Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
З калiдора зноў пачуўся стук ботаў. Дзверы адчынiлiся. У камеру ўвайшоў О'Браэн.
Ўiнстан ускочыў на ногi. Тое, што ён пабачыў, так яго ўразiла, што ён забыўся пра асцярожнасць. Першы раз за шмат гадоў ён не зважаў на прысутнасць тэлегляда.
- Яны i вас узялi! - закрычаў ён.
- Яны ўзялi мяне ўжо даўно, - адказаў О'Браэн мяккай, амаль шкадавальнай iронiяй. Ён адступiў убок. З-за яго спiны ўзнiк шыракагруды ахоўнiк з доўгiм чорным кiем у руцэ.
- Вы ведалi гэта, Ўiнстан, - сказаў О'Браэн. - Не манiце сабе. Вы ведалi гэта - вы заўсёды ведалi гэта.
Так, цяпер ён бачыў, ён заўсёды гэта ведаў. Але думаць пра гэта не было часу. Усё, на што яму хапала позiрку, быў кiй у руцэ ахоўнiка. Ён мог ударыць у любое месца: па патылiцы, па кончыку вуха, па руцэ, па локцi...
Па локцi! Ён асеў на каленi, амаль спаралiзаваны, схапiўшыся рукою за збiты локаць. Уваччу ўсё выбухнула жоўтым святлом. Немагчыма, немагчыма, каб толькi адзiн удар мог спрычынiць такi боль! Зрок трохi прасвятлеў, i ён мог бачыць, як тыя двое паглядаюць зверху на яго. Ахоўнiк душыўся смехам. Ва ўсялякiм разе, на адно пытанне адказ быў гатовы. Нiколi, нiзавошта на свеце ён не пажадае, каб памацнеў яго боль. Што да болю, дык тут можна было хацець толькi аднаго: каб ён спынiўся. Няма ў свеце нiчога страшнейшага за фiзiчны боль. Перад болем няма герояў, няма герояў, думаў ён зноў i зноў, калi курчыўся на падлозе, марна сцiскаючы сваю знявечаную левую руку.
2
Ён ляжаў на нечым, што нагадвала раскладанку, толькi значна вышэй ад зямлi, i быў прывязаны так, што не мог варухнуцца. У твар яму бiла святло, мацнейшае, чым звычайна. О'Браэн стаяў побач i ўважлiва глядзеў на яго. З другога боку стаяў чалавек у белым халаце са шпрыцам у руках.
Нават расплюшчыўшы вочы, ён не адразу зразумеў, што адбываецца навокал. У яго было ўражанне, што ён нiбы ўсплыў у гэтым пакоi з нейкага зусiм iншага, глыбокага, падводнага свету. Колькi ён там прабыў, ён не ведаў. З таго часу, як яго арыштавалi, ён болей не бачыў нi дня, нi ночы. Дый успамiны яго былi перарывiстыя. Былi часы, калi свядомасць, нават тая, што маеш у сне, спыняла свой ток i пачыналася зноў пасля нiчым не запоўненага перапынку. Але як доўга цягнулiся гэтыя перапынкi - днi, тыднi або толькi секунды, - даведацца было немагчыма.
Кашмарны сон пачаўся з таго першага ўдару па локцi. Пасля ён зразумеў, што ўсё, што тады адбылося, было толькi папярэдняй падрыхтоўкай, звычайным допытам, якому падлягалi амаль усе вязнi. Быў доўгi спiс злачынстваў шпiянаж, сабатаж i iншыя, - у якiх кожны мусiў прызнацца, што ўспрымалася як сама сабой зразумелая рэч. Прызнанне было фармальнасцю, хоць катавалi па-сапраўднаму. Колькi разоў яго бiлi, як доўга - ён не памятаў. Заўсёды пры iм было адначасова пяць цi шэсць чалавек у чорнай унiформе. Часам бiлi кулакамi, часам кiямi, часам сталёвымi прутамi, часам ботамi. Часам бывала, што ён качаўся на падлозе, не маючы сораму, нiбы жывёла, курчачыся сяк i так у бясконцым, безнадзейным намаганнi ўхiлiцца ад удараў, а замест таго падстаўляючыся ўсё новым i новым ударам у рэбры, у жывот, па локцях, па лытках, у пахвiну, па машонцы, па хрыбце. Бывала часам, што катаванне цягнулася так доўга, што яму пачынала здавацца жорсткiм, агiдным, непрабачальным не тое, што ахоўнiкi яго бiлi, але што ён нiяк не мог прымусiць сябе страцiць прытомнасць. Бывала, што нервы здраджвалi яму, i ён пачынаў крычаць аб лiтасцi яшчэ перад тым, як яго пачыналi бiць, калi аднаго толькi выгляду кулака, занесенага для ўдару, было дастаткова, каб ён пачаў сыпаць прызнаннi аб сапраўдных i выдуманых злачынствах. Бывала таксама, што ён вырашаў нi ў чым не прызнавацца, i кожнае слова трэба было вырываць з яго праз нясцерпны боль, бывала i так, што ён спрабаваў iсцi на кампрамiс, кажучы сабе: "Я прызнаюся, але толькi не цяпер. Буду трываць, пакуль здолею. Яшчэ тры ўдары, яшчэ два ўдары, i тады я скажу iм усё, што яны хочуць". Часам яго збiвалi так, што ён не мог стаяць, пасля кiдалi, як мех з бульбай, на каменную падлогу ў камеры, i давалi некалькi гадзiн ачомацца, а тады зноў выводзiлi i бiлi. Былi таксама працяглыя перыяды аднаўлення сiлы. Ён помнiў iх цьмяна, бо праводзiў iх часцей за ўсё ў сне цi здранцвеннi. Ён памятаў камеру з дашчаным ложкам, нейкай палiцай, што тырчала са сцяны, i бляшанай умывальняй, памятаў ежу: гарачы суп, хлеб i часам кава. Ён памятаў пахмурнага цырульнiка, якi прыходзiў паскрэбцi яму бараду i абстрыгчы галаву, памятаў дзелавых, непрыемных людзей у белых халатах, што мацалi яму пульс, правяралi рэфлексы, выварочвалi павекi, прабягалi па ўсiм целе грубымi пальцамi, шукаючы зламаныя косткi, i калолi яму ў руку, каб ён заснуў.
Бiць яго сталi радзей, само бiццё сталася цяпер проста пагрозай, застрашэннем, да якога можна было звярнуцца ў любы момант, калi яго адказы былi незадавальняючыя. Яго дапытнiкамi былi цяпер не грамiлы ў чорнай унiформе, а партыйныя iнтэлектуалы, тоўстыя чалавечкi з рэзкiмi рухамi i блiскучымi акулярамi, якiя працавалi з iм наперамену асобнымi сеансамi, што цягнулiся - як яму здавалася, ён не мог быць пэўны - па дзесяць-дванаццаць гадзiн. Гэтыя новыя дапытнiкi рупiлiся аб тым, каб ён увесь час пакутаваў ад няспыннага лёгкага болю. Але не болю надавалi яны галоўную ўвагу. Яны давалi яму поўхi, круцiлi яму вушы, цягалi за валасы, прымушалi стаяць на адной назе, не давалi яму мачыцца, свяцiлi яму ў твар асляпляльным святлом, пакуль з вачэй не лiлiся слёзы; галоўнаю мэтай усяго гэтага было прынiзiць яго i задушыць у iм здольнасць разважаць i спрачацца. Iх сапраўднай зброяй быў бязлiтасны допыт, якi працягваўся бясконца, гадзiну за гадзiнай, блытаючы яго, падстаўляючы пасткi, перакручваючы ўсе яго словы, пераконваючы яго скрозь i ўсюды, што ён манiць i супярэчыць сам сабе, пакуль ён не пачынаў плакаць - i ад сораму, i ад нервовай стомы. Часам ён плакаў разоў шэсць за адзiн сеанс. Часцей за ўсё яны брыдка лаялiся на яго i, як толькi ён пачынаў вагацца, пагражалi зноў перадаць яго ахоўнiкам; але часам яны раптоўна мянялi тон, называлi яго таварышам, заклiкалi яго ў iмя Ангсоцу i Вялiкага Брата i з прыкрасцю ў голасе пыталiся, няўжо i цяпер у яго недастаткова адданасцi Партыi, каб ён захацеў адкупiць усё тое благое, што ён нарабiў. Калi нервы яго былi ладна пашкуматаныя пасля шматгадзiнных допытаў, нават гэткага заклiку было дастаткова, каб выцiснуць з яго слёзы. Урэшце назольныя галасы зламалi яго канчаткова, лепш за боты i кулакi ахоўнiкаў. Ён стаўся толькi языком, што вымаўляў, рукою, што паказвала ўсё, што толькi ад яго нi патрабавалi. Адзiным яго клопатам было здагадацца, якiя прызнаннi ад яго хацелi пачуць, i тады хутчэй прызнацца, пакуль зноў не пачнецца застрашэнне. Ён прызнаўся ў забойстве выдатных партыйных дзеячаў, у распаўсюджваннi бунтаўнiчых брашур, прамантачваннi грамадскiх сродкаў, выдаваннi ваенных сакрэтаў, разнастайным сабатажы. Ён прызнаўся, што быў шпiёнам на службе Ўсходазiйскага ўрада яшчэ ў 1968 годзе. Ён прызнаўся, што ён веруючы, прыхiльнiк капiталiзму i сексуальны маньяк. Ён прызнаўся, што забiў сваю жонку, хоць i ведаў, i яго дапытнiкi таксама павiнны былi ведаць, што яна жывая. Ён прызнаўся, што на працягу гадоў меў асабiстыя зносiны з Гольдштэйнам i быў сябрам падпольнай арганiзацыi, што складалася амаль з усiх людзей, якiх ён толькi ведаў. Было прасцей прызнацца ва ўсiм i ведаць усiх. Да таго ж у нейкiм сэнсе ўсё гэта было праўдай. Праўдай было тое. што ён быў ворагам Партыi, а ў вачах Партыi не было рознiцы памiж думкай i справай.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: