Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
У прынцыпе, прыналежнасць да гэтых трох груп не перадаецца ў спадчыну. Дзiця сябры Ўнутранай Партыi з тэарэтычнага пункту погляду не нараджаецца сябрам Унутранае Партыi. Прыём у адну або другую галiну Партыi праводзiцца праз экзамен ва ўзросце шаснаццацi гадоў. Не iснуе таксама нiякай расавай дыскрымiнацыi, нi iстотных пераваг адной правiнцыi над другой. На найвышэйшых партыйных пасадах можна сустрэць жыдоў, мурынаў, паўднёваамерыканцаў чыста iндзейскае крывi, а мясцовыя кiраўнiкi заўсёды выбiраюцца сярод жыхароў дадзенае тэрыторыi. Нiдзе ў Акiянii людзi не адчуваюць сябе каланiяльным насельнiцтвам, кiраваным з далёкае сталiцы. У Акiянii няма сталiцы, а яе намiнальны кiраўнiк - чалавек, чыё месца жыхарства нiкому не вядомае. За выключэннем таго, што ангельская мова з'яўляецца галоўнай размоўнай, а навамоўе - афiцыйнай моваю Акiянii, у краiне няма нiякае цэнтралiзацыi. Яе кiраўнiкi злучаны мiж сабою не кроўнымi сувязямi, а прыналежнасцю да агульнага вучэння. Нашае грамадства i напраўду распластавана, i вельмi строга распластавана, паводле парадку, якi на першы погляд нагадвае спадчынныя лiнii. Цяпер значна радзей назiраюцца пераходы з адной групы ў другую, чым у эпоху капiталiзму або нават у даiндустрыяльны перыяд. Памiж дзвюма галiнамi Партыi адбываецца пэўны абмен, але толькi тады, калi трэба выключыць з Унутранай Партыi слабых або абясшкодзiць занадта амбiтных сябраў Знешняй Партыi, узняўшы iх угору. Пролам практычна не даюць дасягнуць узроўню, якi б дазволiў iм уступiць у Партыю. Найбольш здольныя з iх, якiя маглi б сфармаваць асяродкi незадавальнення, проста высочваюцца Палiцыяй Думак i лiквiдуюцца. Але гэты стан рэчаў неабавязкова мусiць быць нязменны, ён не ўяўляе сабою прынцыповага пытання. Партыя не з'яўляецца класам у старым сэнсе слова. Яна не iмкнецца перадаць уладу сваiм дзецям толькi таму, што гэта яе Дзецi; i калi б не iснавала iншае магчымасцi ўтрымлiваць пры ўладзе найбольш здольных людзей, яна з лёгкасцю была б гатовая рэкрутаваць зусiм новае пакаленне з шэрагаў пралетарыяту. У крытычныя часы той факт, што Партыя не з'яўляецца спадчынным саслоўем, вельмi спрыяў нейтралiзаванню апазiцыi. Сацыялiст старога гарту, спрактыкаваны ў змаганнi супраць "класавых прывiлеяў", меркаваў, што тое, што не перадаецца ў спадчыну, не можа быць вечным. Ён не разумеў, што пераемнасць алiгархii неабавязкова павiнна быць фiзiчнаю, ён не задумваўся над тым, што спадчынныя арыстакратыi нiколi не жылi доўга, тым часам як арганiзацыi, даступныя ўсiм людзям, як, прыкладам, каталiцкая царква, iснавалi часам сотнi i нават тысячы гадоў. Сутнасць алiгархiчнага панавання не ў спадкаваннi ад бацькi сыну, а ў захаваннi пэўнага светапогляду i пэўнага ладу жыцця, навязанага мёртвымi жывым людзям. Кiраўнiчыя колы датуль застаюцца кiраўнiчымi коламi, пакуль яны могуць прызначаць сабе наступнiкаў. Партыi важна захаваць не сваю кроў, а самую сябе. Зусiм няважна, хто трымае ўладу, iстотна, каб iерархiчная структура заставалася заўсёды тая самая.
Усе погляды, звычкi, густы, пачуццi i лад думак, уласцiвыя нашым часам, у сапраўднасцi прызначаюцца на тое, каб захаваць мiстычнасць Партыi i не даць зразумець сапраўдную сутнасць сучаснага грамадства. Практычнае паўстанне цi хоць бы падрыхтоўчыя захады да яго сёння немагчымыя. Пролаў няма чаго баяцца. Пакiнутыя самi сабе, яны i далей будуць з пакалення ў пакаленне, са стагоддзя ў стагоддзе працаваць, працягваць род i памiраць не толькi без нiякага памкнення паўстаць, але i не маючы нават магчымасцi зразумець, што свет мог бы быць iнакшы, чым ён ёсць цяпер. Яны сталi б небяспечнымi толькi тады, калi б тэхнiчны прагрэс запатрабаваў для iх вышэйшае адукацыi. Але як ваенная i эканамiчная канкурэнцыя не маюць болей нiякага значэння, дык узровень народнае адукацыi падае. Лiчыцца неiстотным ведаць, аб чым масы думаюць i аб чым не думаюць. Iм можна спакойна дазволiць iнтэлектуальную свабоду, бо iнтэлекту ў iх няма. Але найменшае адхiленне ў поглядах сябры Партыi, нават у самым дробным пытаннi, лiчыцца недапушчальным.
Ад нараджэння да смерцi сябра Партыi жыве пад пiльным вокам Палiцыi Думак. Нават калi ён адзiн, ён нiколi не можа быць пэўны, што ён сапраўды адзiн. Дзе б ён нi быў, удзень цi ўначы, на працы цi на адпачынку, у ванне цi ў ложку, за iм могуць назiраць без папярэджання, так, што ён i не будзе пра гэта ведаць. Нiчога з таго, што ён робiць, не можа заставацца незаўважаным. З кiм ён сябруе, як бавiць час, як ставiцца да жонкi i дзяцей, якi ў яго твар, калi ён адзiн, што ён мармыча праз сон, нават яго характэрныя рухi - усё назiраецца з назольнай дакладнасцю. Не толькi кожная сапраўдная правiна, але любы, нават самы нязначны выбрык, любая змена звычкi, любае нервовае дзiвацтва, якое можа быць сiмптомам унутранае барацьбы, без нiякага сумнення заўважаюцца наглядчыкамi. У сябры Партыi няма нiякае свабоды выбару. З другога боку, ягоныя ўчынкi не рэгулююцца законамi цi нейкiм ясна сфармуляваным кодэксам паводзiн. У Акiянii законаў няма. Думкi i дзеяннi, якiя, калi будуць заўважаныя, вядуць да непазбежнае смерцi, фармальна не забароненыя, i вечныя чысткi, арышты, катаваннi, зняволеннi i выпарэннi прызначаюцца не ў якасцi кары за нейкiя сапраўды ўчыненыя злачынствы. Яны ўжываюцца, каб знiшчыць людзей, якiя маглi б учынiць злачынствы калi-небудзь у будучынi. Ад сябры Партыi патрабуюць не толькi правiльных поглядаў, але i правiльных iнстынктаў. Шматлiкiя перакананнi i погляды, што патрабуюцца ад яго, нiдзе дакладна не вызначаныя i не маглi б быць дакладна вызначаныя без таго, каб не выкрылiся ўнутраныя супярэчнасцi Ангсоцу. Калi сябра Партыi ад натуры добранадзейны (на навамоўi - дабрадум), ён у любых абставiнах не задумваючыся вызначыць, якое меркаванне правiльнае або якое пачуццё пажадана выявiць на твары. Аднак у любым выпадку праведзенае ў дзяцiнстве стараннае разумовае вышкаленне, якое грунтуецца на трох паняццях, называных на навамоўi стопзлачын, чорнабел i двухдумства, уплывае на яго так, што ён не хоча i не можа разважаць глыбока аб чым там нi было б.
Мяркуецца, што сябра партыi не можа мець нiякiх прыватных пачуццяў i што яго энтузiязм нiколi не згасае. Ён павiнен жыць у няспынным шале нянавiсцi да знешнiх ворагаў i ўнутраных здраднiкаў, захапляцца перамогамi, пакорлiва схiляцца перад сiлаю i мудрасцю Партыi. Пачуццё незадаволенасцi, што ўзнiкае ад убогага, абмежаванага жыцця, свядома накiроўваецца вонкi i рассейваецца з дапамогаю мерапрыемстваў накшталт Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Думкi, якiя маглi б прывесцi да сфармавання скептычных або бунтаўнiчых поглядаў, забiваюцца загадзя шляхам унутранае дысцыплiны, прышчэпленай з малых гадоў. Першая, найпрасцейшая ступень дысцыплiны, якой можна навучыць нават малых дзяцей, завецца на навамоўi стопзлачын. Стопзлачын - гэта здольнасць рэзка, нiбы iнстынктыўна, спынiцца на парозе небяспечнае думкi. Ён уключае ў сябе ўменне не адчуваць аналогiй, не заўважаць лагiчных памылак, не разумець нават найпрасцейшых аргументаў, калi яны пярэчаць Ангсоцу. Сюды ўваходзiць таксама здольнасць адчуваць нуду або агiду да любога ладу мыслення, якi можа звесцi на аблудны кiрунак. Карацей кажучы, стопзлачын азначае ахоўную дурасць. Але адной дурасцi мала. Наадварот, добранадзейнасць, у пэўным сэнсе, патрабуе ад усiх гэткага ж поўнага кантролю над сваiмi думкамi, як у акрабата над целам. Акiянiйскае грамадства трымаецца ўрэшце на веры, што Вялiкi Брат усемагутны, а Партыя - бясхiбная. Але з той прычыны, што ў сапраўднасцi Вялiкi Брат не ўсемагутны, а Партыя не бясхiбная, iснуе неабходнасць настойлiвай, штохвiлiннай гнуткасцi ў падаваннi фактаў. Ключавым паняццем тут з'яўляецца чорнабел. Гэтае слова, як i шмат iншых навамоўных слоў, мае два ўзаемна супярэчныя значэннi. Ужытае ў дачыненнi да ворага, яно азначае звычку бессаромна сцвярджаць насуперак вiдавочным фактам, што чорнае - гэта белае. Ужытае ў дачыненнi да сябры Партыi, яно азначае сумленную гатовасць назваць чорнае белым, калi гэтага запатрабуе партыйная дысцыплiна. Але яно азначае таксама здольнасць верыць, што чорнае - гэта белае, i нават ведаць, што чорнае - гэта белае, i забыцца, што некалi было iнакш. Гэта патрабуе няспыннага зменьвання мiнуўшчыны, магчымага дзякуючы сiстэме мыслення, якая ахапляе ўсе iншыя i называецца ў навамоўi двухдумствам.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: