якое калi ўсьлiзгнецца мужчыну ў нагавiцы, дык ён стае пiсьменьнiкам, хвалi як наш дом, лодкi дык аж на дарогу выкiдвалi, грымелi па камянёх i крышылi скалы, такая марская бура можа перакулiць i вагон, занесьцi ў мора людзей разам з асламi, калi вяртаюцца зь вiнаграднiкаў, робяцца такiя слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелi бяду i голад, Сьвятая Багародзiца! жэрлi здохлую рыбу i дух у армii ўпаў да таго, што мы хадзiлi жабраваць, на казармах быў залаты надпiс "Ваярня Караля Юсупа", але паручнiк вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калi б гэтага паручнiка ўбачыў генэрал Зэлiкоўскi, дык выцяў бы яго прутком, адзiн фарсiсты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьцiў яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi, вiнаграднiкi цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаiку й пасьвiла авечкi, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калi я кiўнуў, тут жа прыселася да мяне i пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьцi практыкавацца з новымi гранатамi, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьцiка тырчыць вяровачка, камандзiр узводу вучыў нас на iмiтацыi, пацягнуць за вяровачку, палiчыць да дванаццацi, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбiральню, а нейкi спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, i калi мы паўтаралi практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку i тая рука вылецела праз вакно i дала поўху капiтану Тонзэру, якi праяжджаў на канi i казыраў, нешта такое прыдарылася i ўласьнiку летняга кiнатэатру, у якога была жалезная рука, i калi хлопцы сядзелi на дрэве i глядзелi фiльм задарма, дык уласьнiк ставаў на крэсла i лупцаваў iх той жалезнай рукою, ажно ляцелi пасечаныя галiнкi, а калi дома хацеў даць той рукою i сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно i зьбiў з ног палiцыянта, якi акурат гастрыў аловак, каб выпiсаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калi чыталi iмёны палеглых i прачыталi маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалi мяне дакладваць i далi мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалi, панове, калi б такое пачуць, дык можна было б пайсьцi дахаты i легчы ў пасьцель, а калi скончыцца вайна, можна будзе сьцерцi сваё прозьвiшча з помнiка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калi я ўбачыў, як мне падыходзiць мундзiр, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калi я йшоў на шпацыр, ясна-блакiтная блюза, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, лякаваны пасак i нiкеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкi й зьвiлiны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзi ня мусiлi хадзiць у тэатар або на канцэрт, а маглi дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры днi на крэсьле i думаў пра тыя слухаўкi на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна панi доктарка сказала мне распрануцца i лягла на мяне паслухаць, цi б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха i кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскi рэнэсанс i што сапраўдны мужчына трымцiць як пасоленая жаба, калi бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пiсьменьнiкаў вар'яцее ад мастацтва, бо калi хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў iх як пацяруха, i нiхто ўжо не пазьбiрае яго ў кучу, сымфанiст Iштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамi меў шкляны столiк, каб яму не замiнала зямное прыцягненьне, а тут прыходзiць прыгожая нарачоная, калi яму пасьля сьмерцi адчынiлi чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбiтка вываражыла з картаў, што калi б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьнiў вялiкiя рэчы, ня толькi для свайго народу, але i для ўсяго чалавецтва, варажбiтка працягнула да мяне рукi, а я адхiлiўся ў крэсьле-качалцы i вылiў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай панi доктарцы, а яна лягла на мяне i запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнiк Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьнiць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася i кажа, выберце сабе нейкi лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбiлейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапiла б, i пусьцiла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, iлюзiянiст i гiпнатызэр, якi сам сабе ставiў пячаткi на дазволах на выступы, бо як толькi зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалi драла, каб iх не загiпнатызаваў, у той час я меўся выступiць на эстрадзе, засьпяваць "Балалайку" ў мундзiры афiцэра гвардыi, на сцэне былi самыя дзьверы зь дзiркамi для ключоў, а я сьпяваў "Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь", на мяне сьвяцiлася фiялетавае сьвятло, калi я сьпяваў, "Балалайка, грай песьню з усiх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найблiжэйшую, аб тым, што я кахаю", i пабiў усiх высокiм "до", гэтага нiводзiн гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калi целiцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпiшыл, ачараваў усiх нашых дзяўчат як гiпнатызэр Марыён, калi б вам захацелася, вы б маглi таксама выступiць, адна панна будзе йграць тую вялiкацарыцу, але мусiць мець фальшывы поваб, вы б маглi яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былi прыгожыя, я буду йграць папа i буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, iдзецца толькi пра тое, як завесьцi жарабца на сцэну? хiба што абматаць яму капыты анучкамi, каб не паабiваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкi i ня зьляцеў на аркестар, парасятнiка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталiцкiм Доме я з адной прыгажуняй хацеў зрабiць шпагат i дастаў грыжы ад натугi, у мужчыны дык нiчога, яму ўсё сыдзе, але такая жанчына, калi носiць пояс супроць грыжы i разагрэты мужчына яго намацае, халодны пояс зь нiкеляванымi спружынамi, дык iдэалы адразу развальваюцца, а цялесныя пажады даюць назад, Хрыстос Госпад аднаго разу, калi яго запрасiлi на вясельле, дзе моцна жлукцiлi, абярнуў iм вiно ў ваду, гэта быў той цуд у Кане Галiлейскай, у тых часох мне сьнiлiся такiя сны, перабiраць у сьне косьцi нябожчыка, вялiкая радасьць iдзе табе насустрач, гэта ўвогуле цiкава, што маладыя паэты думаюць пра сьмерць, а старыя пердуны пра непаўналетнiх дзевак, адзiн паляўнiчы мне казаў, ён ходзiць у лес назiраць за аленямi, колькi ў такiм старым аленi жарсьцi, калi заляцаецца да ланi-правiчкi, такi сон аб градцы цюльпанаў у тлумачэньнi значыць, што закахаесься ў гожае дзяўчо, але яно ня будзе ведаць аб тваiм каханьнi, адзiн паэт прозьвiшчам Бонды мне казаў, што ў людзей дзiкае ўяўленьне аб пiсаньнi вершаў, думаюць, што гэта ўсё роўна як iсьцi зь вядром па ваду або што паэт толькi падыме твар на нябёсы, а адтуль яму боская моц сiкае вершамi проста ў галаву, я яму кажу, гэта толькi ў Хрыста Госпада быў такi клёк, што прафэсары й па сёньня ня могуць надзiвiцца, што ён быў ня толькi сын божы, але й шампiён i атлет, што ён мог узяць бiзун i выхвастаць зь сьвятынi гандляроў жывёлай, i сказаў iм, што не прынёс мiр, але меч, гэта значыць шаблю, людзi гэтага й так не разумеюць, таму што разумныя памiраюць, а дурныя зноў нараджаюцца, адзiн чысьцiць нужнiкi, а iншы ёсьць доктарам, адна жанчына ўсё жыцьцё чытала б у пасьцелi раманы, а iншая зноў жа робiць тое, пра што ў тых раманах пiшуць, паэт Бонды, бедачына, калi ў гасподзе перавiваў двое сваiх дзiцянят у возiку, прынюхаўся потым да пальцаў i сказаў, тут недзе пачынаецца глыбокая фiлязофiя, а праз паўгадзiны адно дзiцятка зноў накакала ў тым возiку, дык Бонды мусiў падцiраць яго "Чэскiм Словам" i прытым наракаў, Iсусе, такое даняло б i карэйскага ката! у дзень Божага Цела мы ўрачыста ўвайшлi ў Пярэмышль, адна дзеўка ляжала ў рове, паказвала на сябе i крычала да жаўнераў, хадзеце адсьвяткаваць перамогу нашае зброi! але нiводзiн ваяка на яе не палакомiўся, бо была брыдкая як турэцкая ноч, а зрэшты, я нiколi ня быў падкi на такое, я перамагаў iнакш, у лязарэце апекавалiся мною баранэсы, а за рэспублiкi гожыя саколкi, сястрычкi, адна галiла мне жывот i рыхтавала да апэрацыi, бо папярэдняга дня галоўны доктар мне сказаў, будзем вас пароць, падпiшыце рэвэрс, калi б вы нам выпадкам сканалi пад нажом, такiм чынам мяне падбадзёрваў, а сам ужо надзяваў белы чапец як цукернiк, а сястрычкi нацягвалi яму пальчаткi, нiбыта якому дзiцяцi, i ўжо хацеў узяцца за мяне, як дзьверы адчыняюцца i зьяўляецца баба з кошыкам i пытаецца, дзе ляжыць ейны муж, бо прынесла яму сьвiнiны з капустай, а галоўны доктар, ростам як волат i заюшаны да бяспамяцi, хапiў тую бабу i як дасьць ёй высьпятка ў заднiцу, а потым аблаяў дзьвернiка, як тая баба змагла сюды пралезцi, калi ён праз момант мае пэцкацца ў маёй крывi i латаць мне грыжу? што за радасьць, калi выйдзеце са шпiталя i добра разгледзiцеся навокал, як у той песеньцы, як цудоўна i прыгожа на тваiм прыходзе, Божа, тра-ля-ля, Барнадак, каваль, мог лёгка выпiць дваццаць пяць лiтраў пiва, а калi потым яму конь не хацеў стаяць або натурыўся, Барнадак яго валiў на зямлю i падкоўваў лежма, ну й дастаў запаленьня лёгкiх, ягоная брушына прыляпiлася i быў яму каюк, я адзiн застаўся, гожая сястрычка прыносiла мне судно i пыталася, чаму я не ажанiўся, чаму пакiдаю такое прыгляднае цела ляжаць аблогай? а я замест адказу ўжо падымаўся з пасьцелi i хацеў вучыць яе танцаваць, ажно мяне сiламоц трымалi, бо пасьля такой апэрацыi чалавек мусiць ляжаць як Лазар, адна панюся, высачэнная, а пры тым красуня, купалася i клiкала, хадзеце, то дастанеце буськi! i я ўлез у Лабу ў адзеньнi, вада мне даставала пад шыю, але буську атрымаў, i зноў быў герой, хоць трэба было на беразе сушыць ня толькi вопратку, але й выплату, якую мне далi ў дзесяцiкронавых банкнотах, я стаяў у адных споднiках, увесь горад быў на дыбках, жанчыны сьпяшалiся над рэчку i глядзелi на мяне, як на Мантгомэры, пераможца з-пад Тобруку, вальнадумцы папракалi Царкву, што калi Хрыстос быў Богам, дык чаму ён зносiўся з блуднiцай? я кажу, што на гэта няма нiякай рады, перад прыгажуняй нiхта ня выстаiць, нават Госпад Хрыстос, якi на той час быў прыгажун, што Конар Толнэс, яму ж было трыццаць год, а бачыце, тая Марыя Магдалена, хоць i мела пасаду вяхоткi з бару, усё-ткi дабiлася сьвятасьцi i нябёсы яе ўпадабалi, ня здрадзiла Хрысту i выцiрала яму кроў валасамi, а ён, бедачына, вiсеў на крыжы, таму што прапаведваў сацыяльны прагрэс i што ўсе людзi роўныя, ягоная мацi заходзiлася ад плачу, а Марыя Магдалена лагодзiла ягоны боль, i я пытаюся, куды падзелiся ўсе колiшнiя прыгажунi? памерлi i нiчога ад iх не засталося, а Марыля Магдалена заўсёды будзе кранаць паэтычныя сэрцы, вось такi лёс прыгажуна, якi навучыўся рамяству, умеў пiлаваць бярвёны i дошкi i раптам кiнуў тое i пайшоў навучаць людзей, што дзейная любоў да блiзкага ня значыць кублавацца зь дзеўкай на канапе, але йсьцi памагаць таму, хто тут жа патрабуе дапамогi, ксёндз за тое, што я выдатна авалодаў катэхiзмам, даў мне абразок Хрыста, як трымае келiх, на той час у Аўстрыi было вельмi модна правяраць i дапытвацца, хто ёсьць Айцец, хто Сын, а хто Дух Сьвяты? аднаго ксяндза нават судзiлi, таму што сёстры Ульманавы не змаглi яму адказаць, чым тая Сьвятая Тройца насамрэч ёсьць, i ксёндз пасадзiў iх голымi попкамi на распаленую печку, ну й потым тыя сёстры ня выйшлi замуж, нiхто не хацеў мець зь iмi дачыненьнi, калi яны ня ведалi пра Сьвятую Тройцу, праўду кажучы нiхто гэтага толкам ня ведаў, але прыкiдваўся, што ведае, дык тыя сёстры сеялi сланечнiкi, у той час было страх колькi забойстваў i рабункаў, па глухаманях нанач зачынялi аканiцы i рыхтавалi сякеры й стрэльбы, адзiн млынар глухой ноччу ўбачыў у месячным сьвятле, як хтосьцi выпiлоўвае дзiрку ў дзьвярах, каб прасунуць руку i адсунуць засаўку, дык ён падкраўся пацiху зь сякерай, а калi рука прасунулася, дык ён чах! i адсек тую руку, потым жандары шукалi, але не знайшлi нiкога без рукi, дык ксёндз лаяўся, таму што мусiў пахаваць тую руку на могiлках i купiць дзеля таго маленькую дамавiну, Сьвятая Багародзiца! стаiць жаўнер на варце ў Оламоўцы i бачыць, што на могiлках нешта гарыць, бяжыць туды, адчыняе трупярню, а там далакоп пры катле, а з таго катла тырчаць чалавечыя рукi й ногi i сквiрчыць тлушч, тут яго й цапнулi жандары за тое, што адкопваў нябожчыкаў i варыў iх сьвiньням, потым шапачнiкi з Прасьцеева сьпявалi песеньку, у маёй нябогi, рукi адняло i ногi, або калi я аднойчы з адной красуняй выбраўся ў тамашаўскi лес, там ёсьць гаспода, а насупраць тае гасподы стаяць сем белых крыжоў, там адзiн нягоднiк падпiльнаваў вясельле i пазасякаў усiх вясельнiкаў сякерай, ну, страшны выпадак, таму я ня маю дзяцей, бо не хачу, каб мая кроў трывала ў вякох, дзе тая зарука, што дзiця было б ад мяне? жанкi мяне прабiралi, хто вам заплюшчыць вочы? а я iм кажу, гэтак бывала за Аўстрыi, калi людзi памiралi дома, а сёньня, як толькi чалавек пачне крыху недамагаць, прыяжджае хуткая дапамога, адвозiць вас i памiраеце за шырмай сам адзiн, сваякi сёньнячы зь нiкiм ня цацкаюцца, апантанасьць грашамi гэтаму вiною, найлепш было б, каб людзi па ўсiм сьвеце дамовiлiся i перасталi рабiць дзяцей, едуць у адпачынак i халтураць адно на адным, каб увялi адлiчэньне з зарплаты, за адно дзiця пяцьдзесят кронаў, за другое сто кронаў, а за пяцёра дзяцей абрэзаць палавiну зарплаты i адлупцаваць розгамi на рынку, самы ўжо час, каб мы зноў маглi хадзiць з прыгажунямi ў лес i пакланяцца эўрапейскаму рэнэсансу бяз страху, што талопiцца на нас шмат вачэй, сёньня ж людзi лягаюць адпачываць у лесе адзiн ля аднаго, як магiлы на могiлках, адна панi папрасiла мяне, каб я выгуляў ейнага сабаку, але я пайшоў з тым сабакам да дзяўчат у бары, ну й таго сабаку два наведнiкi праз памылку абасцалi, а калi мы вярнулiся, тая панi пагладзiла сабаку, панюхала пальцы i спытала, дзе вы былi? сабакi добрая рэч, але толькi каб пiльнаваць гаспадаркi, адзiн злотнiк меў бульдога, якога безь вiны адсьцябаў, а той бульдог гэта запомнiў i аднаго разу, калi злотнiк часаўся, сабака скочыў i запусьцiў зубы ў злотнiкава цела, а злотнiк, з сабакам на карку, давалокся да пiсьмовага столiка, выцягнуў рэвальвэр, але як страляў у таго бульдога ў люстры, нешта паблытаў i прастрэлiў сабе вуха, дзiва, што сябе не застрэлiў, потым неяк таго сабаку ўходаў, але зацiснутыя зубы яму трэба было расшчамляць качаргою, зноў жа iншы стаяў перад люстрам i выразаў сабе валаскi з носа перад патанцоўкай, i прарэзаў сабе нос, я дык усё рэзаў як скрыпач на скрыпцы, чуцьцём, а калi б вы бачылi пшэмысьлякаў, як яны йшлi на прызыўную камiсiю, вёска была добра адкормленая, браканьер пры браканьеры, адна краса, калi стараста iх вёў на прызыў, самыя стужкi i жычкi, i яны парэзалi ўсе навакольныя вёскi, загналi немцаў у бровар, а старасту на памятку ўсадзiлi нож у сьпiну, хапiла толькi паглядзець на iх крывавата, а зубы ў вас ужо выляталi праз заднiцу, але на парадзе гэта быў цьвет чэскага народу, рослыя мужыкi i злыя як чэрцi, мелi два аркестры, а на сьвяты i гасьцiны ўсё было ў кветках i стужках, уся вёска аздобленая i начышчаная да бляску, штохвiлi нехта нёс кiшкi ў вядры, бо ведаеце, за Аўстрыi шмат мужыкоў памерла ад мардабояў у карчме або па дарозе дахаты, або павесiлiся ад таго, што мелi шмат дзяцей, а тыя слаўныя пшэмысьлякi раз падпiльнавалi мяне, бо я хадзiў зь дзеўкай ад iх, але я адвярнуўся, выцягнуў рэвальвэр i бах! бабах! палiў па iх, а мужыкi як дубы валiлiся на зямлю, а я зноў стаяў як герой, як Том Мiкс з кольтам, у якога дым iшоў з дула, або зноў жа тая жудасьць з Анэжкай Грузавай, нашы людзi выдумалi, што гэта зрабiў Гiльзнэр, а яшчэ заявiўся адзiн прыдурак i сказаў, што бачыў, як Гiльзнэр стаяў у лесе каля Бжэзiны, гэты каронны сьведка адной рукой трымаў ровар, а другой тую штуку, каб адмачыцца, i так Гiльзнэра запраторылi ў турму, а жыды мусiлi вэк з Польнай, людзi сьпявалi песеньку, не купляйце ў жыда цукру, кавы i мукi, ён забiў нам дзеўку сiнявокую Анэжку, ну а бачыце, на сьмяротным ложы брат Анэжкi прызнаўся, што гэта зрабiў ён, дзеля грошай, якiя ў той час валадарылi над сьветам, аднаго разу йдзе жандарм на патруль, запыняецца ў гасподзе i заказвае сабе адбiўную, а як што яму пасмакавала, дык паўтарыў заказ, але карчмарка неяк доўга ня йшла, дык ён пайшоў яе пашукаць, яна была ў склепе, а тамака на круку вiсела ейная дачка, галюсенькая, а тая карчмарка выразала зь яе адбiўныя, Сьвятая Багародзiца! жандар яе ў наручнiкi i ў суд, пра такiя здарэньнi людзi апавядалi раней, калi самi сабе замянялi радыё i тэлевiзар, але мне найбольш падабалася шпацыраваць па горадзе, я хадзiў у ангельскiм гарнiтуры i лапатуне, такiм капелюшы з заломамi, было прыемна глядзець крамныя вiтрыны, такая напрыклад парфумэрыя ў Оламоўцы, поўна туалетнага мыла, якое пахла ляснымi фiялкамi, глiцэрынавае мыла маркi Lila Blanc i Violeta de Nice, экстралагоднае мыла маркi Rosa de Shiraz, аднаго разу мяне за казармамi Марыя-Шнэ перапынiў драгун i крыкнуў, грошы або жыцьцё! iншы б пэўна абамлеў, але я выцягнуў браўнiнг i кажу, калi хочаш жыць, дык дуй адсюль, а то прыстралю як сабаку, калi я прыехаў у госьцi да брата на чатырнаццаць дзён i застаўся там на трыццаць год, дык мне далi мэксыканку, такую стрэльбу, каб я пiльнаваў рамянёў за броварам, а калi ўначы йшоў тудою жандар, я зьняў стрэльбу з пляча i давай страляць, кулi адбiвалiся ад мосту i толькi сьвiсталi, бо я ня буду дапытвацца, а хто там iдзе? аўстрыйскi жаўнер мусiць страляць першы, каб перамагчы, у iншай парфумэрыi стаялi роўненька флякончыкi вады для пелегаваньня валасоў, вада маркi Cyrano, дзе на наклейцы выходзiла з возера вадзяная русалка з ружамi пры поясе, а за сабою мела некалькi сьветлячкоў цi мо зорачак, ну дзiва! як музыка Моцарта, аднойчы плылi лодкай тры швачкi ад Пiкаў, а мы ў плаўках папраўлялi студню ў бровары, i адна красуня паклiкала мяне, а я адразу кiнуўся ў ваду i пачаў ныраць пад iхнай лодкай, гэта была аўстрыйская галянтнасьць, нават i простыя людзi паводзiлi сябе так, быццам iхняе жыцьцё ўвесь час фiльмавалi або фатаграфавалi, у Славаччыне я дапамагаў у пякарнi развозiць печыва, там п'янае вясельле ўехала ў касьцёл i пачало частаваць сьвятых гарэлiцай проста з пляшкi, ксёндз уляцеў у касьцёл як самалёт-зьнiшчальнiк i верашчаў i лупiў i таўхаў нагою тую вясельную кампанiю, i прыгаворваў, арда татарская! то так прыходзяць у храм Гасподнi? прэч! вянчаньне будзе, калi прыедзеце крыху больш цьвярозыя або менш п'яныя! потым я выбраўся на Градзiска, дзе пiваварнiчаў, i вярнуўся дахаты ў поўнай славе, гарнiтур у палоску i мадэрны капялюш апошняга парыскага фасону, кiёк зь белай галушкай, iншага дык жандары вярталi ў родныя мясьцiны ў апратцы як бы яго карова жвакала, але я прыйшоў як кiназорка i прынёс сто залатых, аддаў доўг i купiў карову з Понiквы, якую мне нараiў гаспадар Тыатар, той, што са старога тэатру зрабiў карчму, а ягоная баба гадавала восемдзесят катоў, увесь дзень налiвала iм малако, у парфумэрыi я бачыў прэпарат маркi Калядэрма, потым фiрма Вольф i Сын з Карлсруэ дастаўляла на Мараву свой жэлятын i драбнюткую ружовую пудру для пелегаваньня скуры, на шкатулцы летуценная жаночая галоўка з ручкай пры скронi, абвiнутая лёгкай вуальлю, з вачыма ў далечынi, той каровы з Понiквы ўсе нам зайздросьцiлi, швэйцарская раса, зусiм белы асобнiк, каштавала цэлых восемдзесят залатых, але потым мы прадалi яе мясьнiку, бо аказалася ялавай, найвышэй з нашае сям'i зайшоў дзядзька, у войску быў камандзерам узводу i ўмеў пiсаць так, што ня можна было наглядзецца, атрымаў залаты крыж ад кайзэра, насiў залаты шнур i пiкэльгаўбу, мужчына высокi на мэтар восемдзесят, якi за свайго кавалерства быў паўкiдваў усiх з карчмы ў копанку, як Рымскi, што паходзiў з Кокараў, але калi дзядзька ажанiўся, дык спаважнеў, узяў сабе дачку лесьнiка i паставiў вiлу на Мараве, гадаваў iндыкi i быў вахмiстрам, адной красунi я купiў лiлёвы крэм на лагодную белую скуру маркi Steckenpferd, гэта была фiрма з Радэбойлю, потым Гавэрдавай Здэнцы я купiў далiкатны i гарантаваны сродак, уганараваны залатым мэдалём, "Сiнулiн", а яна засьмяялася i кажа, а што ты за гэта хочаш? а я адказаў, што хацеў бы, каб мы пайшлi на шпацыр i яна дастала сонечнага ўдару, а яна засьмяялася i кажа, чаму? а я адказваю, што паводле iнструкцыi першай дапамогi, калi хто дастаў сонечнага ўдару, найлепш расшпiлiць блюзку i абмываць грудзi летняй вадою, а тая Здэнка мне сказала, ты, бугай, зашмат сабе дазваляеш, так, гэты сьвет далей прыгожы, не таму, што ён такi ёсьць, але такiм я яго бачу, як яго бачыў у фiльме Пушкiн, бедачыне заўчасна пацэлiлi ў галаву i былi яму капцы, з дзiркi ад рэвальвэру выцяклi ў яго апошнiя вершы, ужо паводле фатаграфii я дайшоў да высновы, што Пушкiн належаў да эўрапейскага рэнэсансу, меў гожыя бакенбарды, ну, тыя бакi, якiя насiў нябожчык кайзэр Франта i кампазытар Штраўс, раз iду сабе над вадою, а тут на ровары Лiбушка i адразу наяжджае на мяне пярэднiм колам, калi я ёй зноў прынясу пук, то бок, букет ружаў? а я яе нi з таго нi зь сяго пацалаваў, як гэта рабiў Ганс Альбэрс на параплаве, а Лiбушка вiскнула, Хрысьце Пане! а я расьсьмяяўся i кажу, што я не Хрыстос, адно пан, а гэта насьмяшыла яе яшчэ болей i яна яшчэ мацней наяжджала на мяне пярэднiм колам, адчыняючы мне дзьверы да далейшае прыгоды, i я быў панам сытуацыi, гэта ў парфумэрыi я бачыў шэраг бутэлечэк са сродкам для буйнага росту валасоў маркi Peru Tanin, на пляшачках былi дзьве дачкi вынаходнiка з валасамi ажно па косткi, зразумела, Аўстрыя стаяла ня так на буйным росьце валасоў, як на буйных грудзях, у некаторых былi такiя, што яны мусiлi насiць заплечнiк, а ў iм цэглу, каб ня ўпасьцi дапераду, так тое цягнула, гэта было нешта, тыя вялiзазныя цыцкi, з самога раньня ўся Аўстрыя ня думала нi пра што iншае як толькi пра грудзi, жанчыны выпiхвалi iх, а ў сям'i была проста бяда, калi дачка ня мела грудзi як кухлi для пiва, цяпер гэта зноў уваходзiць у моду, жанчыны зноў у гэтых адносiнах як за аўстра-вугорскай манархii, на спартакiядзе я бачыў волатак, нашых дзяўчат, як яны йшлi ў калёнах у тэлевiзары, у майтках i кашульках, шпарылi як Марыя Тэрэза, мужчыны ад гэтага глядзеньня, ад гэтага параду нацыi былi пад вечар зусiм абнясiленыя, ноччу я нарваў ружаў у чужым садку, пералез цераз плот i незаўважна паклаў тыя ружы на вакно Лiбушкi, як робяць мэксыканцы i гiшпанцы, тая банда абiбокаў, якая нiчога iншага ня робiць, толькi езьдзiць верхам i сьпявае паннам пад гiтару, а на другi дзень Лiбушка паклiкала мяне праз фiранку, каб я прыйшоў да iх у госьцi, з майго боку гэта была дыпляматыя, дык потым я быў сьведкам, як яна скiдала чаравiчкi i сьцягвала панчохi, а потым лягла на канапу i спыталася, цi па мне ўжо бегаюць мурашкi? i кiдалася на той канапе, нюхала ружы i вырачвала на мяне вочы, а потым села i пачала распорваць блюзку, а калi скалечылася жылеткай, сказала, мiгам перавяжыце, а то дастану заражэньня крывi! а калi я завязваў ёй бiнт, запыталася, чаму я вам ня падабаюся так, як тыя дзяўчаты з бару? а я адразу суцешыў яе па-рыцарску, панна, вы маеце iншыя повабы, у вас шык i гожыя ножкi, яна акрыяла душой i мы разам панесьлi бялiзну ў прасавальню, а бабы шалелi ад рэўнасьцi, ну так, нам дык не пасобiць, я павучаў Лiбушку паводле соньнiка Анны Новакавай, прасаваць бялiзну значыць, што адкрыеш глыбокiя таямнiцы, а Лiбушка мне сказала, як рыхтуецца адсьвяткаваць свае дваццаць першыя народзiны, i дадала, што мяркуючы па маiх вачох, яна б баялася iсьцi са мною пад поўнач на выспу, а я ёй на тое, у вас, Лiбушка, гэта ўсё пройдзе, вы надта дзiкая, але як будзеце так доўга таргавацца, дык возьме вас нейкi ўдавец, гэта былi б фiглi-мiглi, або й жандар, адна панюся мне раiла, не гаварэце толькi, а завядзеце нас на зьмярканьнi на ўзьлесак, Гавэрдава Ўласта, якая ўмела йграць на пiянiне i гаварыць па-нямецку i якая ставала на руках на бiльярдзе, ажно сукенкi ёй ападалi як пялёсткi з кветкi маку, дык тая мне казала, бамбiза, ты мяне толькi пакручваеш тым, што мною не цiкавiсься, Наўрацiлка, калi мы разам пусьцiлiся ў эксцэнтрычныя скокi ў Каталiцкiм Доме, шаптала мне на вуха, зiрнеце, як уся заля глядзiць на нас, i мне захацелася дадаць адну фiгуру, як гэта робiць пара Фукса-Кашцялава, i мы паляцелi тым эскцэнтрычным махам пад стол, Ярмiлка хацела са мной рабiць у "Славii" тое, што бачыла ў Вялiкага Цыгфэльда, але ня вытрымала таго пераходу да фiгуры танга i, пераляцеўшы ў мяне над галавою, убiла сабе акуляры ў брыво, яна па сёньня можа ганарыцца прыгожым шнарам, аднак найбольш мне даспадобы была ўжо спомненая Гавэрдава Ўласта, яна была закаханая ў мяне да вяр'яцтва, я насiў яе на гершках па ўсёй карчме, а яна ад сьмеху пасiкалася i ўся гаспода шалела з гэтае нагоды, а потым недзе забiлася ў аўтамашыне з жаўнерамi, але Гавэрда мне казаў, што гэта няпраўда, наадварот, што яна жывая аж занадта, што яна стала мэдсястрою, ну дык гэтая мела такi тэмпэрамэнт, што яе ажно хiлiла ў манашкi, у даўнейшыя часы я сабе купiў праставач носа, насаджвалася тое на нос, як жанчыны закладаюць сабе трубачкi накручваць валасы, праставач дакручваўся шрубкамi, паводле таго, якi вы хацелi мець нос, я хацеў мець як у Рудольфа Валентына, стары Швэц, той што трымаў банк у дваццаць адно ў Гавэрдаў, на схiле свайго веку праходзiў каля касьцёла i кажа, я яшчэ там ня быў, што яны там увесь час робяць? i ўбачыўшы раз тую пышнасьць, стаў касьцельным вартаўнiком i шкадаваў, што ня зьведаў таго раней, Уласта ў той час кiнула пярсьцёнак пад ногi прыгожага млынара, я ёй нiколi нiчога не купiў, адно калi-нiкалi прыносiў ружу, а гэта жанчынаў даймае, адкразу ўсё кiдала й прысядалася да мяне, а я прыкiдваўся, што чытаю газэту, а Ўласта кажа, што так сядзiш як квактуха на яйках? а я як прыпёр яе да бiльярду, афiцыянт прыбег ёй на дапамогу, а я як даў яму высьпятка, ажно ён адляцеў як футбольная апука, а я пакланiўся як герой i пацалаваў яе, а ўся гаспода хадуном хадзiла, у парфумэрыях была прылада для паравога абмываньня твару маркi "Крынiца Маладосьцi", уганараваная залатым дзяржаўным мэдалём, у элегантнай упакоўцы, на вечку скрынкi была гожая галоўка паненкi, як трымае галаву ў такой кашолцы, куды вядзе нiкеляваная трубка з масянжовага апарату, на той паненцы кашуля, аздобленая брусэльскай карункай, а на кашулi вышыты надпiс: Застануся заўсёды маладой, адна красуня шапнула мне пры музыцы з грамафона на Жофiне, пойдзем разам на рандэву, толькi перш я адшаруюся i вазьму чыстую бялiзну, страшна тыя вядзьмаркi былi раўнiвыя i аднойчы хацелi падсыпаць атруты мне ў каву, са старым Жэпам мы ў той час развозiлi пiва валамi, але тыя валы ляглi на рэйкi перад вакзалам, абходчык ня мог апусьцiць шлягбаўму, а цягнiк мусiў стаяць, машынiсты пасаскоквалi з паравоза, а кандуктары накручвалi валом хвасты, але валы ляжалi далей, а цягнiк меў дзесяць хвiлiн спазьненьня, кiраўнiк цягнiка стаяў перад тою бядою i адно лiчыў хвiлiны на гадзiньнiку, а дзяжурны ляпаўкай на мухi даваў знакi валом, але валы далей жавалi, пакуль адзiн малочнiк не прыгадаў сабе, што найлепш ўвадначас тым валом упырснуць ваду ў вушы, ну й сапраўды, валы пазадзiралi хвасты i так гналiся й зразалi павароты, што мы пагублялi бочкi зь пiвам, а кiраўнiк нас аблаяў i так расстроiўся, што кажа, бярэце ровар i дуйце кумiльгам па эгiпецкiя, дык я ўзяў той ровар i павёў яго да тытунёвага кiёску, а калi прывёз пехатою тыя цыгарэты, кiраўнiк крычыць: дзе вы былi так доўга? а я кажу, што ня ўмею езьдзiць на ровары, а да бровару ўжо прыходзiла Здэнiчка, выстраеная як папа рымскi, i кажа, што хацела б са мною пагаварыць па душы, ну мы й пайшлi ў чалядню, а саладоўнiкi думалi, што Здэнiчка празь мяне ходзiць у адмененым стане, але я хацеў ёй паказаць толькi тую карцiну над ложкам, на якой нехта Атэла забiвае сваю каханую, аднак Здэнiчка ўжо закрывала вакно капай, дык кiраўнiк сказаў саладоўнiкам прынесьцi драбiну i асабiста палез заглядаць у чалядню на другiм паверсе, я бачыў ягоны твар над капай, за якiм на небе была хмара, абрамаваная залатым сьвятлом, а ўсярэдзiне чорная як сажа ў комiне, потым на тапчанiку я апавядаў Здэнiчцы, як Калужа i Галiж арыштоўвалi Лецыяна i як потым Лецыян стаяў на эшафоце i казаў кату, давай ужо, а то рукi ў цябе замёрзлi! а Здэнiчка мне сказала, што замужжа са мною мусiць быць раем, але я паволi вывеў яе з гэтай аблуды, кажучы, што для жанiцьбы я ня маю дастаткова разьвiтых злачынных схiльнасьцяў, i калi потым прыходзяць на сьвет дзецi, дык не абрацца ад бяды, нават сам кайзэр выскачыць уначы з пасьцелi, а такi кампазытар Шуман улез з гэтай прычыны ў студзёную ваду i гаварыў у фiльме да свае жонкi, людзi ёсьць марыянэткамi, гэта тое, што называецца натхненьнем, а калi твор ужо гатовы, дык можна пайсьцi на гарэлку i на шпацыр, Здэнiчка потым цiснула на мяне, угаворваючы мяне легчы, што хопiць i стокронавага банкнота, але я сказаў, што паводле твору спадара Батысты найлепш зносiцца зь дзявiцай, тое райскае адчуваньне ёсьць тады, калi двое аддаленыя ад сябе на адлегласьць буськi, нават мы, ваякi, ня ўлазiлi да дзевак праз вакно i ня гвалцiлi iх, як нас вучыў палкоўнiк Завада, пад якiм палi восем коней i трыццаць шэсьць маршавых батальёнаў, калi я распавядаў пра гэта адной паненцы, яна ўсё хiхiкала, ня дзiва, што па вайсковай лiнii мы правалiлiся на ўсiх франтох, бо мы былi армiяй дэгенэратаў, палкоўнiк Завада меў ваўкадавы i дзьве батарэi гарматаў, лес быў моцна абсаджаны i дрэвы выляталi ў паветра як запалкi, але палкоўнiк Завада глядзеў у мапы i пасылаў кулямёты на аслаблыя пазыцыi, у яго быў залаты каўнер, а на iм вялiзная зорка, мы ўвесь час мусiлi вучыцца, як атакаваць працiўнiка, палкоўнiк Завада браў мяне за падбародак i правяраў, цi я паголены, потым правяраў зброю i ўжо а трэцяй над ранам прыносiлi каву, а ў пяць iшлi зьмянiць жаўнераў на перадавой, першы пачынаў трубач, потым бубначы, афiцэры лёталi, Здэнiчка драпала па падлозе парасонам, перастаў iсьцi дождж, але кiраўнiк увесь час трымаў далонь над вачыма i глядзеў, што мы там вычвараем, але Здэнiчка мне сказала, каб я прыйшоў вечарам, тады яна пакажа мне крацястыя пярыны i новыя грамафонныя кружэлкi, "Срэбную папараць" i характэрнае iнтэрмэца "Млын у Чорным Лесе", потым пайшла дарожкай з бровару, а ў мужыкоў цякла сьлiна як у бэрнардынаў, калi яны праводзiлi позiркам тое дзiва прыроды, выпульхненае павабным мяскам, кiраўнiк глядзеў за ёю празь бiнокаль, а я тут жа закiнуў на плячо саладоўнiкаву лапату i пайшоў пералапацiць малады ячмень, думаючы пра Смэтану, якi ня быў нiякiм панам, а нявольнiкам, а калi ўрэшце памёр, дык у Ябкiнiцах у ягоныя ноты, якiх было два куфры, загортвалi каўбасы, вось што значыць упрыемнiць народу вольны час, як таго хацеў i Двожак, мясьнiцкi чаляднiк, але народу найбольш даспадобы нажлукцiцца i паслухаць "Гумарэску", калi Гаўлiчка павялi жандары, дык ягоная жонка Юлiянка амаль што не звар'яцела, сэрца магло разарвацца ў яе ад жалю, а Гаўлiчак жа меў мазгавешку, каб яго трасца, тыя ягоныя эпiграмы з эпiстоламi, Бонды, паэт, прыехаў раз да майго пляменьнiка з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзiцянятаў, i яны выпiлi тры конаўкi пiва, а як што зачынялi, дык яны прынесьлi сабе пiва нанач у тазе i далей вялi акадэмiчны дыспут, ажно пазасыналi ад яго, пляменьнiк прачнуўся, думаючы, што працякае вадаправод, але калi запалiў сьвятло, дык убачыў, што гэта бедачына Бонды высiкваў тыя дзьве конаўкi пiва проста на дыван, а потым звалiўся i зноў заснуў, i толькi над раньнем прабудзiлi яго тыя ягоныя дзецi, а калi ён ачомаўся i агледзеўся навокал, стаў нi з таго нi зь сяго крычаць, а! цяпер разумею! i цешыўся i скакаў па тым абасцаным дыване, людцы, крычаў ён, iдуць з намi ня толькi тыя, якiя з намi ня йдуць, але йдуць з намi i тыя, якiя йдуць супроць нас, таму што немагчыма адцурацца ад эпохi! дык бачыце, панна, гэта якраз тое захапленьне паэтаў п'янствам i мэдытацыяй, а калi ўжо яно робiцца ня ў змогу, расчыняюцца нябёсы i думку за ручку выцягваюць на сьвятло, а я перамешваў лапатай разброджаны солад, спачатку мне трэба было перакапаць яго Volgemut'ам, Сакрат i Хрыстос не напiсалi нi радочка, а пагляньце, iхнае вучэньне i па сёньняшнi дзень не прапала, тым часам як iншыя, чым больш выдаюць кнiжак, тым хутчэй забываюцца, гэта называецца змовай гiсторыi, я аднойчы спаборнiчаў з мылаварам у скоках на галаву зь бiльярду i перамог, вядома, на маёй галаве былi акуратныя сiнякi з гузакамi, потым мы паказвалi "Ўрачысты ўезд караля Фарука", усенькiя прыгажунi з бару ўдзельнiчалi ў тым паказе, хоць Оланак таму супрацiвiўся, той мярзотнiк, што гандляваў старой мэбляй i абразамi, аднойчы ён вёз абраз i пракалоў на iм вока Дзевы Марыi, дык потым узяў вока карпа, уставiў яго ў тую дзiрку, прыляпiў плястырам з другога боку i прадаў абраз мадзярам з двору, а яны павесiлi Дзеву каля печы i аднаго разу, калi малiлiся, выбягаюць з крыкам, што Дзева Марыя плача над iмi, а гэта ўсяго лопнула тое карпава вока, дык той мярзотнiк, Оланак, прывёў у "Тунэль" асла, а красунi распранулi мяне i нацягнулi якуюсьцi камбiнацыю, на галаву мне насадзiлi турбан, а твар размалявалi алейнымi фарбамi i езьдзiлi са мною на тым асьле па корчмах, выкiнулi нас з тым "Урачыстым уездам караля Фарука" якраз з "Гранду", дык потым Оланак, той мярзотнiк, даў таму аслу панюхаць перцу i ён мяне скiнуў, але я й так быў герой, ехаў я потым у заалягiчны садок, меў на сабе прыгожы гарнiтур, што ўспадкаваў па адным такiм, у якога былi так крывыя ногi, што ён мусiў шыць сабе нагавiцы на меру, але акрамя таго ўсё iншае пасавала мне як улiтае, i калi я так стаяў перад клеткай зь iльвом, той раптам усхапiўся на ногi i пырсь! выплюхнуў на мяне з паўлiтра сцакаў, як брыльянцiн на валасы, i яшчэ яму хапiла акрапiць дзьвюх славачак, тыдзень я мусiў парфумавацца, бо такi ад таго йшоў дух, прыгажунi ў "Сiты Бары" ўсё прынюхвалiся да мяне i стрыглi вушмi, а цi не хадзiў я куды да iншых? у той час не было тэлевiзара i людзi мусiлi ўсё рабiць самi, нават радыё, жылi ў страшнай цясноце, у бедакоў напрыклад пасьцель нiколi не халадала, часта бралi сукватарантаў для спаньня, адзiн быў дзьвернiкам у гатэлi i залазiў у цёплую пасьцель пасьля таго, якi йшоў працаваць удзень, аднойчы паклiкалi мяне трусаводы, каб я паказаў iм сьпеўнае мастацтва, дык падчас iхнай забавы я сьпяваў "На беразе вазёрным лiецца песьня салаўя", але мне перашкодзiў Оланак, якi намовiў музыкаў, каб зайгралi нешта iншае, ну й пачалася спрэчка, я хацеў iх перасьпяваць сваiм "На беразе вазёрным", а музыкi хацелi заглушыць мяне "Радаснай маладосьцю", а трусаводы лаялiся i потым сталi ў мяне кiдаць лятарэйнымi выйгрышамi, а потым кiнулi i адбiўную, але я й так быў герой, перабiраю я аднойчы бульбу ў брата, куды я прыехаў на чатырнаццаць дзён, а кiраўнiк кажа, а чаму гэты саладоўнiк ляжыць аблогай? i тут жа даў мне лапату i я паказаў яму высокую клясу пiваварства, як мяне навучылi ў бэнэшаўскiм бровары саладоўнiкi Алiварыюс i Шарлiнгер, ажно кiраўнiка агламазьдзiла! а потым ён мне кажа пайсьцi разгрузiць вагон, умееце гэта? пытаецца кiраўнiк, а я ўжо скочыў, узяў лом i барарам! ударыў па засаўцы i вугольле вывалiлася i пасыпалася кiраўнiку пад ногi, а ён як вярэсьне ў вугольлi па калена, чалавеча, што вы робiце?! а я ўжо ўпраўляўся з лапатай i праз тры гадзiны быў гатовы, а прыгажуня з бугальтэрыi мне кажа, ну вы далi! а я кажу, панна, гэта дробязь для мяне, таму што я прайшоў школу Рымскага, мацака з Кокараў, якi ў бойцы перабiў нагою пратэз паненцы i чатыры жандары памерлi ад таго ў шпiталi, гэта называецца талентам, адразу скочыць ворагу да горла i разарваць яму глотку, або садануць астраўскiм ключом мiж вачэй, потым кiраўнiк кажа, што дасьць мне ўзнагароду, пойдзем зь iм папчалярыць, i ён ўзяў сабе сетку i рукавiцы, такiя пчолы, калi выройваюцца, задаюць чалавеку клопату, тыя пчолы робяць такiя апукi на дрэве i трэба iх абразаць, а на гэта ня хоча згадзiцца той, каму належаць тыя дрэвы, i так узьнiкаюць суседзкiя сваркi, кiраўнiк кажа, саладоўнiчку, хадземце, я навучу вас са спадаром Ганькам як пераносiць вульлi, i такiм чынам мы сталi пасьвячанымi ў пчалярства, але спадар Ганька спатыкнуўся i адзiн вулей перакулiўся, мы адразу далi драла, але ўсё марна, бо пчолы пачалi джалiць нас куды папала, спадар Ганька ўпаў на каленi i просiцца ў тых пчолаў, што ў яго жонка i дзецi, але тыя пчолы жыганулi яго i ў чэлес, ажно яму набрыняў як булава, я мог пайсьцi ў бар толькi на трэцi дзень, Бобiнка, калi мяне ўбачыла, адразу запусьцiла грамафон з кавалкам "Ой вы могiлкi, могiлкi", потым завяла мяне наверх, а як што думала, што я яшчэ добра ня бачу, распранулася дагала i пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглi б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабiў Гарды, але на калiдоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся iнцыдэнт кавалю, якi быў так нажлукцiўся, што яму замест красунi падсунулi старую качаргу, але той каваль пасьвяцiў сабе лiхтарыкам i калi яе ўбачыў, дык выбег у споднiках на калiдор, ламаў балюстраду як абаранкi i крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмiчная мастачка! i я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як i той каваль, iншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалi да тайнiцы каханьня на бiльярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы i трэба было даставаць яго адтуль кiркаю, i ён мусiў ставiць печку нанава, мяшчанскi дочкi i па сёньняшнi дзень дораць мне ружы i зьдзiўляюцца, дзе я навучыўся ўсiх тых адборных фокусаў? затое Оланак пекна паказаўся! мы вiншавалi яго на пляцы з пяцiдзясятымi ўгодкамi i пыталi, цi служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпiўшы дзесяць лiтраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкi, дакладна на першае "а", а пад гэтай дугой праходзiў пан натарыюс i вiтаўся з намi, потым мы зрабiлi спаборнiцтвы ў "Тэрасе", хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзiн дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, i ён пытаецца, цi можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзiўся з умовай, што будуць спаборнiчаць за лiтровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставiлi дзьве пляшкi, а па поўначы яны выйшлi перад "Тэрасай", той дзядзька быў першы, расшпiлiўся i паказаў клясу! там па другi бок вулiцы быў такi дамок i той дзядзька перасцаў дугою над дамком i было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго i пачынаць, i той дзядзька забраў абедзьве пляшкi, Вiт, якi ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму "Вiялету"! i ўвесь горад паўзлазiў на лавы, а я потым дакiнуў "Султанава вясельле", а Оланак, каб падправiць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карцiны, стаяў на стале i сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь iм, дык вас яшчэ i ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпiшыл i запытаўся людзей у залi, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялi вiскатню, каб я пайшоў паспаборнiчаць зь iм! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьцi на сцэну i сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялiкi шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квiток на стаячае месца! а бабы шалелi i лiкавалi, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыi, але фартэпiян ужо зайграў мой кавалак i я прасьпяваў "Цяжка нам расстацца", ну i потым узьняўся вялiкi вэрхал i гам, бабы ледзь не развалiлi той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалi, што хоць ён i разводнiк, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, i што такiх людзей як Ярынак Посьпiшыл не павiнны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калi б яго забiлi, я з гэтым пагадзiўся, таму што за Аўстрыi я насiў шаблю капiтану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабiлi фон Мантойфэля i гер фон Розэнэка, як яны сядзелi побач, два генэралы ў залатых пiкельгаўбах, што глядзелiся як начныя гаршкi, наверсе такiя шпiгулеты, як калiсьцi рабiлi вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг i Данкль давалi каманду да першай атакi, два маршалы з маноклямi, мне таксама пашэнцiла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загiнуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусiлi сядзець на заднiцах, бо што iншага маглi зрабiць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'i, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыi авечку, толькi што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўнiз, шмат разоў сьнiлiся мне малпы, а яны паволе соньнiку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьнi, iншым разам сьнiўся мне нож, убiты ў грудзi, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас iмшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца i пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае i парушае багаслужбу, калi ўжо даўно павiнен быў прыйсьцi? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэлiцу замест каб падсыпаць тры лыжачкi кадзiла ў кадзiльнiцу, каб ксёндз мог кадзiць у касьцеле, тое кадзiла ёсьць жывiцай аднекуль з Афрыкi, мiра i альяс, касьцельны вярнуўся трохi набраклы мятным лiкёрам, а ксёндз правiць багаслужбу i пытаецца, дзе вы былi? i вымае келiх з дараносiцы, а касьцельны кажа, што выходзiў пасцаць, а ксёндз адставiў келiх i лясь яго! i шарах яму! i крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьцi на мятную гарэлку? i надаваў яму высьпяткаў, i натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келiх i далей служыў iмшу, а бабы зьдзiўлялiся, што за новыя лiтургiчныя абрады ён паўводзiў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хвалiць Царкву i зрабiўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзi былi страшэнна нэрвовыя, калi каму прысьнiлася ўначы, што на яго сыплюцца зь мiскi агуркi, гэта значыла палкае каханьне, або калi вы бачылi ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмiнуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалi, дык спытаўся што? i дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калi прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калi ласка, я не дачуў, але потым ён скацiўся, успадкаваў па мацi маёнтак i пачаў так пiць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзiцяцi нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калi ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вiкары, але i так мусiў данесьцi аб тым i да нас прыйшлi мiсiянэры, таму што ў краi заняпала маральнасьць, прыйшлi чатыры футбалiсты, тыя мiсiянэры так менавiта выглядалi, каптаны ў iх былi падперазаныя перавясламi, i яны так пачалi паляпшаць маральнасьць, што ажно мусiлi ўступiцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставiлi падступныя пытаньнi адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачалiся, з чаго паходзiць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзiць яйка? ну дык з курыцы! i так адны на адных крычалi дзьве гадзiны вальнадумцы з мiсiянэрамi, ажно з апошнiх сiлаў выгукнулi, а з чаго паходзiць першае яйка? вальнадумцы вярэснулi, што з натуры, а мiсiянэры, што стварыў яго Бог, i пачалi адны адным даваць па мордах, так што жандары мусiлi ўмяшацца, таму што бабы прыбеглi па iх i сказалi, што бязбожнiкi абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалi кiдаць у вальнадумцаў каменьнем i пацэлiлi ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачынiць у шкатулку, цяпер успомнiў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацiгадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзiла, наш маёр сядзеў на жарабцы i рабiў агляд тае найпрыгажэйшае армii на сьвеце, глядзiць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крывi, адразу выцягнуў яго з шыхту i аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвiненае, гэта было дзiва, што за Аўстрыi бароны мелi ў стайнях люстры для коней, а стайнiкi i служанкi спалi на гарышчы, наймiты часам жылi горш за быдла, але затое людзi больш сьпявалi, каб адвесьцi душу песьняй, тым часам як сёньня нiхто ўжо не сьпявае за працай, маiм сябрам быў Рымскi, ён малацiў усiх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кiраваў паручнiк, ён скамандаваў Habacht! а Рымскi паварушыўся i паручнiк падбег i даў яму плазам шаблi ў жывот, ну й тут наступiў зорны момант для Рымскага, ён схапiў тую паручнiкаву шаблю i пераламаў яе аб калена, гваздануў паручнiку пад вуха i адным ударам звалiў яго на зямлю, капралы паразьбягалiся, а жаўнеры мелi з таго пацеху, князь Лiхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плацiць падаткаў i не заводзiць уласнага войска, ён спалучыў iх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалi яму дзетародзтва i ўставiлi ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялi ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калi тое пачне вас падводзiць, так яно вядзецца, што адзiн мужчына можа нават скочыць на кабылу i нiчога яму ня станецца, а iншы схопiць хворасьць i пры найбольшай асьцярожнасьцi, адна скача з драбiны, каб выкiнуць дзiця, i нiчога, а iншая асьцерагаецца як можа i толькi трохi мацней высмаркаецца i ўжо выкiнула, нялёгкая справа таксама з тымi змовiнамi, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калi напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьцi пасылае мяне на абсьледаваньне i распытвае ў суседзяў, цi гэты спадар ня бабнiк? i яшчэ пiша ў дэтэктыўнае бюро "Карлiк", каб выведаць падрабязную iнфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзiн спрытнюк замест марганцоўкi налiў у пляшачку дэнатурату, а другi прыйшоў ад дзевак i хацеў апаласнуцца той нiбыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць i як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулi з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пiтво, яно было карычневае i стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа i ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкi былi аднолькавыя i бабуля памылкова налiла сабе пiтво для дога, усьмiхалася шчасьлiвая, бо лек смакаваў як малiны, але калi яго каўтнула, дык трэба было яе ставiць на ногi i бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасiла мяне безь людзкiх вачэй занесьцi ейную мачу для аналiзу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусiць прыйсьцi асабiста, даўней людзi вельмi мяне любiлi, так што казалi мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпiць! або запрашалi мяне ўсюды на сьвяты, толькi напэўна прыйдзеце, каб мы мелi каму даць у морду! так жартавалi са мною, я трымаў адну красуню за руку i мы разам глядзелi з мосту на хвалi i захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццацi васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў iм было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкi аднак ставiлi ў Каталiцкiм Доме, дзе была суполка рамiзьнiкаў "Пшэмыслаў", найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час iграў чаляднiк Капэцкi, якi аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалi яго на драбiне, а перад самай прэм'ерай мусiлi моцна наступiць на яго, потым усё было прыгожа, толькi калi чаляднiк стаў на каленi прызнацца ў каханьнi, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна i пры тым у яго расшпiлiлiся нагавiцы, ну дзiва такое, што жанчыны не маглi ўгаманiцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме iгралi бляхары i сьлесары, яны найбольш ахвотна выбiралi п'есы з арыстакратычных колаў, "Веер ледзi Вiнцiх" цi, можа, Вiнтэр, таго лорда iграў адзiн маляр, ды зноў, калi ён укленчыў, яму падцягнулiся ўверх нагавiцы ад фрака i паказалiся матузкi ад споднiкаў, а калi ён раскланьваўся i дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом i ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелi, бо думалi, што тое належала да п'есы, а калi ў "Гальку" iгралi "Пэрлы панны Сэрафiнкi", пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзiрку ў заслоне, цi людзi ўжо на месцы, i падняў руку, а кулiсьнiк, якi напiўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышынi ў аркестар, а людзi цешылiся, што п'еса так файна пачынаецца, iншым разам, калi йгралi "Радуза i Магулену", гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулiсьнiк нi з таго нi зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанiзе i запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галiны адказала, у срацы! а людзi цешылiся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулiсьнiк, калi ўбачыў, што нарабiў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася i заслона паляцела долу i прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулiсьнiк запалiў сьвятло ў залi i крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялiзарны посьпех, але найбольшы посьпех меў "Сон у Купальскую ноч", калi яго ставiлi ў Каталiцкiм Доме, гралi толькi члены "Пшэмыслава", усе пагалiлiся, а тая, што iграла фэю, схапiла падагру, бо iгралi тую п'есу зiмою, а тыя русалкi, калi падскоквалi, лiчылi такты i сьвяцiлi лiхтарыкамi, а потым той, што iграў з асьлiнай галавой, упаў у пастку i крычаў ой-ёй-ёй! а людзi пляскалi пры паднятай заслоне, адзiн харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову i пабiў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзiў сябе зь iм як з ворагам, а практыкавалi мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхi з працiўнiкам, ну й калi паставiлiся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву i басьнякi кiнулiся адходжваць яго, а паручнiкi верашчалi на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я iм, ён жа сам казаў мне, каб я паставiўся да яго як да ворага, але паручнiкi мне, што найперш трэба было зрабiць parade rechts! i parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я iм кажу, а дзе там я буду бавiцца з ворагам у parade rechts цi parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! i я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, велiканка ды вялiкая танцорка i аматарка пiва, падчас танцаў у кожнага жлукцiла пiва, адзiн спрытнюк налiў у кухаль ртуцi, а калi яна апаражнiла той кухаль, ён пусьцiўся зь ёю ў скокi, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкi былi асаблiвыя прыхамацi, яна рабiла тое з мужам на падлозе, а iхныя дзецi прыглядалiся, я таксама бачыў, калi паслаў мяне да iх архiтэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе iншая прыгажуня, так што магамэтанiн мае чым радавацца, тым часам як каталiк можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калi ўжо патрапiць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзiца! сказаў паэт Бонды, калi адно дзiцятка выляцела яму з возiка, калi мы выйшлi з гасподы, Iсусе, як гэта дзеецца, што адзiн купляе кiляграм сьвiнiны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскi цягнiк ня йшоў, дык дзяжурны ўпiхнуў мяне ў хуткi i мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сiкорава, адразу пасадзiла мяне ў першай клясе, калi б каго iншага, дык прагнала б i яшчэ дала прабiвачкай па носе, а мне запрапанавала эгiпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкi бамбiза, аброслы i чорны як чыгун, i да таго зь пiпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, i прагнала яго, я кажу, што i ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам i шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлiвыя, асаблiва ў гэтым верхаводзяць полькi, адна прыселася на мой ложак у лязарэце i старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвiньня! распусьнiца! ейнае хроснае iмя было Ядвiга, яна любiла мужчын больш за ежу, жандары, калi я забаўляў гасподу, адстаўлялi карабiны, зьнiмалi дзягi i казалi мне, вы чаруеце як зводнiцкi махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых i гастрыў аловак для афiцыянткi, як тое рабiў Чаплiн, калi я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне нiхто не асьмелiўся i словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал i вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлi купцы i заказалi вiно i лiкёры, а адзiн ваяка ўзьлез на бiльярд i паказваў жывыя карцiны, павесiў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста вiртуоз, бабы й па сёньняшнi дзень спрачаюцца на гэты конт, адзiн пачаставаў мяне вiрджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла i я звалiўся пад стол, палiцыянты адвезьлi мяне ў бровар возiкам, як лiнолеум, Канупак, той машынiст што йграў на гелiконе, гэта такi iнструмант з муштуком як начны гаршчок, у якi трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелiкону горла ў яго стала як у быка, i што ягоны дзед, калi ехаў са сьвята, дзе йграў на гелiконе, як толькi выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелiкон на рамянi i дзед задушыўся, а злотнiк Дубоўскi хацеў ведаць, што робiць ягоная дачка з нарачоным, калi бацькi няма дома, дык прыкiнуўся, што йдзе ў кiно, а папраўдзе ўлез пад канапу i чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селi на канапу, якая ўвагнулася i спружыны нацiснулi на пуза злотнiка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка i бялiзна, а потым як ногi высоўваюцца з ботаў з халявамi, але далей злотнiк ужо нiчога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак i ён пачаў крычаць, але нiхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалi i толькi потым пачулi яго, адвалiлi канапу i выцягнулi тую спружыну з карка злотнiка Дубоўскага, якi хацеў расхiнуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калi зноў прыехаў з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер пiша вершы толькi ў прыбiральнi, дзе сядзiць i трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але i туды прыходзяць тыя дзецi i грукаюць у дзьверы, такога i Гётэ не стрываў бы, якi быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гiльзе гасiлкi "Мiнiмакс", шэсьць дзяўчат загарала i слухала, што я iм распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамi перакiнутымi цераз плот i глядзеў на мяне як на зьявiшча, а я быў усяго толькi начытаўшыся "Сьветагляду" i Гаўлiчка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гiгiене...
Читать дальше