Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў

Тут можно читать онлайн Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - бесплатно полную версию книги (целиком) без сокращений. Жанр: Прочая старинная литература, год 0101. Здесь Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте лучшей интернет библиотеки ЛибКинг или прочесть краткое содержание (суть), предисловие и аннотацию. Так же сможете купить и скачать торрент в электронном формате fb2, найти и слушать аудиокнигу на русском языке или узнать сколько частей в серии и всего страниц в публикации. Читателям доступно смотреть обложку, картинки, описание и отзывы (комментарии) о произведении.

Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў краткое содержание

....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - описание и краткое содержание, автор Уладзімір Караткевіч, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки LibKing.Ru

....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)

....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать книгу онлайн бесплатно, автор Уладзімір Караткевіч
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать

Соль на мне ўначы (не абмыўся) нарасла ледзь не слоем. А тады прайшлі вельмі многа, ды й рушылі ў “Лотас”, дзе трохі закусілі і выпілі за салоную купель. Ён у рэдакцыю, а я павячэраў, ды й дадому.

Учора складаў план артыкула, прасаваўся, напісаў лісты. Шрымсаў купіў, і мы з імі расправіліся. Вечарам добра выступалі перад матросамі.

Сёння ўстаў рана, напісаў артыкул, і вось (зараз амаль адзінаццаць) хлопцы пайшлі ў рэдакцыю, а я зараз складаю рэчы і выбіраюся на дзень-два ў запаведнік Кедравая Падзь.

18 верасня. Субота

Кедравая Падзь

Вось я і тут. Другі дзень.

Учора пайшоў, купіў сёе-тое ў дарогу, загрузіўшы рукзак, узяў білеты (было маленькае непаразуменне, бо прапіскі няма, а зона блізкая да мяжы), паабедаў у вакзальным рэстаране, сеў у электрычку і пакаціў. З 13 да 14.49 ехалі ледзь не прыгарадамі, у Баранаўскім вылез і чакаў. Цягнік Усурыйск – Хасан спазняўся. Спёка. Маленькая станцыя. Сопка з выразаным, як кавун, чырвоным па зелені, бокам (здабывалі з былога вулкана туф).

Паехалі ўрэшце. Піў піва з кетой, седзячы ля акна. Ва ўсім адчувалася блізкасць Карэі: мора, сухія травы, сосны на голых сопках. Вылез у Прыморскім, а тут дурні мне параілі, што трэба праехаць яшчэ адзін прыпынак, да ст. Кедравая. Паехаў. Вылез. Малюпасенькая станцыя, пара домікаў, проста з цягніка раздаюць лісты. І …трэба-ткі было вылезці ў Прыморскім. Шчасце, што знайшлася дрызіна. Сеў з рабочымі хлопцамі, закурылі, паімчалі назад, у сопкі. Высадзілі яны мяне раней, паказалі сцяжыну, пайшоў я па ёй да чыгуначнага “вугольніка”, пасля нязручнымі шпаламі, пасля дарогай. Густы, у палец, пыл на ўсім. Пасля ён знік, павеяла холадам. Ужо думаў, што не той дарогай іду, калі надпіс. Падумаў, што “граніца” гэта не мяжа запаведніка, а ўвогуле мяжа забароненай зоны. Было не па сабе.

І вось некалькі хатак у распадку, дзве лайкі ля дома дырэктара. Адвялі на начлег. У хаце арнітолагаў, што выехалі на Амур сачыць за пералётам, жыве лавец матылёў з Харкава Лісецкі А.С. Размясціўся добра, на канапе, укрытай шкурамі. Мякка, цёпла. Хата ўтульная, толькі без гаспадароў запушчаная. Уначы лавілі матылёў на святло. Ляцелі, сядалі на прасціну цені. Соўкі, маціцоўніцы і вялізныя, нявыказнай прыгажосці “блакітныя ордэнскія істужкі”.

У маім пакоі, акрамя канапы (над ёй рогі казулі з біноклем і фотаапаратам), стол, дзве кніжныя шафы, карта Прымор’я.

Выйдзеш – высокае халаднаватае неба з празрыстымі, ледзянымі, вельмі высокімі зорамі.

Сёння раніцай выйшаў на Кедраўку. Празрыстая, як шкло. Горы ледзь залоцяцца сонцам па верхавінах. Усе ў зелені. Высока-высока. І ад вады, якой абліваешся, хочацца жыць.

Пайшоў да дырэктара. Добры домік. У кабінеце шафы з кнігамі, вісяць шкуркі янотаў, лісіц, барсукоў, на канапе калматая цёмная шкура гарала, а над ім рогі ізюбра і плямаватая ягоная шкура.

Пагаварылі. Пайшлі з ім у канцылярыю. Жэньшэнь у слоіках, чарапы, шкуры, узважваюць забітага дзікага ката. Накрэсліў ён мне план, вельмі просты.

І вось я рушыў. Пакуль у разведачны паход. Тайга, пахі, галасы (уначы хрыпелі казулі, спаць не давалі).

Пасля Сухога ключа ў лесе спіртавы, амаль нашатырны пах (восень). Цэлае паселішча даўгадзюбых японскіх варон шуміць крыламі над галавою. Дуплянкі малыя і вялікія (для качак-мандарынак), мора сіняга аконіту. І ва ўсім гэтым суцэльная, без пароку прыгажосць, вялікі спакой восені, жыццё. На “аксаміце” ветразнікі Маака, чорныя махаоны, чорна-зялёныя. І кожная крыніца на свой твар і, адначасова, чароўна-разнастайная. На жвіры, ля ручаін, чазеніі, рэліктавыя вербы, падобныя адначасова і на пальмы, і на эўкаліпты. Багацце фарбаў, гукаў, парод. Бэз, волатавая таполя Максімовіча, шмат розных бяроз, яблыні з яблычкамі ў ногаць мезенца, граб, ліпа. Усё гэта дзівосна.

Вярнуўся, схадзілі ў Прыморскі, пад’елі. А пасля на беразе лавіў стронгу і пяструшку, запісваў думкі, якіх было дзіва як многа, важлівыя і не зусім дурныя. А захад згасаў на вяршынях, бляднеў.

Смажыў стронгу. Нацягаў на чатыры патэльні. Елі. Прыйшоў яшчэ батанік Мікалай, юнак год 17-ці, увесь расторганы, непрыемны, як многія людзі ягонага пакалення і тыпу, а, аднак, думаючы.

А пасля зноў зоры. Ціха. Крычаць казулі ў гарах.

Я, здаецца, яшчэ вярнуся сюды. Праўдзівей, абавязкова вярнуся. Магчыма, нават, у будучым годзе.

21 верасня. Аўторак

Уладзівасток

Ранняя шэрая раніца. За вокнамі матросы шоргаюць венікамі па асфальце. Хлопцы яшчэ дрыхнуць, а я сеў ды хачу, папіўшы чаю, хаця трохі запісаць, пакуль не пачаўся бегатлівы новы дзень.

19-га пайшоў да хаткі. Некаторы час суправаджала мяне белая лайка другой сям’і арнітолагаў Амур. Гладкі, з вясёлымі залацістымі вачыма. Людзей зусім не баіцца і давер да іх, калі ідуць ад базы, а не крадуцца. Суправаджаў мяне і Лісецкага (той пайшоў быў з сачком, каб матылёў налавіць, але толькі наблытаў у марлю рапяшкоў: колькі іх тут па сцежцы, ногі па калена зялёныя. Прычым чапляліся яны толькі за мае матроскія суконныя “штаны”, а за мацерчатыя порткі матылёчніка – ані-ні: звыклі да поўсці жывёл).

Але дастаткова было сказаць лайцы “дамоў”, як яна пайшла, паплялася. Тут сабакі так прывучаны.

Аралія ля дарогі колецца патроху, дрэвападобная сваячка жэньшэню. Попаўзні крычаць, бегаюць па ствалах уніз галавою. І мора сонца ў вясёлым лесе.

Праз усе крыніцы дабраўся да паляўнічай хаткі. Над ёй сонечнае мора маньчжурскага арэху, пад ёй сонечнае мора папараці, а вышэй за ўсё піхты і кедры.

Старое вагнявішча, навес з кар’я, тоўстыя сцены. Унутры ўсё, патрэбнае чалавеку. Сюды б узімку залезці, узяўшы газы і некалькі пачкаў свечак, сядзець сярод снягоў, паліць печ і пісаць, пісаць, і зусім не бачыць людзей.

Лазіў на галавазломны кедр, скінуў некалькі шышак. З верхавіны акіян тайгі з валамі сопак. Апошнюю галіну, спускаючыся, нёс у зубах. Прасмаліў рукі да апошняга.

Пасля елі, пілі каву, а тады рушылі далей, за Падкрастовы і Дравяны ключы, у ліяннік. Вось тады пачалося нешта зусім незвычайнае. Зваленыя дрэвы, на іх пяшчотнейшыя, падобныя на зарасці белых і слаба-ружовых каралаў грыбы, рагацікі, або кітайская лапша. Дзеля іх у свой час было звалена больш дубоў і кедраў, чым для дамоў.

Кітайскія арцелі прыходзілі, валілі, драўніна закісала, і на яе падсажвалі гэтыя грыбы ды грыб мядзведжае вуха. Пасля прыходзілі і збіралі. Вельмі дорага каштавала.

А ліяннік – нешта незвычайнае. У раптоўным, амаль вячэрнім ценю ад сопак – калоны дрэў, і на іх вісяць, калышуцца, шалушацца тоўстыя, з нагу дарослага чалавека, дравесныя змеі. Толькі ўверсе драбніцца лістота. І ўсё гэта густа, незвычайна, бы ў тропіках, дзікавата. Актынідыя, чырванее вінаград, уецца, пляце, сціскае.

…Удома (дарогаю назбіраў маньчжурскага арэху і пасля вышалушыў; пальцы дагэтуль чорныя) лавіў зноў рыбу. Больш за ўсё, чамусьці, было стронгі. Ярка-пунсовая, палоса-смужка на брушцы, сама пяшчотна-бэзавая, плямістая. А на спіне россып залатых бліскавак. Дзівоснай прыгажосці рыба. Ды й пяструшка нічога. Чырванаватая смужка ля бакоў, плаўнікі і пяро хваста. Чарнаватыя плямкі, бы ў леапарда, на баках. Самец, калі засне, чарнее, як кепскае срэбра.

Читать дальше
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать


Уладзімір Караткевіч читать все книги автора по порядку

Уладзімір Караткевіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки LibKing.




....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў отзывы


Отзывы читателей о книге ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў, автор: Уладзімір Караткевіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв или расскажите друзьям

Напишите свой комментарий
x