Николай Чергинец - За секунду да выстралу
- Название:За секунду да выстралу
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Николай Чергинец - За секунду да выстралу краткое содержание
За секунду да выстралу - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Другога аднавяскоўца капітан паслаў да сябе дахаты па сяржанта Сімоху, а сам адышоў у бок са старшынёй сельсавета, расказаў яму, што адбылося.
Буравін аддаў Сімоху, які прыбег, аўтамат і даручыў яму і яшчэ дваім актывістам замкнуць бандытаў кожнага ў асобны свіран і ахоўваць іх, а сам увайшоў у памяшканне сельсавета, дзе старшыня сабраў чалавек пятнаццаць, якім давяраў. Міхаіл Якаўлевіч, хвалюючыся за лёс Славіна, сцісла расказаў пра тое, што здарылася, і адразу ж пачаў даваць даручэнні. Двух актывістаў ён накіраваў ахоўваць хату старога Солаха, двух — адправіў у вёску Светлае, каб там з мясцовымі жыхарамі знайсці тых коней, што ўцяклі. Яшчэ дваім мужчынам капітан даручыў назіраць за хатай Дразда. Трое калгаснікаў павінны былі паехаць у лес і даставіць яго труп у Станавое. Астатнім Буравін прапанаваў хутчэй узяць стрэльбы і разам з ім накіравацца на пошукі Славіна і Грышкі.
Людзі без лішніх размоў разыходзіліся выконваць заданні.
32 Лейтэнант Славін
Славін убачыў, як Солах, мацюкаючыся, кінуўся да яго, і на імгненне нават разгубіўся. Але тут жа прыйшоў у сябе і ўзяў на мушку бандыта:
— Кідай зброю ці страляю!
І тут лейтэнант дапусціў памылку. Ён выйшаў з-за дрэва, рыхтуючыся да рукапашнай сутычкі, а Солах у гэты момант стрэліў. Уладзімір адчуў удар у левае плячо і, яшчэ не разумеючы, што паранены, прыцэліўся ў Солаха, які ледзь прыпыніўся, каб перавесці затвор і паслаць чарговы патрон у патроннік. У прыцэле апынулася галава злачынцы, але ў апошні момант лейтэнант перавёў мушку на яго правае плячо і націснуў курок. Солах здрыгануўся і выпусціў абрэз, але тут жа нахіліўся, каб падняць яго левай рукой. Лейтэнант рвануўся да яго і пісталетам стукнуў па галаве. Солах зваліўся. Уладзімір наступіў нагой на абрэз:
— Ні з месца, гадзіна! Паварушышся толькі — адразу прашыю, — лейтэнант стрэліў у паветра, даючы зразумець злачынцу, што той памыліўся ў разліках.
Солах, заціскаючы рукой рану на правым плячы, здзіўлена спытаў:
— Слухай, мільтон, колькі патронаў у тваёй пушцы?
— Больш чым трэба, каб адправіць цябе на той свет. А ну, павярніся да мяне спінай! Толькі не ўздумай уставаць на ногі!
Солах, працягваючы трымацца рукой за рану, мацюкаючыся, павярнуўся.
Уладзімір адчуваў, што левая рука становіцца непаслухмянай. Толькі зараз ён успомніў пра штуршок і зразумеў, што паранены. Па расплывістай на рукаве цёмна-чырвонай пляме вызначыў, што куля патрапіла ў перадплечча. Лейтэнант разумеў, што б там ні стала трэба спыніць кроў, але бінту не было. Сунуўшы пісталет у кішэнь так, каб яго можна было ў любое імгненне выхапіць, ён падняў абрэз і націснуў курок. Солах ад стрэлу здрыгануўся і спалохана павярнуў галаву да Славіна.
— Не аглядацца, — загадаў Уладзімір.
Грышка зласліва прашыпеў:
— Апошні мой патрон.
«Дык вось чаму ён вырашыў рызыкаваць, — падумаў Славін, прыстаўляючы абрэз да дрэва. — Значыць, ён лічыў мае стрэлы і хацеў апошнім патронам вырашыць справу».
Уладзімір, ледзь стрымліваючыся, каб не застагнаць, расшпіліў паўкажушак і зняў яго з сябе. Затым расшпіліў пінжак, выцягнуў са штаноў кашулю і зубамі адарваў вялікі кавалак тканіны. Потым з вялікай цяжкасцю зняў пінжак, вычакаў некалькі мінут, каб пацішэў боль, дапамагаючы сабе зубамі, сяк-так перавязаў рану. Перавязаўшы, накінуў на плечы пінжак, затым паўкажушак. Праверыў, ці на месцы пісталет, і падышоў да Солаха:
— Давай дапамагу перавязаць рану.
Грышка зверам зірнуў на яго і, нічога не кажучы, са стогнам пачаў расшпільваць гузікі паўкажушка. Славін дапамог яму зняць адзежу, затым яны абодва: адзін, дзейнічаючы правай, другі — левай рукой, адарвалі ад кашулі злачынца кавалак тканіны і перавязалі яму руку.
— Так, — прагаварыў, устаючы на ногі, Славін, — зараз рушым па нашым следзе назад.
Солах таксама падняўся і глуха спытаў:
— А калі я не пайду?
Славін, адчуваючы моцнае галавакружэнне і слабасць, вырашыў абрэз з сабой не браць, яго можна было забраць пазней, ціхім і спакойным голасам сказаў:
— Паслухай, Солах, я цябе пашкадаваў і не забіў, як гадзіну падкалодную. І цяпер ты будзеш рабіць усё, што я загадаю. У адваротным выпадку я змушаны буду цябе прыстрэліць. Сам бачыш маё становішча, і, калі ты не выканаеш маё патрабаванне, я вагацца не стану.
Солах вылаяўся і рушыў па сваіх слядах. Уладзімір увесь час прыспешваў яго, але абодва ад страты крыві моцна саслабелі і рухаліся павольна.
Так яны прайшлі метраў чатырыста. Наперадзе паказаўся ланцуг людзей. «Нашы! — радасна падумаў Славін. Ён пазнаў Буравіна. — Як у атаку падчас бою ідуць, ланцугом». І павольна апусціўся на снег.
33 Аляксей Купрэйчык
Упершыню за ўсе гэтыя дні ў хаце Прутава сабраліся ўсе сябрукі Карунова. Зласлівая і бурклівая Лідка, па мянушцы Магіла, сядзела насупраць Купрэйчыка і гучна папракала ўсіх у бяздзейнасці:
— Папомніце мяне, калі мы цяпер не папрацуем, хутка наступяць цяжкія для нас дзянькі. — Яна шпурнула на стол алюмініевы відэлец. — У горадзе з’яўляецца ўсё больш лягавых, у крымінальным вышуку — маладыя, цэпкія, як зараза, аператыўнікі. Іх зараз у спецыяльных школах навучаюць.
— А дзе ты хацела, каб іх навучалі, у будаўнічых тэхнікумах, ці што? — з поўным ротам спытаў Дзімка.
— Ды я не пра гэта, — млява адмахнулася рукой Магіла. — Пакуль не позна, нам трэба пажывіцца, а затым разбегчыся ў розныя бакі і пачынаць жыць.
— Што, завязаць вырашыла? Ці не рана? — спытаў Прутаў.
— Я лічу, што трэба яшчэ паўгодзіка пашухарыць, а потым заціхнуць на час, пажыць трохі, а там відаць будзе. — Яна павярнулася сваім кашчавым целам да Карунова. — Вось ты, Воўка, адразу ж калі немцы драпанулі з горада, што казаў? А? Забыўся, нябось? А ты казаў, што тры-чатыры гады, пакуль неразбярыха ў горадзе будзе, пашухарым, напакуем кішэні золаткам, абжывёмся шмоткамі і завяжам! Ці не так?
— Я не гэта меў на ўвазе, — запярэчыў Каруноў, — калі я прывёў сюды Дзімку — а гутарка адбывалася ўлетку сорак чацвёртага ў гэтай жа хаце, — то мы дамаўляліся, што разам тры-чатыры гады палазім па горадзе, а затым разыдземся, як у моры караблі, і кожны будзе жыць па-свойму, як захоча. Асабіста я завязваць не думаю, можа, радзей на макруху толькі буду хадзіць. А што да крадзяжоў, то, выбачайце, мадам, пасуньцеся, завязваць не буду. Як ты лічыш, Дзімка?
Купрэйчык уважліва сачыў за ўсімі, асабліва за Магілай і Арыхай, якіх бачыў толькі двойчы, і цяпер стараўся лепей запомніць. Праўда, ён вялікія надзеі ўскладаў сёння на фотаапарат. Купрэйчык расказаў прыдуманую легенду пра тое, як яму ўдалося на вакзале выкрасці ў нейкага афіцэра фотаапарат, адкрыў яго, і ўсе ўбачылі, што фотаапарат без плёнкі. Пасля гэтага Аляксей, як бы дурэючы, накіроўваў фотаапарат на прысутных і пстрыкаў затворам. Спачатку ўсе, асабліва Магіла, куражыліся, рабілі рожы, але потым прывыклі да яго жартаў і не звярталі на «фатографа» ўвагі. Купрэйчык выйшаў на хвіліну з-за стала і ў іншым пакоі імгненна зарадзіў фотаапарат. Працягваючы пстрыкаць ім, ён смяяўся, патрабаваў ад кожнага зрабіць строгі твар, каб атрымалася «саліднае фота для асабістай справы ў цюразе». У душы Аляксей хваляваўся, што здымкі могуць атрымацца невыразнымі з-за слабога асвятлення. Таму ён так узмоцнена і імкнуўся запомніць прыметы Дзімкі і Лідзіі. Калі Купрэйчык адклаў у бок апарат, то ўжо каторы раз у думках паўтараў прыкметы гэтых людзей: «Дзімка: узрост — трыццаць пяць-трыццаць сем, рост — метр семдзесят пяць, твар авальны, на левай шчацэ невялікая радзімка, вочы блакітныя, вузкія. Лідка: узрост пад сорак, твар хударлявы, вочы чорныя, рост сярэдні, апранута ў чорны трусіны кажушок, белая вязаная ваўняная хустка».
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: