Уладзімір Мажылоўскі - Яд у сэрцы
- Название:Яд у сэрцы
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Уладзімір Мажылоўскі - Яд у сэрцы краткое содержание
Яд у сэрцы - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Самуіл адштурхнуўся спінай ад ствала яблыні, абняў за плечы брата.
— Мужчынам становішся, Марціне, — усміхнуўся ён і свабоднай рукой правёў па падбародку брата. — Хутка з бацькам будзем цябе жаніць.
— Ды ну цябе, — пачырванеў Марцін і трасянуў плячыма. — Я сур’ёзна пытаюся, а табе ўсё жартачкі.
— Ну, калі б у мяне былі адказы на твае пытанні, то банда Ваўчыцы ўжо даўно гойдалася б на дрэвах уздоўж Віленскага шляху.
— А што ты думаеш пра ваўкалакаў?
— Думаю, што гэта людзі прыдумалі іх са страху. На самай жа справе гэта банда невялікая і складаецца з пяці-шасці мужчын, і хутчэй за ўсё — дэзерціраў.
— Чаму дэзерціраў?
— Яны маладыя, здаровыя, добра валодаюць зброяй і да жудасці бязлітасныя.
— Чаму ж яны называюць сябе «бандай начной Ваўчыцы»?
— Так іх людзі назвалі, — Самуіл на імгненне задумаўся, потым хмыкнуў: — А і праўда, чаму банда Ваўчыцы, а не Ваўка?
— Вось і Мішка Дручок кажа, што атаманша ў іх сапраўдная ваўчыца, а яе падначаленыя — зграя ваўкалакаў. Таму і нападаюць яны ноччу, таму і пакідаюць воўчыя сляды на месцы злачынства, таму і нішчаць усіх без разбору.
— Я, напрыклад, ніколі не чуў, каб ваўкалакі стралялі з лукаў і мячамі секлі небаракам галовы, — ахалодзіў братаў імпэт Самуіл. — Але пра ваўчыцу ўсё ж трэба сур’ёзна падумаць.
— Падумай, братка, падумай, — Марцін зноў адкусіў яблык, зноў кісла зморшчыўся і, узняўшыся з лавы, адкінуў абгрызак пад плот. — Пайшлі ў хату, бо маці мяне паслала, каб я клікаў цябе на бліны.
3
Ідучы з мужам пасля гасцей да свайго двара, Насця апавядала яму навіны, якія пачула ад маці. Іх было шмат, але па-сапраўднаму зацікавіла Самуіла толькі адна — Марцін закахаўся ва ўдаву Гераські Дораха і ўжо прасіў бацьку накіраваць да яе сватоў. Самуіл крыху ведаў Герасіма, памятаў яго, як добрага цесляра, але яго жонкі ніколі не бачыў, нават ніколі не чуў, што яна ў яго была. Таму паведамленне Насці аб каханай Марціна выклікала ў Самуіла разгубленасць і з-за гэтай разгубленасці ён нават не парадаваўся за брата, хаця зусім нядаўна ў бацькавым садзе сам абяцаў яму яго ажаніць.
— Колькі ж удаве гадоў? — толькі і пацікавіўся ён у жонкі.
— Васямнаццаць, — адказала тая і, папярэджваючы яго наступнае пытанне, дадала: — Жалоба па Гераську закончылася ў чэрвені.
— А што пра яе вядома? Адкуль яна, хто яе бацькі, якога яна роду-племені?
— Маці расказвала, што родам яна з вёскі Корніца, што бацьку яе некалі разадралі ў лесе ваўкі, а маці памерла два гады таму, што мае яна трох братоў, два з якіх жывуць у вёсцы і займаюцца там гаспадаркай, а адзін жыве з ёй і, як і Гераська, цяслярыць.
— А чым займаецца яна?
Насця паціснула плячыма, усміхнулася і зазірнула мужу ў вочы, і ад гэтага яе насмешлівага позірку Самуіл зніякавеў, зразумеў, якое бязглуздае яго пытанне.
— Я хацеў запытацца, ці ёсць у яе дзеці? — паспрабаваў ён апраўдацца і, запытаўшыся, яшчэ больш разгубіўся — ну якое дачыненне да кахання маюць дзеці? Ёсць яны — добра, няма — значыць будуць!
Але Насця не заўважыла мужавай збянтэжанасці.
— Дзяцей у Юльяны няма, — прагучаў яе мілагучны голас, — але ж яны маладыя і ў іх усё яшчэ наперадзе.
— Значыць яе завуць Юлька?
— Юлія, — паправіла мужа жонка і зноў усміхнулася, на гэты раз усміхнулася шырока, па-добраму.
— А характар у яе які? — не здаваўся Самуіл. — Можа, яна сваімі сквапнасцю і сварлівасцю звяла Герасіма з гэтага свету? Тады і Марціна чакае такі ж лёс?
— Пра характар яе я нічога не ведаю, аднак, калі жадаеш, раскажу табе казку пра жаночую сварлівасць.
— Ну раскажы, — пагадзіўся з жонкай Самуіл, — да хаты ісці яшчэ далёка.
— Яе мне расказала мая маці, калі я пагадзілася стаць тваёй жонкай, а не выставіла некалі тваім сватам гарбуза.
— Чаму ж не выставіла?
— Таму што пакахала цябе, — голас Насці быў сур’ёзны, не жартаўлівы, ад чаго Самуіл стрымаўся, прамаўчаў. — Некалі, даўным-даўно, адна маладая дзяўчына пабралася шлюбам з хлопцам і па звычаі перайшла жыць на яго двор. І ўсё б было добра, ды толькі ніяк не магла маладая паразумецца са сваёй свякроўкай: то вілкі яна не там паставіць, то малако працэдзіць не ў той збан, то хлеб спячэ нясмачны, то кашу недасоліць — усё не так рабіла нявестка, усё не падабалася свякроўцы.
Месяц прайшоў непрыкметна, закончыўся другі, а ладу паміж жанчынамі так і не ўсталявалася.
Урэшце дзяўчына не вытрымала здзекаў і прыдзірак свякроўкі і вырашыла збегчы ў свет, пакінуць мужа з яго маці. Аднак, як гэта пакінуць любага мужа, ды і куды ёй бегчы? Тады яна вырашыла атруціць свякроўку. Сабрала грошай і пайшла да мясцовай лекаркі, каб купіць у той яду. «На горы іншага свайго шчасця не наладзіш, — выслухаўшы просьбу дзяўчыны, паспрабавала адгаварыць яе лекарка. Аднак тая была непахіснай, упартай у сваім жаданні і лекарка здалася: — Добра, я дам табе яду, але яго трэба падмешваць у ежу асцярожна, пакрышачку. І яшчэ, — лекарка панізіла голас да шэпту, зазірнула ў твар сваёй госці, — ты павінна змяніцца сама, стаць добрай і пяшчотнай нявесткай, інакш людзі адразу скемяць, што да чаго і абвінавацяць цябе ў смерці тваёй свякроўкі, і тады цябе чакае ганебная смерць на шыбеніцы».
З таго дня нявестку быццам падмянілі: на небе яшчэ свеціць месяц, а яна ўжо гаспадарыць ля печы, сняданак гатуе, потым бяжыць да каровы, завіхаецца па гаспадарцы, і так — цэлы дзень. А са свякроўкай ветлівая і лагодная, слова супраць не скажа, ва ўсім з ёй пагаджаецца, мамай зваць стала. І свякроўка змянілася: лаяцца перастала, шкадуе сваю нявестачку, ва ўсім ёй дапамагае, імкнецца дагадзіць, а праз месяц дачкой назвала. Лад і спакой запанавалі ў іх хаце, але аднойчы, калі старая жанчына раптоўна захварэла, успомніла нявестка пра яд, якім некалі труціла свякроўку. Успомніла, кінулася да лекаркі, павалілася ёй у ногі: «Ратуй, мілая, маю матухну або дай мне яшчэ яду, каб і я разам з ёй памерла!»
Пасмяялася з дзяўчыны лекарка, расказала, што дала ёй тады не яд, а звычайны адвар шыпшыны, і што шкоды здароўю свякроўкі яна не нанесла. «Ды і лячыла я тады не тваю свякроўку, а цябе, бо вельмі ўжо зашмат яду было ў тваім сэрцы і зараз бачу — з Божай дапамогай ты вылечылася, ачысціла сваё сэрца для дабрыні». — Насця дакранулася да мужавага локця, сціпла ўсміхнулася: — Вось так, Самуіл. Усё дрэннае мы носім у сваім сэрцы і толькі мы самі можам пазбавіцца ад таго яду, што атручвае нас, што апаганьвае нашы ўчынкі і ачарняе нашу душу.
Самуіл прамаўчаў. Нейкі час ён крочыў моўчкі, потым уздыхнуў і, быццам сам сабе, ціха прамовіў:
— Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб перамагчы самаго сябе, — ён аб нечым засяроджана разважаў, быццам вагаўся — сказаць гэта жонцы ці лепш прамаўчаць? Урэшце не вытрымаў: — І ўсё ж я думаю, што лёс любога чалавека залежыць у першую чаргу ад ладу жыцця яго бацькоў, што менавіта яны вызначаюць тую меру яду, які збіраецца ў сэрцах іх дзяцей.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: