а ў шавецтве быў iнжынерам чалавечых ног, спраўна падшываць чаравiчкi белай дратвай, а цьвiчкi не павiнны муляць у пяткi, я, якi ўжываў клей маркi Эльбэт i Гумiдрабант з слановых капытоў, ды што, калi грамадзкай думкай валодаюць iдыёты й п'янюгi, хай адно дакажуць столькi як нябожчык Масарык, якi яшчэ ў свае семдзесят рабiў стойку на канi, або як тыя манахi ў Тыбэце, якiя паставiлi сабе электрастанцыю i сьвецяць сабе ў кляштары на жывога Буду, тое малюткае дзiцятка, або спадар прафэсар Айнштайн, якi вынайшаў падводную лодку з атамам, або рускiя, якiя робяць досьледныя палёты вакол сьвету на самалётах з рэактыўнай цягай i лётаюць так хутка, што не пасьпеюць узьляцець, а ўжо мусяць тармазiць, так што адзiн спрытнюк сказаў, недалёкi той час, калi пры такiх падарожжах вакол сьвету рэактыўны самалёт будзе бачыць свой уласны хвост сьпераду, людзi толькi пасядуць у такiм эрапляне i зараз павiнны выходзiць, падарожжы будуць адбывацца так хутка, што лепш будзе сядзець дома, галоўнае аднак, каб чалавек ня жыў як у хляве, а насiў кветкi прыгажуням, вось наш ксёндз-пробашч ня мог сцаць i доктар Карафiят яму кажа, я ж вам казаў, толькi поснае, а ня мяса й вiнцо, а адна баба пасьля родаў зьела кiлбаску i доктар ёй дапякаў, вы нажэрлiся яблыкаў цi што? а мужа аблаяў, што для парадзiхi шэсьць тыдняў нельга нават глядзець на кiлбаскi, i даў мужу клiзму, а я калi хадзiў да доктара Карафiята лячыць салiцёры, ён адразу прыпiсаў мне дыету i наказаў, каб я сядаў на цёплае малако, каб якi iншы, дык мяне выкiнуў бы, а доктар Карафiят кажа, адразу па вас вiдаць, што вы нечым узварушаны, значыць, ня шлюбная тайна вас сюды прывяла, а тут якраз чэрцi прынесьлi кiрмаш i на пляцы адна баба жэрла лiверную каўбасу дык выбег сабака i цапнуў у бабы тую каўбасу разам з губою, дык доктар мусiў купiць ёй яшчэ адну каўбасу i прышыць ёй тую губу, таму што баба прыйшла да яго з плачам, на той час людзi былi галянтныя да жанчын, адзiн прафэсар мне казаў, ня ўмелi мы шанаваць Аўстрыi, ня ўмелi шанаваць бардэляў, дык цяпер ад празьмернага клёку мужыкi ў нас сталiся нэрвовымi, Грулешак малацiў сваю жонку ланцугом ад ровара або катом, як называлi ланцуг для ўцягваньня калодаў на калёсы, адвакат Кiр, якi пасярэднiчаў у продажы нашага дому i паставiў сабе вiлу каля суду, з фантанам, пальмамi i мармуровай калёнай, а на ёй голую Еву, якая мела пад нагамi ўвесь сьвет, а вакол сябе ружовы садок, дык той адвакат застрэлiўся, бо ягоная жонка выбрала беднага студэнта, як у нейкай апэрэце, усе тыя багатыя панi поўныя рамантызму, мне рабiлi такiя прапановы, што я ажно дастаў язваў, вам, зразумела, не адмоўлю ды зраблю яшчэ чаравiчкi, насаджу на вочы тыя павелiчальныя шкельцы, чаравiчкi фасону КБ, iмiтацыя вужавай скуры, белая футравая высьцiлка i белыя фрэнзьлi, чацьвертага памеру, мадэль "Дэрбы-Парызэр", чаравiчкi зь белымi наскамi i лякаванымi абкладамi, абцасiкi два цэнтымэтры, нiкеляваныя дзiркi, кручкi з цэлюлёйду, масянжовыя штыфты i масянжовыя шрубкi, каб падэшвы даўжэй насiлiся, потым зраблю вам на запас адну пару абутку на восень i другую на зiму, у сярэдзiну, згодна з пажаданьнем, дамо высьцiлку з чырвонага або жоўтага кажушка, потым яшчэ адны чаравiкi на горныя экскурсii i адны зусiм простыя на шпацыры па лугох, з чырвонымi наскамi i белай высьцiлкай, або шаўро з высокай абшыўкай i зялёнымi лякаванымi наскамi, паеду ў Вену, у фiрму "Салямандра", у той цэнтар абутковага сьвету, што мае пяць паверхаў, паеду туды па лякi Майцэн, кiтавыя i так далiкатныя, як шчочкi прыгажунi, цэнтар абутковага сьвету гэта фiрма "Салямандра" з салямандрай на знаку, тым часам як фiрма "Мэрцэдэс" мела на знаку малпу, на шкляных палiцах чаравiкi, вырабленыя цудоўнымi чалавечымi рукамi, кожны паверх асьветлены iншым колерам, граф Зэлiкоўскi зiмою прыляцеў на вучэньнi на жарабцу, нiбыта на самалёце-зьнiшчальнiку, на вусах iней, конская грыва таксама сам iней, граф быў вядомы сваёй жорсткасьцю й грубасьцю, адна баба ў мяне запыталася, дзе служыць ейны сын, бо яна прынесла яму пiражкоў, а тут нарваўся граф Зэлiкоўскi на жарабцу i як рыкне па-польску, не гадай з бабамi, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам i паскакаў на сваiм жарабцы проста на бабу на дваццацiградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзiн год, а ў сабе я меў столькi энэргii, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калi бачу тую заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завiлi мае валасы, пазычылi мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягi, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сiвакоў, за iм шэраг каштанавых коней, дзьве красунi парвалi сабе блюзкi, пабiўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нiчога сьвятога, больш схiльны да грэху i што адных жанчын цягне да каханьня, iншых да грошай, а яшчэ iншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьцi, а нават вычварэнстваў, iншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павiнна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагi кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш прытрымлiвацца гэтых запаветных слоў, таму iндусы маюць у царкве быка i яму пакланяюцца, Сыбiла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Iсуса, пабаялася йсьцi кладкай церазь Ярдан i пакланiлася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкi запыталiся, чаму яна ня йдзе далей? а яна адказала iм, што калiсьцi з тае кладкi будзе крыж, таму яна лепш пойдзе цераз тую ваду басанож, з сукенкай у жменi, а да тае кладкi быў ужо прыпiсаны той крыж i Сыбiла ведала, што прыйдзе Хрыстос i будзе вучыць людзей, што яны браты, такая была разумнiца, той самай пароды, што сьвяты Вацлаў, якi з такой радасьцю пеставаў вiнаграднiк i езьдзiў у белым радне на сiвым жарабцу i раздаваў грошы бедным як нейкi райсабес, кiтайцы зноў жа вераць у бога сiлы i каханьня, таму iхны бог мае ў носе пазалочанае колца i пашчу як акула, гэткi пазалочаны пузач, ажно жах бярэ, затое чорныя збольшага паэты, яны вераць толькi ў тое, дзе што можна зжэрцi, i верашчаць i скачуць, а iхны кароль сядзiць голы на троне i трымае вiлы ў руцэ, а iхная каралева мае на сабе толькi такi ашмотак, каб ёй мухi на пашпарт не сядалi, а калi ў iх хто памрэ, дык адну палову хаваюць, а другую гамаюць, так што спадар падарожнiк Голуб уцякаў ад iх на ровары, а жыхары Агнявой Зямлi, батакуты, арабэлы i матабэлы беглi за iм, але хоць i мелi добрыя лёгкiя, не далi рады яго дагнаць, толькi крычалi спадару падарожнiку, чалавек на вужацы! а раварысты гналi да Варшавы i выйграў нейкi Круляк, дваццаць два гады, роўна столькi было i мне, калi я стаяў у Прасьцееве перад фiрмай Вайнлiха, дворскага пастаўнiка, якi меў над уваходам арла, жыдок, залатое пэнснэ, выстраены й напарфумаваны, насiў кнiгу i смалiў кубанскую цыгару, як бы вы прыйшлi на ўнiвэрсытэт, два ягоныя заступнiкi, Фогл i Вэрцбэргэр,
Читать дальше