Ежи Анжиевски - Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
- Название:Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Ежи Анжиевски - Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) краткое содержание
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Брат Дыега, якi ўжо шмат гадоў быў сведкам штодзённага жыцця вялебнага айца, больш чым хто-небудзь iншы разумеў, у якой меры гэты вялiкi старац сваёй маналiтнай асобай пераважаў усiх сучаснiкаў.
Так i на гэты раз падрэ Тарквемада, хоць i здаваўся вельмi стомленым, не падмануў веры брата Дыега.
Iх Каралеўскiя Мосцi вельмi добра разумелi, што прывяло Вялiкага iнквiзiтара ў Севiллю. Як кароль, так i каралева ўмелi лiчыць i таму не сумнявалiся, што, згаджаючыся на выгнанне жыдоў, здабудуць з канфiскаваных маёнткаў суму, якая намнога перавысiць ахвяраваны акуп. Тым не меней каралева Iзабэла з мiласэрнасцi гатовая была згадзiцца на акуп i так ужо асвоiлася з гэтай думкай, што частку тых жыдоўскiх грошай, якiя павiнны былi ўлiцца ў скарбнiцу, выдзелiла на марскую экспедыцыю ў Заходнюю Iндыю, на якую ўжо даўно намаўляў, абяцаючы вялiкiя выгоды, нейкi генуэзец Хрыстобаль Калумб. Кароль Фердынанд, са свайго боку, менш за сваю жонку ўражлiвы на маральныя дробязi палiтычных спраў, не пагарджаў i думкай тых дарадцаў, якiя далей забягалi ў прадбачаннi, прадказваючы, што ў вынiку выгнання васьмiсот тысяч жыдоў гандаль каралеўства можа вельмi пахiснуцца, а з бегам часу i зусiм змарнее. Так, цвяроза ацэньваючы гэтую справу, ён разам з тым не мог пазбыцца занепакоенасцi, што маладушна адмаўляецца ад вялiкай iдэi каталiцкай дзяржавы, той натхнёнай вышэйшай рацыяй iдэi, якая i яму i каралеве свяцiла на шлях з хвiлiны атрымання трона аб'яднанага каралеўства. Заклапочаны ўсiм гэтым, ён з дня на дзень адкладваў апошняе рашэнне, i яму было зразумела, чаго хоча дамагацца падрэ Тарквемада - не дзiва таму, што ён без радасцi прыняў вестку аб яго прыездзе.
Холад, з якiм абое Iх Каралеўскiя Мосцi прынялi вялебнага айца, быў асаблiва ўражлiвы ў параўнаннi з тым энтузiязмам, з якiм яго вiталi пры ўездзе ў горад.
Падрэ Тарквемада, апёршыся на плячо брата Дыега, бо цяжка яму ўжо было, асаблiва пасля такой стомнай дарогi, рухацца самому, сказаў на прывiтанне:
- Рады бачыць Вашы Каралеўскiя Мосцi ў здароўi i, перш за ўсё, у славе доўгачаканай перамогi.
На гэта сказала Iзабэла:
- Сапраўды, гэтыя прагненнi нашы пачуў Бог.
Падрэ Тарквемада памаўчаў хвiлiну, нiбы падбор патрэбных слоў даваўся яму з вялiкай цяжкасцю. Нарэшце сказаў:
- Я думаю, што i ўсе астатнiя слушныя жаданнi Вашых Каралеўскiх Мосцяў спраўдзяцца.
Кароль Фердынанд загаварыў голасам, якi рваўся ад гневу i задышкi:
- Слушныя? На жаль, у некаторых справах, мой ойча, мы па-рознаму ацэньваем, што слушна, а што няслушна. Скаргi на цябе, вялебны ойча, да нас даходзяць. Твая неабачлiвая суровасць толькi клопатаў нам дадае. Усяго некалькi дзён назад я атрымаў breve святога айца Аляксандра. Пан папа абураны працэсам, якi па тваёй волi распачаты супраць арцыбiскупа Севiллi. Ты звiнавацiў Яго Эмiнэнцыю ў жыдоўскiм паходжаннi, не маючы, як аказалася, дастатковых на тое прычын. Пан папа дакарае нас, што мы дапусцiлi да такой ганьбы. Што я адкажу пану папу? Як мне перад iм апраўдацца?
Падрэ Тарквемада, усё яшчэ апiраючыся на плячо брата Дыега, моўчкi слухаў каралеўскiя закiды. Але як толькi кароль, стомлены гэтым раптоўным выбухам, замоўк, каб перавесцi дыханне, вялебны айцец выпрастаўся i ступiў крок наперад.
- Прабачаць мне Вашыя Каралеўскiя Мосцi, - сказаў нечакана моцным i цвёрдым голасам, - але я прыехаў не па справе арцыбiскупа. Цi праўда, што, як разносяць плёткi, нехрышчоныя жыды застануцца ў каралеўстве?
Каралева Iзабэла зардзелася, затое кароль спадылба зiркнуў на старога, якi стаяў перад iм.
- Так, - сказаў, - такая наша воля.
На гэта Тарквемада ўсклiкнуў:
- Добра, хай жа будзе ваша воля i хай даведаюцца ўсе хрысцiянскiя краiны, як тут, у Каталiцкiм Каралеўстве, шануюцца асновы веры. Iсуса ўжо раз прадалi за трыццаць сярэбранiкаў. Вашыя Каралеўскiя Мосцi хочуць прадаць Iсуса другi раз за трыццаць тысяч дукатаў.
Кароль Фердынанд здрыгануўся i шырока разяўленым ротам хапiў паветра.
- Ойча, ты гаворыш з каралевай i каралём.
Падрэ Тарквемада ступiў яшчэ крок наперад, узяў сярэбраны крыж, якi стаяў на стале, i падняў яго ўгору.
- Вось Iсус! Бярыце яго i прадавайце.
Назаўтра герольды чыталi на гарадскiх плошчах каралеўскi эдыкт, якi абвяшчаў, што па волi каталiцкага каралеўства ўсе неахрышчаныя жыды пад пагрозай сама суровай кары, пакiнуўшы ўсю сваю маёмасць, павiнны за тры месяцы назаўсёды пакiнуць гiшпанскую зямлю.
Таго ж самага дня, не папярэдзiўшы нi двор, нi блiзкае атачэнне, падрэ Тарквемада выехаў з Севiллi. Вялебны айцец толькi выклiкаў пана дэ Мантэса i перадаў яму сваё рашэнне неадкладна выехаць у Сеговiю.
Неўзабаве ўзброены рэгiмент, акружыўшы карэту Вялiкага iнквiзiтара, вырушыў з кляштара Санта Клара. Ужо запаў змрок, i пахолкi паходнямi асвятлялi дарогу сярод пустых заснулых вулiц. Мiнуўшы гарадскiя муры пры Пуэрта дэль Соль, атрад дамоўнiкаў скiраваў трактам на Кордабу.
Ноч была зорная, вельмi спакойная, як на добрую, ясную пагоду. У глыбiнi цемры, у сяйве, выплываў вялiкi руды месяц.
Падрэ Тарквемада не спаў, маўчаў. Апошнiм часам яго ўсё менш i менш гарнула да адпачынку, i ён часта падоўгу, а то i аж да свiтання праседжваў у самотным чуваннi. Спачатку брат Дыега хацеў падтрымаць вялебнага айца, але неўзабаве стома i манатоннае калыханне карэты перамаглi яго добрую волю.
Ноч спакваля раз'яснялася нябесным свяцiлам, патушылi паходнi, i ўзброены атрад пад мерны тупат коней хутка рухаўся па гладкай раўнiне. Брат Дыега, пахiлiўшы галаву на плячо, пахропваў. А падрэ Тарквемада ўсё сядзеў i толькi зрэдчасу, нiбы ад холаду, падцягваў пад шыю плашч.
Недзе апоўначы, а можа, i пазней падрэ Тарквемада неспакойна заварушыўся i гучна, нiбы гаварыў да кагосьцi, сказаў:
- А калi памылка ўсё гэта?
Брат Дыега адразу прачнуўся.
- Клiкалi мяне, ойча? - спытаўся.
Тарквемада адказаў праз хвiлiну:
- Не, мой сыне. Спi спакойна.
Раздзел пяты
Аўтар неаднаразова памянёнай кронiкi пiша:
"У першай палове верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, на шаснаццатым годзе кiравання, г.зн. маючы гадоў семдзесят i восем, Вялiкi iнквiзiтар каралеўстваў Кастылii i Арагон, вялебны айцец Томас Тарквемада, прыехаўшы з горада Таледа, цяжка занядужаў.
Вартыя найбольшага даверу сведкi, асаблiва найблiжэйшы давераны Вялiкага iнквiзiтара, сакратар Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады айцец Дыега Манэнтэ, дамiнiканец, пазней iнквiзiтар Сарагосы, у шчаслiвыя часы, калi словы пра нядаўнiя гiстарычныя падзеi мы для памнажэння славы божай запiсваем, аднадушна сцвярджаюць, што вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар каталiцкага каралеўства, не зважаючы на глыбокiя старэчыя гады i падарванае здароўе, пастанавiў задаць сабе клопат падарожжа з Валадолiда ў Таледа i толькi з тою мэтай, каб асабiста выяснiць i ў пэўным святле каталiцкай веры высветлiць складаную справу нейкага Ларэнца Перэза, рамеснiка з Бургiласа.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: