Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё
- Название:Шануй імя сваё
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Валянцін Блакіт - Шануй імя сваё краткое содержание
Шануй імя сваё - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Аднак чым больш пераконваў сябе, што гэта найлепшае выйсце, тым больш разумеў, што яно непрыймальнае. Па-першае, размова ў Радзевіча, пэўна, зацягнецца, будзе непрыемнай і совацца да Апанаса з кіслаю фізіяноміяй не з рукі. Па-другое, к таму часу ў бальніцы пачнецца абед, «мёртвая гадзіна» — не прапусцяць, давядзецца чакаць да вечара. I, па-трэцяе, незразумелы неспакой за Апанаса, які пачаўся з учарашняга дня, нейкае нядобрае прадчуванне, падсвядомая няясная трывога. У апошнія гады Апанас хварэў часта, але такога, як цяпер, прадчування і трывогі ніколі не было...
Праўда, было яшчэ адно выйсце: папрасіць, каб дазволілі купіць апельсінаў без чаргі. Растлумачыць людзям, для чаго яны яму патрэбны. Але, пэўна, не адзін ён стаіць, каб аднесці гэтыя ласункі ў бальніцу... Уяўляў, што скажуць разнерваваныя кабеты, якія, пэўна, другую гадзіну тырчаць у чарзе, і спакуслівая думка прыдбаць апельсіны без чаргі стала брыдкаю. Ён любіў парадак ва ўсім, з найвялікшай пагардай ставіўся да розных спрытнюг, хто ў вялікім і малым хоча мець выгоду без чаргі, за чужы кошт.
Трэба было прымаць нейкае рашэнне, а ён усё вагаўся. Раптам ля століка прадаўшчыцы пачалося ажыўленне, пачуўся сварлівы жаночы голас:
— Мы ўсе спяшаемся! Не гуляць сюды прыйшлі!
— Чалавеку ж у бальніцу трэба...— уладным голасам прысароміла прадаўшчыца.
I перш чым ён зразумеў, што там адбываецца, ад латка, прыціскаючы абедзвюма рукамі два цэлафанавыя мяшочкі з апельсінамі, адваліў Міша. Аляксей Сцяпанавіч ад нечаканасці аж заморгаў вачыма, не ведаючы, радавацца ці гневацца. Міша з пераможным выглядам ішоў проста на яго, на увесь твар ззяла ўсмешка: маўляў, усё ў парадку, во як мы! Кунцэвіч сціснуўся ўвесь, дзіка глядзеў на Мішу, а той не мог нічога зразумець. Выскачыў з чаргі і подбегам памчаў да машыны, не заўважаючы Мішу, бы тым хацеў падаць знак, што ведаць не ведае гэтага нахабніка. Ён ішоў подбегам, а ззаду, з чаргі, здавалася, навылет свідруюць непрыязныя, ненавісныя позіркі, і прыгожыя, жаданыя ярка-жоўтыя апельсіны чамусьці раптам згубілі сваю былую нрывабнасць...
Ля бальнічных сходкаў стаяла бледная, змардаваная хваробамі жанчына ў непамерна вялікім, закінутым пала за палу халаце цёмна-сіняга колеру і карміла крошкамі вераб’ёў. Птахі жвава круціліся амаль ля самых яе ног, абутых у стаптаныя скураныя пантофлі, і на худым твары жанчыны свяцілася цёплая ўсмешка.
— Што ты за гэтых дармаедаў прынялася? — пасмешліва запытаў Кунцэвіч і падумаў: пэўна, яна вось так, самавіта, па-сялянску прывыкла карміць курэй, ссумавалася па доме...
— Так ужо і дармаедаў! — прыязна азвалася жанчына — і вераб’ёў як ветрам садзьмула на вярбу.
— Карысць-то ад іх якая, а?
— Э-э-э, чалавеча, колькі мух ды розных мошак яны нішчаць!.. Нішто на свеце не жыве без карысці...— Голас у жанчыны быў расцягнута-пявучы, разважлівы, і гаварыла яна так, быццам яны даўно знаёмыя. Пэўна, заўсёды, спаткаўшыся ў горадзе, вясковец вяскоўца здалёк пазнае па нейкіх ім толькі вядомых прыкметах, і сыходзяцца проста, без усялякіх цырымоній, рады адзін аднаму, як блізкаму сваяку, як добраму знаёмаму.— I яшчэ ведаеце, чаму мне падабаюцца гэтыя птахі?
— Ну-ну?
— Верныя яны, ніколі чалавека не пакідаюць,— з ненкім смуткам сказала жанчына.
Ого! — здзівіўся Аляксей Сцяпанавіч — яму і ў галаву не прыходзіла такое: вераб’і ды вераб’і, хто на іх калі ўвагу звяртае.
Жанчыне, відаць, вельмі хацелася, каб ён пастаяў, пагутарыў яшчэ, па праўдзе кажучы, і Аляксею Сцяпанавічу карцела распытаць, адкуль яна, што з ёю, але ў яго не было часу.
— Дзе ў вас тут тэрапія?
— Ды во там — на трэцім паверсе. Пойдзем, я правяду? -- з вялікаю ахвотай прапанавала свае паслугі жанчына.— А вы да каго?
— Ды тут аднаго знаёмага ўчора палажылі.
— Адкуль? — дапытвалася жанчына.
— 3 Забор’я. Мо чула?
— А то ж не чула! Гэта каторы з інфарктам? Мы тут усё ведаем.
— Так ужо і ведаеце...— недаверліва глянуў Кунцэвіч. Ну-у, баба ёсць баба!
Дарогу перагарадзіла поўная, пажылая санiтарка.
— Вы куды? — Голас у яе быў такі, быццам яна на ўсю бальніцу начальнік.
— У тэрапію...— не зусім смела сказаў Аляксей Сцяпанавіч.— Друг там у мяне ляжыць...
— Няможна! — уладна загадала санітарка.— Наведванне хворых па суботах і нядзелях,— і стала перад ім непрыступнай сцяной.
— Ды дайце вы чалавеку халат,— уступілася праважатая.
Санітарка знішчальна паглядзела на яе:
— А ты хто такая, каб указваць?! А ну-у-у... марш у палату! Хто дазволіў выпаўзаць?!
— У цябе не спыталася! — бязбоязна і трохі сварліва атрэзала жанчына і спагадліва параіла Кунцэвічу: — Што вы гаварыць будзеце з гэтаю ціграю? Урачу альбо медсястры пазваніце — яны пусцяць.
— А ну брысь адсюль! — раз’юшылася санітарка.— Я табе зараз пакажу тыгру! У морг пара, а яна яшчэ рыпіць! — I столькі было непрыязі ў яе вачах, што Аляксею Сцяпанавічу зрабілася не па сабе: хіба можна трымаць у бальніцы такую — яна ж зверам кідаецца на людзей!
— Можна, я пазваню? — з настойлівасцю ў голасе папрасіў Кунцэвіч.
Санітарка падазрона агледзела яго з ног да галавы, мусіць, нешта змікіціўшы, мякчэй сказала:
— Звані! — і сама сабе прабурчала: — Ходзяць усялякія!
Урач, даведаўшыся, хто ён і каго хоча бачыць, папрасіў зайсці.
Санітарка неахвотна паплыла за бар’ерчык, моўчкі падала не першай свежасці халат. Выгляд у яе быў незадаволены — не па ёй выйшла.
Урач чакаў на пляцоўцы трэцяга паверха, заклапочаны, строгі. Па яго выгляду Аляксей Сцяпанавіч адразу ж зразумеў, што з Ананасам дрэнна. Сціпла павіталіся, урач запрасіў у ардынатарскую.
— Што-небудзь сур’ёзнае, доктар? — апалым голасам запытаўся Кунцэвіч.
Урач адказаў не адразу — узяў цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, прыкурыў, падышоў да акна, адчыніў фортку.
— Хваліцца няма чым. Інфаркт міякарда. Ацёк лёгкіх. На кіслародзе трымаем...
Аляксей Сцяпанавіч адчуў, што ногі перастаюць трымаць яго, цяжка прысеў на канапу.
— Ён быў нетранспартабельны,— працягваў урач.— Нельга было везці, выклікаць «хуткую» трэ было...
— Можна да яго? — не сваім голасам спытаў Кунцэвіч.
— Яму кепска. Нельга! — коратка сказаў урач, але, мусіць, на яго падзейнічаў прыбіты Кунцэвічаў выгляд, бо падумаў і перамяніў сваё рашэнне: — Пасядзіце. Я зараз пагляджу...
Яго не было хвілін з дзесяць, і Аляксей Сцяпанавіч не знаходзіў сабе месца. Трэба было ўчора, калі прыбегла Марта, схадзіць паглядзець самому. А што, каб схадзіў, паглядзеў? Усё роўна павезлі б, як сказала фельчарка. Але ўсё ж...
Нарэшце зайшоў урач і прапанаваў:
— Пайшлі... Толькі не больш пяці мінут — нельга яго хваляваць.
Апанасаў ложак стаяў упоперак палаты, ля акна. Злева і справа ўздоўж — былі яшчэ два. На адным ляжаў белы, як смерць, мужчына гадоў пяцідзесяці, на другім — падшыванец з надзвычай сінімі цікаўнымі вачыма. Ля Апанаса сядзела медыцынская сястра, побач на падлозе ляжаў вялізны курдзюк з кіслародам, а за спінкай ложка быў нейкі апарат.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: