Герберт Уэллс - Вайна сусветаў (на белорусском языке)
- Название:Вайна сусветаў (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Герберт Уэллс - Вайна сусветаў (на белорусском языке) краткое содержание
Вайна сусветаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Пасля марнай спробы трапiць на паўночна-заходнi цягнiк у Чок-Фарме, калi ён, перапоўнены яшчэ на таварнай платформе, пачаў пракладваць сабе шлях праз раз'юшаны натоўп i некалькi здаравенных малайцоў ледзь стрымлiвалi публiку, якая намервалася разбiць машынiсту галаву аб топку, мой брат выйшаў на Чок-фарм-роўд, перайшоў дарогу, лавiруючы сярод рою iмклiвых экiпажаў, i, на шчасце, апынуўся адным з першых пры разгроме веласiпеднага магазiна. Пярэдняя шына веласiпеда, якi ён захапiў, лопнула, калi ён выцягваў машыну праз акно, але тым не менш, толькi злёгку паранiўшы кiсць рукi ў сутычцы, ён сеў i паехаў. Шлях па крутым адхоне Хаверсток-Хiла быў завалены перакуленымi экiпажамi, i брат павярнуў на Белсайз-роўд.
Такiм чынам ён выбраўся з ахопленага панiкай горада i к сямi гадзiнам дасягнуў Эджуэра, галодны i знямоглы, але затое значна апярэдзiў паток бежанцаў. Паўз дарогу стаялi мясцовыя жыхары, цiкаўныя i збiтыя з панталыку. Яго абагналi некалькi веласiпедыстаў, некалькi коннiкаў i два аўтамабiлi. За мiлю ад Эджуэра лопнуў вобад кола, ехаць далей было немагчыма. Ён кiнуў веласiпед каля дарогi i пяшком дабраўся да вёскi. На галоўнай вулiцы было адчынена некалькi лавак; жыхары тоўпiлiся на тратуарах, стаялi каля дзвярэй i вокнаў, здзiўлена глядзелi на незвычайнае шэсце бежанцаў, якое толькi яшчэ пачыналася. Брату пашанцавала перакусiць у гасцiнiцы.
Ён хадзiў па Эджуэры, не ведаючы, што рабiць далей. Натоўп бежанцаў усё павялiчваўся. Многiя, як i брат, хацелi б застацца там. Аб марсiянах нiчога новага не паведамлялася.
Дарога ўжо напоўнiлася бежанцамi, але яшчэ прайсцi было можна. Спачатку было больш веласiпедыстаў, затым паявiлiся хуткасныя аўтамабiлi, прыгожыя кебы, каляскi; пыл слупом стаяў на дарозе да самага Сент-Олбенса.
Успомнiўшы, вiдаць, пра сваiх сяброў у Чэлмсфардзе, брат вырашыў прайсцiся цiхiм прасёлкам, якi цягнуўся на ўсход. Калi перад iм вырас плот, брат пералез цераз яго i накiраваўся па сцежцы на паўночны ўсход. Ён прайшоў па некалькiх вёсачках, назваў якiх не ведаў. Зрэдку траплялiся бежанцы. Каля Хай-Барнета, на зарослай травой дарозе, ён сустрэўся з дзвюма жанчынамi, якiя сталi яго спадарожнiцамi. Ён дагнаў iх якраз своечасова, каб памагчы iм.
Пачуўшы крыкi, ён хуценька завярнуў за вугал i ўбачыў двух мужчын, якiя спрабавалi высадзiць жанчын з каляскi; трэцi трымаў за аброць напалоханага понi. Адна з жанчын, невялiкага росту, у белай сукенцы, крычала; другая ж, стройная брунетка, бiла дубцом па твары мужчыну, якi схапiў яе за руку.
Брат iмгненна ацанiў сiтуацыю i з крыкам кiнуўся на дапамогу жанчынам. Адзiн з нападаючых пакiнуў жанчыну i павярнуўся да яго; брат, выдатны баксёр, бачачы, што бойка непазбежная, напаў першы i адным ударам звалiў яго пад калёсы.
Тут было не да рыцарскай ветлiвасцi, i брат, аглушыўшы ўдарам нагi першага, схапiў за каўнер другога нападаючага, якi трымаў за руку маладзейшую жанчыну. Ён пачуў тупат капытоў; дубец слiзгануў па яго твары, i трэцi працiўнiк нанёс яму моцны ўдар у пераносiцу; той, якога ён трымаў за каўнер, вырваўся i кiнуўся ўцякаць па прасёлку ў той бок, адкуль падышоў брат.
Аглушаны ўдарам, брат апынуўся сам-насам з суб'ектам, якi толькi што трымаў понi; каляска аддалялася, вiхляючыся то ў адзiн, то ў другi бок; абедзве жанчыны, павярнуўшыся, сачылi за валтузнёй. Працiўнiк, вялiзны дзяцiна, рыхтаваўся нанесцi другi ўдар, але брат апярэдзiў яго, стукнуўшы ў скiвiцу. Пасля, бачачы, што застаўся адзiн, брат вывернуўся ад удару i пабег па прасёлку следам за каляскай, а за iм гнаўся працiўнiк; другi, якi быў уцёк, спынiўся, павярнуў назад i цяпер бег за iм зводдалеку.
Раптам брат спатыкнуўся i ўпаў; самы блiзкi ад яго працiўнiк спатыкнуўся аб яго i таксама ўпаў; i брат, усхапiўшыся на ногi, зноў апынуўся сам-насам з двума працiўнiкамi. У яго была мала надзеi справiцца з iмi, але ў гэты час стройная брунетка хуценька спынiла понi i падбегла на дапамогу. У яе, як аказалася, быў рэвальвер, але ён ляжаў пад сядзеннем, калi на iх напалi. Яна выстралiла з адлегласцi ў шэсць ярдаў, ледзь не трапiўшы ў брата. Менш храбры грабежнiк пусцiўся ўцякаць, яго калега - за iм, праклiнаючы яго баязлiвасць. Абодва спынiлiся непадалёку на прасёлку каля трэцяга з нападаючых, якi нерухома ляжаў на зямлi.
- Вазьмiце, - прамовiла стройная жанчына, перадаючы брату свой рэвальвер.
- Сядайце ў каляску, - сказаў брат, выцiраючы кроў з рассечанай губы.
Яна моўчкi павярнулася, i яны разам з братам, цяжка дыхаючы, падышлi да жанчыны ў белай сукенцы; жанчына ледзь стрымлiвала напалоханага понi.
Грабежнiкi больш не нападалi. Азiрнуўшыся, брат убачыў, што яны аддаляюцца.
- Я сяду тут, калi можна, - сказаў ён, ускарабкаўшыся на вольнае сядзенне.
Брунетка аглянулася цераз левае плячо.
- Дайце мне лейцы, - сказала яна i сцебанула понi. Праз хвiлiну знiклi за павароткаю.
Такiм чынам, зусiм нечакана брат, задыханы, з рассечанай губою, з апухлым падбародкам i акрываўленымi пальцамi, апынуўся ў калясцы разам з дзвюма жанчынамi на незнаёмай дарозе.
Ён даведаўся, што адна з iх жонка, а другая - малодшая сястра доктара з Стэнмора, якi, вяртаючыся ноччу з Пiннера ад цяжка хворага, пачуў на адной з чыгуначных станцый аб наблiжэннi марсiянаў. Ён паспешна адправiўся дамоў, разбудзiў жанчын - прыслуга ад'ехала ад iх за два днi перад гэтым, упакаваў такую-сякую правiзiю, паклаў, на шчасце для брата майго, свой рэвальвер пад сядзенне i сказаў iм, каб яны ехалi ў Эджуэр i селi там на цягнiк. Сам ён застаўся апавясцiць суседзяў i абяцаў дагнаць жанчын каля паловы пятай ранiцаю. Цяпер ужо каля дзевяцi, а яго ўсё няма. Спынiцца ў Эджуэры яны не маглi з-за наплыву бежанцаў i, такiм чынам, павярнулi на глухую дарогу.
Усё гэта яны расказалi майму брату па дарозе ў Нью-Барнет, дзе i зрабiлi прыпынак. Брат абяцаў не пакiдаць iх, па крайняй меры да таго часу, пакуль яны не вырашаць, як быць далей, цi пакуль iх не дагонiць доктар. Заспакойваючы жанчын, брат запэўнiваў, што ён выдатны стралок, хоць у жыццi не трымаў у руках рэвальвера.
Яны атабарылiся каля дарогi, прыладкаваўшы каля дрэваў понi. Брат расказаў спадарожнiцам пра свае ўцёкi з Лондана i паведамiў iм усё, што чуў пра марсiянаў i iх дзеяннi. Сонца падымалася ўсё вышэй, i неўзабаве жывая гаворка змянiлася марудным чаканнем. Па дарозе прайшло некалькi бежанцаў; ад iх брат даведаўся пра сякiя-такiя навiны, якiя яшчэ больш пацвердзiлi яго перакананне ў грандыёзнасцi бедства i неабходнасцi ўцякаць прэч. Ён сказаў пра гэта сваiм спадарожнiцам.
- У нас ёсць грошы, - сказала маладзейшая дама i тут жа змоўкла.
Яе вочы сустрэлiся з братавымi вачыма, i яна супакоiлася.
- У мяне таксама ёсць грошы, - адказаў брат.
Яна паведамiла, што ў iх ёсць трыццаць фунтаў золатам i адна пяцiфунтавая крэдытка i выказала меркаванне, што яны змогуць сесцi на цягнiк у Сен-Олбенсе цi Нью-Барнэце. Брат лiчыў, што трапiць на цягнiк зусiм немагчыма; ён бачыў, як натоўпы лонданцаў чынiлi асады цягнiкам i прапанаваў прабрацца праз Эсекс да Гарвiча, а там параходам пераправiцца на кантынент.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: