Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
- Название:....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў краткое содержание
....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
І вось хутка вечар. Сонца ў вінаградніку. Вельмі ціха. Трубіць недзе на рацэ буксір. Хутчэй бы скончыць з гэтым сцэнарыем, дабіць аповесць і радыёп’есу па “Ладдзі”, а пасля без спеху ўзяцца за складанне зборніка “Лірыкі” і “Каласоў”.
Пэўна, ніколі гэтага не будзе, так заняты. А кінуць заняткі не магу. Хачу быць вольным ад усіх абавязкаў.
1 ліпеня. Чацвер
У аднастайнасці жыцця ёсць нешта чароўнае. Сёння, як учора і як заўтра. І добра жыць, і хочацца працаваць. Зрабіў яшчэ сорак старонак “Хрыста”. Увогуле пасля скарачэння з васьмідзесяці засталося сорак дзевяць. Усё яшчэ многа, але абразаць да канца не буду – я таксама біты, пакіну нешта і на трэці варыянт. Скончыўшы ўсё гэта, пайшоў з Сержам [6] на Рыжковіцу лавіць верхаводак і забіў на гэты малашаноўны занятак цэлы вечар. А я пляваў. Вудзяцца яны весела, на зубах хрумсцяць добра (фосфар для мозгу, хаця, калі ўлічваць мой мазгавы стан за апошні год – мне трэба знішчаць за дзень трох акул), і тут таксама ёсць свае сюрпрызы. Сёння, напрыклад, нечакана для самога сябе, спаймаў чахонь у паўтары мае далоні.
Пасля вячэры на хвіліну выйшаў у сад. Цёмныя дрэвы. Драбнюткі дожджык сее мак.
І вось сяджу і запісваю. Ноч. На вінаград, які цягнецца ў неба, кладзецца адбітак з вакна. І калоціцца ў шкло вялізная шэрая мятлушка, чыясьці душа. Хто б гэта прыляцеў па мяне і да мяне? Можа, хххх[закрэслена]? Лухта! Нягледзячы на яе мінулы ліст, такі самы няшчыры, як і ўсе яны, як яна сама, я не хачу ведаць яе, помніць яе, наведваць яе. Усё мінула. Нічога ад яе не хачу. Быў час: было з кім спаць – не было з кім прачынацца. А цяпер і гэтага няма. Жыццё зноў набыло вышэйшую, спакойную сваю каштоўнасць. Ёсць і сябры, і жанчыны-сябры.
І з гэтымі словамі паставім на мінулым крыж. Не магільны, а той, што на раздарожжы, той, з якога пачынаецца новы шлях.
У які ўжо раз.
3 ліпеня. Субота
Вось і прапусціў дзень, хаця і каяўся, што “не буду”. А ўрэшце, ці першы раз я кажу сам сабе (не іншым – тут я з дзяцінства нязломны і “невыхавальны”) гэтае “не буду”? І ці ў апошні?
Тут, урэшце, ёсць апраўданне. Занадта аднолькавыя дні. Толькі што ўчора я прайшоўся па другой палове “Хрыста”, нічога не клеючы, а сёння прайшоўся яшчэ два разы, скараціўшы гэтыя 80 старонак на 29. Такім чынам, засталося ў мяне 102 старонкі пры норме 90-100. Заўтра пастараюся дабіць да 95-ці і адаслаць, напісаўшы, што можна выкінуць яшчэ. Учора таксама зрабіў замах “на маленькіх”, на верхаводку. Спаймаў шмат, а дасядзеў да таго часу, калі плавок зліваецца з апошнімі адбіткамі дня.
Затое сёння пад канец дня быў царскі пір. Былі ў Гансоўскіх, запрашалі іх на дзень нараджэння Галі [7]. Урсік Альмавіч – дзіва. Масцю – спаніель, складам – хорт, жвавасцю – артуць + Робін Гуд + старызнік (бо вечна цягае старыя анучы, боты і панчохі). Адтуль пайшлі да Клятэцкіх. Пёс, які сігае цераз трохметровы плот, і яшчэ Інга, англійскі сэтар са шчанюкамі. Калі бачыць, што на яе не звяртаюць увагі, – кранае маленькай лапкай.
Дамовіліся наконт зімняй ваўчынай аблогі і наконт ліцэнзіі на лася (паспрабаваць раз у жыцці трэба).
Гаспадар – стары (два-тры гады) знаёмы. “Паляк” (гаворыць толькі па-беларуску), з хітрым зрокам гарэхавых цыганскіх вачэй, з густымі вусамі (мне б да маёй паўсотні валасін дзясятая частка ягоных – быў бы Будзённы), з веданнем усяго, што робіцца на нашай натуры.
Палец-мезень рукі зламаны, і таму, калі падымае тост, здаецца, што назнарок адстаўляе яго, як капрызніца-паня. Эх, мне б тое паляванне, і тую Інгу, і ўсё. Цэлае жыццё мару аб сэтары (толькі не ангельскім, а ірландскім, агнявым), – але гэтага, відаць, таксама ніколі не будзе.
Пэўна, я сібарыт. Да сённяшняга вечара любіў усё беларускае (нават ласкавую грубасць, нават бесхрыбетнасць), акрамя каньяку. А сёння мы сядзелі ля акна, пілі гэты самы каньяк і закусвалі вялізнымі, з кулак немаўляці, ружова-жоўтымі і чырвонымі трускалкамі, што пахнулі ананасам. Нічога ў жыцці не было лепей. Урбанізм. “Румянасць булкі”, “ананасы ў шампанскім”, “лёды з бэзу”.
Словам – хоць ты права першародства прадай. І за гэтым пачэсным заняткам канчаткова ўпэўніўся, што я патрыёт, што “и дым отечества нам сладок и прыятен (Фу!) “приятен” (дзекала недабітае!), і што ўсё добра ў залежнасці ад абставін. Нават адзінае непершакласнае на Беларусі – беларускі каньяк.
17 ліпеня. Субота
Усё пайшло кулём. 6-га атрымаў тэлеграму, што Геронім [8] едзе на юбілей Глебкі. І выехаў першым аўтобусам. Мяты, пыльны, зарослы ўваліўся ў нумар гасцініцы “Мінск” і знайшоў там яго і Грышку [9]. Былі на вечары. Наступныя два дні былі сапсутыя тым, што па яго вечна заходзілі. Вячэра, цверазілаўка, банкет, цверазілаўка. Толькі дзявятага засталіся ўрэшце адны, але тут да яго прыехала з Рыгі дзяўчына. Вось п’яная морда. І тут ужо яго перавыхавае толькі старасць, калі мы да яе дажывем. Былі ў той дзень на дні нараджэння ў Валі Барадулінай. Назаўтра (я не начаваў дома) з’явіўся дахаты, выпілі з Геронімам, пайшлі да Рыгора, а адтуль яны павезлі мяне на аўтавакзал. І паехаў я ў Рагачоў, і аўтобус зноў стаяў ля кожнага слупа. <���…>
А ўчора званіў Генадзь [10]. Нас трох з Рыгорам прызываюць на Далёкі Усход [11]. Што ж, трэба ехаць. Прынамсі, хоць трохі незвычайнага, хоць неяк разбіць гэтае соннае кола быція.
8 жніўня. Нядзеля
Далёкі Усход
Зноў вялікі перапынак. А здарылася за гэты час шмат. 18-га паехаў у Мінск, шукаў сяброў і не знайшоў. Выпадкова cутыкнуўся з Рыгорам і Валяй ля кафэ для “Моладзі”. А да гэтага некалькі гадзін сядзеў і не мог папасці ва ўласную кватэру: Геронім звёз ключ, а другі быў у Дамашэвіча, а таго не было. Глядзелі ў той дзень трох “Вялікую Айчыную” ў “Зорцы”. Няўдалы фільм. Усё хацелі ахапіць, а не здолелі амаль нічога.
Наступнага дня ўладжваў справы з грашыма і іншым такім. У Саюзе загадалі пазваніць А. Васілевіч, бо ў яе сёння будзе такая Вігурская, якая збіраецца перакладаць “Каласы” на ўкраінскую мову. Але тут прыйшла сама Алена, і пайшлі да Вігурскай у “Мінск”. Была размова на тэмы аб Шаўчэнку, аб перакладах, аб чалавечых якасцях геніяў, аб лёсе моў, аб пажарах, якія так нечакана (нібы перст лёсу) напаткалі публічную бібліятэку і мемарыяльную, адну з мемарыяльных хат, у шаўчэнкаўскіх мясцінах. Я спытаў, ці засталіся цэлыя ўнікальныя “Глагалічныя лісткі”. Выявілася, што згарэў украінскі аддзел. Гэта, вядома, лепей, чым калі б згарэла ўся бібліятэка.
У адзін з наступных дзён напісаў артыкул аб Агінскім. А так дні былі запоўнены самай бязглуздай лухтой. Божа мой, колькі дарэмна марнуецца часу, які ніхто ўжо табе не верне, не аддасць назад, які належыць нават не табе. А ты яшчэ, да таго ж, сам найгоршы марнатраўца.
23-га глядзеў “Мост цераз раку Квай”. Трубілі-трубілі, а гэта проста дэтэктыў. Першая палова – нішто, калі паядынак душ, а другая… Гінуць людзі, а табе гэта – як бы лялькі гінулі. Ды й тое, над некаторымі лялькамі з лепшых тэатраў плачаш, як над жывымі, а тут – пейзажы. Ды, здаецца, і ўсё.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: