Пітэр Кваснеўскі - Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла
- Название:Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:9785449892720
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Пітэр Кваснеўскі - Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла краткое содержание
Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Што насамрэч адбылося ў гады Сабору і адразу пасля яго, добра вядома. Касцёл прайшоў праз перыяд амнэзіі ad intra і страціў сваю ідэнтычнасць з-за інтаксікацыі ad extra . Мы забыліся пра тое, што калі свой уласны дом, свая ўласная душа не ў парадку, то мы не маем нічога годнага, каб падзяліцца са светам; што прапаведаванне Добрай Навіны няверуючым эфектыўнае толькі тады, калі па прыбыцці ў Касцёл іх чакае штосьці неверагодна добрае. Аднак замест таго, каб заклікаць Божы люд да здаровага пакаяння і аб’явіць шырокае аднаўленне ad intra , Папа Павел VI і шматлікія іерархі працягвалі далей і далей, з усё большай нелагічнасцю прасоўваць непрадуманую праграму ad extra . Увядзенне радыкальна новай формы літургіі прыпячатала гэтую аднаўленчую траекторыю і на пэўны час прыдушыла выхаванне інстытуцыйнай памяці і ідэнтычнасці. Сапраўды, захаванне моцнай сувязі з мінуўшчынай пачало сярод многіх духоўных і свецкіх асобаў лічыцца небяспечнай справай, якая перашкаджае актуальнасці, эфектыўнасці, сціпласці і беднасці.
Кажучы коратка, гісторыя Касцёла ад Сабору да сённяшняга дня – гэта гісторыя зацятых высілкаў ad extra без дастаткова глыбокіх унутраных рэсурсаў альбо, што яшчэ горш, з адначасовым скажэннем і падаўленнем гэтых рэсурсаў. Як адзначалі многія, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў часта здавалася, што інстытуцыянальны Касцёл нашмат больш клапоціцца пра атэістаў, мадэрністаў і не-каталікоў рознага кшталту, чым пра сваіх верных дзяцей, якія хочуць верыць у тое, у што верылі заўсёды, і жыць так, як святыя мужчыны і жанчыны заўсёды імкнуліся жыць, «у свеце, але не ад свету». На думку прыходзяць словы святога Паўла: «Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш – блізкім па веры» (Гал 6:10), і яшчэ: «Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага» (1 Цім 5:8).
Касцёл – гэта Божая сям’я, а пастыры служаць in loco parentis – то чаму іх няма? Ці сапраўды яны дбаюць пра сваіх дзяцей і пра іх першасныя патрэбы? Экуменізм, міжрэлігійны дыялог, справы ў сферы сацыяльнай справядлівасці і нават евангелізацыя будуць марнымі, калі спачатку не апрануць, не накарміць і не навучыць сваіх вернікаў – не апрануць частым і годным прыняццем сакрамэнтаў, не накарміць прыгожай і паважлівай святой літургіяй, не навучыць грунтоўным ведам праз катэхізацыю, прапаведаванне і школьную адукацыю.
Таму пасля сарака гадоў блукання ў пустыні пантыфікат Папы Бенедыкта XVI здаваўся і сапраўды аказаўся пераломным момантам, подыхам свежага ветру. Гэта быў час на тое, каб заняцца станам сваёй душы, каб прывесці ў парадак наш дом, каб аднавіць літургію з яе найглыбейшых крыніцаў і зноў навучыцца таму, што такое тая Добрая Навіна, якою мы павінны дзяліцца з нашым бліжнім. Пантыфікат Ёзафа Ратцынгера пачаў сістэматычна лячыць амнэзію і інтаксікацыю. Сярод усіх плёнаў, якія гэты пантыфікат нарадзіў сярод каталікоў ва ўсім свеце, апостальскае пасланне Summorum Pontificum назаўсёды застанецца помнікам спробе зрабіць разумную змену праз заклік вернікаў да нязменных Традыцыі, духоўнасці і стылю жыцця, што адлюстравалася таксама і ў даце публікацыі гэтага дакумента: сёмы дзень сёмага месяца сёмага года новага тысячагоддзя.
Пантыфікат Папы Бенедыкта быў кароткім, аднак навучанне, прыклад і заканадаўства гэтых васьмі гадоў у новым стагоддзі акажуцца гарчычным зернем сапраўднага аднаўлення і прароцкім асуджэннем памылковага аднаўлення. У любым выпадку, гэта наш прывілей – хоць і не нашая заслуга – з удзячнасцю і гарачым сэрцам прыняць традыцыйную каталіцкую ідэнтычнасць, духмяную жывую памяць Божых дароў, дзеля абароны і развіцця якіх Ёзаф Ратцынгер/Бенедыкт XVI так шмат зрабіў, і дазволіць гэтаму зерню прынесці плён у нашым жыцці. Большага нам не зрабіць, але і гэтага дастаткова. Таму што Бог можа ўзяць нават некалькі хлябоў і рыбін і бясконца іх размножыць.
Калі мы думаем пра веліч задання, якое даручыў нам Папа Бенедыкт XVI, – задання аднаўляць нашу веру ад самых вытокаў і ў неразрыўнасці з Традыцыяй – і калі мы разважаем, наколькі шмат працы і цярпення нас чакае, пакуль мы будзем імкнуцца ўвесці ў практыку глыбокае вучэнне пра святую літургію, якое наш Пан даў нам праз гэтага вялікага Папу, у нас можа ўзнікнуць знеахвота і жаданне кінуць гэтае змаганне, асабліва ў тыя часы, калі шмат людзей у Касцёле, здаецца, бяжыць ад узыходзячага святла ў апраметную цемру сямідзясятых. Аднак няхай нас натхняе прыклад многіх шляхетных мужчын і жанчын, клерыкаў, законнікаў і свецкіх, якія ад часоў Сабору і да сённяшняга дня змагаліся ў добрым змаганні; няхай нас таксама падтрымлівае нязменная духоўнасць, якая ляжыць у аснове бенедыктынскай манаскай мадэлі і ў якой знаходзіў натхненне Святы Айцец. Як казаў абат Поль Дэлат OSB:
«Цярплівасць жа павінна мець дасканалае дзеянне», а дзеянне яе ў тым, каб нягледзячы ні на што падтрымліваць у нас добры стан розуму і веры. Абдымем жа адвагу абедзвюма рукамі, схопім жа гэтую благаслаўлёную цярплівасць так моцна, каб нічога ў свеце не магло нас адарваць ад яе: ад patientiam amplectatur . Цяпер не час стагнаць, апраўдваць сябе і дыскутаваць. Калі б наш Пан адмовіўся цярпець, мы не былі б збаўленыя. Цяпер час падставіць свае плечы і ўзяць крыж, час без стогну і затрымак у дарозе несці ўсё, што Бог хоча, і да таго часу, пакуль Ён гэтага хоча… Няма духоўнай будучыні для нікога, як толькі для тых, хто вытрымае такім чынам. Калі мы паабяцаем сабе цвёрда стаяць і чакаць, пакуль не пройдзе бура, тады мы ўдасканалім у сабе моц вытрымкі 1 1 Dom Paul Delatte OSB, «The Rule of St. Benedict: A Commentary», перакл. Dom Justin McCann OSB (London: Burns, Oates, and Washbourne, 1921), 116.
.
Падзяка
Хоць тэкст і заўвагі для выкарыстання ў гэтай кнізе былі перапрацаваны, часам даволі істотна, матэрыял раздзелаў 1—12 і 14 упершыню быў апублікаваны ў часопісе The Latin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition , а менавіта: «Урачыстасць як цэнтральная праблема» ў 17.1 (зіма 2008), 8—12 і 17.2 (вясна 2008), 6—11; «Слова Бога і шматслоўнасць чалавека» ў 17.4 (восень 2008), 12—19; «Сімволіка цішыні і пустаты» ў 15.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2006), 6—11; «Сузіранне нязменнай Праўды» ў 17.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2008), 14—19; «Літургія фарміруе Хрыста ў нас: Ён павінен павялічвацца, я павінен памяншацца» ў 15.2 (вясна 2006), 12—15; «Нашчадак Арыя ў Святым святых» у 15.4 (восень 2006), 26—33; «Пяць ранаў і Касцёл будучыні» у 21.2 (лета 2012), 12—19; «Тэатральны і дэзарыентаваны абрад» у 16.1 (зіма 2007), 34—39; «Страта літургічных скарбаў цыклу святых» у 16.4 (восень 2007), 30—35; «Страта ласкі: прыватныя Імшы супраць канцэлебрацыі» у 19.1 (зіма 2010), 6—9; «Доўгатэрміновы ўплыў літургічнай рэформы на хрысціянскі экуменізм» у 15.3 (лета 2006), 32—36; «Лаціна, ідэальная літургічная мова для Заходняга Касцёла» ў 20.2 (вясна 2011), 6—9; «Патройная амнэзія: святая літургія, сацыяльнае вучэнне і святы Тамаш» у 16.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2007), 6—11. У сваёй арыгінальнай форме раздзелы 2, 5, 8 і 11 былі апублікаваны пад псеўданімам. Раздзел 13 быў апублікаваны пад назвай «Выхаванне і літургія: думкі з нагоды саракагадовага юбілею закрыцця Другога Ватыканскага сабору» ў часопісе The Downside Review 124 (красавік 2006), 135—148. Я дзякую рэдактарам гэтых перыядычных выданняў за дазвол паўторна апублікаваць матэрыял, які ўпершыню з’явіўся на іх старонках. Пасляслоўе было апублікавана ў выглядзе двух артыкулаў: аднаго на старонцы New Liturgical Movement і аднаго на старонцы OnePeterFive .
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: