым - домiк фройляйн Мюлер у нiзiне за дзюнамi - мiрны, дрымотны.
Пат стаяла побач са мной каля акна i глядзела ў той бок. На павароце мы наблiзiлiся - можна было выразна бачыць вокны нашага пакоя. Яны былi адчынены, пасцельная бялiзна звiсала з асветленага сонцам падаконнiка.
- Вунь фройляйн Мюлер, - сказала Пат.
- Сапраўды.
Яна стаяла каля парога i махала нам. Пат дастала сваю хусцiнку, i яна залунала з акна.
- Яна не бачыць, - сказаў я. - Хусцiнка замалая i затонкая. Вось, вазьмi маю.
Яна ўзяла i замахала. Фронляйн старанна махала ў адказ.
Цягнiк паступова выйшаў на прастору. Домiк знiк, дзюны засталiся за гарызонтам. За чорнай рыскай лесу нейкi час яшчэ паблiсквала мора. Яно мiргала, як пiльнае, заморанае вока. Потым з'явiлася пяшчотная залацiстая зелянiна садоў, i да самага гарызонту пад лёгкiм ветрыкам захвалявалiся каласы.
Пат аддала мне хусцiнку i села ў куток.
Я закрыў акно.
"Скончылася! - падумаў я. - Дзякаваць богу, скончылася! Гэта быў толькi сон! Закляты, злы сон!"
Каля шасцi мы прыбылi ў горад. Я ўзяў таксi i пагрузiў чамаданы. Мы паехалi да Пат.
- Ты падымешся са мной наверх? - спытала яна.
- Вядома.
Я завёў яе наверх, потым зноў спусцiўся ўнiз, каб разам з шафёрам занесцi чамадан. Калi я вярнуўся, Пат стаяла яшчэ ў прыхожай. Яна размаўляла з падпалкоўнiкам фон Хакэ i яго жонкай.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: