Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Название:Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке) краткое содержание
Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Заходнiя штаты ў трывозе - наблiжаюцца перамены. Патрэба нараджае iдэю, iдэя - дзеянне. Паўмiльёна людзей рухаюцца па дарогах; яшчэ адзiн мiльён, больш упартых, таксама гатовы ў любую хвiлiну зняцца з месца; дзесяць мiльёнаў яшчэ толькi пачынаюць нервавацца.
А трактары праводзяць баразну за баразной па абязлюдзелай зямлi.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Уздоўж шашы No 66 стаяць прыдарожныя бары: "Дом Эла i Сузi", "Снеданне ў Карла", "Джо i Мiнi", "Закусачная Ўiла". Халупкi з лямцавай пракладкай мiж дошак. Дзве бензiнавыя калонкi каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокiя табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло вiдаць, якое багацце ў пяцiцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з iмi патэфон, якi iграе за пяцiцэнтавiк, i наваленыя горкай, як блiны, пласцiнкi, гатовыя ў любы момант слiзгануць на дыск, i тады загучыць танцавальная музыка - факстроты "Цi-пi-цi-пi-цiн", "Дзякуй за памяць", шлягеры Бiнга Кросбi, джаз Бенi Гудмэна. На адным канцы стойкi пад шкляным каўпаком дражэ ад кашлю, серна-кафеiнавыя таблеткi пад назвай "Бяссонныя", "Не драмаць"; цукеркi, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспiрын, белыя шарыкi "Брома-Сельтэр" i "Алька-Сельтэр" для шыпучкi. На сценах плакаты: купальшчыцы - пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзiнкi з васковымi тварамi, у белых купальнiках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усмiхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальнiцы, перачнiцы, гарчычнiцы i папяровыя сурвэткi. За стойкай пiўныя краны, а каля самай сцяны блiскучыя, ахутаныя парай кававаркi з зашклёнымi акенцамi, якiя паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымi накрыўкамi, апельсiны пiрамiдамi па чатыры штукi. Невысокiя слупкi кардонак з крэкерамi i кукурузнымi шматкамi - раскладзены ўзорам.
Надпiсы на картках меню з вялiкiмi блiскучымi лiтарамi са слюды: "Такiя пiрагi пякла твая мама". "Крэдыт вядзе да сваркi, лепш застанемся сябрамi". "Дамам можна курыць, толькi акуркi глядзiце, куды кладзяце". "Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку".
На другiм канцы стойкi - сталовы посуд, бляхi з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавiчынай, шэрай бужанiнай - засталося толькi скрылiкамi нарэзаць.
Мiнi, цi Сузi, цi Мэй старыцца за стойкай - валасы завiтыя, на спацелым твары пудра i румяны. Бярэ заказы, размаўляе з клiентам цiха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўлiна, голасам. Выцiрае стойку анучай кругамi, начышчае вялiкiя блiскучыя кававаркi. Повару - Джо, цi Карлу, цi Элу - горача ў белым кiцелi i фартуху: на белым iлбе пад белым каўпаком пацеркi поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнiкаў. Нацiрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Цiха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працiрае джутавай анучкай. Пануры, маўклiвы.
Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнiкамi, усмiхаецца iм, а сама ледзь стрымлiвае раздражненне; усмiхаецца, а вочы глядзяць мiма, калi госць не вадзiцель грузавiка. Шафёры - касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там клiенты. Iх не абдурыш, яны разбiраюцца, што да чаго. Шафёры - гэта заказы. Яшчэ ого як разбiраюцца! Паспрабуйце падаць iм спiтую каву, i больш нагi iхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзiцеляў грузавiкоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патылiцы валасы, i ўслед за рукамi крыху падымаюцца пад сукенкай угору i грудзi; ветла вiтае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досцiпы. Эл нiколi нi з кiм з наведнiкаў не загаворвае. Не кантактуе з iмi. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллiвыя ноткi ў яе голасе, i зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля плiты. Ён прыцiскае лапаткай катлету, яна шыпiць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльнi колцы цыбулi, кладзе на фарш, прыцiскае лапаткай, накрывае паловай булачкi, другую палову змазвае растопленым маслам i вострай прыправай. Прытрымлiваючы пакладзеную на катлету паўбулачкi, падчэплiвае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай i скiдае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка i дзве чорныя маслiны. Пускае талерку па стойцы, як кiдальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню i панура пазiрае на жароўню з тушаным мясам.
Легкавыя машыны iмклiва праносяцца па шашы No 66. Нумарныя знакi з Масачусетса, з Тэнесi, Род-Айленда, з Нью-Ёрка, Верманта, Агаё. Кiруюць на захад. Шыкоўныя машыны, хуткасць - шэсцьдзесят пяць мiль у гадзiну.
Вунь "корд" iдзе. Труна на колах.
Але ж, глянь, якi ход! Бачыш "ласаль"? Мне б такую. Я не з ганарлiвых. Узяў бы i "ласаль".
Калi ты ўжо так разышоўся, дык чаму б не "кадзiлак"? Ён трохi большы i хутчэйшы.
А сабе я выбраў бы "зефiр". Не такi ўжо i шык, затое клас, хуткасць! Мне дай "зефiр".
I ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькi я стаю за "б'юiк-п'юiк". Даволi добрая машына.
Дык яна ж, халера, цаной, як "зефiр", а цягне слабавата.
Ну i няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нiчога не трэба. Не люблю я Форда. Нiколi не любiў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькi паслухаў, што ён расказваў.
I ўсё-такi "зефiр" - сiла!
На шашы вялiкiя легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачынi дамы, вакол iх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круцiцца безлiч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкi з фарбамi - чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з iх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеi, пiлюлi - каб добра працаваў страўнiк. Сумка з бутэлечкамi, спрынцоўкамi, таблеткамi, прысыпкамi, растворамi, мазямi - каб унiкнуць усякай рызыкi пры iнтымных зносiнах, зняць пахi, засцерагчыся ад нежаданых вынiкаў. А яшчэ адзенне... Адна марока!
Маршчынкi стомы вакол вачэй, складкi раздражнення па кутках рота, грузныя грудзi ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугiя жываты i клубы пад гумавымi гарсэтамi. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлi, агiда да ежы, злосць на знямогу, нянавiсць да самога часу, якi рэдка калi маладзiць, а старыць - заўсёды.
Побач з жанчынамi кароткiя пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах i панамах чысценькiя ружовыя мужчыны з неспакойнымi, разгубленымi вачамi, поўнымi трывогi. Iм неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекi, але адчуваюць, што яна знiкае з твару зямлi. На лацканах пiнжакоў у iх значкi розных суполак i клубаў - тых месцаў, куды можна пайсцi i ў натоўпе такiх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя - занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя i дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыi; што жыццё ў iх паўнацэннае, а не ўбогая i стомная руцiна; i што блiзкi ўжо той час, калi нiчога iм не будзе страшна.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: