таксама напарфумаваныя як акадэмiкi, а я стаяў перад iмi як перад лавай прысяжных з парай чаравiкаў у руцэ на паказ, а Вайнлiх пытаецца, вы самi шылi гэтыя чаравiкi? а колькi тузiнаў можаце мне зрабiць за тыдзень? я адказаў, што два тузiны, дык мяне адразу павiншавалi, адразу мне далi бэргштайг, шаўро i бокс i падганялi, хутчэй, а то яшчэ спозьнiцеся на цягнiк, i я адыходзiў як Мантгомэры, той сьцiплы герой з-пад Тобруку, гэта велiзарны гонар рабiць у дворскага пастаўнiка, гэта тое самае, што сёньня працаваць з кавалерам Ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу, дворскi пастаўнiк меў мэдалi i на шыльдзе арла з распасьцёртымi крыламi, Кафка i Дворжак шылi для кайзэра строi й боты, а таксама для эрцгерцага, спэцыялiстам па вяндлiнах быў Выметал i Попелка, у вiтрыне адныя кумпякi сярод яловых галiнак i аспарагусу, адзiн мой камарад быў майстар па фраках, я запрасiў ягонага брата да нас, каб адпачыў на ўлоньнi прыроды, але ён так нажлукцiўся сьлiвавiцы, што мы мусiлi яго адмочваць у масьлёнцы, каб не памёр, дык ён рабiў у дворскага пастаўнiка Кафкi, якi меў у гербе зялёныя нагавiцы i залатыя мэдалi, генэрал фон Вухерэр замовiў у яго ясна-блакiтны мундзiр на Божае Цела, але залаты каўнер яму муляў, дык прышла яго жонка, генэралiха, каровiшча як Марыя Тэрэза, а стары Кафка, нэрвовы як кампазытар, хапiў яе i, цягаючы яе па вiтальнi, крычаў, калi гэта пасавала тысячам iншых, дык мусiць пасаваць i вашаму фраеру! таму во бачыце, я часта хаджу на могiлкi, дзе маладыя людзi, замест каб працаваць, дрэмлюць сабе пад крыжамi, а я тут пры сваiх сямiдзесяцi гадох гарэзую з вамi як кайзэр з Шратавай, а яшчэ мяркую зрабiць вам чырвоныя лякаваныя чаравiчкi, як для сястры доктара Карафiята, якая была прыгажуняй, толькi мела шкляное вока, ня надта прыемная справа, бо ня ведаеш, што яна з тым вокам счаўпе, адзiн шапачнiк з Прасьцеява мне распавядаў, што быў з такой адной у кiно, а яна раптам кашлянула i вока ў яе выпала, дык ў перапынку мусiлi яго шукаць мiж крэсламi, а калi знайшлi, яна выцерла яго, прыўзьняла павеку i шусь! маргнула раз-другi i ўсё на месцы, шавецтва гэта вам усё роўна што пякарства, якога вучыўся мой брат Адольф, гэта ўмельства саджаць далiкатнае печыва ў печ, пяшчотна на лапаце, як быццам вы гуляеце ў бiльярд, пры рагалiках на стале нельга сьлiнiць пальцаў, калi б гэта ўбачыў кантралёр, дык зараз бы даў поўху, а калi пекар iдзе пасцаць, дык потым мусiць памыць рукi, тым часам як у шавецтве можна нават калупацца ў носе, а такi мясьнiк таксама мусiць зважаць на чысьцiню, у нашым узводзе быў мясьнiк Коцурак Мiласлаў, яму нарываў палец, дык ён яго забiнтаваў, а калi рыхтаваў начынку для кiлбасак, той бiнт аб'ехаў i ўпаў у начынку, але ён меў надзею, што тая кiлбаска зь бiнтам дастанецца якому жаўнеру, дык не дурыў сабе галавы, аднак жа, панна, якi сюрпрыз! тая кiлбаска дасталася ягонаму штабс-лекару, есьць сабе трэцюю кiлбаску, раскройвае яе, а там бiнт! званiтаваў на месцы i адразу паслаў таго Коцурка Мiласлава на фронт, але той мясьнiк замест каб палегчы, наадварот, адзначыўся i дастаў ордэны за мужнасьць, нейкi час i я вазiў аднаму мясьнiку зьвязаныя козы на тачцы, два казьляняткi скакалi вакол мяне, тая каза лiзала мне рукi, i так я сядзеў у полi на тачцы, казьляняткi лiзалi мне рукi, а я плакаў, ну бо якая зь мясьнiка роўня мне, прыхiльнiку эўрапейскага рэнэсансу, дык плюнуў я на шавецтва, бо ўвесь час маеш пры iм аддушаны страўнiк i баiсься, каб не парэзацца нажом, вывучыўся на саладоўнiка i пайшоў у вандроўку па Вугоршчыне, ах, у Шапроне ёсьць выдатны бровар, чырвоны будынак зь белай аблiцоўкай, зялёныя вокны як у Тыролi i ўсё выкладзенае кахлiкамi, ля кожнага вакна жалезныя драбiнкi, каб пажарнiкi на выпадак пажару маглi па iх падымацца ўгору i спускацца ўнiз, як малпы ў Дрэздэне, а Будапэшт гэта дзiва, адна вулiца белая з чырвонымi вокнамi, другая ўся зялёная з жоўтымi вокнамi, вулiцы блакiтныя, залатыя i рабыя, а падчас вайны хлеб там быў белы як пiрог, Горты, той адмiрал, загадаў пастраляць матросаў, якiмi камандаваў Матоўшак, завязалi тым няшчасьнiкам вочы, бо гэта быў бунт або iнакш Mauterei, на пiва, панна, ячмень павiнен быць нязмоклы i непрарослы, трэба яго правеяць i найперш намачыць на верхнiм ярусе ў летняй вадзе, потым даць нанiз на ток i пералапацiць, значыць, перасыпаць драўлянай лапатай або iнакш Wohlgemut'ам, потым ён сушыцца ў саладзiльнi, а вагонь iдзе пад сподам, далей солад падае ў барабаны i шчоткi, асобна падае квет, гэта парасткi, а асобна солад, тым кветам добра кармiць валоў, солад бывае мюнхенскi для цёмнага пiва i пльзэнскi для сьветлага пiва, солад вараць у варыльнi некалькi гадзiн, растаўкаюць яго на тры заторы, каб было больш Zuckerstoff'у, потым дадаюць хмелю, каб пiва набрала горычы, потым выпускаць у брадзiльню, у кадзi, i дадаюць пiўныя дрожджы, звычайнае пiва бродзiць месяц, ляжак, або вытрыманае пiва, тры месяцы, добрая ў мяне памяць, праўда? мала ў каго на сьвеце такая, ляжак прыпраўляюць да смаку, значыць, пакуль пiва разьлiюць у гекталiтры або ў кухлi, зьбiраюць у бляшанку тую гушчу, тыя дрожджы, i далiваюць патрошку ў кожную бочку, дзякуючы iм пiва потым мае тую iскрынку, або гранат, мюнхенскае пiва вылежваецца нават i паўгоду, а калi першы раз адшпунтоўваюць бочку, дык на гэта прыходзiць паглядзець i скаштаваць сам прэзыдэнт, адна швачка, на прозьвiшча Гулякава, калi я раiў ёй наконт палавой гiгiены, а потым вучыў, што найважнейшая справа запаўняць прагалы, гэта значыць, зрабiць нешта iншае, чымся было дагэтуль, дык тая швачка адразу захацела, каб я зь ёю пайшоў у лес i запоўнiў ейны прагал, але я ёй сказаў, што гэта можа зрабiць кожны дурань, а вось штука ў тым, каб зрабiць тое, чаго яшчэ няма, жанкi як што дык адразу гатовыя, у рэстаране падчас гулянкi карчмар мне скардзiўся, што госьцi сьцiраюць з тацы ягоныя рыскi, колькi выпiлi кухляў, а была тады са мною адна прыгажуня, якая сказала, панове, я маю рыску, якая так лёгка не сьцiраецца, вядома, некаторыя гатункi пiва ляжаць у смалаваных бочках i паўгоду, салодзенькi портэр з Пардубiцаў мае васямнаццаць градусаў, роўна столькi, колькi сёньня мае "Сэнатар" з Нусьляў, "Цмок" з Брна мае чатырнаццаць градусаў, роўна як "Спэцыял" з Бранiцаў або "Крыстал" з Будзяёвiцаў, ах, панна, тыя п'янюшчыя гранаты, тыя горкiя гатункi з Пльзьня, "Кардынал" i салодкае пiва "Ў Флекаў" або "Ў Тамаша", бяда якраз у тым, што прагрэс добры дзеля таго, каб людзi былi людзьмi, але што тычыцца хлеба, масла i пiва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзiць тэхнiку халерна паволi, у старых броварах варылi пiва ў медзi, пад катламi палiлi смалякамi i полымя йшло праз тую медзь i карамэлiзавала пiва, вось жа памяць у мяне! ёсьць чаму радавацца, або хлеб, рабiлi яго з жыта, якое ляжала ў клунi да лiстапада, пакуль усё з тых каласкоў не перайшло ў зярняткi, i толькi тады яго абмалочвалi, вось быў хлеб! пахнуў за кiлямэтар, калi пяклi гэты Божы дар, а чым быў чарсьцвейшы, тым лепшы, таму кайзэр ахвотней езьдзiў карэтай чымся аўтам i ахвотней пiў вiно, памёр зрэшты ў прыбiральнi, але ён то ўмеў захапляцца эўрапейскiм рэнэсансам разам са Шратавай, я стаяў у Майдлiнку на варце i бачыў кайзэра, Шратава стаяла на драбiне i абрывала сьлiвы, а кайзэр як Гётэ зiркаў ёй пад спаднiцу, калi трымаў драбiну дзеля ейнай бясьпекi, нават i Батыста прызнае, што зарукай шлюбнага шчасьця ёсьць дароднае цела, кайзэр любiў хадзiць у кайзроку, такiм жакеце, што выглядаў як цалкам закрыты фрак, такi ўжо быў шляхоты род тая кайзэрава сям'я, але няшчасьцi iх даймалi такiя самыя, што i iншыя сем'i, сынок, каронны герцаг, мусiў ажанiцца з бэльгiйскай прынцэсай Стэфанiяй, а насалоду меў зь цела Вэцэры, тае прыгажунi з вялiзнымi грудзьмi й вачамi, ну i ўсё скончылася павальнай стралянiнай, Даша, фэльчарка, якая ўвесь час мела прабелы ў палавой гiгiене, сказала мне, калi я распавядаў ёй пра трагедыю ў кайзэраўскай сям'i, авохцi! калi б мы былi муж i жонка, а вы хадзiлi б да iншае, дык я вас таксама застрэлiла б, так мне сказала, бо ў сьвеце пануе трагедыя i раманiсты ўвесь час маюць пра што пiсаць, iду я аднаго разу каля чыгункi, а тут едзе чыгуначнiк на ровары, саскоквае зь яго i кажа мне, Ярыку, скажы папраўдзе, быў учора той гол цi не было? а я яму кажу, не было, i той чыгуначнiк паехаў далей на адным понажы i пакуль перакiнуць ногу, аглядаўся i крычаў, дзякую, праўда пераможа, моцны характар у цябе! так крычаў, бо шмат хто блытаў мяне з футбольнымi судзьдзямi або й фiльмовымi акторамi, хоць я й нiколi ў футбол не гуляў, хiба што дзеля жарту, Моцарт i Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялi, i кайзэр не, яму цiкавей было паехаць у Iшль i ганяцца за сарнамi, хадзiў ён у такiх нагавiцах, як дзецi, нагавiцах з пад'ёмным мастом, любiў людзей i еў сьвiнiну, за ўсё сваё панаваньне зрабiў толькi адну грашовую рэформу i загадаў павесiць Шлосарка i Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калi мама мясiла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткi, якраз тады былi манэўры, якiмi кiраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы i кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Колажа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысiў у шляхецкi стан, а той барон Колаж за гэтае павышэньне паставiў перад сваiм домам помнiк, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялi конi i елi кансэрвы, а мы наладавалi дзьве тачкi дроў i яшчэ паехалi па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вулiца хадзiла да нас па малако, а калi тая карова памерла, уся вулiца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялi яго ў сьвятлiцу i паiлi з пляшкi, дык кожнага ранку цялятка прыходзiла i лiзала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзiць нас пагалiць, а калi з таго цяляцi вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёлiны ён яшчэ ня бачыў, толькi што тая карова не магла глядзець нi на цягнiк, нi на ровар, таму мы чаплялi ёй навочнiкi, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскiм народам, каб заглушыць у iм жарсьцi, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робiць хутчэй паводле кнiжкi спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, як толькi мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкi йдуць па iм i такi мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмянiць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, i ён, хоць i паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якiх мусiць няўпынна вазiць з сабою ў возiку, мая мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарнiцай па ўборцы буракоў, калi выпала суша, палiвала iх з ручайка, буракi ў яе былi як цэбры, але нiхто ня мог параўнацца з Ганакамi, гэтыя мярзотнiкi выходзiлi задам, калi акучвалi буракi, каб не пакiнуць на полi нi сьледу, а яшчэ майстрам высокiх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Iльлi, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавiцы, а зiмою насiў як шалiк, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькi памолiцца i зноў бяжыць за бабамi ў поле, ганяўся i за каровамi, бабаў падганяў добрым прыкладам i пугай, з такога спадар прэзыдэнт i сёньня меў бы карысьць, калi б iх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест налiваць гасьцям, налiвала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталiцку, бiў яе i бiў, пакуль не дабiў, паводле Старога Запавету конi i каровы ў яго былi начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай i кнiжачкi ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвiшча Шумплiца, каб не насiць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў i адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак i чытаў асьветнiцкую кнiжку, пакуль сеяць, адмочваў пшанiцу ў сiнiм купарвасе, любiў калоць парасятаў i да юшкi дадаваў пернасьцi ажно аднекуль з Афрыкi, яванская карыца, панна, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага вiна i пiражкоў з павiдлам, але ўсё-ткi ў Аўстрыi людзi былi страшэнна адсталыя, адзiн мужычок матычыў поле i адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнiк Латал лупцаваў вучняў i бiў iх галавою аб дошку, бо вучнi кепска навучалiся рысавальнай геамэтрыi, а пробашч Збожыл хапаў хлопцаў за карак i трос iх як трусоў, бо не маглi зразумець, што ласка ёсьць божай натурай i звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусiў няўпынна малiцца, каб ня быць такiм злосным, бо здаралася яму часам адставiць келiх i заляпiць поўху мiнiстранту, а потым далей служыць iмшу, такая была тая аўстрыйская дысцыплiна, якая мела слабасьць да парадаў i колераў, арцыбiскуп насiў фiялетавы капялюш i фiялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер i тры зоркi на падкладцы з чырвонага шоўку, адзiн салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну! i ўжо адразу вiсеў на дрэве зь перабiтымi нагамi, Сына Чалавечага прадалi за трыццаць срэбнiкаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч i больш, цела Сьвятога Пятра павесiлi на крыжы галавою ўнiз, а папа, ягоны наступнiк, сёньня шпацыруе па Лятэране i Ватыкане, абходзiць тысячы пакояў, дык яму паставiлi турыстычныя паказальнiкi, каб не заблудзiўся, з кардыналамi ён размаўляе ня столькi пра дзейную любоў да блiзкага, колькi пра валюты i каталiцкiя базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты i сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кiравалi файныя мэлёдыi, каб улагодзiлiся пачуцьцi, той эўрапейскi рэнэсанс, за якi змагалiся Тэмiстокл i Мiльтыяд, Сакрат, Гётэ i Моцарцiк, каб не гаварыць, калi нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу i adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напiсаць музыку або вершык на разьвiтаньне i паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку i сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампанii, жонку пры сьмерцi бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзiн пячнiцкi чаляднiк расплакаўся, калi прывучвалi яго да забавы зь дзеўкай на бiльярдзе, iншым разам дзеўкi з бару выдатна дапамаглi, быў такi адзiн слабы на розум i калi на яго гэта находзiла, ён крычаў, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! дык мама хапала сто кронаў i бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красунi i мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкi час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымi чарадзейнымi ручкамi я рабiў кантэскi, чаравiчкi для прынцэсаў, акторак i лепшых красуняў, драўляны абцасiк, прыбiты масянжовымi штыфцiкамi, работа чыстая i мiлая Богу, срэбнае шаўро i жоўтае шаўро, i канарэечнае, а каб падноскi былi белыя, я купляў гумiдрабант, так што за Аўстрыi шавецтва было работай хутчэй хiмiчнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць i быў я ўсяго шавец, але насiў манокль i кiёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пiсьменьнiк фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пiсьменьнiка, ну нешта жахлiвае, той сам тып што й граф Зэлiкоўскi, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубiцу, на фатаграфii выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакi зачэсваюцца данiзу, як за Аўстрыi дажывотнiкi або дахадзягi ў прытулках цi шпiталях, а вось за аўстрыйскiм часам, калi хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завiваць валасы i хадзiў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалi, што ён пiша вершы, а калi хто за Аўстрыi меў тры клясы гiмназii, дык не выходзiў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыi дык i работнiкi фатаграфавалiся з локцем лёгка ўсьпертым на столiк i позiркам скiраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалi шмат бадану, прыправы з кiтайскага дрэва, знакамiтай для лiкёраў i печыва, ах, тыя даўнiя часы мелi слабасьць да жабракоў, але з другога боку i да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалi яе трыма чырвонымi сэрцамi, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкi i канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзiр дойчмайстраў i кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёлiна ў сям'i Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калi ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлi, калi стары Грулешак латаў у нас мяхi, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньнi немаральных кнiжак i часопiсаў, а стары Грэпл, той што вазiў радно ў Оламоўц, ставiў ногi ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзiльнiка, зiмою хадзiў у лес вазiць дровы i цягаў тыя ланцугi на плячы як сам чорт, а сваю жонку часта тоўк галавою аб бэльку, каб паправiлася, так што яна доўга малiлася па начах, каб Госпад Бог яе выслухаў i каб прывалiў яго фурай з калодамi, таму й паэт Бонды мне казаў, што сапраўдная паэзiя павiнна ранiць, як бы вы забылiся лязо ў насоўцы i смаркалiся i парэзалi нос, таму акуратныя кнiжкi пiшуцца не дзеля таго, каб чытач лепш заснуў, але каб выскачыў з пасьцелi i так як стаiць, у адных споднiках, пабег да спадара пiсьменьнiка i надаваў яму па пысе, было так, што за Аўстрыi муж адказваў за душу свае жонкi непасрэдна перад Богам, i так прыкладам Тонiк Воплетал, той, што ўсадзiў нож Фэрдзюшку ў галаву, калi сварылiся, хто трапiць у неба, а хто не, дык ён казаў сваёй жонцы, ты перад алтаром прысягала слухацца мяне i тут жа лясь ёй па мордзе як задатак на будучыню, у майго майстра быў добры характар, але затое ён любiў выпiць, калi меў за што, адну кварту гарэлкi перад абедам, другую пасьля абеду, i яшчэ адну нанач, сёньня людзi з глузду зьехалi б або зрабiлi б рэвалюцыю, калi б мусiлi працаваць да поўначы як за Аўстрыi, дык той мой майстар гаварыў увечары, а каб цябе халера, курва кручаная, ты чаго мне забараняеш? я ж табе не выгаворваю, калi ты смалiш пiпку з драгунам! i лясь бабу капылом, за Аўстрыi людзi мелi досыць часу на глупствы, мой тата стрэў такога разумнiка як i сам, Траўнiчка, i яны адразу купiлi сабе лiтар жытнёўкi ў Фiдлераў, у той час налiвалi гарэлку ў такi чацьвяртак, што выглядаў як шкло ад газоўкi, значыць, мой тата сядзеў з Траўнiчкам на могiлкавым муры, а як што былi начытаўшыся Гаўлiчка i "Сьветагляду", мiжнароднае становiшча так iх засмучала, што не пайшлi на працу i вялi падрыўныя гутаркi пра сацыяльную несправядлiвасьць, а калi ўжо набралiся, засьпявалi песьню "Калi я йшоў лясной сьцяжынай у гаёк", ксёндз выбег з касьцёла, з сурвэткай як кельнэр, i крычыць, а каб цябе трасца, Траўнiчак, што гэта за фокусы замiнаюць мне падчас багаслужбы? iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, "Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе.
Читать дальше