Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Ён выходзiў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкiм асаблiвым гонарам. Чамусьцi яму хацелася, каб у гэты мiг яго ўбачыў бацька.
16
Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго i глядзi, разаб'е. А дарогi такой - кiламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары - тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камянi; у дубовых гаях - старыя грэблi, на якiх мала засталося насцiлу, адны ямы, палiтыя ўчарашнiм дажджом. Шафёр нi на што не зважаў. А побач з iм у кабiне бестурботна спаў старшыня. Шыковiч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго i дзвюх дзяўчат-калгаснiц кiдала ў кузаве, як тыя кавуны, - ад борта да борта. Дзяўчаты смяялiся, хапалiся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалi хапацца i за яго. Кiрылу падабалася такая непасрэднасць i тое, што яго не лiчаць яшчэ за старога, калi падбiваюць на жарты. Неяк асаблiва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якiх пахла зямлёй i зернем. Ад мяшкоў, на якiх яны сядзелi, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковiч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсцiся.
Нарэшце выехалi з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянiкi - што коўдра, роўная i мяккая. I дзiўна - цi так здалося на раўнiне, дзе няма за што зачапiцца воку, цi на самай справе - шафёр павёў машыну асцярожней i павольней. Сцiхлi дзяўчаты, як бы засаромелiся сваёй лясной гарэзлiвасцi. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабiны пацягнула папяросным дымком.
Кiрыла прылёг на мяшкi i паглыбiўся ў разважаннi.
"Трэба будзе выяснiць, колькi служыць машына пры такiх дарогах i такой яздзе. Варта ўставiць дзе-небудзь пра тып старшынi, як з гадамi мяняецца iх знешнi выгляд. Такiх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года".
Немалады - год пад пяцьдзесят - старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кiраўнiкоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, вiдаць, не мытай, гiмнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галiфэ, у пажоўклых ботах i, галоўнае, з кiрзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такi прываражыла Шыковiча. "Няўжо з ваеннага часу?" - карцела спытаць.
Убачыўшы каля складоў "Закупзерне" старшыню з Загалля, Шыковiч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкi ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнiкi рэдка заглядваюць.
Беразоўскi - стары знаёмы Шыковiча, некалi працаваў у абкоме камсамола. Малады энергiчны сакратар. Сустрэў Шыковiча з радасцю:
- Нарэшце ты заглянуў i ў наш забыты творцамi раён. Цяпер я цябе не выпушчу.
- Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля.
Сакратар насцярожыўся:
- Чаму адразу ў Загалле?
- Ды так. Кажуць, цiкавая вёска, - ухiлiўся ад тлумачэння Шыковiч.
- Вёска за сямю лясамi, дзевяццю балотамi. Этнаграфiчны куток. Гэтым i цiкава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы.
- А мне i трэба не самы лепшы.
- Значыцца, маеш намер пiсаць разгром?
- А ты баiшся?
- А хто не баiцца? Ваш брат настрочыць - а нас на бюро абкома па сiгналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велiзарнай рабоце, якую вядзём у апошнiя гады, i пры пэўных поспехах хапае i прарэхаў. Шмат якiя намаганнi тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынiкi...
- Незадаволены вынiкамi?
- Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяцi цэнтнераў нiяк не можам узняцца.
- А кукуруза?
- Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста.
- Лепшая, чым летась?
- Лепшая!
- А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот?
Беразоўскi засмяяўся:
- Гэта твой друг Раманаў у кабiнеце на паперы вырошчваў па гэтулькi.
- Ты ў яго быў трэцiм. Маеш вопыт.
- Цяпер за такi вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, - сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат.
- А не здаецца табе, Барыс Пятровiч, што нежаданне пусцiць журналiста ў слабы калгас - гэта сцэна з той жа оперы "Паказуха"?
Беразоўскi пакрыўдзiўся:
- Я хацеў памагчы табе напiсаць такi нарыс, за якi цябе, пiсаку, пахвалiлi б, а ты вунь як вытлумачыў... Ну дык кацiся ты ў сваё Загалле.
- А як туды дакацiцца?
- Добра. Не будзем крыўдзiцца адзiн на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзiны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ i пасля завязу цябе сам.
Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковiч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, i натрапiў у канторы на загальскага старшыню.
Грак, калi Шыковiч звярнуўся да яго, акiнуў падазроным позiркам, спытаў коратка:
- Хто?
- Лектар.
Шыковiч не хлусiў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыi лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабiў даклады пра лiтаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць iх думкi.
- Лектар - рэч патрэбная, - паблажлiва дазволiў пад'ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялiчкая, нiякi не рэвiзор, ён тут жа страцiў усялякую цiкавасць да гэтай "рэчы патрэбнай".
Шыковiча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён - "рэч патрэбная", не стрымаўся - усмiхнуўся, пакруцiў галавой. Дзяўчаты глядзелi на яго як на дзiвака.
Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскiмi грэблямi. I вось яно Загалле, вялiкае сяло ў падкове дубовых гаёў.
Не вызначаюцца яшчэ асаблiвай навiзной нашы вёскi. Пра гэта многа гаварылi i пiсалi. Пiсаў i Шыковiч. Але амаль усюды, дзе ён нi ездзiў, то бачыў побач са старымi хатамi новыя збудаваннi: цi то тыповая школа, бальнiца, клуб, цi новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць i нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай i шыферам, i бадай што ва ўсiх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнiкi, свiнарнiкi, над якiмi ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавiкi. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нiчога новага не было ў Загаллi. Сяло ў вайну не гарэла. I ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нiзкiмi i маленькiмi акенцамi, з замшэлымi стрэхамi. Быццам i не раслi тут людзi, не жанiлiся, не аддзялялiся ад бацькоў, не заводзiлi свой куток, не дбалi, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскi.
Калгасныя патрэбы, вiдаць, задавальнялi тыя хлявы i свiрны, якiя злеплены былi пасля калектывiзацыi з абагуленых гумнаў.
На доўгай травянiстай вулiцы гуляла многа малых, пасвiлiся шматлiкiя чароды гусей. Вiдаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знiк той лiхач, якi ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковiча ўразiлi андаракi на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфiчны куток. Кiрыла чамусьцi падумаў пра адзенне старшынi i яго пацёртую кiрзавую сумку. Андаракi хоць прыгожыя - квяцiстыя. Трэба купiць адзiн - для экзотыкi.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: