Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Аднойчы давалi шакаладную пайку. Шакаладу не было ўжо некалькi тыдняў цi нават месяцаў. Ўiнстан выразна памятаў той каштоўны кавалачак шакаладу. Гэта была плiтка на дзве унцыi (тады яшчэ лiчылi на унцыi), якую трэба было падзялiць на траiх. Было зразумела, што падзялiць трэба на тры роўныя часткi. Чужым, незнаёмым голасам, быццам гаварыў нехта iншы, Ўiнстан запатрабаваў сабе ўсю плiтку. "Не будзь скнарай", - сказала яму мацi. Пачалася доўгая спрэчка з папрокамi, крыкамi, стогнам, плачам, упiканнямi, торгам. Яго малая сястрычка, што ўчапiлася аберуч за мацi, як малпянятка, сядзела i вялiкiмi сумнымi вачыма глядзела на яго з-за матчынага пляча. Урэшце мацi адламала тры чвэрткi плiткi i дала Ўiнстану. Чвэрць засталася сястрычцы. Дзяўчынка ўзяла свой кавалак i пачала няўцямна на яго глядзець. Яна мо i не ведала, што гэта такое. Ўiнстан глядзеў на яе хвiлiну, пасля нечакана скокнуў, вырваў шакалад у яе з рук i пабег да дзвярэй.
"Ўiнстан! Ўiнстан! - клiкала мацi. - Вярнiся, аддай сястрычцы шакалад!"
Ён спынiўся, але не вярнуўся. Мацi трывожна глядзела на яго. I цяпер ён думаў пра тую падзею - ён не ведаў якую, - што неўзабаве павiнна была адбыцца. Сястра, зразумеўшы, што ў яе нешта адабралi, цiхенька заплакала. Мацi абхапiла яе рукамi i прыцiснула тварыкам да грудзей. Нешта ў гэтым руху казала яму, што сястра хутка памрэ. Ён павярнуўся i выбег на сходы з шакаладам, што раставаў у яго ў руцэ.
Ён нiколi больш не бачыў сваёй мацi. Калi ён праглынуў шакалад, яму зрабiлася трошкi сорамна, i ён некалькi гадзiн бадзяўся па вулiцы, пакуль голад не прыгнаў яго дадому. Калi ён вярнуўся, мацi ўжо знiкла. У тыя часы такiя знiкненнi сталi ўжо звычайнай падзеяй. У пакоi ўсё засталося, як было, знiклi толькi мацi i сястра. Яны не ўзялi з сабой нiякай вопраткi, нават матчынага палiта. Да сённяшняга дня ён так i не быў упэўнены, памерла яго мацi або не. Цалкам магчыма, што яе проста выслалi ў лагер прымусовай працы. Што да сястрычкi, дык яе маглi аддаць, як i самога Ўiнстана, у калонiю для бяздомных дзяцей (iх называлi Перавыхаваўчымi цэнтрамi), якiя паадчынялiся ў вынiку грамадзянскай вайны. Можа, яе паслалi разам з мацi ў лагер цi проста пакiнулi памiраць абы-дзе.
Сон яшчэ выразна стаяў у вачах Ўiнстана, асаблiва той ахоўны, утульны рух мацi, у якiм, як здавалася, палягаў увесь сэнс гэтага сну. I яму прыпомнiўся другi сон, якi прымроiўся яму два месяцы раней. Дакладна гэтаксама, як яна сядзела з сястрычкай, што ўчапiлася за яе, на ўбогiм ложку з белай падшыванай коўдрай, у тым сне мацi сядзела на караблi, што iшоў на дно, глыбока ўнiзе. З кожнай хвiлiнай ён апускаўся ўсё глыбей, а яна, не зводзячы вачэй, глядзела ўгору на Ўiнстана скрозь ваду, што ўсё болей i болей цямнела.
Ён расказаў Джулii гiсторыю знiкнення мацi. Не расплюшчваючы вачэй, яна павярнулася, каб легчы ўтульней.
- Напэўна, ты быў тады малым паскуднiкам, - прамармытала яна праз сон. Усе дзецi паскуднiкi.
- Так, але галоўнае ў гэтай гiсторыi...
З яе роўнага дыхання ён зразумеў, што яна зноў засынае. Яму хацелася яшчэ пагаварыць пра мацi. Наколькi ён мог памятаць, яна не была незвычайная жанчына, а тым болей iнтэлiгентная. Аднак было ў ёй нешта шляхетнае, нешта чыстае, проста таму, што яна заўсёды заставалася верная сваiм прыватным жыццёвым правiлам. Яе пачуццi належалi ёй адной, i нiхто не мог iх змянiць. Ёй нiколi ў галаву не прыйшло б палiчыць нейкае дзеянне бессэнсоўным толькi таму, што яно не мае нiякай практычнай мэты. Калi ты любiш некага, дык любiш, i калi няма болей чаго яму аддаць, аддаеш сваю любоў. Калi знiк апошнi кавалак шакаладу, мацi абняла сваё дзiця. Гэта быў марны, непатрэбны рух, якi нiчога не мяняў, ад яго не стала болей шакаладу, ён не мог засланiць ад смерцi нi дзiця, нi яе саму. I, аднак, яна лiчыла гэты рух натуральным. Жанчына-ўцякачка на караблi таксама закрыла свайго хлопчыка рукамi, хоць гэта ратавала ад куль не болей, чым аркуш паперы. Партыя ўчынiла страшэннае злачынства, пераканаўшы людзей, што натуральныя памкненнi i пачуццi не маюць нiякай карысцi, i адначасова пазбавiўшы iх усялякай улады над матэрыяльным светам. Калi чалавек трапляў у кiпцюры Партыi, не было ўжо нiякай рознiцы, адчувае ён нешта або не, робiць нешта або ўхiляецца рабiць. Што б там нi было, чалавек знiкаў, а з iм знiкалi i яго справы, i нi пра справы гэтыя, нi пра яго самога нiхто больш нiколi не чуў. Яго проста выкрэслiвалi з гiсторыi. Двума пакаленнямi раней гэта не здавалася людзям надта ўжо важным, бо тады яны не спрабавалi змянiць гiсторыю. Iмi кiравала вернасць сваiм правiлам, якiх яны нiколi не ставiлi пад сумненне. Важнымi лiчылiся толькi чалавечыя адносiны: зусiм бескарысныя ўчынкi, пацалункi, слёзы, словы суцяшэння, сказаныя чалавеку, што памiрае, маглi быць каштоўнымi самi па сабе. Раптам ён зразумеў, што гэтыя якасцi захавалi пролы. Яны не былi верныя Партыi, краiне або iдэi, яны былi верныя адзiн аднаму. Першы раз у жыццi ён падумаў аб пролах без пагарды, падумаў не толькi як аб iнертнай цёмнай сiле, якая аднойчы абудзiцца i адновiць свет. Пролы засталiся чалавечнымi. Яны не счарсцвелi душой. Яны захавалi простыя пачуццi, якiм яму даводзiлася вучыцца нанава са свядомым намаганнем. Пры гэтай думцы ён згадаў, без вiдавочнай сувязi, пра тое, як некалькi тыдняў таму, убачыўшы на бруку адарваную руку, ён скiнуў яе нагой у канаву, нiбы капусную храпку.
- Пролы - гэта людзi, - гучна прамовiў ён. - А мы - не людзi.
- Чаму? - спыталася Джулiя, прачнуўшыся зноў.
Ён падумаў хвiлiнку.
- Цi прыходзiла табе калi ў галаву, - сказаў ён, - што найлепш нам было б проста пайсцi адсюль, пакуль не позна, i нiколi болей не сустракацца?
- Так, мой любы. Я не раз пра гэта думала. I ўсё ж я нiколi гэтага не зраблю.
- Дагэтуль нам шанцавала, - сказаў ён, - але доўга гэтак цягнуцца не можа. Ты маладая, выглядаеш нармальнай i бязвiннай. Калi ты будзеш трымацца далей ад такiх, як я, дык пражывеш яшчэ гадоў пяцьдзесят.
- Не. Я пра ўсё гэта думала. Я буду рабiць тое, што i ты. I не глядзi так змрочна на свет. Я так проста памiраць не збiраюся.
- Магчыма, мы будзем разам яшчэ паўгода, можа, год, але ўрэшце мы, напэўна, расстанемся. Цi ты сабе ўяўляеш, якiя мы будзем самотныя? Калi мы трапiм iм ў рукi, мы нiчога, абсалютна нiчога не зможам зрабiць адно аднаму. Калi я прызнаюся, яны цябе расстраляюць, i калi я не прызнаюся, яны ўсё роўна цябе расстраляюць. Што б я нi сказаў, што б я нi зрабiў, нават калi б я адмовiўся гаварыць, - я не здолею адкласцi тваю смерць хоць на пяць хвiлiн. Нiводзiн з нас не будзе ведаць, жывы другi цi ўжо мёртвы. Мы будзем абсалютна бяссiльныя. Адзiнае, што будзе важна, гэта не здрадзiць адно аднаму, хоць, урэшце, гэта нiчога не зменiць.
- Што да прызнанняў, - сказала яна, - дык мы прызнаемся так цi так. Усе прызнаюцца. Нiчога не зробiш. Там катуюць.
- Я маю на ўвазе не прызнанне. Прызнацца - не значыць здрадзiць. Важна не тое, што ты скажаш цi зробiш. Важна тое, што ты будзеш адчуваць. Калi яны прымусяць мяне перастаць цябе кахаць - вось тады будзе сапраўдная здрада.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: