Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
- Название:....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў краткое содержание
....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Дарэмна было б шукаць на большасці афортаў Гоі (і прытым – лепшых), якога часу, нацыі, прыналежнасці той ці іншы апакаліптычны звер.
Ён з апакаліпсісу, ён прыкідваецца анёлам, і гэтым ён і страшны.
Пакіньце лепшыя рысы ўсіх людзей і вось гэтай нацыі з усёй яе адметнасцю складу, мовы, душы – людзям з народа. І не пніцеся ўзяць у яго хоць частку і аддаць ляльцы з воску, якая апранута ў залатую парчу. Лялька – яна лялька і ёсць.
І, акрамя таго, памятайце, што кожнаму сваё. Харошы рацыяналізм, харошая і неўтаймаванасць, глыбіня, супярэчлівасць, гнеўныя выбухі, нібы лавай з вулкана. Рэдкія могуць сумясціць. Пытанне: “Чаму? А якім чынам ён сказаў так, калі большасць рацыяналістаў сказала б гэтак, а які механізм таго, што ён тут яе пацалаваў у лоб, а не ў вочы, а як ён мог стаць на бок тых, калі па паходжанні ён не той і не гэты?”
Такія вучылі Шолахава, як трэба яму распарадзіцца Грышкам. І сапсулі б адзіную ягоную вялікую рэч, адзіную, увогуле, ягоную Рэч. Такія з непаразуменнем глядзяць на Настассю Філіпаўну. Здаецца, чаго прасцей выйсці за Мышкіна. Лагічна разважаючы, гэта ж адзіны разумны і рацыянальны выхад.
Словам, ёсць Флабер і ёсць Дастаеўскі. І дарэмна адзін стаў бы вучыць другога пісаць.
17 верасня. Пятніца
Аж во колькі не пісаў. Перашкодзілі абставіны. Сёмага выехалі на машыне з аператарам, Героем Савецкага Саюза і цудоўным хлопцам Віктарам Кузняцовым, з Уладзівастока. Закусілі на 19 кіламетры, ды й рушылі. Такі быў я стомлены папярэднімі днямі, што заснуў і праспаў Арсеньеў. Думаю, нічога, тым больш што амаль не спыняліся. Там толькі, дзе здымалі, вылазіў і дапамагаў. А паколькі выехалі позна, то скора і сцямнела. Горы, перавалы, скача па скалах святло фараў. На адным з перавалаў ледзь не збілі дзікую казу. І так прыехалі ў Цецюхе, да сваякоў Віці. Пераначавалі, раніцай лазіў я па сопках, зрываў ліяны лімонніку. Шэрае неба паўзло над скаламі, булькацела рака.
Паехалі на Цецюхе-Прыстань. Абмінулі даволі адкрытую гавань з адным караблём, сталі. Галечнік і ўламкі каменя. Скалы, падобныя на прасы. Пад шэрым небам страшна расхадзілася зялёнае Японскае мора. Шкляныя валы. Пацук ратуецца ад небывала высокага прыліву, кінуўся быў нават да мяне.
Хадзіў берагам пад валамі і між імі і скалой, прыліў заліваў ногі, лакіраваныя стужкі марской капусты круціліся ля ног… Пасля ўцякалі машынай ад прыліву.
Пасля другой начоўкі глядзелі калекцыю крышталяў у аднаго майстра. Я ўзяў дзве-тры штукі, ён дазволіў. І адразу – гарамі цераз Кенцухінскі перавал. Зялёная, кучаравая шкура сопак, сонца, скачуць рэкі. Слупы высакавольтнай перадачы ў прорвах – як запалкі.
Бачыў на прыпынку аленя.
Спыніліся ў Кавалераўцы ў гасцініцы. Спалі. Дзясятага паехалі да ракі Лудзье. Ільмавае бервяно над жоўтай шумлівай вадой. Хлопцы не рызыкнулі ісці, я перабег з усёй апаратурай, а аператар двойчы зваліўся. Такі ён, вядома, ісці не мог, – уся гісторыя са здымкамі скалы Халаза і расклеілася.
Ну, я пайшоў адзін, палазіў па тайзе. Лёталі блакітныя сарокі і нешта падобнае на нашу сойку. Дзіўна быць у лесе, дзе большасць раслін і жывёл – твае незнаёмыя. Я цяпер разумею гараджан, што прывозяць кошыкамі мухаморы. Так і я ішоў вельмі асцярожна. Сваіх змей ведаю і забіваю, хаця інстынктыўна аж калоціць усяго ўнутры гідлівасцю, а тут – чорт іх ведае, якія яны тут.
Ішоў і хутчэй па здагадках, па малюнках, па ўспамінах апісанняў пазнаваў расліны. “Ага, ільм, ага, братка, ты, відаць, маньчжурскі арэх, бо унь яны вісяць і пэцкаюцца, нібы грэцкія. Ты лімоннік. А твае лісты падобныя на лісты жэньшэню, але ты – не тое, бо цябе, як лопуху, тут”.
Бегалі бурундукі, дзівосныя, аранжава-паласатыя. За два крокі ад мяне, калі я замёр, нерухома віселі на ствале. І вадкія аленевы вочы.
Падняўся на Халазу і прыліп, як муха на цукарнай галаве. У-ух ты, аж сэрца заняло. І гэтыя хвоі, змрочныя ўнізе, як трэскі.
У той жа дзень перавалілі Малінавы перавал.
“Здесь 27 (15) июля 1858 года прошел 1-й исследователь Кавалеровского района Михаил Иванович Венюков. Этот перевал перешли Н.М. Пржевальский 1867 г. и В.К. Арсеньев 1906 г.”
Спыніліся на стужцы дарогі, якая ледзь прыляпілася пад скаламі і на галавакружнай строме над Фудзінам. Адзін з самых прыгожых ландшафтаў, якія даводзілася бачыць. Сопкі, рака, валуны над галавой, падае струмок смачнейшае вады, багоўкі поўзаюць чырвоныя, сінія, жоўтыя, упрыгожаныя кітайскімі візэрункамі, як мандарыны. І вялікія, з пазногаць вялікага пальца.
Кінеш камень – ён доўга коціцца, пакуль не гулькне ў раку.
Начавалі ў Чугуеўцы ў рэдактара. Перад гэтым была цудоўная лазня. Нахвастаўся венікам, як Пугачоў. Вельмі добра выступалі ў рэдакцыі (рэдактар – во хлопец!), былі ў малюсенькім музеі Фадзеева, на баштане, паехалі на пасеку з 3-м сакратаром. Машына не прайшла, і зноў давялося ісці тайгою, пераходзіць рэкі па бярвеннях, а тое і так.
Пасека – дзіва. Тайга вакол. Добры імшанік, добры, залаты гуд пчол, вуллі, пёс, які абыходзіць іх бокам, запабягае, ведае, чым пахне. Сотавы мёд, над якім пчаліная кісяя і каламутная мацнейшая медавуха. А вакол сонечны змрок. Пасечнік Лось – беларус па бацьках, быў паляўнічым, майстрам-рыбаловам, шукаў і ведае месцы, дзе жэньшэнь, некаторы час быў нават рахункавод, сапсуў вочы (за шэсць год на пасецы яны адышлі, бачаць па-ранейшаму). Цікавы чалавек, набіў шмат мядзведзяў, якія хацелі тут гасцяваць.
Вечарам былі на ўлазінах. Добра гульнулі. Хлопцы начавалі ў гасцініцы, а я, хаця ложак быў, не хацеў, спаў у машыне. Стаяў над Сіхатэ-Алінем у здаровым холадзе месяц.
Раніцай агледзеў адзін старажытнае Бахайскае гарадзішча, а пасля паехалі на Спаск, знялі там, што трэба, паехалі роўняддзю на Усурыйск. Павячэралі ўсухую ля рэчачкі пад Чортавым перавалам.
Ехаў дзіўна спакойны. Чырвоны захад. Сопкі сярод палёў.
Пасля і захад стаў згасаць. Вісеў над ім серпік Венеры. Прыехалі ва Уладзівасток уначы.
13 нікуды не пайшлі, 14 былі ў рэдакцыі, пасля быў на моры, пасля троху працаваў.
У сераду зрабіў сякія-такія пакупкі, мыў сёе-тое (салдатчына), схадзіў на карабель ЦЛ-90 і ўзяў там матар’ял. Папярэдзіў у рэдакцыі, што буду пісаць яго ўдома, і пайшоў на мора. Было спачатку сонечна і ціха. Пляж флоту, таму людзей вельмі мала, прылівамі і на кароткі тэрмін.
З пірса і вышкі глядзеў у ваду, заўважаў марскіх зорак і ныраў за імі. Спакойная зеленаватая вада, водарасці. Нацягаў штук 16, вычысціў іх і толькі тады задумаўся, а куды я гэта падзену. Сырымі панясеш – абломіш. Тут, на шчасце, рэдакцыйны мастак, харошы хлопец. Паклалі зоркі ў яхтавым памяшканні, і ён, чэмпіён краю, прапанаваў мне пахадзіць.
Да гэтага часу ўзняўся вецер. Распрануліся, селі, пайшлі. Валы вышынёй ледзь не ў два чалавечыя росты, зялёныя з пенай, шкарлупінка скача, нясе яе з нечалавечай хуткасцю, увесь час абдае патокамі салонай свежай вады і ветрам. Даводзіцца выліваць ваду цераз кокпіт. Прыгінаешся – гік плыве над галавой, навальваешся на борт, ляціш – гэх, жыццё!!!
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: