Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
- Колькi пальцаў, Ўiнстан?
- Чатыры. Мне здаецца, што чатыры. Калi б я мог, я б убачыў пяць. Я паспрабую ўбачыць пяць.
- Што вы хочаце: пераканаць мяне, што бачыце пяць або сапраўды iх убачыць?
- Сапраўды iх убачыць.
- Яшчэ, - сказаў О'Браэн.
Стрэлка была цяпер, напэўна, на васьмiдзесяцi - дзевяноста. Цяпер Ўiнстан ужо не памятаў, адкуль iдзе боль. За яго сцiснутымi павекамi цэлы лес пальцаў рухаўся нiбы ў нейкiм танцы, калыхаючыся з боку ў бок, хаваючыся адзiн за адзiн i зноў паяўляючыся. Ён спрабаваў палiчыць iх, але не мог прыгадаць нашто. Ён ведаў толькi, што iх немагчыма палiчыць i што гэта звязана з нейкай таямнiчай еднасцю памiж чатырма i пяццю. Боль зноў трохi суцiх. Калi ён расплюшчыў вочы, перад iм па-ранейшаму стаяла тое самае мроiва: незлiчоныя пальцы, як жывыя дрэвы, мiтуслiва рухалiся ва ўсе бакi, скрыжоўваючыся i разыходзячыся. Ён зноў заплюшчыў вочы.
- Колькi я трымаю пальцаў, Ўiнстан?
- Не ведаю. Не ведаю. Я памру, калi вы зноў уключыце ток. Чатыры, пяць, шэсць - слова гонару, я не ведаю.
- Так ужо лепей, - сказаў О'Браэн.
У руку Ўiнстану ўтыкнулася iголка. Амаль у той самы момант шчасная, гаючая цеплыня разлiлася па ўсiм яго целе. Боль быў ужо напалову забыты. Ён расплюшчыў вочы i ўдзячна паглядзеў на О'Браэна. Убачыўшы цяжкi, маршчынiсты твар, такi брыдкi i такi разумны, ён адчуў, як яго сэрца растае. Калi б ён мог паварушыцца, ён выцягнуў бы руку i паклаў яе на руку О'Браэну. Ён нiколi не любiў яго так глыбока, як цяпер, i не проста таму, што ён спынiў пакуты. Да яго вярнулася старое пачуццё, што, па сутнасцi, не мае нiякага значэння, сябар яму О'Браэн або вораг. О'Браэн быў чалавекам, з якiм можна пагаварыць. Можа, не так важна, каб цябе любiлi, а каб цябе разумелi. О'Браэн ледзь не закатаваў яго да вар'яцтва, а яшчэ трошкi, i ён напэўна аддаў бы яго смерцi. Але гэта было не так iстотна. У нейкiм сэнсе яны былi больш чым сябры, iх лучыла таямнiчая блiзкасць: недзе было месца, хоць яго, можа, i нельга было назваць сваiм iмем, дзе яны маглi сустрэцца i пагаварыць. О'Браэн глядзеў на яго зверху, i выраз яго твару казаў, што i ён цяпер, можа, думае пра тое самае. Гаварыў ён спакойна i проста.
- Цi вы ведаеце, дзе вы, Ўiнстан? - спытаўся ён.
- Не ведаю. Напэўна, у Мiнiстэрстве Любовi.
- Цi ведаеце вы, колькi часу вы тут ужо знаходзiцеся?
- Не ведаю. Днi, тыднi, месяцы - думаю, што месяцы.
- А як вы думаеце, чаму мы прывозiм сюды людзей?
- Каб змусiць iх прызнацца.
- Не, не таму. Паспрабуйце яшчэ.
- Каб пакараць iх.
- Не! - закрычаў О'Браэн. Голас ягоны незвычайна змянiўся, i твар яго раптам зрабiўся суровы i ўзрушаны. - Не! Не проста, каб дамагчыся прызнанняў, каб пакараць вас. Сказаць вам, чаму мы прывозiм вас сюды? Каб вылечыць вас! Каб вылечыць ваш розум! Зразумейце, Ўiнстан, што з усiх тых, каго мы сюды прывозiм, нiхто не выходзiць адсюль нявылечаны. Нас не цiкавяць тыя iдыёцкiя злачынствы, што вы ўчынiлi. Партыю не цiкавiць вiдавочнае злачыннае дзеянне, нас хвалююць толькi думкi. Мы не проста знiшчаем нашых ворагаў, мы пераменьваем iх. Разумееце вы, што гэта значыць?
Ён схiлiўся над Ўiнстанам. З-за блiзкасцi ягоны твар здаваўся вялiзным i невыносна брыдкiм. Да таго ж ён быў шалёна ўзрушаны. У Ўiнстана зноў сцiснулася сэрца. Калi б ён толькi мог, ён бы ўцiснуўся глыбей у ложак. Ён быў упэўнены, што О'Браэн зараз крутне рычаг проста так, апанаваны ўзрушэннем. Аднак у гэты момант О'Браэн адвярнуўся. Ён трохi пахадзiў сюды-туды. Пасля працягваў ужо спакайнейшым тонам:
- Першае, што вам неабходна зразумець: тут у нас няма пакутнiкаў. Вы чыталi пра рэлiгiйныя пераследаваннi ў мiнулым. У Сярэднявеччы была iнквiзiцыя. Няўдалая задума. Яна мерылася выкаранiць ерась, а на справе толькi ўзмоцнiла яе. Замест кожнага адшчапенца, спаленага ля слупа, паўставалi тысячы новых. Чаму? Таму што iнквiзiцыя забiвала сваiх ворагаў прылюдна, забiвала тым часам, як яны не раскайвалiся; якраз таму i забiвала, што яны не раскайвалiся. Людзi памiралi, бо не хацелi адмовiцца ад сваёй сапраўднай веры. Вядома ж, уся слава належала ахвярам, а ўся ганьба - iнквiзiтару, якi iх палiў. Пазней, у дваццатым стагоддзi, былi гэтак званыя таталiтарысты. Я маю на ўвазе нямецкiх нацыстаў i расейскiх камунiстаў. Расейцы вынiшчалi адшчапенства яшчэ больш люта, чым гэта рабiла iнквiзiцыя. Яны былi ўпэўненыя, што памылкi мiнулага iх нечаму навучылi; ва ўсялякiм разе, яны ведалi, што нельга рабiць з ворагаў пакутнiкаў. Перш чым выстаўляць свае ахвяры на публiчны суд, яны свядома займалiся знiшчэннем iх годнасцi. Яны змагалi iх катаваннямi i адзiнотай, пакуль не ператваралi ў мiзэрных папаўзлiвых небарак, якiя прызнавалiся ва ўсiм, што iм толькi нi казалi, абсыпаючы сябе праклёнамi, вiнавацячы ўсiх i хаваючыся за чужыя спiны, енчачы аб лiтасцi. Але прайшло некалькi гадоў, i зноў паўтарылася тое самае. Мёртвыя сталiся пакутнiкамi, а пра iх ганьбу ўсе забылiся. I зноў, чаму так адбылося? Па-першае, таму што прызнаннi вырвалi ў iх гвалтам i яны былi вiдавочнай няпраўдай. Мы такiх памылак не робiм. Усе прызнаннi, што гучаць тут - чыстая праўда. Мы робiм iх праўдай. Але галоўнае ў тым, што мы не дазваляем мёртвым паўставаць супраць нас. Кiньце думаць, што нашчадкi вас апраўдаюць, Ўiнстан. Нашчадкi нiколi пра вас не пачуюць. Вы знiкнеце з плынi гiсторыi. Мы ператворым вас у газ i выпарым у стратасферу. Ад вас не застанецца нiчога; нi iмя ў спiсе, нi ўспамiнаў у жывой свядомасцi. Вы знiкнеце з мiнуўшчыны гэтаксама, як i з будучынi. Будзе так, нiбы вы нiколi не iснавалi.
"Дык нашто ж тады катаваць мяне?" - падумаў Ўiнстан з горыччу. О'Браэн зразумеў Ўiнстана, быццам той выказаў сваю думку ўголас. Яго вялiкi брыдкi твар наблiзiўся, а вочы трошкi звузiлiся.
- Вы думаеце, - сказаў ён, - што калi мы збiраемся знiшчыць вас дарэшты, а значыць усё, што б вы нi казалi цi рабiлi, не мае нiякага значэння, - дык нашто ж мы губляем столькi часу i сiлы, каб вас дапытваць? Вы пра гэта думалi, праўда?
- Так, - згадзiўся Ўiнстан.
О'Браэн усмiхнуўся.
- Вы - парушына ў воку, Ўiнстан. Вы - пляма, якую трэба сцерцi. Цi ж я не казаў вам толькi што: мы не такiя, як пераследнiкi мiнулых часоў. Нас не задавальняе негатыўнае падпарадкаванне i нават на ўсё гатовая паслухмянасць. Калi ўрэшце вы здасцёся, дык толькi з свае волi. Мы знiшчаем ерэтыка не таму, што ён супрацiўляецца; наадварот, пакуль ён супрацiўляецца, мы нiколi яго не знiшчым. Мы павернем яго, мы заняволiм яго розум, мы пераборам яго. Мы выпалiм з яго ўсё лiха i ўсю аблуду; мы перацягнем яго на наш бок, не ўяўна, а папраўдзе, сэрцам i душою. Мы зробiм яго адным з нас, перш чым заб'ём яго. Мы не можам дапусцiць, каб недзе ў свеце iснавала памылковая думка, якая б патаемная i слабая яна нi была. Нават у хвiлiну смерцi мы не можам дазволiць нiякага адступлення. У старыя часы ерэтык iшоў да слупа, застаючыся ерэтыком, абвяшчаючы сваю ерась, трыумфуючы ў ёй. Нават ахвяры расейскiх чыстак маглi хаваць свой бунт пад чэрапам, калi iх выводзiлi па калiдоры на расстрэл. А мы робiм мазгi дасканалымi, перш чым выбiць iх з галавы. Загад старога дэспатызму гучаў: "Ты не павiнен". Загад таталiтарызму быў "Ты павiнен". Наш загад - "Ты ёсць". Нiхто з тых, каго мы прывозiм сюды, не паўстае супраць нас. Мы ўсiх адмываем начыста. Нават тых трох няшчасных здраднiкаў, у чыю бязвiннасць вы некалi верылi - Джоўнза, Эрансана i Радэрфорда - мы ўрэшце зламалi. Я сам браў удзел у допытах. Я бачыў, як яны паступова саступалi, як яны раскiсалi, поўзалi, па падлозе, плакалi - i не ад болю i страху, а ад раскаяння. Калi мы ўжо канчалi з iмi працаваць, ад iх заставалiся толькi чалавечыя абалонкi. У iх нiчога болей не засталося, апроч шкадавання аб тым, што яны зрабiлi, i любовi да Вялiкага Брата. Было проста мiла глядзець, як яны яго любiлi. Яны прасiлi, каб iх хутчэй расстралялi, каб яны паспелi памерцi з чыстым розумам.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: